радыяцыйная біялогія, навука, якая даследуе дзейнасць іанізавальнага выпрамянення на жывыя арганізмы. Вывучае эфекты біял. ўздзеяння радыяцыі і высвятляе асаблівасці развіцця звязаных з гэтым паталаг. працэсаў. Распрацоўвае метады папярэджвання, аховы і лячэння прамянёвых пашкоджанняў, займаецца прагназаваннем радыяц. небяспекі. Абгрунтоўвае метады выкарыстання радыеактыўных матэрыялаў у медыцыне, сельскай гаспадарцы, прам-сці, навуцы. Цесна звязана з фізікай, хіміяй, фізіялогіяй, біяхіміяй, генетыкай і інш.
Пачала развівацца пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення і радыеактыўнасці. У 1896 рас. вучоны І.Р.Тарханаў выдаў працу аб уплыве рэнтгенаўскіх прамянёў на жыццёвыя функцыі арганізма, у 1911 Я.С.Лондан — манаграфію «Радый у біялогіі і медыцыне». У Германіі ў 1904 Г.Петэрс назіраў парушэнне дзялення ў апрамененых клетках, у 1905 П.Лінзер і Э.Гельбер — з’яўленне таксічных рэчываў у крыві апрамененых жывёл. У 1906 франц. вучоныя Ж.Берганье і Л.Трыбандо выявілі залежнасць радыеадчувальнасці клетак ад інтэнсіўнасці і працягласці іх дзяленняў і ступені дыферэнцыроўкі. Уклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Б.Л.Астаураў, Г.А.Надсан, М.У.Цімафееў-Расоўскі, франц. П.Анцэль, П.В.Інтэмбергер, Ф.Хальвек, ням. Ф.Дэсаўэр, К.Цымер, англ. Дж.Кроўтэр, Д.Лі, амер. Г.Мёлер, Р.Цыркл, П.Хеншаў і інш. Як навука Р. сфарміравалася ў 1940—50-я г. ў сувязі з выкарыстаннем ядз. энергіі.
На Беларусі сістэм. даследаванні па Р. вядуцца з сярэдзіны 1950-х г. у ін-тах Нац.АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, фізіялогіі, эксперым. батанікі, радыебіялогіі, радыеэкалагічных праблем, Цэнтр.бат. садзе і інш., НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, сан.-гігіенічным, н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, мед. ін-тах; БДУ, ін-це радыяцыйнай бяспекі «Белрад» і інш. Уклад у развіццё Р. зрабілі В.Т.Андрыянаў, У.Г.Валодзін, М.А.Кудзінаў, В.М.Кудраўцава, А.Ц.Пікулеў, А.М.Пісарэўскі, М.Ю.Тайц, М.В.Турбін, М.А.Троіцкі, К.В.Фамічэнка, Л.С.Чаркасава і інш. Даследаваны пострадыяцыйныя змены абмену рэчываў у арганізме жывёл, мутагены і генет. эфект некат. відаў іанізавальных выпрамяненняў, уплыў апрамянення насення на рост і развіццё інтрадукаваных дрэвавых і кветкавых раслін. Высветлены ўплыў вял. доз выпрамяненняў на фізіка-хім. ўласцівасці дэзоксірыбануклеапратэідаў храмаціну клетак. Распрацаваны спосабы выкарыстання радыеізатопаў для дыягностыкі і тэрапіі захворванняў чалавека. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задача Р. — прадухіленне шкодных вынікаў (у т. л. аддаленых) радыяцыйнага апрамянення насельніцтва на забруджаных тэрыторыях. Праведзены даследаванні па радыеактыўным забруджванні біяцэнозаў. Устаноўлены механізмы дзеяння знешняга апрамянення (у малых дозах) і інкарпараваных радыенуклідаў на генетычныя і метабалічныя працэсы, функцыянальныя сістэмы (эндакрынную, сардэчна-сасудзістую, імунную, рэпрадукцыйную і інш.). Распрацаваны спосабы зніжэння шкодных вынікаў радыяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ МАСТА́ЦКАЯ,
спосаб маст. апрацоўкі дрэва, косці, каменю і інш. цвёрдых матэрыялаў шляхам выразання арнаментальных ці сюжэтных кампазіцый; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Р.м. аздабляюць прадметы побыту (мэблю, хатняе начынне, прылады працы), будынкі (гл.Разьба архітэктурная), яе тэхніку выкарыстоўваюць у стварэнні скульптуры. Самаст. від Р.м. — гліптыка.
