навукова-даследчая ўстанова, якая зберагае кінафотафонадакументы Нац. архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. Створаны ў маі 1941 паводле пастановы СНКСССР ад 29.3.1941 у Мінску, з 1987 у Дзяржынску Мінскай вобласці. Зберагае (1995) 22 987 адзінак захоўвання хранік.-дакументальных, навук.-папулярных фільмаў, кіначасопісаў, спецвыпускаў, асобных кінасюжэтаў, кіналетапісаў за 1920—90-я г., мастацкіх кінастужак. У іх адлюстраваны найб. значныя падзеі паліт. і культ. жыцця Беларусі: уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР, дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве, партыз. барацьба і дзеянні Чырв. Арміі ў Вял.Айч. вайну і інш., кінадакументы пасляваен. часу. У архіве захоўваецца больш за 187 850 фотанегатываў, пазітываў з 1880-х г. да нашых дзён, у т. л. каштоўныя фотадакументы перыяду Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і інш. Сярод гуказапісаў (больш за 8200) выступленні грамадскіх і паліт. дзеячаў, бел. пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва (у т. л. прамова Я.Купалы на 1-м Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў у 1934), успаміны ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны, бел. музычныя творы ў выкананні майстроў і калектываў рэспублікі.
Аддзелы: камплектавання, экспертызы каштоўнасці дакументаў, кантролю за арганізацыяй ведамаснага захоўвання дакументаў; дзярж. ўліку дакументаў і навук.-даведачнага апарата; забеспячэння захавання дакументаў і фондаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; аўтаматызаваных інфарм.-пошукавых сістэм; тэхн. кантролю. Лабараторыя забеспячэння захаванасці кіна-, фота-, фонадакументаў.
А.М.Грыневіч.
Будынак Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),
атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія віды падатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсць эл. органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДРЭСЭ́ (араб.),
сярэдняя і вышэйшая мусульм.навуч. ўстанова для падрыхтоўкі служыцеляў культу, настаўнікаў пач.мусульм. школ, а таксама служачых дзярж.апарата ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Пашыраны з 9—13 ст. у краінах, дзе пераважала насельніцтва, якое вызнавала іслам. Ствараліся звычайна пры вял. мячэцях. У навуч. праграме М. — араб. мова, тэалагічныя, юрыд., гіст. і інш. прыкладныя дысцыпліны. М. дзейнічаюць у Рас. Федэрацыі (напр., у Маскве, Казані, Махачкале, Уфе), а таксама ва Узбекістане (Міры-Араб у Бухары), Азербайджане (Баку) і інш.
Як тып арх. збудавання склалася ў 10—11 ст. 1—2-павярховы будынак М. ўключае размешчаныя вакол прамавугольнага ці квадратнага двара мячэць ці малітоўную залу, аўдыторыю, келлі, пахавальню заснавальніка. М. розных рэгіёнаў адрозніваюцца планіроўкай і канструкцыямі: у Сярэдняй Азіі мячэць і аўдыторыя размяшчаюцца ў корпусе па баках цэнтр. партала, у Сірыі і Егіпце яны займаюць памяшканні на цэнтр. восях двара ці адкрытыя ў двор айваны (скляпеністыя залы), у Турцыі двор М. перакрываўся вял. купалам, у Цэнтр. і М. Азіі звычайна выкарыстоўвалі скляпеністыя перакрыцці, у Паўн. Афрыцы — кроквенныя дахі. М. аздаблялі разьбой, паліваным і размаляваным дэкорам: М.Бу-Інанія ў г. Фес (Марока; 14 ст.), Улугбека (15 ст.) і Шыр-Дор (17 ст.) у Самаркандзе, Міры-Араб у Бухары (16 ст.; усе Узбекістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
старт
(англ. start)
1) момант пачатку спартыўных спаборніцтваў (па бегу, плаванні і г. д.) або ўзлёту лятальнага апарата (ракеты, касмічнага карабля);
