Е́РМАЛАВІЦКІ БОЙ 1943,

аперацыя партызан 113-га (камандзір К.​М.​Белавусаў), 121-га (А.​М.​Касаеў), 61-га (Р.​К.​Паўлаў) атрадаў па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў в. Ермалавічы Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. 28—29 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў вузлавым сярод тых, што забяспечвалі рух на шашы Магілёў—Бялынічы, ажыццяўляў карныя аперацыі супраць партызан і мірнага насельніцтва ў Бялыніцкім і Магілёўскім р-нах. Аперацыя распрацавана і праводзілася пад кіраўніцтвам Магілёўскай раённай ВАГ. Партызаны акружылі вёску і нечакана ўварваліся ў гарнізон, захапілі вял. колькасць боепрыпасаў, зброі, амуніцыі, знішчылі значную колькасць жывой сілы ворага.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЗЕ́КА (Язэп) (Іосіф Васілевіч; 24.6.1907, в. Востраў Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1977),

бел. пісьменнік. Канд. філал. н. (1949). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1936). У Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Працаваў у Адэскім пед. ін-це (1949—52), БДУ (1952—73). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў апавяданняў «Рукою ворага» (1932) і нарысаў) «Партызанскія сцежкі» (1959), кніг для дзяцей «Лясныя сябры» (1966), «Сонечны алень» (1969), «Трывожная ноч»(1972). Збіраў і даследаваў бел. фальклор. Укладальнік зб-каў партыз. творчасці «Песні барацьбы» (1946, з М.​Меяровіч і С.​Карабанам), «Лясныя песні» (1970, 2-е выд. 1974).

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЧАНКА (Аляксандр Лаўрынавіч) (14.3.1919, в. Хоўхла Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 8.10.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Гомельскага камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Рэчыцкае пед. вучылішча. Да вайны сакратар Гомельскага гаркома ЛКСМБ. Са жн. 1941 падрыўнік, разведчык у партыз. атрадзе «Бальшавік», адначасова сакратар Гомельскіх падп. абкома і гаркома ЛКСМБ, чл. Гомельскага падп. гаркома КП(б)Б. Група падрыўнікоў на чале з І. пусціла пад адхон 58 эшалонаў ворага, знішчыла 87 аўтамашын, танкаў, браневікоў. Загінуў пры падрыхтоўцы да задання. У в. Хоўхла яму пастаўлены помнік.

А.Л.Ісачанка.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́НІН (Ілья Барысавіч) (17.11.1908, г. Гомель — 23.4.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У 1926—32 слесар станка-буд. з-да «Пралетарый» у Гомелі. Скончыў Ейскую школу марскіх лётчыкаў (1934). У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўн. флоце. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка капітан К. вызначыўся 23.4.1944; на падыходзе да цэлі яго самалёт быў падбіты агнём зенітнай артылерыі праціўніка, палаючай машынай К. тараніў транспарт ворага водазмяшчэннем 5 тыс. т і патапіў яго. Імем К. названы пасёлак у Архангельскай вобл. Бюсты К. ўстаноўлены на тэр. музея авіяцыі Паўн. флоту і ў пас. Катуніна, у Гомелі мемар. дошка.

І.Б.Катунін.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЧАК (Мікалай Мікалаевіч) (12.7. 1905, г. Іванава Брэсцкай вобл. — 14.2. 1969),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую пях. школу (1928). Удзельнік грамадз. вайны. У 1921—24 працаваў на буд-ве Волхаўскай ГЭС. З 1925 у Чырв. Арміі. З 1937 выкладчык курсаў «Выстрал». У Вял. Айч. вайну з 1942 нач. снайперскай школы, з 1944 камандзір стралк. палка на 3-м Бел. фронце. Полк на чале з палк. К. вызначыўся 15—17.8.1944 у баях за выхад на мяжу з Усх. Прусіяй, дзе знішчыў шмат баявой тэхнікі і жывой сілы ворага. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́НСКІ БОЙ 1942,