Узнікла ў глыбокай старажытнасці з паяўленнем рэзальных інструментаў з каменю і косці, пазней — металічных; вядома ўсім народам свету. Шырока вядома Р.м. па лаку ў Кітаі і Японіі, па камені і косці ў Індыі, па ганчу ва Узбекістане. бурацкая каменная пластыка, якуцкая і халмагорская разьба па косці ў Расіі.
На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.м. Контурная разьба выконваецца заглыбленымі лініямі на гладкім фоне, блізкая да гравіравання; выемчатая разьба (пераважна трохгранна-выемчатая) утварае ўзор, заглыблены ў гладкі фон; рэльеф ная разьба мае заглыблены фон і ўзнятыя над ім выявы або ўзор — нізкарэльефныя (барэльеф) ці высокарэльефная (гарэльеф); скразная разьба не мае фону і ўяўляе сабой ажурную кампазіцыю (у залежнасці ад размяшчэння ўзору ў адной ці некалькіх плоскасцях адрозніваюць плоскаажурную і аб’ёмна-ажурную Р.м.); аб’ёмная разьба стварае трохмерную выяву, звычайна скульптуру малых форм. Найб. старадаўняя на Беларусі контурная і аб’ёмная разьба па дрэве і косці. З часоў каменнага веку вядомы касцяныя вырабы, арнаментаваныя контурнай разьбой геам. характару, касцяныя і драўляныя фігуркі жывёл і чалавека, выразаныя вельмі схематычна і ўмоўна. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па косці і камені ў 9—13 ст. (Шклоўскі ідал, абразкі з каменю і шыферу, ліцейныя формы). Інтэр’еры храмаў, сядзіб, палацаў, мэблю аздаблялі нізкарэльефнай разьбой па дрэве, якая ў 17—18 ст. развілася ў аб’ёмна-ажурную (гл.Беларуская рэзь). З 17 ст. вядома разьба па шкле (гл.Шкло мастацкае). Фоны абразоў упрыгожвалі разьбой па ляўкасу. Разьбой па дрэве і стука аздаблялі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены храмаў і палацаў (гл.Манументальна-дэкаратыўная скульптура). З канца 19 ст. Р.м. пашыралася ў нар. дойлідстве, аздабленні мэблі; разьбой геам. характару аздаблялі хатняе начынне, прадметы побыту, посуд, прылады працы (гл.Берасцяныя вырабы, Камянецкія прасніцы). У наш час Р.м. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі. Бытавыя рэчы, посуд, вырабы сувенірнага і маст. прызначэння з дрэва, рогу, бяросты выпускаюць прадпрыемствы маст.прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць).
Літ.:
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;
Да арт.Разьба мастацкая. Складзень. Візантыя. Разьба па косці. 10—11 ст.Да арт.Разьба мастацкая. А.Штанг. Ваза «Поўнач». Халмагорская разьба па косці. Расія. 1977.Да арт.Разьба мастацкая. Каменная пліта з выявай ільва. Горад Ваўкавыск Гродзенскай вобл. 12 ст.Да арт.Разьба мастацкая. Фрагмент прасніцы. Камянецкі раён Брэсцкай вобл. 1920-я г.Да арт.Разьба мастацкая. Самшытавы грэбень. З раскопак Мінскага замчышча. 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НСКІ РАЁН.