2) месца, з якога пачынаюцца спаборніцтвы па хадзьбе, бегу, яздзе, плаванні (напр. выйсці на с.);
3) перан. пачатак, зыходны пункт пры адліку якой-н. падзеі.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
АКСЕЛЕРА́ЦЫЯ, акцэлерацыя,
1) у антрапалогіі і медыцыне — паскарэнне тэмпаў росту і развіцця дзяцей і падлеткаў у параўнанні з папярэднімі пакаленнямі. Назіраецца ў апошнія 100—150 гадоў часцей у эканамічна развітых краінах, сярод усіх сац. груп насельніцтва. Тэрмін увёў ням. вучоны Э.Кох (1935). У фіз. адносінах акселерацыя праяўляецца ў тым, што на кожным узроставым этапе сучасныя дзеці вышэйшыя і буйнейшыя за сваіх равеснікаў з мінулых гадоў. Напр., рост дзяцей пры нараджэнні павялічыўся ў сярэднім на 0,5—1 см, маса цела — на 100—800 г. Падваенне масы цела адбываецца ў 4—5 месяцаў, а не ў 5—6, як раней, змена малочных зубоў пастаяннымі не ў 6—7, а ў 5—6 гадоў. Паскорыліся тэрміны акасцянення шкілета, больш высокімі сталі паказчыкі фіз. развіцця. Канчатковых паказчыкаў росту дзяўчынкі дасягаюць да 16—17, юнакі — да 18—19 гадоў (раней адпаведна да 20—22 і 20—25 гадоў). На 1—2 гады раней адзначаецца палавая спеласць. Адзінай трактоўкі прычын акселерацыі не існуе. Акселерацыю тлумачаць уплывам на арганізм фіз.-хім. фактараў (сонечнай і касм. радыяцыі, магнітнага поля і інш.), генет. тэорыяй цыклічных біяхім. змен, гетэрозісу, уплывам сац.-эканам. умоў жыцця. З 1980-х г. тэмпы акселерацыі пачалі замаруджвацца, аднак з’ява акселерацыі выклікае шэраг новых медыка-біял., сац., прававых і юрыд. задач.
2) У біялогіі — паскарэнне фарміравання асобных частак зародкаў на пэўнай стадыі развіцця. Напр., ранняе развіццё ротавага апарата ў рыб і бясхвостых амфібій, якое забяспечвае ім жыўленне пасля вычэрпвання запасаў жаўтка ў яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНОЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для ўборкі і першаснай апрацоўкі лёну-даўгунцу. Да іх адносяцца лёнаўборачныя камбайны, ільноцерабілкі, падборшчыкі-ачэсвальнікі, пераварочвальнікі і ўспушвальнікі льностужак, рулонныя прэс-падборшчыкі трасты.
Ільноўборачны камбайн — прычапны да трактара «Беларусь», бывае з вязальным апаратам або з рассцілачным шчытом. Адначасова цярэбіць лён, ачэсвае насенныя галоўкі, звязвае льносаломку (ачасаныя сцёблы) у снапы або рассцілае яе стужкай па полі, збірае ачасаныя галоўкі ў прычэп. Насенныя галоўкі сушаць актыўным вентыліраваннем або з дапамогай сушыльнай устаноўкі, перапрацоўваюць на малатарні-веялцы. Ільноцерабілка (звычайна франтальная навясная) вырывае лен і рассцілае яго стужкаю на полі. Падборшчыкі-ачэсвальнікі падымаюць прасохлыя стужкі лёну, ачэсваюць насенныя галоўкі, пераварочваюць ачасаныя сцёблы, рассцілаюць іх зноў на льнішчы і збіраюць ачасаныя галоўкі ў бункер. Ворах ад падборшчыка-ачэсвальніка возяць трактарнымі прычэпамі або аўтамабілямі на перапрацоўку на малатарні-веялцы. Для паскарэння прасыхання льносаломы выкарыстоўваюць пераварочвальнік або ўспушвальнік стужак. Рулонны прэс-падборшчык трасты падбірае трасту і звязвае яе ў кіпы-рулоны. Складаецца з падборачнага барабана, вязальнага апарата, прэс-камеры. Пры выкарыстанні падборшчыкаў, якія падбіраюць і звязваюць трасту ў снапы, апошнія абмалочваюць ільномалатарнямі. Яны ачэсваюць снапы, пераціраюць галоўкі, выдаляюць насенне, папярэдне ачышчаюць яго. Завяршае тэхнал. працэс перапрацоўка трасты на валакно з дапамогай ільнотрапальных і кудзелепрыгатавальных машын (гл.Ільноапрацоўчыя машыны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРКУ́РЫЙ,
першая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак .
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 57,91 млн.км. Арбіта вельмі выцягнутая: адлегласць у перыгеліі 46 млн.км, у афеліі 70 млн.км (эксцэнтрысітэт 0,206). Перыяд абарачэння вакол Сонца 87,97 зямных сутак. вакол восі — 58,65 зямных сутак (2/3 перыяду арбітальнага абарачэння). Сонечныя суткі на М. роўныя 176 зямным суткам. Сярэдняя скорасць руху па арбіце 47,9 км/с. Нахіл плоскасці экватара да плоскасці арбіты невялікі (~3°), таму сезонныя змены на М. практычна адсутнічаюць. Дыяметр М. 4879,4 км, маса 3,303∙1023кг (0,055 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 5420 кг/м³.
Т-ра паверхні ў поўдзень 430 °C, ноччу да -173 °C. Атмасфера ў асноўным вадародна-геліевая, вельмі разрэджаная (ціск на паверхні ~0,2 нПа). Паверхня М. нагадвае паверхню Месяца (шмат кратэраў), існуюць характэрныя для М. ўтварэнні — эскарпы, або абрывы. Сярэдняя адбівальная здольнасць паверхні М. ў адносінах да сонечнага выпрамянення нізкая (6%). Бляск мяняецца ад -1 да 1/3 зорнай велічыні. У М. назіраюцца фазы, аналагічныя фазам Месяца. Спадарожнікі адсутнічаюць. Магнітнае поле прыблізна ў 100 разоў меншае, чым у Зямлі. Аптычныя назіранні М. ўскладняюцца блізкасцю да Сонца (найб. вуглавая адлегласць для зямнога назіральніка 28°). Даследаванні М. праводзяцца радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. Найб грунтоўныя і дакладныя звесткі атрыманы пры дапамозе касм.апарата «Марынер-10» (гл.«Марынер»).
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд планеты Меркурый (мазаіка з фатаграфій, зробленых пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Марынер-10»; 1974, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАФА́НДР [франц. scaphandre ад грэч. skaphē лодка + anēr (andros) чалавек],
індывідуальны герметычны рыштунак, які забяспечвае жыццядзейнасць і працаздольнасць чалавека ў неспрыяльных умовах. Адрозніваюць С. вентыляцыйныя (дыхальная сумесь паступае ад балонаў або кампрэсараў) і рэгенерацыйныя (выдыхальная сумесь ачышчаецца ад вуглякіслага газу, абагачаецца кіслародам і зноў паступае ў С.); касмічныя (аварыйна-выратавальныя і для выхаду ў адкрыты космас або на паверхню нябесных цел), вышынна-выратавальныя і вадалазныя.
Касм. С. (мяккі, паўжорсткі, жорсткі) прызначаны для работы па-за кабінай касм карабля і на паверхні нябесных цел (напр., на Месяцы). Складаюцца з верхняга адзення, сілавой і герметычнай абалонкі, герметычнага шлема, вентылюючага і проціметэорнага касцюма, сістэмы ахаладжэння. Вышынна-выратавальны С. выкарыстоўваюць пры парушэнні герметычнасці кабіны лятальнага апарата, катапультаванні на вял. вышыні і значнай скорасці палёту, у выпадку прываднення. Мае верхняе адзенне, шлем (з маскай або без яе), сістэму вентыляцыі (разамкнутую, замкнутую, рэгенерацыйную), цеплаахоўны касцюм, здымныя рукавіцы і абутак. Вадалазныя С. бываюць жорсткія (з металу), мяккія (метал. шлем і касцюм з прагумаванай тканіны) і лёгкія (гумавы шлем-маска і касцюм з тонкай прагумаванай тканіны). Гл. таксама Гідракамбінезон.
У.С.Ларыёнаў, У.М.Сацута.
Паўжорсткі скафандр касманаўта арбітальнай станцыі «Салют-6» (без знешняй цеплаахоўнай абалонкі); 1 — мяккія часткі скафандра; 2 — карабін страховачнага фала; 3 — раздым пнеўма- і гідракамунікацый; 4 — клапан уключэння рэзервовага кіслароду; 5 — ссоўны святлафільтр; 6 — жорсткі корпус; 7 — пульт кіравання і кантролю; 8 — рэгулятар рэжымаў ціску ў скафандры; 9 — індыкатар ціску ў скафандры.