адна з першых бел. сярэдніх навуч. устаноў у Зах. Беларусі. Існавала ў 1919—44 у Вільні. Засн. па ініцыятыве І.Луцкевіча. У розны час дырэктарамі гімназіі былі М.Анцукевіч, Р.Астроўскі, Ф.Грышкевіч, В.Кавалевіч, Кахановіч (1-ы дырэктар), А.Міхалевіч, А.Нэканда-Трэпка, С.Паўловіч, Станкевіч, Б.Тарашкевіч. Мела на мэце захаванне бел.нац. самабытнасці, выхаванне патрыят. пачуццяў, развіццё роднай мовы, пашырэнне дэмакр. і гуманіст. поглядаў. Акрамя беларусаў вучыліся рускія і яўрэі. Гімназія імкнулася захаваць нац. характар, усе прадметы ва ўсіх класах выкладаліся на бел. мове. Але з 2-га года навучання ўведзена вывучэнне і польскай мовы, на ёй выкладаліся геаграфія і гісторыя Польшчы. У 1932/33 навуч.г. стала дзяржаўнай, што, з аднаго боку, забяспечвала трывалую матэрыяльную базу, з другога — пазбавіла незалежнасці (стала філіялам польскай гімназіі імя Ю.Славацкага). У ліст. 1939 Вільня перададзена сав. урадам Літве, гімназія была рэарганізавана ў прагімназію, а ў 1940/41 навуч.г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, стала няпоўнай сярэдняй школай. Дзейнічала і ў перыяд ням.-фаш. акупацыі. У крас. 1944 спыніла існаванне.
Л.А.Луцкевіч.
Першы выпуск Віленскай беларускай гімназіі: 1-ы рад (злева направа) — Г.Бонч-Асмалоўская, Л.Макоўская, М.Васільева; 2-і рад — Ф.Аляхновіч, А.Станкевіч, М.Кахановіч, Ф.Мікуліна, А.Луцкевіч, М.Гарэцкі; 3-і рад — Г.Бонч-Асмалоўскі, А.Лабуць, В.Акушка, Нядзвецкая, А.Уладзімірская, Н.Арсеннева: 4-ы рад — М.Пяткевіч, А.Клімовіч, В.Аляксюк, Л.Пусько, А.Сасноўскі. 15.6.1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, значэнне якой у кожным пункце яе вобласці вызначэння роўнае суме ступеннага шэрага, які збягаецца ў некаторым наваколлі гэтага пункта. Да аналітычнай функцыі адносяцца: рацыянальная функцыя, паказнікавая функцыя, лагарыфмічная функцыя, трыганаметрычныя функцыі, адваротныя трыганаметрычныя функцыі, іх разнастайныя кампазіцыі, а таксама функцыі, адваротныя да гэтых кампазіцый. Існуюць аналітычныя функцыі аднаго або некалькіх рэчаісных ці камплексных пераменных. Функцыя 𝑓(z) аднаго комплекснага пераменнага z=x+iy наз. аналітычнай функцыяй у пункце z0, калі ў некаторым наваколлі h гэтага пункта існуе канечная вытворная
(дыферэнцыравальнасць функцыі), што мае месца ў тым і толькі ў тым выпадку, калі выконваецца ўмова Кашы—Рымана
, дзе . Асновы тэорыі аналітычнай функцыі былі закладзены А.Кашы, Б.Рыманам і К.Веерштрасам, С.В.Кавалеўскай і інш. На Беларусі даследаванні па тэорыі аналітычнай функцыі пачаліся ў 1930-я г. ў БДУ (М.В.Ламбін, М.Л.Лукомская), з 1960-х г. праводзяцца ў АН, БДУ і інш.ВНУ рэспублікі (Ф.Дз.Гахаў, Э.І.Звяровіч і інш.). Аналітычныя функцыі маюць шматлікія дастасаванні ў матэм. аналізе (вылічэнне вызначаных інтэгралаў), у геаметрыі (канформныя адлюстраванні), у тэорыі пругкасці, гідрадынаміцы, электрадынаміцы і інш. навуках. Гл. таксама Кашы інтэграл, Кашы тэарэма.
