ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць сродкаў вылічальнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння, прызначаная для рашэння пэўнага класа задач. Бывае адна- і многапрацэсарная (функцыі працэсара могуць выконваць асобныя вылічальныя машыны). Па прызначэнні вылічальныя сістэмы адрозніваюць спецыялізаваныя і універсальныя; па складзе працэсараў — аднародныя і неаднародныя; паводле тыпу сувязей — з інфармацыйна звязанымі працэсарамі, звязанымі толькі па кіраванні і з сувязямі абодвух тыпаў. Вылічальная сістэма ўключаецца непасрэдна ў контур збору інфармацыі, яе апрацоўкі і выдачы кіроўных уздзеянняў ці інфармацыі для прыняцця рашэнняў. Для сучасных вылічальных сістэм характэрны дыялогавы рэжым (зносіны гукаслыхавыя і зрокавыя); паралельная апрацоўка патокаў інфармацыі; праграмаванне на мовах высокага ўзроўню, блізкіх да натуральных; значны ўзровень штучнага інтэлекту і інш.

Да аднапрацэсарнай вылічальнай сістэмы адносіцца ЭВМ «Мінск-32» (гл. Вылічальная машына «Мінск»), якая забяспечвае выкананне адначасова да 4 рабочых праграм; да яе «павольнага» канала сувязі можна далучыць да 104 вонкавых прылад, да «хуткага» — да 32 накапляльнікаў інфармацыі на магн. барабанах, дысках, стужках і інш. Многапрацэсарная вылічальная сістэма мае не менш як 2 працэсары (або выліч. машыны): адзін з іх (асн.) выконвае вылічэнні, прадугледжаныя алгарытмам задачы, астатнія (дапаможныя) апрацоўваюць інфармацыю, не прадугледжаную асн. алгарытмам, выконваюць неасн. вылічэнні і інш. Аднародныя вылічальныя сістэмы характарызуюцца ідэнтычнасцю ўсіх працэсараў, напр., 3-машынная вылічальная сістэма «Мінск-222» (складаецца з машын «Мінск-2» і «Мінск-22»), вылічальная сістэма «Эльбрус» характарызуецца размеркаваным кіраваннем, агульнай памяццю і універсальнай сістэмай сувязей паміж працэсарамі. Найб. цяжкім рэжымам работы спецыялізаваных вылічальных сістэм з’яўляецца рэжым рэальнага часу, калі вылічэнні адбываюцца ў тэмпе, які забяспечвае пэўны вонкавы працэс, напр. у сістэмах кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі, лятальнымі апаратамі, інш. трансп. сродкамі. Гл. таксама Электронная вылічальная машына, Вылічальны цэнтр.

Літ.:

Илюкович А.А., Свирид Г.П. Основы вычислительных систем. Мн., 1983.

М.​П.​Савік.

т. 4, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАЛО́ГІЯ (ад дэрмата... + ...логія),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае функцыі і структуру скуры ў норме і пры паталогіі, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб скуры. Адрозніваюць агульную (вывучае анатомію, гісталогію, фізіялогію, біяхімію здаровай і хворай скуры, агульныя заканамернасці развіцця скурных хвароб) і прыватную Д. (даследуе асобныя дэрматозы). Цесна звязана з інш. галінамі клінічнай медыцыны, асабліва з венералогіяй.

Захворванні скуры са старажытнасці вядомы народам Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма. Аднак Д. як навука сфарміравалася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., пасля стварэння аўстр. ўрачом І.​Пленкам і пазней англ. урачом Р.​Уіленам першапачатковай класіфікацыі хвароб скуры, заснаванай на марфал. прынцыпе (паводле знешніх праяўленняў хвароб). Пачалі фарміравацца дэрматалагічныя школы. У 2-й пал. 19 ст. Д. аб’ядналася з венералогіяй у адну мед. дысцыпліну — дэрматавенералогію. Заснавальнікі Д. ў Расіі — А.​Г.​Палацебнаў, Ц.​П.​Паўлаў, А.​І.​Паспелаў, П.​В.​Нікольскі — развівалі фізіял. кірунак у Д., зыходзячы з уяўленняў аб цеснай сувязі скуры з цэласным арганізмам.

