НАМІНА́ЦЫЯ (ад лац. nominatio найменне),
утварэнне моўных адзінак, якія рэпрэзентуюць у семантыцы мовы і свядомасці чалавека класы прадметаў, уласцівасцей, дзеянняў, адносін, што маюць месца ў рэчаіснасці; складаны працэс узаемадзеяння мыслення, мовы і рэчаіснасці, у якім адлюстроўваюцца пазнанне свету чалавекам і назапашванне ім інфармацыі ў выглядзе моўных знакаў. Гэтым тэрмінам абазначаюць і вынік працэсу Н. — значымую моўную адзінку. Існуюць Н. першасныя («рука», «белы», «піць») і другасныя («выручыць», «бялюткі», «пітво»). Сярод другасных Н. паводле спосабу называння адрозніваюцца сінтэтычна-словаўтваральныя («рэзаць—рэзчык»), аналітычна-словаспалучальныя («рэзаць» — «той, хто рэжа»), фразеалагічныя («біць бібікі» — гультайнічаць) і метафарычныя («чорная дзірка» — зорка пэўнага фізічнага тыпу). Апошнім часам да Н. адносяць і сказ як найменне (знак) пазамоўнай сітуацыі.
Літ.:
Языковая номинация. [Кн. 1—2]. М., 1977.
А.Я.Міхневіч.
т. 11, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́Д НА РЫМ 1922,
палітычная акцыя італьян. фашыстаў на чале з Б.Мусаліні, у выніку якой яны прыйшлі да ўлады ў краіне. 16 кастр. на нарадзе фаш. кіраўнікоў у г. Мілан для арганізацыі паходу створаны «квадрумвірат». 24 кастр. ў Неапалі адкрыўся з’езд фаш. партыі (у горад прыбыло каля 40 тыс. фашыстаў), на якім Мусаліні паставіў ультыматум ураду, патрабуючы для сваіх прыхільнікаў 5 міністэрскіх пасад. 27 кастр. пачалася мабілізацыя фаш. дружын, якія 28 кастр. рушылі 4 калонамі на Рым (дасягнулі яго 30 кастр.). Апасаючыся грамадз. вайны, кароль Віктар Эмануіл III 28 кастр. адправіў у адстаўку ўрад Л.Факці, а 29 кастр. прапанаваў Мусаліні сфарміраваць новы ўрад. 30 кастр. Мусаліні прыбыў у Рым і стаў прэм’ер-міністрам Італіі.
Літ.:
Гл. пры арт. Б.Мусаліні.
т. 12, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
прамы́, -а́я, -о́е.
1. Роўна выцягнуты ў якім-н. напрамку, без выгібаў.
Прамая дарога.
Правесці прамую (наз.). Прамыя валасы (не кучаравыя). Прамая кішка (апошняя частка кішэчнага канала ў выглядзе кароткай прамой трубкі). Прамая лінія сваяцтва (радаслоўная ад бацькі да сына, ад сына да ўнука, не бакавая). П. наследнік (наследнік па прамой лініі).
2. Які непасрэдна ідзе куды-н., злучае што-н. без прамежкавых пунктаў.
Прамыя зносіны.
Гаварыць па прамым провадзе.
3. Які непасрэдна адносіцца да чаго-н., непасрэдна накіраваны на што-н. або які непасрэдна вынікае з чаго-н., без прамежкавых ступеней.
Прамыя выбары.
П. падатак.
Прамыя ўказанні.
У прамым сэнсе слова (літаральна, не пераносна).
4. Яўны, адкрыты.
П. выклік.
5. Шчыры, праўдзівы, прынцыповы.
П. чалавек.
П. адказ.
6. Такі, пры якім павелічэнне (памяншэнне) аднаго выклікае павелічэнне (памяншэнне) другога.
Прамая прапарцыянальнасць.
○
Прамое дапаўненне — у граматыцы: дапаўненне ў вінавальным склоне без прыназоўніка пры пераходным дзеяслове.
Прамы вугал — вугал у 90°.
|| наз. прамізна́, -ы́, ж. (у 1 знач.) і прамата́, -ы́, ДМ -маце́, ж. (да 5 знач.).
