КАРДЫЯСКЛЕРО́З (ад кардыя... + ...склероз), міякардыясклероз,
разрастанне злучальнай тканкі ў мышцы сэрца. Найчасцей бывае як вынік хранічнага ці вострага захворвання сэрца (інфаркт міякарда, міякардыт, кардыяміяпатыя, на фоне ішэмічнай хваробы сэрца). Першасны К. бывае рэдка. Постінфарктны К. — вынік некрозу ўчастка міякарда, велічыня яго адпавядае памерам інфаркту міякарда, рубцовыя палі не могуць скарачацца. К. без ачаговых некратычных змен развіваецца на фоне ішэмічнай хваробы сэрца. Міякардытычны К. — вынік міякардыту віруснага, бактэрыяльнага ці алергічнага генезу. Пры К. павялічваюцца памеры сэрца, развіваюцца сімптомы недастатковасці сардэчнага кровазвароту (задышка, тахікардыя, ацёкі, павелічэнне памераў печані, застоі крыві ў сасудах, лёгкіх і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкар. кераміка сярэдзіны — 2-й пал. 16 ст. з г. Мядзел Мінскай вобл.Мясц. майстры выраблялі тэракотавую і паліваную кафлю (найчасцей ужывалі карычневую, зялёную, празрыстую паліву і белую эмаль). Найб. раннія — каробчатыя кафлі, якія адціскалі ў драўляных або гліняных формах, мелі заглыбленую вонкавую пласціну з квадратнай высокай рамкай па краі і высокую румпу. Выраблялі таксама паліхромныя паясныя, карнізныя кафлі, «каронкі», «гарадкі», дэкараваныя рэльефным геам. арнаментам, сюжэтнымі кампазіцыямі на рэліг. тэматыку, з выявамі чалавека, міфалагічных істот і інш.
М.А.Ткачоў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Мядзельская кафля. Тэракотавая кафля з сюжэтнай выявай. Сярэдзіна 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАЛЬНІ́ЦА,
атмасферная з’ява, пры якой у магутных кучава-дажджавых воблаках, паміж імі або паміж воблакамі і зямлёй узнікаюць моцныя эл. разрады — маланкі, якія суправаджаюцца громам. У час Н. звычайна бывае лівень, часам град, адзначаецца імклівы вецер — шквал. Здараюцца Н. без ападкаў. Адрозніваюць Н. франтальныя, што ўзнікаюць на стыку франтоў атмасферных, і ўнутрымасавыя, якія ўтвараюцца ў выніку мясц. прагравання паветра ад зямной паверхні. На зямным шары адначасова адбываецца да 1800 Н. На Беларусі за год у кожным пункце бывае ў сярэднім 25—30 сут з Н., пераважна летам (чэрв., ліпень), найчасцей над узвышанымі ўчасткамі паверхні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ЦЬ, паветка,
у беларусаў гаспадарчая пабудова на сял. двары для захоўвання с.-г. прылад (калёс, саней і інш. начыння), а таксама дроў. Найчасцей бываюць адкрытыя (у выглядзе навеса) ці агароджаныя дошкамі. Аснову каркаснай канструкцыі складаюць слупы (сохі, паўсошкі) або крыжы, злучаныя паміж сабой суцэльным бервяном (правілам), на якое навешваюцца кроквы. Паверх крокваў прымацоўваюцца латы пад пакрыццё 1- або 2-схільнай страхі. Звычайна займае свабоднае месца паміж дзвюма пабудовамі. П., дзе захоўваецца с.-г. інвентар, звычайна наз. вазоўняй ці абозняй, для дроў — дрывотняй або дрывотнікам. Пашырана па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧА́Й,
невялікі пастаянны або часовы вадацёк, які ўтвараецца ад сцёку снегавых, дажджавых і грунтавых вод. Характарызуецца звілістым рэчышчам, вузкай поймай, слабавыразнай далінай; звычайна даўж. 3—5 км. Часта з’яўляецца вытокам ракі або прытокам вадаёмаў. Выразнай мяжы паміж Р. і малой ракой няма, але Р. звычайна не мае прытокаў. Найб. расход вады на Р. назіраецца пры летніх паводках, радзей у веснавое разводдзе. У засушлівую пару часта мялее і перасыхае, у моцныя маразы прамярзае. На Беларусі найчасцей да Р. адносяць вадацёкі даўж. да 10 км. У выніку меліярац. работ частка Р. ператворана ў меліярац. канавы і каналы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАРЖО́К (Morchella),
род сумчатых грыбоў сям. смаржковых. 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі найчасцей трапляюцца С. канічны (M. conica) і ядомы, або звычайны (M. esculenta). Веснавыя грыбы. Растуць на глебе ў лясах, на высечках, палянах, вогнішчах і інш. з крас. па май.
