КА́БЕЛЬНЫ КРАН,

кабель-кран, збудаванне з стацыянарнымі або перасоўнымі апорамі (вежамі), якія злучаны нясучым канатам з рухомай грузавой цялежкай. Прызначаны для падымання (апускання) грузаў на вышыню да 50 м і болей і перамяшчэння іх на адлегласць да 1,5 км. Уяўляе сабой аднапралётную падвесную канатную дарогу. Выкарыстоўваецца: на адкрытых горных распрацоўках для транспарціроўкі раскрыўных парод, штучнага каменю і г.д.; у буд-ве для перамяшчэння вял. аб’ёмаў зямлі, бетону, інш. матэрыялаў; на лесаскладах і да т.п. Грузападымальнасць да 150 т.

Кабельны кран: 1, 2, 3 — цягавы, нясучы і пад’ёмны канаты; 4 — цялежка; А, Б — апоры.

т. 7, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАНЛЫ́КСКАЯ ГРАБНІЦА,

помнік грэка-фракійскага мастацтва канца 4 — пач. 3 ст. да н.э. ў г. Казанлык (Балгарыя). Адкрыта ў 1944. Круглае ў плане пахавальнае збудаванне ўяўляе сабой цагляную камеру з купалам у форме ўсечанага конуса і кароткі дромас (калідор). Скляпенне ўпрыгожана размалёўкай па сухой тынкоўцы з размешчанымі па крузе выявамі фракійскай пахавальнай трапезы і бегу калясніц, падзеленых паясамі геам. арнаменту. Размалёўка адметная свабодай і ўраўнаважанасцю кампазіцыі, велічнай нязмушанасцю рухаў фігур. Уключана ў Спіс сусветнай спадчыны. Іл. гл. да арт. Балгарыя.

Літ.:

Васильев А. Античная гробница в Казанлыке: [Пер. с болг.] София, 1958.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПІШЧА (ад стараж.-слав. капь — выява, ідал),

культавае збудаванне ўсх. і прыбалт. славян язычніцкага перыяду. У 1951 пры раскопках у Пярыні каля Ноўгарада выяўлены рэшткі слав. К. 10 ст., прысвечанага Перуну. Уяўляла сабой круг дыяметрам 21 м, на якім у васьмі месцах гарэў агонь; у цэнтры стаяў драўляны ідал Перуна. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера было К. Перуна і Бабы-ягі. Рэшткі свяцілішча сельскай абшчыны 10 ст. раскапалі археолагі ў 1969 каля в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальвалі вогнішчы.

т. 8, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

блінда́ж

(фр. blindage)

земляное збудаванне са сценамі і пакрыццём з дрэва, жалезабетону для ўкрыцця жывой сілы ад мін, снарадаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рыштава́нне

(польск. rusztowanie, ад ням. Rüstung)

часовае збудаванне з дошак уздоўж сцен будынка для правядзення будаўнічых або рамонтных работ.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

трэк

(англ. track)

спартыўнае збудаванне з кругавой трасай для трэніровак і спаборніцтваў па вела- і мотаспорце.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Ка́пішча ’культавае збудаванне ўсх. і прыбалт. славян з часоў паганства’ (ТСБМ), ’месца, дзе закопваюць здохлую жывёлу’ (Бяльк.). Укр., рус. капище ’паганскі храм’, арханг. ’месца звозу лесу, звалка’. Ст.-рус. запазычанне са ст.-слав. капище ’храм’ < капь ’з’ява, вобраз, прывід’ > ’статуя, выява’ < ст.-чуваш. *käp, сучаснае чуваш. päk, уйгурск. kep ’форма, карціна’, ст.-тур. gib ’карціна’ (Фасмер, 2, 185; Шанскі, 2 (К), 35).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хвалярэ́з, ‑а, м.

Спец. Гідратэхнічнае збудаванне (дамба, вал і пад.), якія ахоўваюць месца стаянкі суднаў ад дзеяння хваль. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Сцяна — калісьці магутная, з байніцамі і хвалярэзамі з нахіленых паляў. Аб вострыя, калісьці грозныя, канцы іх мірна плёхаюць узнятыя ветрыкам, хвалі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што́льня, ‑і; Р мн. ‑лень; ж.

Спец. Гарызантальная або нахіленая падземная горная выпрацоўка, якая мае непасрэдны выхад на паверхню зямлі і прызначана для абслугоўвання падземных работ. Вентыляцыйная штольня. □ І скарб свой са штолень глыбокіх падаў Салігорск на-гара. Машара. // Падземнае збудаванне спецыяльнага прызначэння. Штольні для метро.

[Ад ням. Stollen.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грот1

(фр. grotte)

1) неглыбокая скляпеністая пячора з шырокім уваходам, натуральная або штучная;

2) паркавае збудаванне ў выглядзе пячоры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)