АНТЫТРЫНІТА́РЫІ (ад анты... + лац. trinitas тройца),

прыхільнікі хрысц. плыняў і абшчын, якія адмаўляюць догмат пра трыадзінства Бога (Тройцу). Рух і вучэнне антытрынітарыяў бяруць пачатак у 2—3 ст., калі ўсталёўваліся асн. догматы хрысціянства. Вучэнне асуджана Усяленскімі саборамі, але ў сярэднія вякі яго прытрымліваліся прыхільнікі наміналізму, асобныя ерэтычныя рухі. Нярэдка ідэі антытрынітарызму былі своеасаблівай праявай вальнадумства. У сваіх поглядах антытрынітарыі абапіраліся на вучэнне неаплатанізму, пантэізм, зыходзілі з таго, што першапачатковае хрысціянства не прадпісвала ніякіх догматаў. Веру ў Тройцу яны лічылі лагічным непаразуменнем, народжаным недасканаласцю схаластычнага мыслення. З адмаўленнем Тройцы антытрынітарыі спалучалі пераасэнсаванне боскай прыроды Хрыста, што падрывала хрысц. версію замагільнага жыцця. Многія антытрынітарыі лічылі смерць натуральным працэсам, Святы дух трактавалі не як самастойную субстанцыю, а як атрыбут Бога-айца. Яны патрабавалі ўзгаднення палажэнняў рэлігіі з розумам, адстойвалі права кожнага чалавека свабодна чытаць і інтэрпрэтаваць Біблію.

Распаўсюджанне ідэй антытрынітарызму на Беларусі ў 16 ст. звязана з рэфармацыйным рухам у Зах. Еўропе, прадстаўнікі якога (Г.​Бляндрата, П.​Альтыяці, В.​Джэнтылі і інш.) наведвалі Беларусь. Умацаванню руху антытрынітарыяў на Беларусі садзейнічалі таксама творы ісп. мысліцеля М.​Сервета «Сем кніг памылковых поглядаў на Тройцу», «Аднаўленне хрысціянства» і інш. На аснове рэліг. рацыяналізму антытрынітарыяў фарміравалася айч. атэістычная думка (К.​Бекеш, С.​Лован, Ф.​Даманеўскі, Ян Ліцыній Намыслоўскі, К.​Лышчынскі і інш.). У 16 ст. ў руху антытрынітарыяў на Беларусі ўтварыліся 2 кірункі: памяркоўны і радыкальны. Прадстаўнікі першага (С.​Будны, В.​Цяпінскі і інш.) для абгрунтавання сваіх поглядаў выкарыстоўвалі ант. спадчыну і абвяргалі апалагетыку схаластыкі, якая пры дапамозе сафістыкі імкнулася абараніць хрысц. догматы. Яны адзначалі непазбежнасць сац. расслаення грамадства, выступалі ў абарону дзярж. ладу, былі прыхільнікамі яго паступовага эвалюц. ўдасканалення. Ідэолагі радыкальнай плыні (Якуб з Калінаўкі, Пётр з Ганёндза, Павел з Візны, М.​Чаховіц), якія адстойвалі інтарэсы і грамадскія ідэалы нар. масаў, імкнуліся не да часовых рэформаў, а да радыкальных сац.-паліт. пераўтварэнняў, выступалі супраць прыватнай уласнасці, саслоўных прывілеяў, сац. і маёмаснай няроўнасці, патрабавалі скасавання дзярж. ін-таў. Большасць з іх адмоўна ставілася да філас. і тэалагічнай спадчыны, прызнавала толькі аўтарытэт Свяшчэннага пісання і асабістай веры. Важную ролю ў рацыяналізацыі дактрыны антытрынітарыяў, ператварэнні яе з рэліг. у філас. адыграла распаўсюджанне на Беларусі сацыніянства. Антытрынітарыі зазналі ганенне каталіцкай царквы і артадаксальнага пратэстантызму. У 1647 друкарні і школы антытрынітарыяў зачынены, а ў 1658—60 іх паслядоўнікі выгнаны з Рэчы Паспалітай. Вучэнне антытрынітарыяў працягвае існаваць, яго прытрымліваюцца многія пратэстанцкія абшчыны.

