некантралюемы працэс гарэння, які прыводзіць да знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей і небяспечны для жыцця людзей. Гарэнне пры П. характарызуецца самаадвольным распаўсюджваннем, невысокай ступенню згарання матэрыялаў, утварэннем дыму.
Узнікае пры неасцярожным абыходжанні з агнём, самаўзгаранні рэчываў (матэрыялаў), няспраўнасці ў эл. сетках і прыладах, невыкананні правіл эксплуатацыі вытв. абсталявання, ад маланкі і па інш. прычынах; на адкрытай прасторы (напр., лясныя пажары, тарфяныя пажары) і ў збудаваннях (унутраныя П). Прастору, ахопленую П., умоўна падзяляюць на зоны: гарэння (ачаг П.), цеплавога ўздзеяння і задымлення. У ачагу П. адбываецца тленне і (ці) назіраецца полымя, вылучаюцца цяпло і дым. Асн. характарыстыка знішчальнага дзеяння П. — т-ра; макс. т-ры, характэрныя для адкрытых П. (ад 1000 °C для цвёрдых матэрыялаў да 1450 °C для гаручых газаў). Зона гарэння абкружана зонай цеплавога ўздзеяння, дзе ўстанаўліваецца т-ра вышэй за 60 °C, якая выклікае разбурэнне матэрыялаў, канструкцый і тоіць небяспеку для людзей. Прадукты няпоўнага згарання (дым) утвараюць зону задымлення, звычайна яны таксічныя (асабліва прадукты гарэння палімераў). Для спынення П. выкарыстоўваюць розныя вогнетушыльныя сродкі (вада, пена, парашковыя саставы, нейтральныя газы, хім. інгібітары гарэння і інш.), якія падаюць у ачаг П. пры дапамозе пажарнай тэхнікі, вогнетушыцелямі і інш. Мерапрыемствы па пажарнай прафілактыцы і тушэнні П. ажыццяўляе пажарная ахова.
Літ.:
Абдурагимов И.М., Говоров В.Ю., Макаров В.Е. Физико-химические основы развития и тушения пожаров. М., 1980;
Драйздейл Д. Введение в динамику пожаров: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНАЛІ́ЗМу архітэктуры,
сукупнасць арх. кірункаў 1-й пал. 20 ст., якія арыентаваліся на асваенне дасягненняў сучаснай навукі і тэхнікі. У шырокім сэнсе Р. часам атаясамліваюць з паняццем «сучасная архітэктура». Асн. яго прынцыпы пачалі складвацца ў канцы 19 ст. (арх. Л.Салівен у ЗША, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах, А.Лоз у Аўстрыі, А.Перэ ў Францыі і інш). Развіццю Р. ў 1920—30-я г. спрыялі ідэі і творчасць арх.Ле Карбюзье ў Францыі, В.Гропіуса і арх. школы «Баўгауз» у Германіі (гл.Функцыяналізм), работы сав. архітэктараў і арх. школы вышэйшых маст.-тэхн. ін-та ў Ленінградзе і маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Ідэі Р. ляглі ў аснову дзейнасці Міжнар. кангрэса сучаснай архітэктуры (1928—59) і т.зв. Афінскай хартыі (1933), якія сфармулявалі прынцыпы сучаснага горадабудаўніцтва. У 1950-я г. лідэры Р. ў ЗША (Л.Міс ван дэр Роэ, Э.Саарынен, фірма «СОМ») і Еўропе (Дж.Понці ў Італіі, Э.Аерман у Германіі) распрацавалі універсальныя формы будынкаў т.зв. інтэрнац. стылю, разлічаныя на размяшчэнне ў іх жылых, дзелавых, вытв. і інш. інтэр’ераў. Расчараванне ў дагматызме і утапічнасці позняга Р., крытыка яго аднастайнасці, ігнаравання мясц. умоў і традыцый прывялі да змены Р. на новыя кірункі (бруталізм, неакласіцызм, постмадэрнізм). У СССР рацыяналістамі называлі сябе чл.Асацыяцыі новых архітэктараў (М.Ладоўскі, В.Крынскі, К.Мельнікаў, бел. архітэктар І.Валадзько і інш.), якія шукалі вобразную выразнасць у творчым асэнсаванні новых канструкцый і матэрыялаў.