На Беларусі даследаванні па Д. пачаліся ў 19 ст. Станаўленне і развіццё Д. як навукі звязана з заснаваннем кафедры дэрматавенералогіі на мед. ф-це БДУ (1923) і дзейнасцю кафедраў у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Даследаванні па Д. вядуцца ва ўсіх мед. ВНУ краіны, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па Д. і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Поспехі айчыннай Д. ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы піядэрмітаў, каросты, псарыязу і інш. дэрматозаў звязаны з імёнамі А.Я.Пракапчука, А.Ц.Сасноўскага, Л.І.Гакінаевай, А.П.Комава, Я.​С.​Пеўзнера, Л.І.Багдановіча, М.З.Ягоўдзіка, Л.Г.Барабанава і інш. бел. вучоных.

Літ.:

Скрипкин Ю.К. Кожные и венерические болезни. М., 1980;

Дифференциальная диагностика кожных болезней. М., 1983.

Л.​Г.​Барабанаў.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),

струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e​1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d​1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.

Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст.інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел. нар. муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.​Грыдзюшка, У.Захараў, В.​Жывалеўскі.

І.​Дз.​Назіна.

Да арт. Гітара. Гітарыст Мастак В.​А.​Трапінін. 1823.

т. 5, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. determino вызначаю),

вучэнне аб сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў рэчаіснасці. Ядром Д. з’яўляецца палажэнне пра існаванне прычыннасці, г. зн. такой сувязі з’яў, у якой адна з’ява (прычына) пры пэўных умовах з неабходнасцю нараджае іншую з’яву (вынік). Ідэя Д. ўзнікла ў стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур) і найб. ярка выявілася ў ант. атамістыцы. Далейшае развіццё і абгрунтаванне Д. набыла ў прыродазнаўстве і матэрыяліст. філасофіі новага часу (Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, Р.​Дэкарт, І.​Ньютан, М.​В.​Ламаносаў, К.​Лышчынскі, Б.​Спіноза, С.​Шадурскі і інш.). Механістычны, абстрактны характар Д. гэтага перыяду знайшоў сваё выяўленне ў абгрунтаванні формы прычыннасці законамі механікі, адмаўленні аб’ектыўнага характару выпадковасці, што ў канчатковым выніку вяло да фаталізму. У розных кірунках Д. абгрунтоўваецца першапачатковая вызначальнасць усіх з’яў у свеце, уключаючы ўсе працэсы чалавечага жыцця, з боку Бога (тэалагічны Д.), або толькі з’яў прыроды (касмалагічны Д.), або спецыяльна чалавечай волі (антрапалагічны Д.). Прыхільнікі дыялект. матэрыялізму лічылі, што сувязі паміж з’явамі абумоўлены матэрыяльнымі працэсамі. Пра наяўнасць такіх узаемасувязей, на іх думку, сведчаць устанаўленне дакладнага становішча, прычыны і законаў руху цел у механіцы і класічнай фізіцы, устанаўленне верагоднаснай узаемасувязі паміж мікрачасціцамі ў квантавай механіцы, паміж асобінамі ў біял. папуляцыях, адкрыццё самарэгулявальных і самакіравальных сістэм у кібернетыцы і інш. Паводле гэтай канцэпцыі, гістарычна абумоўленым ва ўсіх сваіх праяўленнях з’яўляецца і грамадства, стан якога ў кожны дадзены момант з’яўляецца вынікам папярэдніх станаў і ўмоў, з якіх вынікае наступнае развіццё. Процілегласць Д. — індэтэрмінізм, які адмаўляе ўсеагульны характар прычыннасці або не прызнае яе наогул.

Літ.:

Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986;

Исторические типы философии. М., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНО́ЧЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ І ГІМНА́ЗІІ,