Літ.:

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1490;

Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993;

Szczucki L. Antytrynitaryzm w Europie wschodniej // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1979. T. 24.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ПАЛІ́ТЫКА (нэп),

цыкл мерапрыемстваў Сав. дзяржавы па выхаду з эканам. крызісу пасля грамадзянскай вайны 1918—20. Прынята вясной 1921 X з’ездам РКП(б); названа «новай» у адрозненне ад палітыкі «ваеннага камунізму». Была разлічана на аднаўленне нар. гаспадаркі і наступны пераход да сацыялізму. Гал. змест: замена харчразвёрсткі харчпадаткам у вёсцы, выкарыстанне рынку, розных форм уласнасці, прыцягненне замежнага капіталу (канцэсіі), правядзенне грашовай рэформы 1922—24 (рубель быў абвешчаны канверсаванай валютай). Правядзенне нэпа пачалося ў надзвычай неспрыяльных умовах. У 1920 прадукцыя буйной прам-сці ў параўнанні з 1913 паменшылася ў 5 разоў, тэкстыльнай — амаль у 18. Валавая прадукцыя земляробства складала 64%, а жывёлагадоўлі — 72% ад узроўню 1913. На транспарце панаваў хаос, фактычна не працавалі пошта, сувязь, былі парушаны ці разарваны традыц. эканам. сувязі. На Беларусі становішча абцяжарвалася шматгадовым прыфрантавым становішчам, ваен. разбурэннямі, фактычным падзелам краіны на часткі (паміж РСФСР і Польшчай); большасць прамысл. прадпрыемстваў не працавала, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палову даваеннай. Цяжкае эканам. становішча ўзмацнялася масавым паліт. і крымін. бандытызмам.

Былі ўведзены грашовы падатак і абавязковыя збожжанарыхтоўкі па ўстаноўленых дзяржавай цвёрдых цэнах. У сельскай гаспадарцы ў час нэпа дапускалася арэнда зямлі, наём рабочай сілы, свабода выбару форм землекарыстання, фарміравалася сістэма крэдытаў і кааперацыі. У галіне фінансаў прадугледжвалася фарміраванне бюджэту, кантроль за грашовай эмісіяй; у кастр. 1921 створаны Дзярж. банк, у 1922—23 праведзена дэнамінацыя дзярж. грашовых знакаў (саўзнакаў). Нэп прадугледжваў легалізацыю гандлю, пашырэнне прыватнай ініцыятывы, дазваляліся абмен, купля і продаж с.-г. прадукцыі ў губернях, якія выканалі харчразвёрстку, быў дазволены прыватны гандаль, развівалася спажывецкая кааперацыя. Вынікі нэпа ў хуткім часе сталі адчувальнымі. У 1925 сельская гаспадарка ў асн. дасягнула даваен. ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі ў даваен. ацэнцы склаў 384,8 млн. руб. і перавысіў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 на 9,8%. У 1926/27 гасп. г. завяршыўся працэс аднаўлення прам-сці рэспублікі. Гал. рэгулятарам эканам. дзейнасці стаў рынак. У 1922/23 на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандл. прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Пераадольвалася інфляцыя, умацоўвалася грашовая сістэма. У 1921—27 былі адменены працоўная павіннасць, натуральная аплата, рабілася спроба ажывіць работу Саветаў, праведзена адм.-тэр. рэформа. Для Беларусі яна азначала 2 узбуйненні (у 1924 і ў 1926).