Размешчаны на Пн Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 14,9 тыс.чал. (2000), гарадскога 36,2%. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Расоны. Уключае 142 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дварышчанскі, Заборскі, Клясціцкі, Краснапольскі, Марачкоўскі, Сакалішчанскі, Юхавіцкі, Янкавіцкі.
Тэр. раёна (б.ч.) у межах Полацкай нізіны, на УНешчардаўскае ўзвышша. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, з асобнымі ўчасткамі марэнных град, 50% яе на выш. да 125 м, 45% — 125—170 м. Найвыш. пункт 224 м (на З ад в. Забор’е). Нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 583 мм за год. Вегетац. перыяд 182 сут. Найб.р. Дрыса з прытокамі Свольна, Нішча, Нешчарда. Шмат азёр (27 рыбапрамысловых); найб. Нешчарда, Усвечча, Валоба, Сіньша, Расона, Дрысы, Межава, Межна, Шэвіна, Белае. Вадасховішча Клясціцкае на р. Нішча. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў (%): дзярнова-падзолістыя (55,4), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8), тарфянабалотныя (10,9). Пад лесам 71% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя. Пад балотамі 49% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы: Заборскі Мох, Юхавіцкі Мох, Расонскі Мох, Межна. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Сіньша, Чырвоны Бор (часткова), біял. — Фаміно. Ахоўныя тарфянікі: Вусце, Глаты, Круча Ждань.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 32,4 тыс.га, з іх асушаных 11,5 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 6 калгасаў, 8 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, лёну, бульбы, кармавых культур. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла), дрэваапр. (піламатэрыялы, драўняны вугаль), харч. (цэльнамалочныя вырабы, казеін і інш.), кааператыўнай прам-сці, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі: Полацк—Апочка (Расія), Дзісна—Невель (Расія), Полацк—Расоны і інш. У раёне 7 сярэдніх школ-садкоў, 6 базавых (у т. л. 5 школ-садкоў), 2 пач. (у т. л. 1 школа-садок), 2 дзіцяча-юнацкія спарт., 2 муз. школы і школа мастацтваў, цэнтр пазашкольнай працы, 4 дашкольныя ўстановы, 19 клубаў, 21 б-ка, 3 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 11 фельч.-ак. пунктаў. Музей баявой садружнасці ў г.п. Расоны. Помнікі архітэктуры: паркі каля в. Двор Чарэпіта (пач. 20 ст.) і ў в. Казімірава (2-я пал. 19 ст.) Гіст. помнікі: замчышча «Сокал» ва ўрочышчы Сокал, за 1,5 км ад в. Кульнёва пры зліцці рэк Дрыса і Нішча; мемарыяльны комплекс героям вайны 1812 і Вял.Айч. вайны 1941—45 г. (1991) у в. Клясціцы. Выдаецца газ. «Голас Расоншчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́НІКІ, Саланікі,
Фесалонікі (Thessalonikē),
горад на Пн Грэцыі, на беразе зал. Тэрмаікос Эгейскага м. Каля 1 млн.ж. з прыгарадамі (2000). Марскі порт (выкарыстоўваецца часткова Македоніяй, Югаславіяй, Балгарыяй), вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі, пасля Афін, эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металаапр., маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт; тэкст., харчасмакавая, у т. л. тытунёвая; гарбарна-абутковая, цэлюлозна-папяровая. Ун-т. Археал. музей. Турызм. Штогадовыя міжнар. кірмашы.