Літ.:
Хан-Магомедов С.О. Архитектура советского авангарда. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯІ́,
кампазіцыі на аснове рэчываў, здольных злучаць (склейваць) розныя матэрыялы: паперу, драўніну, шкло, кераміку, металы, скуру, пластмасы і інш.
Дзеянне К. абумоўлена ўтварэннем трывалых адгезійных сувязей (гл.Адгезія) паміж клеявой праслойкай і паверхнямі матэрыялаў, што злучаюцца. Звычайна маюць ацвярджальнікі і дабаўкі (напр., напаўняльнікі, пластыфікатары), якія мадыфікуюць уласцівасці К. (ліпучасць, скорасць ацвярдзення, час выкарыстання) і клеявой праслойкі (трываласць, цвёрдасць, тэрма- і атмасфераўстойлівасць і інш.). Паводле тыпу асновы падзяляюць на арган. (прыродныя і сінт.) і неарганічныя. К. на аснове прыродных палімераў жывёльнага (казеінавыя, альбумінавыя, глюцінавыя) ці расліннага паходжання (крухмал, дэкстрынавыя, канадскі бальзам і інш.) вызначаюцца нізкай водаўстойлівасцю і загніваюць пад уздзеяннем мікраарганізмаў. Найб. пашыраны К. сінтэтычныя на аснове сінт. алігамераў і палімераў (фенола-фармальдэгідных, эпаксідных, поліэфірных смол, поліамідаў, поліурэтанаў і інш.), для якіх характэрны высокая трываласць склейвання і ўстойлівасць да рознага асяроддзя. Паводле хім. прыроды асновы адрозніваюць тэрмарэактыўныя — пры склейванні змяняецца іх хім. структура ў выніку ацвярдзення палімераў ці вулканізацыі (гл.Гумавыя кляі) і тэрмапластычныя, хім. структура якіх не змяняецца; яны зацвердзяваюць у выніку выпарэння растваральніку (К.-растворы) ці застывання расплаву (К.-расплавы). К. неарганічныя — керамічныя (аснова — аксіды магнію, алюмінію, крэмнію, шчолачных металаў), фасфатныя (найб. пашыраныя алюмафасфатныя і алюмахромфасфатныя), сілікатныя (аснова — водныя растворы сілікатаў натрыю і калію), метал. (аснова — вадкі метал, напр., галій). Паводле прызначэння К. падзяляюць на канструкцыйныя (утвараюць клеявыя злучэнні, якія вытрымліваюць мех. напружанне не менш за 10 МПа), прызначаныя для збору машын, лятальных апаратаў, буд.канструкцый, і неканструкцыйныя, а таксама спецыяльныя.
Літ.:
Кардашов Д.А. Синтетические клеи. 3 изд. М., 1976;
Кардашов Д.А., Петрова А.П. Полимерные клеи: Создание и применение. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ АЭРАПО́РТЫ,
агульная назва аэрапортаў мясц. значэння Мінск-1 і міжнар. Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Аэрапорт Мінск-1 у межах Мінска, замыкае перспектыву вул. Чкалава з плошчай. Пабудаваны ў 1933. Уключае стары будынак аэравакзала (1946—57, арх. А.П.Воінаў, Г.Заборскі) і новы павільён (1976, арх. С.Баткоўскі, А.Серапян). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага 2-павярховага будынка аэравакзала складаецца з цэнтр.ч. і 2 бакавых крылаў. У архітэктуры будынка выкарыстаны формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, 2 сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордэра. Павільён — прамавугольны ў плане зашклёны на ўсю вышыню будынак з 2 сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі масіўнымі казыркамі. Нацыянальны аэрапорт Мінск — міжнар. аэрапорт 1-га класа каля г. Смалявічы Мінскай вобл. Забудоўваецца з 1977 паводле праекта ін-таў «Ленаэрапраект» (С.-Пецярбург) і «Мінскпраект» (арх. Б.Ларчанка, Ю.Грыгор’еў, Г.Сысоеў, Н.Цямнова). У комплексе збудаванняў — аэравакзал, камандна-дыспетчарскі пункт, гасцінічны комплекс, адм.