Вынікі ажыццяўлення нэпа нельга ацаніць адназначна. Дзякуючы намаганням усіх слаёў насельніцтва эканоміка краіны дасягнула даваен. ўзроўню 1913. Аднак ні прам-сць, ні сельская гаспадарка не змаглі стварыць сабе рынкаў расшыранай вытв-сці. Па меры таго як нэп ставіў усё больш цяжкія пытанні не толькі ў вырашэнні эканам. праблем, a і перад паліт. сістэмай, усё часцей узнікалі тэндэнцыі да яго згортвання, што і адбылося ў канцы 1920 — пач. 1930-х гг.

Літ.:

Белорусская ССР в цифрах: К 10-летию существования БССР, 1919—1929. Мн., 1929;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1996;

Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923 гг.). Мн., 1999.

М.​А.​Бяспалая.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,

палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц. паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.​Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац. тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар. дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.​Мілошавіч) і Харватыі (Ф.​Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТА́Я АРДА́ (Улус Джучы),

феад. дзяржава на тэр. Сярэдняй Азіі і Усх. Еўропы ў 13—15 ст. Узнікла ў пач. 1240-х г. Займала тэр. Зах. Сібіры, Паўн. Харэзма, Волжскай Булгарыі, Паўн. Каўказа, Крыма, стэпаў ад Волгі да Дуная; трымала ў васальнай залежнасці рус. землі. Напачатку займала зах. ч. імперыі Чынгісхана — тэр. ўдзельнага княства (улуса) яго сына Джучы (адсюль адна з назваў З.А.). Самаст. дзяржавай стала пры Батыі, сыне Джучы. Усх. ч. улуса Джучы (Зах. Сібір) атрымала назву Блакітнай Арды. Батый у выніку паходаў 1236—40 далучыў да сваіх уладанняў Паволжа, кіпчацкія стэпы (гл. Дэшт-і-Кіпчак), Паўн. Каўказ, Крым, Харэзм, пакарыў рус. княствы. У сярэдзіне 13 ст. хан Берке [1258—66] прыняў іслам і не стаў прызнаваць вярх. улады мангольскага хана. Напачатку сталіцай З.А. быў г. Сарай-Бату (каля сучаснай Астрахані), з 1-й пал. 14 — г. Сарай-Берке (каля сучаснага Валгаграда). Пра ператварэнне З.А. ў самаст. дзяржаву сведчыць чаканка манеты з імем 5-га хана Менгу-Цімура [1267—80], Пасля яго смерці ў выніку міжусобных войнаў перамагла частка арыстакратыі мусульм. веравызнання. Яна вылучыла на ханскі пасад Узбека [1313—42], унука Менгу-Цімура. Пры Узбеку і яго сыне Джанібеку [1342—57] З.А. стала адной з вял. дзяржаў сярэдневякоўя. У выніку шматлікіх прыдворных змоў і смут З.А. фактычна распалася 1370-я г. на 2 часткі: у раёнах на З ад Волгі правіў цемнік Мамай, ва ўсх. раёнах — Урус-хан. Унутр. бязладдзе З.А. скарысталі маскоўскія князі. У Кулікоўскай бітве 1380 войскі Мамая пацярпелі паражэнне. Часовае аднаўленне адзінства З.А. адбылося пры хане Тахтамышу, які ў 1380 разбіў Мамая на р. Калка, а праз 2 гады заняў і спаліў Маскву. Але правіцель Сярэдняй Азіі Тамерлан (Цімур) у 1391 і 1395 разбіў войскі Тахтамыша, разрабаваў сталіцу. На гэтым скончылася адзінства З.А.

Апошнюю спробу аб’яднаць дзяржаву ў пач. 15 ст. зрабіў Едыгей. Складаныя працэсы феад. драблення прывялі ў 2-й пал. 15 ст. да распаду З.А. на Казанскае, Астраханскае і Крымскае ханствы, Нагайскую Арду і ўласна Вялікую Арду.