Засн. ў 315 да н.э. царом Македоніі Касандрам. У старажытнасці і сярэднія вякі наз. Фесалонікі. З 148 да н.э. пад уладай рымлян, з канца 4 ст.н.э. — адм. ц. прэфектуры Ілірык. У 5—6 ст. на С. нападалі готы, у 6—7 ст. — славяне. У візант. эпоху С. — другі па значэнні горад пасля Канстанцінопаля. З пач. 9 ст. цэнтр фемы Фесалонікі. З С. паходзілі слав. асветнікі Кірыла і Мяфодзій. У 904 горад разрабаваны арабамі, у 1185 — нарманамі. З 1204 С. — сталіца лац. Фесалонікскай дзяржавы (з 1209 каралеўства). У 1224 стаў цэнтрам Фесалонікскай імперыі. З 1246 у складзе Нікейскай, у 1261 — Візант. імперый. У 1342—49 у горадзе дзейнічала камуна зілотаў. У 1387 захоплены туркамі, з 1403 зноў у Візант. імперыі. З 1430 у складзе Асманскай імперыі. З 1907 цэнтр руху младатуркаў. Пасля Баяканскіх войнаў 1912—13 адышлі Да Грэцыі. У 1-ю сусв. вайну база войск Антанты, якія ўтварылі каля горада Салонікскі фронт 1915—18. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі (1941—44). Вызвалены грэч. Народна-вызв. арміяй.
Захаваліся рэшткі асобных пабудоў рым. часу, у т. л. арка Галерыя (303 н.э.), руіны палаца. Помнікі сярэдневяковага дойлідства. крэпасць і замак, рэшткі візант.гар. сцен, шматлікія візант. цэрквы, у т. л.св. Георгія (перабудавана ў канцы 4 ст. са стараж.-рым. пабудовы; ратонда, мазаікі канца 4 ст.; цяпер музей раннехрысц. мастацтва), св. Дзімітрыя (перабудавана ў 11 ст., адноўлена ў 1917, мазаікі 5 і 7 ст., фрэскі 10 — пач. 14 ст.), св. Сафіі (пачата ў 5—6 ст., 717—741, мазаікі 9 ст., фрэскі 11 ст.), Маці Божай (1028, фрэскі 14 ст., пры турках перабудавана ў мячэць), Апосталаў (1312—15, фрэскі і мазаікі 14 ст.) і інш. З 20 манастыроў С. захаваўся адзін — Мані Влатадон з царквой 14 ст. У часы тур. панавання выраслі партовая ч. горада і жылыя кварталы са шчыльнай «усходняй» планіроўкай вуліц. З 1920-х г. праводзіцца рэканструкцыя, узведзены новыя сучасныя дамы, комплекс кірмашу (1950-я г.) і ун-та (1960-я г., арх. К.Карандынас і інш.). Дахрысц. і візант. помнікі С. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Я.Ф.Шунейка (архітэктура).
Салонікі. Царква Апосталаў. 1312—15.Салонікі. Царква святога Дзімітрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́ТАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУеўрап.ч. Расійскай Федэрацыі, у Ніжнім Паволжы. Утворана 10.1.1934. Пл. 100,2 тыс.км². Нас. 2907 тыс.чал. (2000), гарадскога 73%. Цэнтр — г.Саратаў. Найб. гарады: Балакова, Энгельс, Балашоў, Вольск.
Вобласць падзяляецца р. Волга на 2 часткі: зах. (правабярэжную) і ўсх. (левабярэжную, Заволжа). Б.ч. правабярэжжа займае Прыволжскае ўзв. (выш. да 370 м), на З — Окска-Данская раўніна. Левабярэжная частка раўнінная, з У і ПнУ абмежавана адгор’ямі Агульнага і Каменнага Сырта. На ПдУ — ч. Прыкаспійскай нізіны. Паверхня моцна парэзана ярамі. Карысныя выкапні: прыродны газ, нафта, гаручыя сланцы, калійна-магнезіяльныя солі, фасфарыты, сыравіна для буд. матэрыялаў. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 21,7 °C. Ападкаў за год ад 250 мм на ПдУ да 450 мм на Пн. Гал.р. Волга (у межах вобласці 420 км) з прытокамі Церашка (справа), Вял. і Малы Іргіз (злева); найб. прытокі р. Дон — Хапёр і Мядзведзіца, рэкі Вял. і Малы Узень у Заволжы. Валгаградскае і Саратаўскае вадасховішчы. Саратаўскі і Ерусланскі абвадняльныя каналы. Каля 80% тэр. вобласці ў стэпавай зоне з чарназёмнымі глебамі, у Заволжы пашыраны каштанавыя і светла-каштанавыя глебы. Лясістасць 5,5% (вяз, дуб, бяроза). Хвалынскі нац. парк.