-бытавы блок. Аэравакзал размешчаны ў дугападобным аб’ёме (даўж. больш за 500 м) — дэцэнтралізаванага тыпу, зоны адпраўлення і прыбыцця пасажыраў падзелены і знаходзяцца на розных узроўнях аб’ёму. Усе асн. памяшканні на 3 гал. паверхах дугападобнага аб’ёму, які завяршаецца тэхн. паверхам і камандна-дыспетчарскім пунктам. Да дугападобнага аб’ёму прымыкае гасцінічны комплекс, які мае сувязь з аперацыйнымі заламі аэравакзала. Аэрадром прызначаны для прыёму ўсіх тыпаў паветраных суднаў у складаных метэаўмовах. Увесь комплекс будуецца з каркасна-панэльных канструкцый, зборныя жалезабетонныя элементы распрацаваны паводле індывід. праектаў. Іл.гл. таксама да арт.Аэравакзал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІС ВАН ДЭР РО́Э ((Mies van der Rohe) Людвіг) (27.3.1886, г. Ахен, Германія — 17.8.1969),
нямецкі архітэктар; адзін з лідэраў функцыяналізму. Прафес. адукацыі не атрымаў. З 1905 працаваў у Берліне, у т. л. ў майстэрні П.Берэнса. У 1930—33 дырэктар «Баўгауза» ў г. Дэсаў. З 1937 у ЗША. У 1938—58 выкладаў у Ілінойскім тэхнал. ін-це ў Чыкага. Пабудовы 1910-х г. у духу неакласіцызму (дом Перльса ў Берліне, 1911). У 1920-я г. выступіў з серыяй эксперым. праектаў, у якіх падкрэсленая выразнасць навясных канструкцый спалучаецца з экспрэсіўнай формай аб’ёмаў, стварыў тып жылога дома са стальным каркасам і зменнай унутр. планіроўкай. На творчасць пач. 1930-х г. паўплывала гал. група «Стыль»; работы сталі больш выразнымі па кампазіцыі, у іх інтэр’ерах сцены-шырмы падзялялі ўнутр. прастору на асобныя, звязаныя паміж сабой зоны (павільён Германіі на Сусв. выстаўцы ў г. Барселона, 1929; дом Тугендхата ў г. Брно, 1930). У 1940—50-я г. прапанаваў ідэю дасканалай «універсальнай формы» — адзінай унутр. прасторы, якая дае максімум магчымасцей для разнастайнага выкарыстання інтэр’ера (будынак арх. ф-та Ілінойскага тэхнал. ін-та, 1952—56); да элементарных геам. форм прыведзены аб’ёмы вышынных будынкаў: жылыя дамы на Лейк Шор Драйв (1950—51) і на Комануэлс Праменад (1957) у Чыкага, канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку (1956—58), Дамініян-сентэр у г. Таронта (1967). Арыгінальным вырашэннем адметны будынак Нац. галерэі ў Берліне (1968). Яго творчасць паўплывала на архітэктараў ЗША і Зах. Еўропы.
Літ.:
Мачульский Г.К. Мис ван дер Роэ. М., 1969.
Л.Міс ван дэр Роэ. Будынак Нацыянальная галерэі ў Берліне. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАТ,
1) машына ўдарнага дзеяння для апрацоўкі метал. загатовак ціскам. Мае ўдарную ч. (поршань, шток, бабу), масіўную аснову — шабат, што ўспрымае ўдар, станіну, прывод і механізм кіравання. Бываюць парапаветраныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя, мех. і інш. Выкарыстоўваюцца для коўкі (ковачныя М.) і аб’ёмнай ці ліставой штампоўкі (штамповачныя М.).
Рычажныя М. з ручным прыводам вядомыя з 13—14 ст. У пач. 16 ст. з’явіліся М. з прыводам ад вадзянога кола — т.зв. сярэднебойныя (Германія) і хваставыя (Францыя, Італія, Вялікабрытанія). Пазней узніклі т.зв. лабавыя і таўкачовыя, а таксама М. інш.канструкцый. У сярэдзіне 18 ст. сталі ўжываць М. з паравым прыводам. Першы паравы М., у якім пара непасрэдна прыводзіла ў рух рухомыя часткі, сканструяваў англ. машынабудаўнік Дж.Несміт (патэнт 1842). У пач. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць М. з электрапрыводам, у 1940-я г. — выбуховыя, у 1950-я г. — высокахуткасныя газавыя.
2) Буд. машына для забівання ў грунт паляў, шпунтоў і інш., разнавіднасць палябойнага абсталявання. Бываюць ударнага і вібрацыйнага (гл.Вібрамолат) дзеяння; парапаветраныя, дызельныя (гл.Дызель-молат) і мех. (з прыводам ад лябёдкі). Выкарыстоўваюцца ў мостабудаванні, гідратэхн., дарожным, прамысл. і інш. буд-ве.