Адносіны ВКЛ з З.А. на працягу многіх стагоддзяў былі складаныя. Вясною 1238 мангола-татары пагражалі ВКЛ з У. У канцы 1246 яны ўварваліся на тэр. ВКЛ з Пд, зрабілі вял. спусташэнні. Захаваліся летапісныя звесткі пра жорсткія бітвы з татарамі дружын з Пінска, Слоніма, Навагрудка, Турава, Друцка і інш. гарадоў. Упартая працяглая барацьба і гераічная абарона сваіх зямель насельніцтвам ВКЛ аслабілі і падарвалі сілы заваёўнікаў. Князі ВКЛ не толькі абаранілі свае землі, але і наладзілі саюз з ханамі З.А. супраць агульных праціўнікаў. Вял. князі Гедзімін, Вітаўт і інш. запрашалі татар З.А. на дапамогу ў барацьбе з Тэўтонскім ордэнам. Татары ўдзельнічалі ў вайне Гедзіміна супраць крыжакоў у 1319; у 1350 ардынскія атрады прымалі ўдзел у паходзе вял. князя Кейстута ў Польшчу. У 1397 пасля сумеснага паходу на Азоў шмат татар пасялілася каля Вільні, у Ашмянскім, Брэсцкім, Лідскім, Навагрудскім паветах. У 1409 да Вітаўта прыбыў з 30-тысячным войскам сын Тахтамыша царэвіч Джэлал-ад-дзін, які прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410 супраць Тэўтонскага ордэна. Сярод цюркскіх народаў ВКЛ мела славу надзейнага прыстанішча. Тут знайшлі прытулак многія звергнутыя ханы.

Літ.:

Егоров В.Л. Историческая география Золотой Орды в XIII—XIV вв. М., 1985;

Яго ж. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990.

І.​Б.​Канапацкі.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКАЯ БУРЖУА́ЗНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 16 ст.

