візуальнае назіранне аб’ектаў, з’яў і працэсаў у аптычна непразрыстых целах і асяроддзях або ва ўмовах дрэннай бачнасці. Ажыццяўляецца пераўтварэннем нябачнага вокам відарыса аб’екта (з’явы, працэсу), атрыманага ў інфрачырвоных, рэнтгенаўскіх, ультрагукавых і інш. прамянях (адбітых аб’ектам або вылучаных ім), у бачны відарыс на экране спец. прылады (інтраскопа). Метады і сродкі І., якія выкарыстоўваюцца для неразбуральнага кантролюпрамысл. вырабаў і матэрыялаў, падобныя да метадаў і сродкаў дэфектаскапіі, а тэрмін «інтраскоп» — абагульненая назва групы прылад гукабачання, радыёбачання, цеплабачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЭЛЕКТРО́ННАЯ АБАРО́НА,
комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні ўстойлівай работы радыёэлектронных сродкаў; састаўная частка радыёэлектроннай барацьбы. Забяспечвае эл.-магн. сумяшчальнасць сваіх сістэм і аб’ектаў, ахову ад радыёэлектроннага падаўлення і ўздзеяння іанізуючых і эл.-магн. выпрамяненняў, ад паражэння саманаводнай зброяй. Ва ўмовах вядзення «Маланкавай вайны», выкарыстання высокадакладнай зброі і разведвальна-ўдарных комплексаў асн. мерапрыемствамі Р.а. з’яўляюцца: процідзеянне лазерным, цепла-, тэлевізійным і радыёлакацыйным сістэмам разведкі і навядзення кіроўнай зброі; стварэнне перашкод сістэмам навігацыйна-часовага забеспячэння; радыёпадаўленне каналаў сувязі праціўніка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́НЫЯ СІСТЭ́МЫ, сістэмы з размеркаванымі параметрамі,
фізічныя сістэмы, якія складаюцца з элементаў, неперарыўна размеркаваных у канечнай вобласці прасторы. Рухі і змены, што ў іх адбываюцца, перадаюцца ад аднаго элемента да другога і не могуць ідэалізавацца як змены стану асобных аб’ектаў (мас, палёў і інш.) з фіксаванай унутр. структурай. Усе рэальныя сістэмы можна разглядаць як Р.с., параметры якіх (шчыльнасць, пругкасць, эл. супраціўленне, індукцыйнасць і інш.) мяняюцца ад пункта да пункта неперарыўна. Напр., мех. Р.с. — струна, мембрана, эл. Р.с. — антэна, рэзанатар, лінія электраперадач, хвалявод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т ЭКАНАМІ́ЧНАЙ УЗАЕМАДАПАМО́ГІ (СЭУ),
міжнародная эканам. арганізацыя краін сацыяліст. арыентацыі ў 1949—1991. Штаб-кватэра знаходзілася ў Маскве. Члены: Албанія (спыніла ўдзел у 1961), Балгарыя, Венгрыя, В’етнам, ГДР (да 1990), Куба, Манголія, Польшча, Румынія, СССР, Чэхаславакія. У рабоце асобных органаў СЭУ з 1964 удзельнічала Югаславія, у якасці назіральнікаў — прадстаўнікі Анголы, Лаоса, КНДР, Эфіопіі. Дзейнасць рэгламентавалася Статутам і будавалася на аснове шматбаковых і двухбаковых пагадненняў аб сумесным планаванні, будаўніцтве аб’ектаў, спецыялізацыі і каапераванні вытв-сці, навук.-тэхн. супрацоўніцтве. Спыніў дзейнасць у 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАПНЁЎ Сяргей Міхайлавіч (1.9.1918, в. Шніткі Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 14.6.1944),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Мелітопальскае ваен. авіявучылішча штурманаў (1940). У Вял.Айч. вайну штурман авіяэскадрыллі капітан Ч. да ліп. 1943 зрабіў 237 начных баявых вылетаў на бамбардзіроўку аб’ектаў у тыле ворага (разбурыў 4 пераправы, 2 чыг. вузлы, спаліў 7 складоў, 5 самалётаў, 11 танкаў, 37 аўтамашын) і 94 вылеты для забеспячэння сав. войск боепрыпасамі і гаручым, раскідаў больш за 5 млн. лістовак. Загінуў каля г. Дэмблін (Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́НСФІЛД (Mansfield) Пітэр (н. 9.10.1933),
