МІХАЭ́ЛІС Віктар, бел. архітэктар 1-й пал. 19 ст.; прадстаўнік архітэктуры класіцызму. Вучань арх. К.В.Багеміле. У 1826—49 працаваў гродзенскім губ. архітэктарам. Выканаў праекты гандл. радоў у Навагрудку (1835), бальніцы для ніжніх воінскіх чыноў, сіроцкага дома, багадзельні (1849) для Гродзенскай губ., сінагогі на Кобрынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці.
В.Ф.Марозаў.
т. 10, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ Веньямін Веньямінавіч (1839, Магілёўская губ. — 15.8.1881),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1862). У 1862—76 працаваў у Віцебскай буд.-дарожнай камісіі, у 1876—78 — полацкім епархіяльным архітэктарам. Аўтар праектаў рамонту з частковай рэстаўрацыяй Сафійскага сабора ў Полацку (1869), мураванай царквы для в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. (1881).
т. 11, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЭ́Н (Sirén) Іохан (27.5.1889, г. Іліхярмя, Фінляндыя — 5.3.1961),
фінскі архітэктар; лідэр фін. неакласіцызму 1920—30-х г. Вучыўся ў політэхн. ін-це ў Хельсінкі, выкладаў у ім (праф. 1931—57). Для пабудоў С. характэрны строгая сіметрыя, маналітнасць аб’ёмна-прасторавых кампазіцый, спрошчаная трактоўка ордэрных элементаў (будынак парламента ў Хельсінкі, 1927—31).
т. 14, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́САРЫС (Asaris) Гунар Канстанцінавіч (н. 23.6.1934, Рыга),
латвійскі архітэктар. Скончыў Рыжскі політэхн. Ін-т (1959). Асн. работы: эксперым. цэх Рыжскага шклозавода (1959), індывід. жылыя дамы ў Рызе і Юрмале (1959—69), мемар. ансамбль Памяці ахвяраў фаш. тэрору ў Саласпілсе (1963—67, у сааўт.; Ленінская прэмія 1970), помнік у Рызе пісьменніку А.М.Упіту (1982).
т. 2, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТМАН (Portman) Джон Кальвін (н. 4.12.1924, Валхала, ЗША),
амерыканскі архітэктар. Аўтар шматлікіх вышынных дзелавых, гандл., высокакамфартабельных гасцінічных будынкаў з рысамі еўрап. пасажаў 19 ст. Сярод твораў: Пічтры-цэнтр у Атланце (1961—85), Рэнесансавы цэнтр у Дэтройце (1971—77), атэлі Хает Рыджэнсі Кет у Сан-Францыска (1974, самы вялікі), Банавентура ў Лос-Анджэлесе (1976) і інш.
т. 12, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТА́ЎБЕРТ Аляксандр Ягоравіч (1781—1843),
расійскі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1801). Работы на Беларусі: план Бабруйскай крэпасці (1818), казармы, жылыя дамы, 2 шпіталі, сабор Аляксандра Неўскага і інш. пабудовы на яе тэрыторыі (1827); Мінская і Слуцкая брамы ў Бабруйску, казармы, гасціны двор на Кобрынскім фарштаце (1836) і інш. пабудовы Брэсцкай крэпасці.
В.Ф.Марозаў.
т. 17, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМ (Adam) Роберт (3.7.1728, г. Керколды, Вялікабрытанія — 3.3.1792),
англ. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Разам з братам Джэймсам праектаваў рацыянальныя па планіроўцы сядзібныя дамы (Кенвуд-хаўс у Лондане, 1767—69), грамадскія будынкі (ун-т у Эдынбургу, 1789—91), гар. кварталы (Адэльфі ў Лондане, 1768—72) і інш. Выкарыстоўваў строгія класічныя формы, вытанчаны дэкор, надаваў вял. значэнне афармленню інтэр’ера, мэблі.
т. 1, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДА́ШАЎ Садых Алекпер аглы (15.4.1905, Баку —24.12.1946),
азербайджанскі архітэктар. Акад. АН Азербайджана (1945), засл. дз. маст. Азербайджана (1940). Скончыў Азерб. політэхн. ін-т у Баку (1929). Асн. творы ў Баку (разам з М.А.Усейнавым); кінатэатр «Нізамі» (1934), Мін-ва харч. прам-сці і кансерваторыя (абедзве 1937—39), Музей Нізамі (1930—40-я г.). Дзярж. прэмія СССР 1941.
т. 6, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́НКС (Jencks) Чарлз (н. 12.5.1939, г. Балтымар, ЗША),
англійскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры постмадэрнізму. Скончыў Гарвардскі і Лонданскі ун-ты. Аўтар артыкулаў і кніг па пытаннях сучаснай архітэктуры «Значэнне ў архітэктуры» (1969, у сааўт.), «Сучасныя рухі ў архітэктуры» (1973), «Мова архітэктуры постмадэрнізму» (1977), «Архітэктура позняга мадэрнізму» (1980), «Да сімвалісцкай архітэктуры» (1985).
Тв.:
Рус. пер. — Язык архитектуры постмодернизма. М., 1985.
т. 6, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕВІ́З ФРА́ЗІН, Алевіз (Aloisio) Новы,
італьянскі архітэктар канца 15 — пач. 16 ст. У 1503—04 пабудаваў у Бахчысараі палац хана Менглі-Гірэя (захаваўся разны мураваны партал). З 1504 па запрашэнні Івана III у Маскве, дзе, паводле летапісу, пабудаваў 11 цэркваў (не захаваліся) і Архангельскі сабор у Крамлі (1505—08), у дэкар. апрацоўцы якога выкарыстаў элементы архітэктуры італьян. Адраджэння.
т. 1, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)