Адбывалася ў 1566—1609 на тэр. гіст. Нідэрландаў, спалучала антыфеад. барацьбу рэв. сіл і нац.-вызв. вайну супраць Іспаніі, якой належалі Нідэрланды. Гал. прычына — бурнае развіццё ў 16 ст. капіталіст. адносін у Нідэрландах, якому перашкаджаў нац., рэліг. і феад. прыгнёт з боку ісп. абсалютызму і каталіцкай царквы. Адносіны паміж Нідэрландамі і Іспаніяй моцна пагоршыліся пры ісп. каралю Філіпе II [1556—98], калі была ўзмоцнена эканам. эксплуатацыя Нідэрландаў, жорстка праследаваліся кальвіністы (іх абшчыны-кансісторыі на чале з прадстаўнікамі буржуазіі карысталіся вял. уплывам), рабіліся замахі на старадаўнія правы і прывілеі нідэрл. гарадоў і правінцый і інш. На чале антыісп. апазіцыі сталі нідэрл. буржуазія, дваране і асобныя арыстакраты, у т. л. прынц Вільгельм I Аранскі. Вясной 1566 дэлегацыя дваран запатрабавала ад намесніцы караля Маргарыты Пармскай змякчэння рэліг. законаў, склікання Генеральных штатаў і аднаўлення былых вольнасцей. За сціплае адзенне дэпутатаў назвалі гёзамі (жабракамі). Тым часам падзеі ў Нідэрландах набылі характар нар. рэвалюцыі. Яе 1-м этапам стала антыкаталіцкае Іканаборскае паўстанне 1566, якое было жорстка задушана. Новы намеснік герцаг Ф.Альба ўстанавіў у краіне тэрарыст. рэжым, але антыісп. барацьба працягвалася ў форме партыз. руху лясных гёзаў, якія забівалі ісп. салдат, каталіцкіх святароў і суддзяў; у Паўн. моры дзейнічалі флатыліі марскіх гёзаў. Прынц Аранскі, які апіраўся на падтрымку ням. пратэстанцкіх князёў, франц. гугенотаў, англ. каралевы Лізаветы I і атрады наёмнікаў, ажыццявіў няўдалыя ўварванні ў Нідэрланды з тэр. Германіі (1567, 1572). 1.4.1572 марскія гёзы захапілі порт Брыл, што стала сігналам для ўсеагульнага паўстання ў паўн. правінцыях. У выніку 2-га этапа рэвалюцыі правінцыі Галандыя і Зеландыя фактычна выйшлі з-пад улады Іспаніі і заклікалі на пасаду штатгальтара (кіраўніка выканаўчай улады) Вільгельма I Аранскага. Антыісп. паўстанне ў Бруселі 4.9.1576, якое перакінулася на інш. гарады паўд. правінцый, паклала пачатак 3-му этапу рэвалюцыі. Скліканыя ў кастр. 1576 у г. Гент Ген. штаты абвясцілі сябе вярх. уладай. Яны распрацавалі пагадненне паміж паўд. і паўн. правінцыямі, якое прадугледжвала вывад ісп. войск, адмену ўказаў супраць ератыкоў, але захаванне каталіцкай царквы і суверэнітэту над Нідэрландамі ісп. караля. Галандыя і Зеландыя захавалі свае аўт. правы і кальвінісцкую царкву. У пач. 1579 па-праіспанску настроеныя сілы паўд. правінцый заключылі ў г. Арас т.зв. Араскую унію з чарговым ісп. намеснікам Аляксандрам Фарнезе (захаванне каталіцызму, аднаўленне некаторых дарэв. парадкаў). У адказ паўн. правінцыі Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт і Фрысландыя 23.1.1579 заключылі Утрэхцкую унію — саюз для сумеснай барацьбы супраць Іспаніі. Пазней да іх далучыліся прав. Аверэйсел і Гронінген. Утрэхцкая унія юрыдычна аформіла стварэнне Рэспублікі Злучаных правінцый. 26.7.1581 Ген. штаты Злучаных правінцый абвясцілі пра звяржэнне Філіпа II і поўную незалежнасць Паўн. Нідэрландаў. У паўд. правінцыях рэвалюцыя і вызв. вайна да 1585 скончылася паражэннем, і яны засталіся пад уладай Іспаніі. Вайна Рэспублікі Злучаных правінцый з Іспаніяй працягвалася да 1609, калі было падпісана перамір’е, якое фактычна азначала прызнанне ісп. каралём яе незалежнасці. Фармальнае прызнанне рэспубліка атрымала пасля падпісання Іспаніяй Вестфальскага міру 1648. Гал. вынікам Н.б.р. было ўтварэнне незалежнай дзяржавы на Пн Нідэрландаў, дзе былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму.

Літ.:

Чистозвонов А.Н. Нидерландская буржуазная революция XVI в. М., 1958;

Люди эпохи завоеваний: [Сб.]: Пер. с нем. Ростов н/Д., 1998.

В.​І.​Сініца.