Прамізна тунэля.
Прамата характару.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Суко́л ’кручаны дубец, якім звязваюць два калы ў плоце’ (полац., Нар. лекс.), ’зварот, закрут’ (Ласт.), ’месца, дзе плот пад кутом ламаецца на тры колікі’: на сукол плоту (ушац., Нар. медыцына, 176), суко́лы ’парныя калы’ (Касп.; в.-дзв., Нар. сл.), ’два перавітыя віткай калкі ў плоце’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Ад сукаць ’скручваць’, гл. сукал, збліжанае да кол, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Супо́л ’вузел на нітцы, вяроўцы і інш.’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. supeł ’вузел’, форма з мазурэннем; у гаворках таксама szupeł, szypuł/sypuł, каш. šipeł ’тс’ і г. д. Борысь (587) мяркуе аб сувязі з szypułka ’сцябло, на якім знаходзіцца кветка або плод’ і прапаноўвае як пераходнае звяно значэнне ’завязь (кветкі або садавіны), якая мае форму звітага шарыка, вузла’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пісю́ліць (іран.) ’плакаць’ (свісл., Сцяшк. Сл.). Ад назоўніка ⁺піс‑уль, у якім ‑уль — суфікс балтыйскага паходжання, параўн., літ. ‑ulys утварае nomina actionis, што абазначаюць такую дзейнасць арганізма, якая адбываецца незалежна ад яго волі, а *pis — і.-е. аснова, якая перадае гукаперайманне, калі што-небудзь льецца, цячэ (параўн. пісяць, пісаць ’мачыцца’). Параўн. таксама пі́зі, пі́сі ’слёзы’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Раса́ўка, роса́ўка ’жытні дэман, якім палохалі дзяцей, русалка’ (ТС), роса́лка ’тс’ (Выг.): роса́лка лякала дытэй, шоб жыта ны мя́лы; страшная, з роспу́шчанымы коса́мы (брэсц., Леванц.). Палескі варыянт традыцыйнай назвы руса́лка ’тс’ (гл.) у выніку збліжэння з раса 1 (гл.). Аднак параўн. расаватначка ’тс’ (гл. расаваць), што хутчэй сведчыць пра сувязь з раса 2 (< *ręsa) або раса 3 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мы́цельнік, мы́цяльнік ’куток у хаце, дзе мыюць посуд’ (ТСБМ, Некр., Бір. дыс.; пух., ДАБМ, к. 335; шацк., КЭС; лельч., браг., Мат. Гом.; Мат. Маг.). Беларускае. Утворана ад ⁺мыцель (ці мы́цельны), як суднік. Параўн. укр. ми́тель ’цёплая вада для мыцця галавы’, ’луг, у якім жлукцяць бялізну’, а таксама польск. myciel ’луг’, ’лазеншчык’, чэш. mýtel, кладск. mejtel ’лазня’, ’ванна’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лясну́шка ’яблыня-дзічка’, ’яблык з дзікай яблыні’ (ушац., Жыв. сл.; беш., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.; Касп.). У выніку намінацыі выразу лясная яблыня. Аб суфіксе ‑ушк‑а гл. Сцяцко, Афікс. наз., 125. Годным увагі з’яўляецца круп. лясу́шкі ’дзічкі’ (Нар. сл.), у якім суфікс далучаецца да асновы lěs‑ (а не lěsьn‑). Аб семеме ’дзікі’ гл. лясны. Параўн. ля́саўка, лясоўка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Матру́на ’ліпа ў казках (з «бо́лным» гняздом, у якім жыве змяя Шкурапея)’ (Рам. 5), кам. матру́на‑коло́дыця, матрунка ’божая кароўка’ (З жыцця), ст.-бел. матрона ’матрона’ (XV ст.), якое са ст.-польск. matrona < лац. mātrōna ’тс’. Не выключана магчымасць запазычання праз рус. мову, у якой непасрэдна са ст.-грэч. Ματρώνα (Фасмер, 2, 583; Булыка, Запазыч., 199).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)