Літ.:
Маркушевич А.И. Теория аналитических функций. Т. 1—2. М., 1967—68;
Шабат Б.В. Введение в комплексный анализ. Ч. 1—2. 3 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАСІ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Багдадскі халіфат,
дзяржава арабаў у 750—1258. Назва ад дынастыі Абасідаў, якія прыйшлі да ўлады ў выніку справакаванага імі ў 747 у Харасане паўстання супраць Амеядаў. Сталіца з 762 Багдад. У склад Абасідава халіфата ўваходзілі Ірак, Іран (да пач. 9 ст.), ч. Закаўказзя, паўд.ч. Сярэдняй Азіі, Зах. Аравія, Сірыя з Палесцінай, Егіпет і Паўн. Афрыка (да пач. 9 ст.). У Абасідавым халіфаце іншапляменныя мусульмане былі ўраўнаваны ў правах з арабамі, роды перс. паходжання вылучыліся на адно з першых месцаў. Абасіды аднавілі перс.адм. сістэму на чале з візірам, замянілі араб. апалчэнне прафес. наёмнай арміяй (з харасанцаў, бербераў, пазней цюркаў). Гал. месца ў войску заняла гвардыя халіфа (з нявольнікаў), якая, памацнеўшы, стала ўмешвацца ва ўладу. У Абасідавым халіфаце найб. ўздыму дасягнула араба-мусульм. духоўная (іслам, ісламскае права, л-ра, філасофія, навука) і матэрыяльная (рамёствы, гандаль, мараплаванне і інш.) культура. Частыя нар. паўстанні (гал. чынам у форме сектанцкіх рухаў), з 9 ст. і сепаратызм намеснікаў-эміраў, якія сілай захоплівалі тэрыторыі і ператваралі іх у самаст. дзяржавы (напр., Ідрысідаў у Марока, Аглабідаў у Іфрыкіі і інш.), вялі да распаду Абасідава халіфату. На пач. 10 ст. ў ім засталіся зах.ч. Ірана і тэрыторыя, сумежная з Багдадам. Канчаткова Абасідаў халіфат знішчыла манг. нашэсце.
Літ.:
Беляев Е.А. Арабы, ислам и арабский халифат в раннем средневековье. 2 изд. М., 1966;
Васильев Л.С. История Востока. М., 1993. Т. 1, ч. 2. С. 272—281.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБКЛА́Д,
дэкаратыўная аздоба абраза ці кніжнага пераплёту. Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, маст. тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады наз. «шата»), радзей — фон на абразах. Узнікненне кніжных абкладаў са слановай косці адносяць да 7—8 ст., металічных — да 9—10 ст. На Беларусі вядомы сярэбраны абклад Лаўрышаўскага евангелля (14 ст.). Найб. пашырэнне тут атрымаў у 17—19 ст. У 17 ст. найчасцей абкладамі аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.). Значнымі маст. цэнтрамі, дзе ствараліся абклады, былі Вільня, Магілёў, Мінск, Пінск, Слуцк і інш. Іх рабілі бел. майстры Максім Сямёнаў (Куцень), Фёдар Мікулаеў і інш., якія працавалі ў Залатой і Сярэбранай палатах Маскоўскага Крамля (гл. ў арт.Аружэйная палата). Найб. вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Нясвіжскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Ляхавіцкі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Міёрскі р-н, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Браслаўскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Пінскі р-н, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Драгічынскі р-н, 2-я пал. 17 ст.) і інш.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў / Скл. Н.Ф.Высоцкая. Мн., 1984. А.А.Ярашэвіч.