т. 11, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ты́дзень (ты́дзянь, ты́дзінь) ‘частка месяца, сямідзённы тэрмін’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сержп. Прымхі, Яруш., Мал., Гарэц.; ашм., Стан., Сл. ПЗБ), ты́день ‘тс’ (пруж., Сл. ПЗБ, Растарг.), ст.-бел. тыдень, тыдзень ‘тс’ (1486 г., ГСБМ). Параўн. польск. tydzień, каш. tiƺėń, чэш. týden, славац. tíďen, в.-луж. tydźeń, н.-луж. tyźeń, славен. tė́den, tjéden, серб. тје̏дан, харв. кайк., чак. tjedan, téidan, tjȁden. Лексема ўзнікла на тэрыторыі Вялікай Маравіі і распаўсюдзілася разам з хрысціянствам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 403); пасля прыняцця хрысціянства і ўрэгулявання назваў тыдня (Брукнер, 588) лексема стала абазначаць ‘сямідзённы тэрмін’. Першая частка слова — прыметнікавая форма займенніка *tъ ‘гэты’, ускладненая ўказальным займеннікам *jь: *tъ‑jь > *t‑yjь, які яшчэ ў XV ст. скланяўся разам з другой часткай *dьnь ‘дзень’, параўн. чэш. týden, téhodne, témudni, týmdnem. У беларускую мову слова трапіла з польскай мовы (Карскі 2–3, 89), дзе захавалася таксама форма Р. скл. адз. л. tygodnia ‘тыдня’ (Борысь, 657; Лер-Сплавінскі, JP, 1928, 13, 12–14), гл. тыгодзень. У тыдзень скланяецца толькі другая частка (як дзень). Для старабеларускай і народнай мовы характэрна варыянтнасць назвы тыдня, звязаная з рознымі шляхамі пранікнення і фанетычнай адаптацыі. Ст.-бел. тыйдень, тийдень (1498 г.), паводле Карскага (там жа), адлюстроўвае архаічную форму, блізкую да зыходнай; формы са спалучэннямі жьд, жд (ст.-бел. тыйжьдень, тыждень) Карскі (там жа) тлумачыць устаўкай ж (< часц. жа); зафіксаванае ў Рэчыцкім пав. ты́жджень Бузук (Спроба, 59) разглядае як вынік асіміляцыі д папярэднім ж, а тураўскае ты́здзень — як вынік адваротнай асіміляцыі. Рэдкая форма ты́жань (Ян., ПСл) узнікла, магчыма, па ўзоры нуда і нужда (гл.) як «аднаўленне» ўсходнеславянскага рэфлекса прасл. *dj, што, зрэшты, не выключае захавання архаізма, параўн. старое польск. tyżeń ‘тыдзень’ (Варш. сл.), параўн. чэш. týž ‘той самы’ (гл. наступнае слова), якое суадносіцца з рэканструяваным першасным значэннем ‘той самы дзень (праз сем дзён)’, гл. Махэк₂, 663; Борысь, 657. Адносна развіцця dj > ždž > ž гл. Голамб, МЈ, 40–41, 125. Сюды ж тыднёва ‘выезд маладых да бацькоў маладой у першы тыдзень пасля вяселля’ (Сцяшк. Сл.), тыднёво ‘застолле праз тыдзень пасля вяселля’ (Сл. рэг. лекс.), тыднёвы ‘штотыднёвы’, ‘які працягваецца цэлы тыдзень’ (ТСБМ, Яруш., Гарэц.), тыднёвік ‘штотыднёвік’ (Гарэц.), ‘працоўны тыдзень’ (Варл.), ты́днік ‘тыдзень’ (віл., Сл. ПЗБ), ты́днічак памянш. ‘тс’ (Скарбы), спалучэнне tak tydzień ‘тыдзень таму назад’ (Федар. 1), параўн. такрок, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

я 1, нескл., н.

Трыццаць другая, апошняя літара беларускага алфавіта, якая абазначае: а) пасля зычных — галосны гук «а» і мяккасць папярэдняга зычнага, напрыклад: «нясу — ньасу», «вязу — вьазу»; б) пасля галосных, «ў», раздзяляльнага мяккага знака, апострафа і ў пачатку слова — два гукі: «й» і «а», напрыклад, «лінія — лінійа», «здароўя — здароўйа», «кальян — калйан», «сям’я — сямйа», «ягада — йагада».

•••

Ад а да я гл. а ​1.

я 2, мяне, мне, мяне, мной (‑ою), аба мне; мн. мы; займ. асаб. 1 ас. адз.

1. Ужываецца для абазначэння асобы, якая гаворыць. Я слаўлю свету аднаўленне І змены новыя ў жыцці. Хведаровіч. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас.