бой партыз. атрадаў «Штурм», «Грозны», «За бацькаўшчыну», «Вясна», брыгады «Штурмавая» супраць ням.-фаш. захопнікаў у в. Курганы Заслаўскага р-на Мінскай вобл. 31 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Калі партыз. разведка выявіла прасоўванне ў партыз. зону батальёна карнікаў (каля 300 гітлераўцаў), партызаны вырашылі разграміць яго. Яны сустрэлі карнікаў на р. Удра ў в. Курганы і пасля 5-гадзіннага бою прымусілі ворага адступіць. На шляху адступлення ў пас. Шаршуны гітлераўцы трапілі ў партыз. засаду і былі разгромлены. Партызаны захапілі гармату, 3 мінамёты, 2 кулямёты, 2 аўтаматы, 15 вінтовак і вял. колькасць боепрыпасаў.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 9, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЬКО́Ў (Рыгор Мацвеевіч) (14.2.1899, с. Васільеўка Акцябрскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 17.12.1961),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў ваен. эл.-тэхн. акадэмію (1938). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 камандзір дыверсійна-разведвальнага партыз. атрада, які ў 1941—42 зрабіў 600-кіламетровы рэйд па тылах праціўніка ў паўд. раёнах Беларусі. З мая 1943 камандзір дыверсійна-разведвальнай групы, што дзейнічала ў раёне Брэст—Баранавічы—Ваўкавыск, потым на тэр. Польшчы і Чэхаславакіі. Аўтар кн. «Вайна ў тыле ворага» (1959).

Р.М.Лінькоў.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГО́ЎСКІ (Мікалай Пятровіч) (14.12. 1911, в. Равуча Талачынскага р-на Віцебскай вобл. —25.6.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір стралк. батальёна капітан Л. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: 23 чэрв. батальён на чале з ім прарваў абарону ворага, заняў в. Гуркі і Ермакі, выйшаў у тыл праціўніка, адбіў 9 контратак, вызваліў в. Крупчына і Засіннікі. 24 чэрв. фарсіраваў Зах. Дзвіну, захапіў плацдарм, выйшаў на шашу Віцебск—Бешанковічы, дзе злучыўся з падраздзяленнямі войск 3-га Бел. фронту. Л. загінуў у баі.

М.П.Лугоўскі.

т. 9, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКІЁНАК (Іван Андрэевіч) (15.7.1914, в. Гарадзілавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 28.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1936. З 1941 на Чарнаморскім флоце, удзельнік абароны Севастопаля, вызвалення Марыупаля, Новарасійска, Бярдзянска. Нам. камандзіра аддзялення аўтаматчыкаў асобнага батальёна марской пяхоты старшына 2-й стацці М. вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў (68 чал.), у складзе якога быў М., па р. Паўд. Буг зайшоў у тыл ворага, высадзіўся ў порце, 2 сутак вёў з праціўнікам няроўны бой (адбіта 18 контратак). Загінуў у гэтым баі.

І.А.Макіёнак.

т. 9, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕ́ВІЦКІ БОЙ 1943,

бой падраздзяленняў партыз. палкоў 208-га імя Сталіна, 277-га, брыгад 130-й «Помста», 120-й, 345-га атрада з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Мацевічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. 18 жн. ў Вял. Айч. вайну. 15 жн. батальён 700-га ахоўнага палка гітлераўцаў заняў вёску дзеля набыцця с.-г. прадукцыі. Ноччу 18 жн. партызаны акружылі вёску і раптоўным нападам знішчылі некалькі аўтамашын, шмат жывой сілы ворага; за 1 гадз бою захапілі зброю і амуніцыю акупантаў, 2 перасоўныя радыёстанцыі, каля 60 коней, боепрыпасы, нарабаванае ў насельніцтва харчаванне.

У.​С.​Пасэ.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)