англійскі вучоны ў галіне фізікі і радыялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1987). Д-р філасофіі (1962). Скончыў каледж Квін Мэры Лонданскага ун-та (1959). З 1962 працаваў у Ілінойскім, з 1964 у Нотынгемскім (з 1979 праф.) ун-тах. Навук. працы па праблемах выкарыстання магнітнага рэзанансу ў медыцыне. Распрацаваў метад матэм. пераўтварэння электрамагн. выпрамянення ядраў вадароду ў хім. злучэннях у аптычны відарыс пры даследаванні жывых аб’ектаў. Нобелеўская прэмія 2003 (з П.Лотэрбурам; гл. Дадатак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́РЫЯ (лац. materia рэчыва),
філасофская катэгорыя, якая абазначае аб’ектыўнае (незалежнае ад чалавечай свядомасці) існаванне свету; сукупнасць разнастайных аб’ектаў і з’яў, а таксама іх уласцівасцей і адносін паміж імі. Паняцце «М.» ўзнікла ў стараж. філасофіі (грэч., кіт. і інш.), азначала пэўны першасны пачатак усіх рэчаў і з’яў, але ў той жа час не атаясамлівалася з ніводнай з іх. Побач з роляю субстрату ўсіх матэрыяльных аб’ектаў М. надзялялася і некаторымі фундаментальнымі ўласцівасцямі: працягласцю, рухам, інертнасцю, існаваннем у часе і інш.Т.ч., ужо ў старажытнасці сфарміраваўся акрэслены погляд на М. як на нешта вечнае, нязменнае, непадзельнае. Яскравым увасабленнем гэтага погляду з’явілася вучэнне Дэмакрыта аб атамах, якія адпавядалі найб. характэрным рысам першасных матэрыяльных элементаў і ў гэтай якасці ўдзельнічалі ў пабудове ўсіх матэрыяльных аб’ектаў і з’яў; разнастайнасць апошніх тлумачылася колькасцю атамаў і спосабамі іх спалучэння. Атамістычны погляд на М. трымаўся ў філасофіі і прыродазнаўчых навуках на працягу тысячагоддзяў і быў абвергнуты толькі на мяжы 19 і 20 ст. на падставе дасягненняў фізікі, якая даказала і факт падзельнасці атама, і бясконцасць М. Гэта датычыць і інш. вучэнняў, якія абапіраліся на палажэнне аб існаванні нейкай рэчыўнай субстанцыі, з якой пачынаецца М. ва ўсіх яе канкрэтных праявах і формах. Сучаснае навук. разуменне М. падкрэслівае адзіную істотную яе рысу — уласцівасць быць аб’ектыўнай рэчаіснасцю і існаваць незалежна ад чалавечай свядомасці; пры гэтым катэгорыя М. не звязваецца з уяўленнямі аб яе ўнутр. структуры. У розных філас. інтэрпрэтацыях (матэрыялізм і ідэалізм) паняцці М. і свядомасці выступаюць у якасці антыподаў у залежнасці ад таго, чаму надаецца першаснае значэнне: М. або абсалютызаванай чалавечай свядомасці (духу). У рэчаіснасці М. і свядомасць чалавека ўзаемазвязаны: прызнанне першаснасці М., напр., не дае падстаў да адмаўлення актыўнасці чалавечага духу. Быццё М. адбываецца ў акрэсленых усеагульных формах, якімі выступаюць прастора і час. Матэрыяльныя аб’екты падпарадкоўваюцца прынцыпу сістэмнай арганізацыі і аб’ядноўваюцца ў шматлікія прыродныя, касм., сац. сістэмы. М. можа існаваць таксама ў выглядзе рэчыва і фізічнага поля.
Літ.:
Энгельс Ф.Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.І. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14. (Полн. собр. соч. Т. 18);
Мелюхин С.Т. Материя в ее единстве, бесконечности и развитии. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,
карыстанне водамі (воднымі аб’ектамі) для забеспячэння патрэб насельніцтва і гаспадаркі.