2. у знач. наз., нескл., н. Ужываецца для абазначэння ўсведамлення чалавекам уласнай сутнасці, самога сябе ў акаляючым свеце, а таксама для абазначэння суб’екта (у філасофіі). Яўген чалавек мяккай натуры. Вельмі ж спакойны. Па ім — што хочаш, абы не зайшло за жывое. Абы не зачапілі яго чалавечага «я». Баранавых.

•••

Вось гэта я разумею! — вокліч адабрэння, падтрымкі ў значэнні: вельмі добра, так і трэба, іменна тое, што трэба.

Вось я цябе (яго, яе, вас, іх)! — ужываецца як пагроза.

Каго я бачу! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, радасці ад сустрэчы з кім‑н.

Не я буду, калі не... — выражэнне рашучага намеру зрабіць што‑н. або цвёрдай упэўненасці ў чым‑н.

Паказаць сваё я гл. паказаць.

Па мне — а) на маю думку, на мой погляд; б) мне ўсё роўна.

У мяне — ужываецца як папярэджанне, пагроза і пад. Нейкі атупелы і змардаваны голас гукаў: — Ты ў мяне зараз усё скажаш. Чорны.

Што я (ты, ён) там (тут) забыў? — няма чаго мне (табе, яму) там (тут) рабіць!

Я думаю! — канешне! дзіва што!

Я табе дам — пагражальны вокрык ці заўвага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,

галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл. Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл. Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн. га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн. га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд. м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн. м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн. м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн. адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс. га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн. м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс. м³.

За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс. га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс. га, у т. л. 5,5 тыс. га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 т лек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.

Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс. га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс. га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.

Літ.:

Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;

Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.

Р.​Р.​Паўлавец.

Да арт. Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.

т. 9, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.​І.​Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.​Д.​Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.​І.​Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр. нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч. тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн. км² з насельніцтвам больш за 50 млн. чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр. укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.

Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, І.​М.​Серада, А.​І.​Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр. укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел. нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач. ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас. ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.

У.​Е.​Снапкоўскі.

Да арт. Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛСУ́ДСКІ ((Piłsudski) Юзаф Клемент) (5.12.1867, маёнтак Зулова Свянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Залавас, Літва — 12.5.1935),