пачатковыя і сярэднія навуч. ўстановы ў Рас. імперыі. Адны з іх падпарадкоўваліся Ведамству ўстаноў імператрыцы Марыі (Марыінскія), другія — Мін-ву нар. асветы; епархіяльныя вучылішчы былі пад наглядам Сінода. Марыінскія вучылішчы былі 2 тыпаў: сярэднія (з 7-гадовым тэрмінам навучання, засн. ў 1858, у 1862 перайменаваны ў гімназіі) і з 4-гадовым тэрмінам навучання (з 1880-х г.). З канца 1880-х г. у Беларусі існавалі Мінскі і Віцебскі дзіцячыя прытулкі, Лепельскае 4-класнае вучылішча. У 1911 гімназіі былі ў Гродне, Віцебску, Мінску. Вучылішчы Мінва нар. асветы засн. ў 1858, падзяляліся на вучылішчы з 6-гадовым курсам навучання (1-ы разрад) і 3-гадовым (2-і разрад); у 1870 яны пераўтвораны ў гімназіі і прагімназіі. З 1876 такія вучылішчы працавалі ў Брэсце, Пружанах, Слоніме, Мсціславе, Нясвіжы, Ашмянах, Жыровічах, Віцебску, Мінску, Парычах (для дачок духавенства), Гарадоцкае руска-латышскае вучылішча, а таксама 10 жан. нар. вучылішчаў і жан. змены пры 36 прыходскіх і 7 нар. вучылішчах. Навучанне ва ўсіх жан. вучылішчах і школах Беларусі вялося на рус. мове. У 1913 працавалі 33 яўр. жан. навуч. ўстановы. Пасля 1912 засн. Гарадоцкае і Брэсцкае вышэйшыя жан. пач. вучылішчы, 16 вышэйшых пач. вучылішчаў супольнага навучання (Чачэрскае, Прапойскае, Жлобінскае і інш.). Да 1913 адкрыты жан. дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слоніме, Слуцку і інш. Навучанне платнае. У канцы 1870-х г. у Беларусі было 21 прыватнае жан. вучылішча. Прыватныя гімназіі пачалі адкрывацца з 1872. Выпускніцам гімназій з 1881 прысвойвалася званне настаўніцы пач. школы. Гл. таксама Віцебская Марыінская жаночая гімназія, Брэсцкія гімназіі, Гомельскія гімназіі, Гродзенскія гімназіі і інш.

Г.​Р.​Сянькевіч.

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. constitutio устанаўленне, пабудова),

асноўны закон дзяржавы, які вызначае грамадскі і дзярж. лад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян; аснова заканадаўства дзяржавы. У матэрыяльным сэнсе К. — пісаны акт, сукупнасць актаў або канстытуцыйных звычаяў, якія перш за ўсё абвяшчаюць і гарантуюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама вызначаюць асновы грамадскага ладу, форму праўлення і тэр. пабудовы, асновы арганізацыі цэнтр. і мясц. органаў улады, правасуддзя, іх кампетэнцыю і ўзаемаадносіны, дзярж. сімволіку, сталіцу; у фармальным сэнсе — закон, які валодае найвыш. юрыд. сілай адносна ўсіх астатніх законаў. Яна афіцыйна замацоўвае каштоўнасці, ін-ты і нормы канстытуцыйнага ладу, асновы дзярж.-прававога рэгулявання грамадскіх сувязей і адносін дзярж. улады. Паводле формы К. падзяляюцца на кадыфікаваныя (калі яна ўяўляе сабой адзіны пісаны акт, што рэгулюе ўсе асн. пытанні канстытуцыйнага характару), некадыфікаваныя (калі тыя ж пытанні рэгулююцца некалькімі пісанымі актамі) і змешаныя (калі апрача парламенцкіх законаў, суд. прэцэдэнтаў, уключае звычаі і дактрынальныя тлумачэнні — меркаванні вучоных). Паводле спосабу ўнясення ў іх змяненняў К. бываюць гібкія (змены ўносяць шляхам звычайнага закона) і цвёрдыя (папраўкі ўносяць толькі праз спец. ўскладненую працэдуру, якая патрабуе кваліфікаванай большасці галасоў членаў парламента, а часам правядзення рэферэндуму). Паводле тэрмінаў дзеяння К. падзяляюцца на пастаянныя і часовыя. Кантроль за выкананнем К. ў розных краінах ускладаецца на вярх. або канстытуцыйныя суды.

Тэрмін «К.» існуе з часоў Стараж. Рыма, дзе К. наз. кадыфікацыя публічна-нарматыўных актаў (т.зв. імператарскія К.). Першымі К. ў сучасным сэнсе лічацца паліт. акты перасяленцаў у Амерыку, а таксама канстытуцыйныя акты Вялікабрытаніі (13—16 ст.). На Беларусі ў 16 ст. своеасаблівымі феад. К. былі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́Х БЯЛКО́ВЫХ РЭ́ЧЫВАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна мікрабіялагічнай прамысловасці. Вырабляе бялковыя кармавыя рэчывы, пераважна кармавыя дрожджы, з вуглевадароднай і расліннай сыравіны для жывёлагадоўлі. Уключае таксама прадпрыемствы гідролізнай прамысловасці і арган. сінтэзу лесахімічнай прамысловасці.

Прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць вуглевадародную сыравіну з-за высокай матэрыялаёмістасці прадукцыі найчасцей арыентуюцца на цэнтры нафтаперапрацоўкі. Для атрымання 1 т бялку неабходна 2,5 т вуглевадароднай сыравіны. Найб. перспектыўнай сыравінай для атрымання кармавых бялковых рэчываў шляхам мікрабіял. сінтэзу з’яўляецца нафта. Прадпрыемствы, што працуюць на вуглевадароднай сыравіне маюць больш высокі выхад бялковай прадукцыі ў параўнанні з прадпрыемствамі, якія працуюць на сыравіне расліннага паходжання. На сучасным этапе значную ч. ўсіх кармавых дражджэй атрымліваюць на прадпрыемствах гідролізнай прам-сці з расліннай сыравіны (адходы лесапілавання, нетаварная драўніна і нехарч. адходы сельскай гаспадаркі). Прадпрыемствы гідролізнай прам-сці вызначаюцца найбольшай матэрыялаёмістасцю. Для вытв-сці 1 т кармавых дражджэй трэба 6,2 т зыходнай сыравіны, у т. л. 5 т сухой драўніны, а таксама серная к-та, сульфат амонію, суперфасфат, вапна, значная колькасць вады і паліва, таму гідролізная прам-сць таксама арыентуецца на сыравінныя базы.

На Беларусі вытворчасць карм. бялковых рэчываў развіваецца з канца 1960-х г., напачатку на аснове гідролізу драўніны, потым на вуглевадароднай сыравіне, якую атрымліваюць пры нафтаперапрацоўцы. З 1967 кармавыя дрожджы вырабляюць на Бабруйскім гідролізным з-дзе, з 1971 кармавыя, а з 1974 бялковыя дрожджы — на Рэчыцкім доследна-прамысл. гідролізным з-дзе. З 1978 дзейнічае Наваполацкі з-д бялкова-вітамінных канцэнтратаў (папрыну). Сыравінай для яго вытв-сці служаць ачышчаныя вадкія парафіны. З 1983 папрын для с.-г. жывёлы, птушак, пушных звяроў выпускае самы буйны ў краіне Мазырскі з-д кармавых дражджэй. Прадукцыя прадпрыемстваў выкарыстоўваецца ў камбікормавай прам-сці, у жывёлагадоўлі для абагачэння кармоў бялкамі, вывозіцца за межы краіны.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАСВЕ́ТНЫЯ ПЛА́ВАННІ,

плаванні па Сусветным акіяне вакол Зямлі, пры якіх перасякаюцца ўсе мерыдыяны. Даюць магчымасць больш дасканала вывучаць Сусветны ак., выяўляць яго рэсурсы і магчымасці выкарыстання. Першае К.п. зрабіла ісп. экспедыцыя Ф.Магелана (1519—22) праз Атлантычны і Ціхі ак. да Філіпінскіх і Малукскіх а-воў, па Індыйскім ак. вакол Афрыкі. Толькі карабель «Вікторыя» пад камандай Х.​С.​Элькана завяршыў К.п. Экспедыцыя эксперыментальна пацвердзіла тэорыю шарападобнасці Зямлі, адзінства Сусветнага ак., яго перавагу па плошчы над сушаю. Другое К.п. ажыццявіў Ф.Дрэйк (1577—80). У 17—18 ст., каб пракласці марскія шляхі і адкрыць новыя землі для каланізацыі, экспедыцыі арганізоўвалі Нідэрланды, Вялікабрытанія, Францыя. Значныя адкрыцці зрабілі ў час К.п. англічанін У.Дампір (1683—91), нідэрландзец Я.​Рогевен (1721—23), француз Л.А. дэ Бугенвіль (1766—69), англічанін Дж. Кук (1768—80), экспедыцыя Р.Фіцрая (1831—36) з удзелам Ч.Р.Дарвіна. У 19 ст. шмат К.п. здзейснілі рас. мараплаўцы І.Ф.Крузенштэрн, Ю.Ф.Лісянскі, О.Я.Кацэбу, В.​М.​Галаўнін, Ф.П.Літке, С.В.Макараў і інш. Рас. экспедыцыя Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава (1819—21) зрабіла значныя адкрыцці ў Антарктыцы. У 2-й пал. 19 ст. ажыццёўлена англ. экспедыцыя на судне «Чэленджэр». У 20 ст. ў час К.п. зроблены адкрыцці ў Антарктыцы і пачата сістэм. вывучэнне Сусв. акіяна. Вылучаюцца К. п.: дацкае на судне «Дана» (1928—30), англ. на «Дыскаверы II» (1935—40), шведскае на судне «Альбатрос III» (1947—48). У сярэдзіне 20 ст. вывучалася магнітнае поле Зямлі ва ўсіх акіянах сав. немагнітнай шхунай «Зара». У 19—20 ст. шмат К. п. праведзена з турысцкімі і спартыўнымі мэтамі, у т. л. больш за 40 К.п. маракоў-адзіночак.