Абклад абраза Антонія Падуанскага. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. 18 ст.Абклад Евангелля з г.Ляхавічы. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НТРАПЫ (ад грэч. archaios старажытны + anthrōpos чалавек),
адна са стадый эвалюцыі чалавека; выкапнёвыя людзі, якія ў раннім плейстацэне прыйшлі на змену чалавеку ўмеламу (Homo habilis). Усіх архантрапаў аб’ядноўваюць у адзін від — чалавек прамахадзячы (Homo erectus). Шматлікія знаходкі яго рэшткаў даюць магчымасць датаваць перыяд існавання гэтага віду тэрмінам ад 1,6 млн. да 360 тыс. гадоў назад, калі архантрапы былі адзінымі прадстаўнікамі роду чалавечага, якія ў часе адносна мала мяняліся. У параўнанні са сваім папярэднікам (чалавекам умелым) архантрапы характарызуюцца павелічэннем памераў цела, буйным абліччам і зубамі. Ад сучасных людзей адрозніваліся больш прымітыўнай будовай чэрапа (нізкае скляпенне са сплюшчваннем патылічнага аддзела, выступанне сківіц), адсутнасцю падбародачнага выступу ніжняй сківіцы, моцна развітымі надброўямі. Найб.стараж. касцявыя рэшткі (1,6 млн. гадоў) архантрапы знойдзены ў Афрыцы (Кенія). Шматлікія, але менш старажытныя (ад 900 да 500—400 тыс. гадоў назад) рэшткі архантрапаў выяўлены на Б. Усходзе і ў Кітаі (сінантрапы), на в-ве Ява (яванскі пітэкантрап, маджакерскі чалавек; гл.Пітэкантрапы), на тэр. Еўропы стаянкі архантрапаў у Германіі (гейдэльбергскі чалавек), Венгрыі (паселішча Верцешсёлёш), Чэхіі (Пржэзлеціцэ), Грэцыі (Петралона) і інш. Больш за 100 стаянак архантрапаў без касцявых рэшткаў адкрыта на тэр. Сярэдняй Азіі, Каўказа, Прыазоўя, Закарпацця, Алтая, Малдовы і інш. Па меры асваення новых жыццёвых арэалаў у выніку прыстасавання да новых умоў асяроддзя адбываліся змены морфатыпаў архантрапаў (узнікненне расавых адрозненняў). Архантрапы выраблялі каменныя прылады ашэльскага тыпу. Далейшая эвалюцыя архантрапаў прывяла да ўзнікнення палеантрапаў і чалавека разумнага (Homo sapiens).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ СЕ́КЦЫІ РКП(б),
бальшавіцкія арг-цыі, якія існавалі ў 1918—19 у Варонежы, Казані, Казлове, Маскве, Невелі, Петраградзе, Саратаве, Тамбове і інш. як частка мясцовых парт. арг-цый. Складаліся з рабочых і бежанцаў-беларусаў — членаў РКП(б). У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, А.Х.Усціловіч, І.В.Лагун і інш. Працавалі ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам), праз яго газету «Дзянніца» дамагаліся рэалізацыі бел. народам права на самавызначэнне на аснове сав. ладу і ў саюзе з РСФСР. 21—23.12.1918 у Маскве адбылася канферэнцыя бел. секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі, выбрала Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый РКП(б) удзельнічала ў падрыхтоўцы паліт. дакументаў, звязаных з утварэннем БССР і КП(б)Б. На 1-м з’ездзе КП(б)Б у склад Цэнтр. бюро КП(б)Б выбраны Жылуновіч і Лагун. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, увайшлі 9 прадстаўнікоў беларускіх секцый РКП(б). 15.1.1919 ЦБКП(б)Б прыняло пастанову аб ліквідацыі ЦБ беларускіх секцый РКП(б). Бел.камуніст. секцыям, што дзейнічалі па-за межамі рэспублікі, было дадзена права працаваць пад яго кіраўніцтвам. Пасля ўтварэння Літ.-Бел. ССР (люты 1919) бел. секцыі РКП(б) пачалі аб’ядноўвацца з літоўскімі. ЦК РКП(б) зацвердзіў аб’яднанае літ.-бел. ЦБ пры ЦК РКП(б). З аднаўленнем 31.7.1920 БССР беларускія секцыі не былі адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА АТЛА́НТЫКУ 1939—45,
барацьба Вялікабрытаніі і ЗША супраць фаш. Германіі і Італіі за камунікацыі ў Атлантычным акіяне, Міжземным, Нарвежскім, Паўночным і інш. морах у час 2-й сусв. вайны. Германія разлічвала, што дзеянні яе падводных лодак, надводных караблёў і самалётаў перарвуць жыццёва важныя для Вялікабрытаніі камунікацыі ў Атлантыцы і прымусяць яе выйсці з вайны. Вялікабрытанія і ЗША імкнуліся абараніць свае водныя камунікацыі і дасягнуць перавагі на атлантычным тэатры ваен. дзеянняў. У вер. 1939 — чэрв. 1941 у баях удзельнічалі з абодвух бакоў нязначныя сілы. Аднак атакі нават малой колькасці ням. падлодак былі эфектыўныя, бо процілодачныя сістэмы саюзнікаў аказаліся недастаткова падрыхтаваныя. У ліп. 1941 — сак. 1943 асн. сілы ням. авіяцыі і надводных караблёў дзейнічалі супраць СССР. Цяжкія страты вермахта на сав.