польскі паліт., дзярж. і ваен. дзеяч; лідэр руху за аднаўленне польскай дзяржаўнасці ў пач. 20 ст. Маршал Польшчы (1920). Скончыў Віленскую гімназію (1885), вучыўся ў Харкаўскім ун-це. Зблізіўся з народнікамі, у 1887 арыштаваны ў Вільні і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1893 вярнуўся ў Вільню і далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Сродкамі барацьбы за вызваленне Польшчы лічыў масавы рабочы і нац. рух прыгнечаных народаў Рас. імперыі. Свае погляды прапагандаваў праз газ. «Robotnik» («Рабочы»), якую рэдагаваў да другога арышту (1900). Адзін з заснавальнікаў баявой арг-цыі ППС (1905). Пасля расколу партыі (1906) засяродзіўся на падрыхтоўцы кадраў будучай польск. арміі, наладзіў супрацоўніцтва з аўстр. генштабам (1909). Адыгрываў вядучую ролю ў стварэнні паўваен. польскіх арг-цый у Галіцыі. У пач. 1-й сусв. вайны па яго загадзе польскія стралкі спрабавалі ўзняць антырас. паўстанне ў Каралеўстве Польскім (жн. 1914). Камандаваў 1-й брыгадай легіёнаў польскіх (да ліп. 1916). Стварыў сакрэтную Польскую арганізацыю вайсковую. Уваходзіў у Часовую дзярж. раду ў Варшаве (са студз. 1917), кіраваў яе вайск. камісіяй. Зразумеўшы бесперспектыўнасць арыентацыі на Аўстра-Венгрыю і Германію, летам 1917 заклікаў сваіх прыхільнікаў у «Польскіх узбр. сілах» адмовіцца ад прысягі гэтым дзяржавам, за што 22.7.1917 зняволены ў Магдэбургскай крэпасці. У ліст. 1918 вызвалены і вярнуўся ў Варшаву. 11.11.1918 атрымаў ад рады вайск. ўладу, 14.11.1918 рада перадала яму поўную ўладу і самараспусцілася; П. стаў «начальнікам» (кіраўніком) дзяржавы (зацверджаны Устаноўчым сеймам 20.2.1919). Сваёй гал. мэтай лічыў усталяванне бяспечнага месца Польшчы ў Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Карыстаючыся аслабленнем Расіі, імкнуўся адцясніць яе на У. Дзеля гэтага прапагандаваў ідэю федэратыўнага саюза з Польшчай дзяржаў, што ўтвараліся на тэр. былой Рэчы Паспалітай. 22.4.1919 у Вільні ў звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» заявіў аб супольнай працы з насельніцтвам краю. 18—19.9.1919 быў у Мінску. У 1920 кіраваў польскімі войскамі пры абароне Варшавы (гл. Варшаўская аперацыя 1920). Знясіленне Польшчы прымусіла П. адмовіцца ад федэратыўных планаў, але дамогся ўключэння ч. тэр. Беларусі і Украіны ў склад Польшчы ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 (гл. Заходняя Беларусь). У кастр. 1920 ініцыіраваў «бунт» Літ.-бел. дывізіі на чале з ген. Л.​Жалігоўскім, у выніку якога захоплена Віленшчына. Створаная тут Сярэдняя Літва ў 1922 далучана да Польшчы. Падтрымліваў антысав. выступленне ген. С.Булак-Балаховіча на Палессі (ліст. 1920). П. не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1922 і саступіў пасаду кіраўніка дзяржавы абранаму прэзідэнту Г.​Нарутовічу, у 1923 адмовіўся ад інш. дзярж. пасад. 12.5.1926 здзейсніў дзярж. пераварот пад заклікам «санацыі» («аздараўлення») дзяржавы. У выніку ім устаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым» з фіктыўнай уладай прэзідэнта, з абмежаванымі паўнамоцтвамі сейма і фактычна неабмежаванай уладай самога П. Ен займаў пасады ген. інспектара арміі і ваен. міністра, а ў кастр. 1927 — чэрв. 1928 і ў жн.снеж. 1930 — і кіраўніка ўрада. Жорстка душыў камуніст. рух, бел. і ўкр. нац. рух. Пад яго кіраўніцтвам закладвалася палітыка «раўнавагі» Польшчы паміж двума яе вял. суседзямі: 25.7.1932 заключаны дагавор аб ненападзе з СССР, 26.1.1934 — Дэкларацыя аб непрымяненні сілы з Германіяй (гл. Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). У Польшчы фарміраваўся культ П. як стваральніка і абаронцы польскай дзяржавы. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. у Польшчы адбыўся рэнесанс культу П. У яго гонар названы вуліцы, плошчы, устаноўлены помнікі ў многіх гарадах краіны.

Тв.:

Pisma zbiorowe. T. 1—11. Warszawa, 1989—91;

Myśli, mowy i rozkazy. Warszawa, 1989;

Рус. пер. — Война 1920 г. // Тухачевский М. Поход за Вислу;

Пилсудский Ю. Война 1920 г. М., 1992.

Літ.:

Михутина И.В. Майский переворот 1926 г. в Польше // Сов. славяноведение. 1989. № 6;

Наленч Д., Наленч Т. Юзеф Пилсудский: Легенды и факты: Пер. с пол. М., 1990;

Коўкель І.І. «Беларускае пытанне» ў палітыцы Польшчы (1918—1920) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;

Астрога В., Скалабан В. Пілсудскі ў Менску: Хроніка аднаго візіту // Спадчына. 1998. № 4;

Garlicki A. Józef Piłsudski, 1867—1935. 2 wyd. Warszawa, 1989.

Р.​Р.​Лазько.

Ю.​К.​Пілсудскі.

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)