Літ.:

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1—5. 3 изд. М., 1982—86.

І.​Я.​Афнагель.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́ЛЬ (Пятрусь) (Пётр Міхайлавіч; 25.8.1932, в. Крушыняны Беластоцкага ваяв., Польшча — 31.8.1996),

бел. паэт. Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1953), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1962). Працаваў у газ. «Гродзенская праўда», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», час. «Маладосць» (1957—60, 1980—83). З 1966 заг. літ. часткі Бел. рэсп. тэатра юнага гледача, з 1975 літ. кансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1949. Імкненне раскрыць духоўную змястоўнасць і складанасць жыцця, багацце перажыванняў сучасніка — асноўнае ў паэзіі М. Ёй уласцівы метафарычна асацыятыўная вобразнасць, алегарычнасць, выкарыстанне сродкаў іроніі і сатыры: зб-кі «Першы след» (1955), «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы стол» (1964), «Акно» (1967), «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978; Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1980), «Смак яблыка» (1981; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1984), «Калыска долі» (1984), «Асенняя пошта лістоты» (1987), «Азбука любві» (1989), «Лагода» (1992), «Твар і душа» (1995). Аўтар п’ес «За лясамі дрымучымі» (з А.​Вольскім, 1958), «Адчыніце, казляняткі!» (1970), «Дай вады, калодзеж!» (1971), «На ўсіх адна бяда» (1974; усе паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача), «Марынка-крапіўніца» (з А.​Вольскім, 1962, паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі). Выдаў кніжкі для дзяцей «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песня згоды» (1983), «Чарадзейная скарбонка» (1987), «Я гатую абед» (1989). На бел. мову пераклаў анталогію сучаснай славацкай паэзіі «Татры пяюць» (1976), зб-к вершаў М.​Валека «Крылы», А.​Шасцінскага «Помню і люблю» (абедзве 1978) і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1982;

Выбранае. Мн., 1994;

Заручыны. Мн., 1979.

Літ.:

Грачанікаў А Адлегласць ад сяўбы да жніва... // Полымя. 1976. № 4;

Баравікова Р. Адчуванне часу і дарогі // Маладосць. 1980. № 5.

А.​С.​Гурская.

П.Макаль.

т. 9, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІЧНЫЯ ПЕ́СНІ, масленіцы, масленкі,

жанр каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх еўрап. народаў. Паводле сезоннай прымеркаванасці адносяцца да веснавых песень: завяршаюць зімовы і пачынаюць веснавы песенны цыкл. У розных народаў існуюць у розных версіях адпаведна веснавому ці зімоваму характару святкавання: пераважна веснавой (бел.-ўкр.), па-зімоваму карнавальнай (паўд.-славянскай), мяшанай (рускай). Веснавыя версіі змыкаюцца з гуканнямі вясны, зімовыя з праводзінамі зімы. У бел. каляндарна-песенным фальклоры М.п. ўваходзяць у веснавы цыкл (спяваюцца «як на вясну пацягне»). Пашыраны пераважна на Падняпроўі і Паазер’і. Тыповы сюжэт М.п. — «масленіца-ласуха» (пасля якой настае вял. пост) і «масленіца-падманка» («казалі, масленкі сем нядзель // ажно тыя масленкі — адзін дзень. // Адна нядзелька — і тая караценька»). Многія сюжэты пераклікаюцца з веснавымі карагодамі (жарт. проціпастаўленне адносін да нялюбага старога і мілага «роўніцы»). Для раёнаў цэнтр. Паазер’я найб. характэрны М.п., што спяваліся ў час гушкання на арэлях. Іх напевы спалучаюць у сабе інтанацыі веснавых гуканняў са свабодным рытмам «гушкальнага размаху». Тыповыя прыпевы — «гу-та-та», «гу-ля-лё» або «масленіца, масленіца». На Падняпроўі М.п. нярэдка маюць аднолькавыя тыпавыя напевы з веснавымі гуканнямі. У паўн. раёнах Віцебшчыны М.п., як і само святкаванне, набліжаюцца да рус. варыянтаў «праводзін зімы». Для зах. рэгіёна спецыфічныя М.п. з тыпалагічна акрэсленымі напевамі не ўласцівы і іх замяняюць умоўна прымеркаваныя да гэтага часу лірычныя і апавядальныя песні (т.зв. «запусныя»), якія не нясуць рытуальнай функцыі і выконваюцца ў «бяседзе» («у час гасцявання»).

Публ.:

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

Літ.:

Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Пашина О.А. Календарно-песенный цикл у восточных славян. М., 1998.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)