Асн. галіна эканомікі — прамысловасць, дзе вылучаюцца машынабудаванне і металаапрацоўка (20,1% кошту прадукцыі, 1999). Вытв-сць самалётаў, тралейбусаў, станкоў, электрарухавікоў, акумулятараў, прылад, падшыпнікаў, дызеляў, аўтатрансп. прычэпаў, запчастак для аўтамабіляў, халадзільнікаў і маразільнікаў; аўтарамонт. Паліўна-энергет. комплекс (29%) прадстаўлены здабычай прыроднага газу (367 млн м³), нафты і кандэнсату (1,5 млн.т), вытв-сцю электраэнергіі (31,1 млрд.кВт∙гадз, 1999). Саратаўская ГЭС, Балакоўская АЭС. Развіта хім. і нафтахім. (штучнае і сінт. валакно, мінер. ўгнаенні, серная к-та, гумава-тэхн. вырабы), буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вапна, мел, тэхн. шкло, цэгла і інш.), дрэваапр., лёгкая (трыкат., абутковая, швейная, вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін), харч.прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа. У структуры сельскай гаспадаркі 81 % прыпадае на прадукцыю жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 4,4 млн.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 72% (пшаніца азімая і яравая, ячмень, проса, жыта), тэхн. 9,4% (сланечнік, цукр. буракі), кармавымі 17,3%. Вырошчваюць бульбу і агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Даўж. чыгунак 2312 км; асн. чыгункі Масква—Саратаў—Арэнбург, Валгаград—Казань. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9828 км (Саратаў—Варонеж, Саратаў—Пенза і інш.). Суднаходства па Волзе і Вял. Іргізе. Парты: Саратаў, Энгельс, Вольск, Балакова. Буйн. газаправоды: Саратаў—Масква, Саратаў—Пенза—Ніжні Ноўгарад—Чарапавец, Сярэдняя Азія—Цэнтр. Курорт імя В.І.Чапаева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМЫ З’ЕЗД КП(б)Б [XII канферэнцыяКП(б)Б]. Адбыўся 20—26.3.1923 у Мінску. Прысутнічалі 154 дэлегаты з рашаючым і 115 з дарадчым голасам ад 3850 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦБКП(б)Б
(В.А.Багуцкі),
Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Л.М.Бунін), Кантрольнай камісіі (А.Х.Гетнер), ЦК КСМБ (М.Б.Кузенец); арганізацыя дзярж.прам-сці (А.С.Карпешын), нац. момант у дзярж. і парт. буд-ве (А.Р.Чарвякоў), падатковая палітыка ў вёсцы (В.А.Нодэль), аб кааперацыі (А.С.Славінскі), аб арганізац.-выхаваўчай рабоце (І.А.Вайнер); выбары кіруючых органаў і дэлегатаў на XII з’езд РКП(б). У ходзе з’езда ў парадак яго работы дадаткова ўключаны даклад ЦК РКП(б) (П.М.Кержанцаў).