-герм. фронце паспрыялі саюзнікам, яны значна ўмацавалі свае сілы (у сак. 1943 мелі каля 3000 караблёў і 2700 самалётаў супраць 100—130 ням. падлодак) і нанеслі праціўніку значныя страты. Гэтыя абставіны, а таксама выхад з вайны Італіі ў вер. 1943, высадка саюзнікаў у Паўн. Францыі ў чэрв. 1944, колькасны і якасны рост сіл і сродкаў іх процілодачнай абароны рэзка зменшылі эфектыўнасць дзеянняў ням. падлодак у 1943—45. Агульныя страты саюзных і нейтральных дзяржаў у бітве за Атлантыку склалі 4245 транспартаў. Германія і Італія страцілі 705 караблёў і 81 падлодку. Яны не здолелі парушыць камунікацыі Вялікабрытаніі і ЗША у Атлантыцы і нанеслі адчувальныя страты іх ваен.-эканам. патэнцыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1635 у Гродне на левым беразе Нёмана па фундацыі Сузанны і Яўстахі Курч. Асіметрычная кампазіцыя комплексу вызначана складаным рэльефам мясцовасці. Уключае касцёл, вежу-званіцу, кляштарны корпус, браму з агароджай. Мураваныя касцёл і 2-павярховы кляштарны корпус утвараюць замкнёны ўнутр. двор. Касцёл — 3-нефавая базіліка, цэнтр. неф і апсіда якой вырашаны адзіным аб’ёмам і накрыты агульным 2-схільным чарапічным дахам, больш нізкія бакавыя нефы — аднасхільнымі. Пасля пажару ў 18 ст. касцёл адноўлены, яго дэкар. аздоба значна зменена. Інтэр’ер вызначаецца багаццем арх. пластыкі і маст.-дэкар. аздаблення (разьба па дрэве, лепка, скульптура). Двух’ярусны гал. алтар у стылі барока ўпрыгожаны скульптурай і накладной разьбой. Амбон у стылі ракако дэкарыраваны гарэльефнымі выявамі 4 евангелістаў. З паўн. боку да гал. фасада прылягае 3-ярусная вежа-званіца з самаст. уваходам. Першы ярус, які прымыкае да сцяны бакавога нефа касцёла, захаваў агульную з 1-м ярусам гал. фасада пластыку 17 ст., 2-і і 3-і ярусы, перабудаваныя ў 18 ст., вырашаны ў насычанай рэльефнай пластыцы сталага барока. Званіцу ўвенчвае высокі фігурны шлем. П-падобны няправільны ў плане кляштарны корпус прыбудаваны да касцёла з паўд. боку. У паўд.-зах. вугле корпуса знаходзіцца вялікі ў выглядзе рызаліту аб’ём, дзе былі трапезная і б-ка. У паўн.-зах. частцы захаваліся фрагменты агароджы і барочная брама.
У.А.Чантурыя, С.Г.Багласаў, Г.М.Ярмоленка.
Касцёл Гродзенскага кляштара францысканцаў.Гродзенскі кляштар францысканцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК, Гродзенскі жаночы манастыр Раства Багародзіцы,
помнік архітэктуры барока. Засн. ў 1633 як уніяцкі пры Гродзенскай Прачысценскай царкве. Пазней базыльянкі пабудавалі тут драўляны храм Раства Багародзіцы і жылыя памяшканні. У 1720 пачата буд-ва мураванай царквы і жылых памяшканняў (арх. І.Фантана III) на сродкі уніяцкага мітрапаліта Л.Кішкі. У 1756 манастыр асвячоны. У 1843 пераўтвораны ў праваслаўны. Дзейнічаў да 1960; манашкі былі пераведзены ў Жыровічы. У 1978—85 адрэстаўрыраваны; у ім размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. У 1992 аднавіў дзейнасць жаночы праваслаўны манастыр.
Уключае царкву Раства Багародзіцы, манастырскі і гасп. карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква — крыжова-купальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца карнізам і трохвугольным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Будынак манастыра 2-павярховы, Г-падобны ў плане, завершаны 2-схільным дахам. Падоўжаным крылом ён прыбудаваны да царквы і ўтварае перад апсідай невял. дворык. Да ўсх. тарца манастыра ў 19 ст. прыбудавана прамавугольная ў плане капліца з 2-колерным вырашэннем фасадаў. Сцены раўнамерна расчлянёны лапаткамі, падзелены на 2 ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным антаблементам з трыгліфамі на фрызе і зубчыкамі на карнізе. Інтэр’ер зальны з люстраным скляпеннем. Асн.гаспадарчы корпус (1891) 2-павярховы, прамавугольны ў плане, размешчаны ва ўсх. частцы комплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт.Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст.н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.
У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем ў 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.