3) Ручны інструмент для коўкі металаў. Малыя М. наз. ручнікамі, вял. цяжкія — кувалдамі (гл. ў арт.Кавальскі інструмент).
У.М.Сацута.
Схемы асноўных тыпаў молатаў: а — парапаветранага; б — пнеўматычнага; в — гідраўлічнага; г — механічнага з гнуткай сувяззю; д — які працуе па цыкле рухавіка ўнутранага згарання; е — электрамагнітнага; 1 — поршань; 2 — шток; 3 — баба; 4 — накіравальныя станіны; 5 — верхні баёк (ці штамп); 6 — ніжні баёк (ці штамп); 7 — шабот; 8 — гідрацыліндр; 9 — рэмень; 10 — электрамагніт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),
апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.
Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.Веранцыо. У 1783 француз С.Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.Ж.Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.Я.Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.М.Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.
Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.
Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
прыродныя і штучныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце будынкаў і збудаванняў. Да будаўнічых матэрыялаў належаць прыродныя каменныя, лясныя, керамічныя, арган. і мінер. вяжучыя, метал., кампазіцыйныя, цепла- і гідраізаляцыйныя, дахавыя, лакафарбавыя і інш. матэрыялы.
Прыродныя каменныя матэрыялы (бутавы камень, жвір, друз, пясок, гліна і інш.) выкарыстоўваюцца для буд-ва фундаментаў, сцен, дарожнага адзення, падпорных сценак, а таксама для вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу, розных кангламератаў. Лясныя будаўнічыя матэрыялы (бярвёны, брусы, дошкі, вырабы з драўніны) ідуць на буд-ва дахаў, падлог, столяў, аконных і дзвярных блокаў і інш. (гл.Драўнінныя матэрыялы). Керамічныя матэрыялы (цэгла, цагляныя камяні і інш.) прызначаны для буд-ва сцен, вырабы з керамікі — для стварэння сан.-тэхн., дрэнажавальных, электраахоўных і інш. сістэм (гл.Будаўнічая кераміка). Пашыраны ў буд-ве вяжучыя матэрыялы — арган. (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты і інш.) і мінер. (цэмент, вапна, гіпс). Злучэннем мінер. запаўняльнікаў і вяжучых рэчываў атрымліваюць бетоны (цэментна-, асфальта-, жалеза- і палімербетоны) і будаўнічыя растворы (цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя, асфальтавыя і іх спалучэнні). Шырока выкарыстоўваюць будаўнічыя канструкцыі са сталі, алюмініевых сплаваў, кампазіцыйных, металапалімерных і інш. матэрыялаў. Цеплаізаляцыйныя матэрыялы атрымліваюць спяканнем шклянога парашку (шклавата, пенашкло і інш.) або змешваннем розных матэрыялаў; яны маюць нізкую цеплаправоднасць. Гідраізаляцыйныя матэрыялы (гідраізол, металаізол, бітумамінер. тканіны і інш.) маюць павышаную водаўстойлівасць і выкарыстоўваюцца для аховы буд.канструкцый ад вільгаці. Дахавыя матэрыялы (руберойд, пергамін, толь, шклоруберойд і інш.) атмасфера- і водаўстойлівыя. Лакафарбавыя матэрыялы (лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі) — вадкія, паста- ці парашкападобныя саставы. Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.
І.І.Леановіч.
Будаўнічыя машыны: а — на базе аднавосевага цягача; б — на базе двухвосевага цягача; 1 — пнеўмашынны каток; 2 — цэментавоз; 3 — грэйдэр-элеватар; 4 — аднакаўшовы пагрузчык; 5 — карчавальнік; 6 — плужны снегаачышчальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШАНБЕ́,
горад, сталіца Таджыкістана. Размешчаны ў Гісарскай даліне, на р. Душанбінка (у верхнім цячэнні р. Варзоб), на выш. 750—930 м. 582,4 тыс.ж. (1991). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды тэкст. машын, гідраагрэгатаў, кабелю, быт. халадзільнікаў, арматурны і інш.), лёгкая (баваўнянае, гарбарна-абутковае, швейнае аб’яднанні, шаўковы камбінат), харчасмакавая (маслабойны, тлушчавы, мясны, малочны камбінаты і інш.), буд. матэрыялаў (цэментны, домабуд. камбінаты, з-д жалезабетонных канструкцый і інш.). Турызм. АН Таджыкістана. 8 ВНУ (у т. л.ун-т). Т-ры: оперы і балета, тадж. драмы, рус. драматычны, маладзёжны і інш.; цырк, філармонія. Заапарк, бат. сад АН.