З’езд ухваліў дзейнасць КП(б)Б ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі (нэпа), адзначыў, што асновай пралетарскай дыктатуры з’яўляецца дзярж. прамысловасць, таму асн. ўвага павінна аддавацца развіццю цяжкай індустрыі, а лёгкая — павінна дапамагаць яе развіццю. Важнае месца адводзілася пашырэнню розных форм кааперацыі. З’езд выказаў задавальненне стварэннем СССР. Адзначалася, што хутка адрадзіць Беларусь можна толькі шляхам яе ўзбуйнення і перагляду існуючага адм. падзелу БССР, Віцебскай і Гомельскай губ., што неабходна прывесці яго ў адпаведнасць з натуральна-гіст., эканам., вытв. і нац.-культ. асаблівасцямі і далучыць да БССР тэрыторыі з большасцю бел. насельніцтва. Такую пазіцыю камуністаў Беларусі падтрымліваў І.В.Сталін і інш. члены ЦК РКП(б), супраць выступалі М.І.Калінін і шэраг партработнікаў Віцебскай і Гомельскай губ. З’езд звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення класавага прынцыпу ў падаткаабкладанні. Былі акрэслены канкрэтныя мерапрыемствы па далейшым росце і ўмацаванні парт. і камсам. ячэек на прадпрыемствах, рэгуляванні сац. складу КП(б)Б, паляпшэнні ідэйна-выхаваўчай работы сярод камуністаў. Падкрэслівалася, што сакратары буйных ячэек на прадпрыемствах, у абласцях, саўгасах павінны быць вызвалены ад інш. работы. У дакументах з’езда праглядаюцца тэндэнцыі па стварэнні парт. бюракратыі, супярэчнасці паміж тэарэт. палажэннямі аб нэпе, якія распрацоўвалі У.І.Ленін і яго паплечнікі, і той палітыкай, што праводзілася камуністамі ў жыццё. З’езд выбраў ЦБКП(б)Б з 13 чл. і 6 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 3 чл. і 3 канд., Кантрольную камісію з 5 чл. і 3 канд., 5 дэлегатаў на XII з’езд РКП(б).
Літ.:
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. Мн., 1983;
Платонаў Р. Як пачалася беларусізацыя: Дыскусія на XII Усебел. парт.канф. // Роднае слова. 2000. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКІ РАЁН.
Размешчаны на Пд Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 17,4 тыс.чал. (2001), гарадскога 47,7%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Слаўгарад. Уключае 83 сельскія нас. пункты, 6 сельсаветаў: Васькавіцкі, Гіжэнскі, Кабінагорскі, Каменкаўскі, Лапаціцкі, Свенскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: амаль уся тэр. (акрамя крайніх паўн. і паўн.-зах. частак) забруджана радыенуклідамі да 15 Кі/км². Насельніцтва ў выніку масавай міграцыі за 1985—95 паменшала на 8 тыс. чал.
Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны (крайняя Пн) і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, 85% яе на выш. 130—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 2 км на ПдЗ ад в. Кульшычы). Агульны нахіл паверхні з Пн на Пд Цэнтр і паўд.-ўсх.ч. раёна заняты далінамі рэк Сож і Проня. Глыб. расчлянення на схілах далін да 10—15 м/км². Карысныя выкапні: торф, даламіты, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 605 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб.р. Сож з прытокамі Проня з Растой, Крупкай і Тросліўкай, Пясчанка, Касалянка з Пацэяй, Ельня, Галуба, Каменка, Якушоўка; на Зр. Баброўка (прыток р. Дняпро), на Пн р Хоцінка (прыток р. Раста). Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (49,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,7%), поймавыя (алювіяльныя, 10,6%). Пад лесам 37% тэрыторыі, найб. лясныя масівы на ПдУ раёна. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, асінавыя; трапляюцца шэраальховыя, дубовыя, чорнаальховыя, ясянёвыя, таполевыя і інш. Штучныя насаджэнні — каля 22%, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 3% тэр. У межах раёна ахоўны тарфянік Тупніцкае; помнікі прыроды рэсп. значэння — Блакітная крыніца ў в. Кліны і мясц. значэння — лістоўніца каля в. Улукі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 57,9 тыс.га, з іх асушаных 14,1 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 14 калгасаў, 1 саўгас-камбінат, 3 фермерскія гаспадаркі.
Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) і харч. (цэльнамалочныя прадукты, масла, сыр, сушаная садавіна і агародніна, макаронныя і кандытарскія вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Рагачоў—Слаўгарад—Крычаў, Магілёў—Слаўгарад, Слаўгарад—Карма і інш. Суднаходства па р. Сож. У раёне 7 сярэдніх, 10 базавых, 1 пач. школа, дзіцячая школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, ПТВ, 12 дашкольных устаноў, 22 клубы, 20 б-к, 1 бальніца, 3 амбулаторыі, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: мемарыяльная капліца і помнік (1908) у гонар перамогі рус. войск над шведскімі ў 1708 каля в. Лясная, парк (пач. 20 ст.) у в. Свенск. Выдаецца газ. «Ленінскае слова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс.км². Нас. 665,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).
Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).
Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн.т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-растудз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.
Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш.араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс.ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.
Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст.н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл.ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд.дол. (1994), каля 20 тыс.дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн.т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж.Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн.т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч.прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс.га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс.га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс.км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд.дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд.дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́Р,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл. За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс.ж. (1998).
Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс.ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс.ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыяРСДРП У час Кастр.Усерас.паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс.ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс.ж., больш за 1 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.
Цэнтр нафтаперапр.прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.З.Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.
У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся з гандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр.ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (з ПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; з паўд.-ўсх.ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл. таксама Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ТАМЕ́ І ПРЫ́НСІПІ (São Tomé e Príncipe),
Дэмакратычная Рэспубліка Сан-Таме і Прынсіпі (República Democrática de São Tomé e Principe), дзяржава на а-вах Сан-Таме (пл. 836 км²), Прынсіпі (пл. 128 км²) і інш. у Гвінейскім зал., каля зах. берагоў Афрыкі. Пл. 1 тыс.км². Нас. 154,9 тыс.чал. (1999). Сталіца — г. Сан-Таме. Дзярж. мова — партугальская. Падзяляецца на 2 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліп.).
Дзяржаўны лад. С.-Т. і П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. орган — Нац. народны сход (55 дэпутатаў), які выбіраецца на 4 гады. Выканаўчая ўлада — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе астравоў, складзеных пераважна з базальтаў, вылучаюцца вулканічныя конусы (выш. да 2024 м на в-ве Сан-Таме, да 821 м на в-ве Прынсіпі). На в-ве Прынсіпі клімат экватарыяльны вільготны, на в-ве Сан-Таме — пераходны да трапічнага з дажджлівым (кастр. — май) і сухім (чэрв. — вер.) сезонамі. Сярэднія месячныя т-ры ад 23 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на ўзбярэжжах да 2000—3000 мм у гарах. Натуральная расліннасць — густыя вільготна-экватарыяльныя лясы з кашт. пародамі дрэў (у т. л. эбенавае дрэва), ёсць другасныя хмызнякі, у вусцях рэк — мангравыя зараснікі. У жывёльным свеце шмат птушак і насякомых. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Жывуць сантамійцы (саманазва тонгаш), нашчадкі афрыканцаў-рабоў, вывезеных у 15—16 ст. з краін Зах. і Паўд. Афрыкі, часткова афрыкана-партугальскія метысы. Ёсць невял. групы партугальцаў і нядаўніх эмігрантаў з краін Зах. Афрыкі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць пратэстанты; захоўваюцца мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. 155 чал. на 1 км². 95% нас. пражывае на в-ве Сан-Таме, дзе на ўзбярэжжы шчыльн. больш за 300 чал. на 1 км² У гарадах жыве каля 40% нас., у т. л. ў г. Сан-Таме каля 50 тыс.ж. Большая ч. насельніцтва занятая ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. На момант адкрыцця ў 1470—71 партуг. мараплаўцамі Ж. ды Сантарэнам і П.Эшкабарам астравы былі незаселены. З 1485 пачалася іх каланізацыя партугальцамі. У пач. 16 ст. тут створаны плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі, найб. з Анголы. Рабы часта ўзнімалі паўстанні, найбуйн. з іх адбылося ў 1595—96. Змешанае насельніцтва (мулаты) было свабоднае, але непаўнапраўнае. Пасля скасавання ў 1875 рабства гал. галіной эканомікі стала вытв-сць какавы і кавы. У 1951 астравы атрымалі статус заморскай тэрыторыі, а ў 1972 — мясц. аўтаноміі Партугаліі. У 1953 адбылося паўстанне ў падтрымку незалежнасці краіны, якое было задушана партуг. войскамі. З 1960 барацьбу за незалежнасць астравоў вёў створаны ў эміграцыі К-т за вызваленне С.-Т. і П. (з 1972 — Рух за вызваленне, РВСТП). Пасля рэвалюцыі ў Партугаліі (крас. 1974) новы партуг. ўрад прызнаў незалежнасць астравоў.