У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адрозніваецца водакарыстанне: паводле мэт — гасп.-пітное, прамысл., с.-г., транспартнае, энергет. і інш.; паводле спосабаў карыстання — забор вады з крыніцы без вяртання ў водны аб’ект (водазабеспячэнне, водаспажыванне), з вяртаннем (гідраэнергетыка і інш.), без адбору вады (суднаходства, рыбагадоўля, гадоўля вадаплаўных птушак), а таксама для скідвання сцёкавых вод; паводле тэхн. умоў — агульнае, без выкарыстання гідратэхн. збудаванняў і абсталявання, і спец., з выкарыстаннем іх; паводле ўмоў перадачы водных аб’ектаў у карыстанне — сумеснае (калі водным аб’ектам карыстаецца некалькі арг-цый ці асоб) і адасобленае (калі крыніца вады замацавана за пэўнай арг-цыяй або асобай); паводле характару выкарыстання вады — як рэчыва з пэўнымі якасцямі, як масы і энергет. патэнцыялу, як асяроддзя жыцця; паводле падстаў узнікнення права водакарыстання — першаснае, калі водны аб’ект даецца ў карыстанне непасрэдна дзяржавай, і другаснае, калі даецца першым водакарыстальнікам. З улікам гэтай класіфікацыі вызначаюцца прававы рэжым розных аб’ектаў, права і абавязкі водакарыстальнікаў. Напр., агульнае водакарыстанне (купанне, вадапой жывёлы і інш.) ажыццяўляецца бясплатна і, як правіла, без дазволу дзярж. органаў; для спец. водакарыстання ва ўсіх выпадках патрабуецца папярэдні дазвол дзярж. органаў, у шэрагу выпадкаў яно можа быць платнае. Невыкананне пэўных патрабаванняў правіл водакарыстання цягне за сабой дысцыплінарную, крымін., адм. адказнасць. Парадак памежнага водакарыстання рэгулюецца міждзярж. дагаворамі і пагадненнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ І ДЫНАМІ́ЧНЫЯ ЗАКО́НЫ, статыстычныя заканамернасці і заканамернасці жорсткай дэтэрмінацыі,
асноўныя тыпы заканамернасцей сувязі з’яў, якія атрымалі найб. поўнае выяўленне ў сучаснай навуцы. Адрозніваюцца па ўнутр. структуры адпаведных навук. тэорый і агульных падыходах да прыроды быцця і пазнання. Дынамічныя законы характэрны для адносна ізаляваных сістэм, што складаюцца з невял. колькасці элементаў, дзе можна абстрагавацца ад выпадковых фактараў. У законах гэтага тыпу прадказанні дакладна вызначаныя і адназначныя (напр., законы руху макраскапічных аб’ектаў). Уяўленні пра дынамічныя законы сфарміраваліся ў працэсе развіцця класічнай механікі. Абсалютызацыя законаў гэтага тыпу характэрна для канцэпцыі мех.дэтэрмінізму, прыхільнікі якой экстрапаліравалі Ньютана законы механікі на ўсе з’явы і працэсы свету (П.Лаплас і інш.). Пры дапамозе дынамічных законаў фармулююцца каузальныя сувязі з’яў. Пры аналізе сістэм, якія складаюцца з вялікай колькасці аб’ектаў (часціц), а таксама сац. і біял. з’яў найб. адэкватныя статыстычныя законы. Яны распрацаваны ў працэсе развіцця класічнай статыстычнай фізікі і метадалагічнай асновай іх з’яўляецца імавернасцей тэорыя Стат. законы носяць імавернасны характар, што абумоўлена дзеяннем мноства выпадковых фактараў і ўзаемадзеяннем вял. колькасці элементаў (напр., вял. колькасць малекул у газе, асобін у біял. папуляцыях, людзей у сац. калектывах). За сукупным дзеяннем розных фактараў яны выяўляюць устойлівае і неабходнае. У сац. сферы сац. законы дзейнічаюць як законы масавых з’яў і звязаны з вялікіх лікаў законам. Метады выяўлення стат. законаў распрацаваны ў сац.статыстыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ЙСКІ,
1) вайсковыя фарміраванні, якія ствараліся на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы. У СССР, у т. л. ў БССР, існавалі ў 1923—38 (гл.Міліцыйная армія).
2) У шэрагу дзяржаў — частка ўзбр. сіл, прызначаных для папаўнення рэгулярных войск. Выкарыстоўваюцца для аховы і абароны аб’ектаў у глыбіні краіны (аэрадромаў, баз, пунктаў кіравання і інш.), барацьбы з дэсантамі, дыверсійнымі групамі і інш.Тэр.-занальны прынцып, на аснове якога адбываецца камплектаванне і выкарыстанне Т.в., прадугледжвае падзел тэр. краіны на зоны (адм. раёны) абароны. Т.в. Фінляндыі, Нарвегіі і Даніі наз. войскамі мясц. абароны («Хэмверн»), у ЗША — нац. гвардыяй, у ФРГ — войскамі абароны радзімы («Гайматшугц»). Звычайна з’яўляюцца састаўной часткай сухап. войск. На Беларусі Т.в. фарміруюцца і разгортваюцца ў пагражальны перыяд, а таксама ў ходзе вучэнняў, напр., комплекснага аператыўна-тактычнага вучэння «Бярэзіна-2002». На іх ускладваюцца задачы: узмацненне асобных прыгранічных участкаў, дзе не плануецца вядзенне баявых дзеянняў рэгулярнымі войскамі; удзел у барацьбе з дэсантна-дыверсійнымі сіламі праціўніка і незаконнымі ўзбр. фарміраваннямі, падтрымка рэжыму ваен. становішча; эвакуацыя насельніцтва і матэрыяльных рэсурсаў з раёнаў магчымых баявых дзеянняў, выкананне мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў прымянення зброі масавага знішчэння; ахова і абарона тылавых аб’ектаў (раёнаў), гарадоў і інш. населеных пунктаў; вядзенне ўзбр. барацьбы на часова захопленай праціўнікам тэр. і інш.Асн. фарміраванні: асобныя стралк. батальён, рота, узвод. Кіраўніцтва Т.в. ажыццяўляюць камандуючы сухап. войскамі, адпаведныя структуры аператыўных напрамкаў, нач. зон тэр. абароны і інш.