Пабудаваны на месцы кішлака Дзюшамбе, у якім да 1917 жылі некалькі соцень жыхароў. У 1922 кішлак разбураны басмачамі. З 1924 Д. — сталіца Таджыкскай АССР (з 1925 горад), з 1929 — Таджыкскай ССР, з 1991 — Таджыкістана.
Сучасны горад з прамавугольнай сеткай вуліц-алей, шырокімі азялененымі плошчамі і паркавай зонай са штучным возерам пабудаваны паводле ген. планаў 1037 і 1965. Галоўная арх.-планіровачная вось горада — праспект Рудакі з бульварам, асн плошчамі, помнікамі Рудакі, А.Фірдаўсі і інш., будынкамі прэзідыума АН Таджыкістана (1934—36, арх. С.В.Куцін), бібліятэкі імя Фірдаўсі (1952—54, арх. С.Л.Анісімаў, скульпт. А.А.Татарынава, маст. М.Алімаў), выліч. цэнтра (1976, арх. В.М.Лях), Палаца саюза тэатр. дзеячаў (1974, арх. Э.В.Ярзоўскі, Ю.Л.Пархаў, у інтэр’еры тэматычнае пано — маст. С.У.Курбатаў і інш.). Музеі: Рэсп. аб’яднаны (гіст.-краязнаўчы і выяўл. мастацтва) імя Бахзада, літ. імя С.Айні і імя М.Турсун-задэ, этнаграфічны.
Да арт.Душанбе. Панарама горада (злева), Нацыянальная бібліятэка імя А.Фірдаўсі (справа).Да арт.Душанбе. Помнік А.Фірдаўсі.Душанбе. Дом урада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ВАДэлектрычны,
металічны праваднікэл. току з аднаго (аднажыльны) або некалькіх (мнагажыльны) дратоў. Бываюць неізаляваныя (для паветраных ліній электраперадачы, кантактавых сетакэл. транспарту, антэнных прыстасаванняў) і ізаляваныя (абмотачныя, установачныя, мантажныя, эл. шнуры). Вырабляюцца пераважна з металаў высокай электраправоднасці. Ёсць таксама мікраправады (эмаліраваныя, дыям. да 0,05 мм, для абмотак мікрамашын, шпуль вымяральных і рэгуляваных прылад) і эмаль-правады (пераважна абмотачныя круглага ці прамавугольнага сячэння да 30 мм2 з эл. ізаляцыяй у выглядзе тонкай плёнкі з эмалевага лаку або смалы).
Правады ЛЭП пераважна шматдротавыя сталеалюмініевыя (на адно- ці шматдротавы стальны асяродак навіты слаі алюмініевага дроту), сячэннем да 800 мм2. Падвешваюцца на апорах з дапамогай ізалятараў электрычных і спец. арматуры. Для асаблівых умоў выкарыстоўваюць П. спец.канструкцый (полыя, з антыкаразійнымі запаўняльнікамі і інш.). У кантактавай сетцы ўжываюць медныя ці бронзавыя правады круглага і фасоннага сячэння. Абмотачныя П. — з медзі або алюмінію, круглага ці прамавугольнага сячэння, з эмалевай, шкловалакністай, папяровай і інш. ізаляцый. Ідуць на абмоткі эл. машын, апаратаў, трансфарматараў і інш. Установачныя П. — медныя і алюмініевыя, пераважна круглага сячэння да 500 мм2, з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, для мантажу эл. абсталявання, скрытай і адкрытай праводкі ў жылых і вытв. будынках. П. мантажны — адна і шматдротавы з меднымі токаправоднымі жыламі, з полівінілхларыднай і поліэтыленавай ізаляцыяй, сячэннем да 6 мм2. Выкарыстоўваецца для фіксаванага і гнуткага мантажу электра- і радыёапаратуры, прылад на пультах і шчытах кіравання. Эл. шнуры — з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, 2—3-жыльныя (жылы сячэннем да 1 мм2 з тонкага меднага дроту) для далучэння бытавых электрапрылад і радыёапаратуры. Набываюць пашырэнне звышправодныя П. пераважна са сплаваў ніобію з цырконіем і тытанам у абалонцы з вадкім геліем.