12.7.1975 абвешчана Дэмакр. Рэспубліка С.-Т. і П., а лідэр РВСТП М.Пінту да Кошта стаў яе першым прэзідэнтам. У краіне быў усталяваны аднапартыйны рэжым РВСТП і абвешчаны курс на сацыяліст. будаўніцтва і супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі. Цяжкае эканам. становішча ў 1980-я г. прымусіла ўрад С.-Т. і П. пачаць збліжэнне з краінамі Захаду і лібералізацыю паліт. і эканам. жыцця. У жн. 1990 прынята канстытуцыя краіны, якая ўвяла прамыя прэзідэнцкія выбары, шматпартыйнасць і грамадз. свабоды. На першых свабодных выбарах у студз. 1991 перамагла апазіцыя, лідэр якой М.Траваада ў сак. 1991 абраны прэзідэнтам краіны. У 1990-я г. ажыццёўлены рынкавыя рэформы ў эканоміцы, але эканам. становішча краіны застаецца складаным. Яна моцна залежыць ад замежнай эканам. дапамогі. С.-Т. і П. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Рух за вызваленне С.-Т. і П., Партыя дэмакр. канвергенцыі — група незалежнае дэмакр. дзеянне, кааліцыя дэмакр. апазіцыі.
Гаспадарка. Слабаразвітая с.-г. краіна монакультурнай арыентацыі. Штогадовы даход на 1 чал. 1100 дол. Сельская гаспадарка дае 23% даходаў краіны, прам-сць — 19%, абслуговыя галіны — 58%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс.га зямлі. Каля 10 тыс.га пастаянна арашаецца. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць дзярж. плантацыі. Гап. культура — какава, займае каля 28 тыс.га, штогадовы збор каля 10 тыс.т. Інш. экспартныя культуры: кава, какосавая і алейная пальмы, бананы, ваніль, карыца, перац, кола, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы на невял. плошчы вырошчваюць маніёк, ямс, фасолю, проса, кукурузу, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (асабліва хлебнае дрэва і папайя, або дыннае дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба, пад лугамі і пашай каля 1 тыс.га. Пераважае гадоўля буйн. раг. жывёлы (каля 3 тыс. галоў) і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства, лоўля чарапах і васьміногаў. З галін прам-сці найб. развіты харч. (мукамольная, алейная, рыбаперапрацоўчая, піваварная), тэкст., мылаварная, лесапільная і дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн.кВт∙гадз (1998) на невял. цеплавых электрастанцыях і ГЭС. Саматужныя промыслы і рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. На астравах 320 км аўтадарог, у т. л. 218 км з цвёрдым пакрыццём. Асн. парты Сан-Таме і Санту-Антонью, 2 аэрапорты, у т. л.міжнар. на в-ве Сан-Таме. У 1997 экспарт склаў 5,3 млн.дол., імпарт 19,2 млн.дол. У экспарце пераважаюць какава (90%), кава, пальмавы алей, копра, рыбапрадукты; у імпарце — харч. і прамысл. тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: Партугалія, Нідэрланды, Францыя. Турызм. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін, на 1995 яна склала 57,3 млн.дол. Грашовая адзінка — добра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сан-Таме і Прынсіпі.Да арт.Сан-Таме і Прынсіпі. Ландшафт на востраве Сан-Таме.