Пладовае цела — шапка на ножцы выш. 6—15 см. Шапка канічная, сеткава-ячэістая, прырослая да ножкі, унутры полая. Колер ячэек ад шэра-вохрыстага да шакаладна-карычневага. Ножка цыліндрычная, таўшчынёй 2—3 см, белая ці жаўтаватая. Сумкі ў ячэйках, споры эліпсоідныя, гладкія, бясколерныя. Ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, у якім вывучаюцца праблемы, звязаныя з працэсамі выпрамянення і распаўсюджвання святла, прыродай святла і светлавых з’яў.
Тэрмін «Ф.о.» найчасцей выкарыстоўваецца ў гістарычным аспекце і аб’ядноўвае аптычныя з’явы і факты, эксперыментальнае вывучэнне якіх прывяло да высвятлення прыроды святла ў яго сучасным разуменні. Да Ф.о. можна аднесці эксперыменты па вызначэнні скорасці святла і вывучэнні дысперсіі, дыфракцыі, інтэрферэнцыі, паглынання, палярызацыі і рассеяння святла (гл.Хвалевая оптыка), а таксама пытанні малекулярнай оптыкі, лазернай фізікі, крышталяоптыкі, фотаметрыі і аптычнай анізатрапіі.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптической науки на пороге XX в. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТАМП (ням. Stampfe ад італьян. stampa пячатка),
1) штэмпель, пячатка, найчасцей прамавугольная, з выпуклым адваротным надпісам (малюнкам) назвы і адраса ўстановы, арг-цыі, прадпрыемства, якую звычайна ставяць у верхняй частцы дзелавых дакументаў; таксама сам адбітак, зроблены такой пячаткай.
2) Прылада або форма для серыйнага вырабу розных прадметаў спосабам ціску або чаканкі (гл.Штампоўка).
3) У пераносным сэнсе — трафарэт, шаблон, гатовы ўзор, які слепа пераймаюць. Адрозніваюць Ш.: ідэалаг., літ., моўныя, у мастацтве. Яны служаць для адлюстравання ў пэўных формах той ці інш.маст. задумы, настрою, ідэі (напр., моўны Ш. «чорнае золата» адпавядае паняццям «нафта», «вугаль»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЗАТЫ́ЗМ (ад грэч. exōtikos чужы, іншаземны),
лексічна неасвоенае слова, якое абазначае неўласцівыя бел. мове прадметы ці паняцці. Найчасцей абазначаюць назвы асоб, пасад, званняў («аксакал», «драгаман», «лорд»), устаноў, арг-цый, паліт. аб’яднанняў («бундэстаг», «лейбарысты», «трэд-юніён»), з’яў расл. і жывёльнага свету («ліяна», «качканос»), грашовых адзінак («рупія», «сукрэ»), відаў адзення («бешмет», «чалма»), муз. інструментаў, танцаў («тамтам», «харо»), пабудоў («духан», «яранга») і інш. Асвоеныя Э. пераходзяць у разрад запазычаных слоў («кукуруза», «хакей» і інш.).
Літ.:
Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова. Мн., 1974;
Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
сістэма ацяплення памяшканняў, што складаецца з эл.ацяпляльных прылад, у якіх эл. энергія пераўтвараецца ў цеплавую. Награвальны элемент — найчасцей дрот напальвання з вял. удз. супраціўленнем з ніхрому, канстантану, фехралю.
У Э.а. выкарыстоўваюцца прылады з адкрытымі награвальнымі элементамі (электракамін, электрарэфлектар і інш.), закрытымі — награваюць ваду, масла (радыятар), што цыркулююць у замкнёнай ёмістасці, або элементамі, замураванымі ў сценавыя канструкцыі і інш. Закрытыя прылады выключаюць магчымасць апёкаў і прыгарання пылу. Прылады для Э.а. звычайна займаюць мала месца, маюць невял. масу і лёгка рэгулююцца па цеплааддачы. маюць высокі ккдз, гігіенічныя. Награвальныя прылады з адкрытымі элементамі небяспечныя ў пажарных адносінах.