КАРО́ЛЬ (Рыгор Якаўлевіч) (20.10.1922, в. Турок Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 7.5.1985),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Курскай дузе, у Прыбалтыцы, Польшчы, Германіі; камандзір гарматы, потым агнявога ўзвода. Ст. сяржант К. вызначыўся: 191.1944 пры вызваленні Калінінскай вобл. разлік яго гарматы знішчыў 2 станковыя кулямёты і процітанк. гармату; 17—23.7.1944 у баях за вызваленне Пскоўскай вобл. знішчыў 4 кулямёты і 6 гармат; у крас.—маі 1945 у баях на вуліцах Берліна ўзвод пад яго камандаваннем падавіў агонь 2 мінамётных батарэй, знішчыў бронетранспарцёр, 11 кулямётаў, 2 мінамётныя батарэі, больш за 50 гітлераўцаў. Да 1974 у Сав. арміі, маёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Аляксандр Якаўлевіч) (20.1.1922, в. Харнінская Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. —15.1.1998),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Казахстана (1964), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1956). Працаваў на кінастудыі «Казахфільм». Паставіў фільмы «Далёка ў гарах» (1958), «Сказанне пра маці» (1963, Дзярж. прэмія Казахстана 1966). З 1968 на кінастудыі «Беларусьфільм». Асн. месца ў творчасці займае тэма Вял.Айч. вайны. Паставіў тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Яго батальён» (1989); кінафільмы «Заўтра будзе позна» (1973, разам з М.Цяпакам з Чэхіі), «Вясельная ноч» (1981), «Асабістыя рахункі» (1982), «Пайсці і не вярнуцца» (1989), дакумент. фільм «Ад слова «жыць» (1983, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене). У 1981—86 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКІ (Апалон Апалонавіч) (10.9.1868, г. Ульянаўск, Расія — 12.1.1937),
рускі паэт, перакладчык. Рэдагаваў час. «Север», супрацоўнічаў у «Правительственном вестнике» (1895—1904). Друкаваўся з 1886. Аўтар гіст. балад, лірычных і пейзажных вершаў. Апяваў прыроду, «чыстую прыгажосць»; «Гімн прыгажосці» (1899), «Народная Русь» (1901), «Славянскія бывальшчыны» (1914) і інш. Яго паэзія вызначаецца сузіральнасцю, рацыяналістычнасцю, асобныя вершы — яркай вобразнасцю і вял. эмацыянальнасцю. Пасля 1917 амаль не пісаў. Пераклаў асобныя творы П.Беранжэ, С.Т.Колрыджа, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага. Быў знаёмы з Я.Купалам, пераклаў на рус. мову 16 яго вершаў, напісаў біягр. даведку пра яго (час. «Педагогический листок», 1914, № 1). Беларусі прысвяціў верш «Літоўскімі палямі».
Літ.:
Малютина А. Янка Купала и Аполлон Коринфский // Неман. 1961. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА (Антук) (сапр.Ждановіч Антон Паўлавіч; 18.4.1898—26.12.1937),
бел. акцёр. Брат Ф.П.Ждановіча. З 1917 у Першым бел. т-ве драмы і камедыі, з 1918 у Бел.сав. т-ры, з 1920 у БДТ-1. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1958. Вял. талент акцёрскага пераўвасаблення спрыяў стварэнню арыгінальных сцэнічных характараў, захапляў шчырасцю перажыванняў і натуральнасцю выканання. Сярод лепшых роляў: Лявон, Сцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), Сымон Мікула, Паўлюк («Рысь», «Хам» Э.Ажэшкі), Ваявода, Красінскі («Каваль-ваявода», «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча), Бжазіцкі («Над Нёманам» М.Грамыкі), Разанаў, Кульмскі («Крывая аблона», «Вір» Я.Рамановіча), Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Міронаў («Капітанская дачка» паводле А.Пушкіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1959, адкрыты ў 1961 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на базе матэрыялаў, сабраных гісторыкам М.Ф.Мельнікавым. Пл. экспазіцыі 318 м², больш за 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. раскопак Крычаўскага замка, калекцыі манет ВКЛ, Рэчы Паспалітай, зброі 11—19 ст., звон 1748, адліты ў Крычаве, матэрыялы пра Грунвальдскую бітву 1410, Крычаўскае паўстанне 1743—44, Крычаўскую суднаверф, стварэнне і дзейнасць партыз. руху і падполля ў час Вял.Айч. вайны. Захоўваюцца асабістыя рэчы ўраджэнцаў Крычаўшчыны М.С.Кісялёва, І.І.Гусакоўскага, А.Я.Смалякова і інш., калекцыі нар. адзення, прылад працы і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы мясц. ганчароў, творы прыкладнога мастацтва, жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІКО́Ў (Віктар Георгіевіч) (н. 5.7.1921, с. Верхняя Любоўша Новадзеравенькаўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1977). Герой Сав. Саюза (1981). У арміі з 1939. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1953) і Генштаба (1959). У Вял.Айч. вайну на Паўднёва-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім і 2-м Бел. франтах пераважна на камандных пасадах у танк. часцях. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. З 1969 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1971 нач. Генштаба, 1-ы нам. міністра абароны СССР. У 1977—89 галоўнакамандуючы аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора (гл.Варшаўскі дагавор 1955). Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМЫ́,
у беларусаў і інш.слав. народаў хросныя бацькі (кум і кума), дзейныя асобы ў радзіннай абраднасці. У далёкім мінулым К. — выканаўцы рытуалу прыняцця нованароджанага ў род. З пашырэннем хрысціянства — тыя, што прымалі дзіця пасля абраду хрышчэння. У адносінах да дзіцяці яны выконвалі патранажныя функцыі. За К. бралі сваякоў і чужых людзей. У беларусаў разам з бабкай кум і кума адыгрывалі вял. ролю на радзінах. К. памагалі адзін аднаму ў с.-г. работах, адзначалі разам святы. Звычайна К. не мянялі за выключэннем, калі дзеці ў сям’і паміралі, тады за К. бралі маладых брата і сястру ці першых стрэчных раніцай на перакрыжаванні дарог. Традыцыі кумаўства захоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫЯ́НАВА (Настасся Фамінічна) (10.4.1872, в. Мяхеды Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.1979),
маці-патрыётка, 5 сыноў якой загінулі ў барацьбе з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну; малодшаму з іх П.І.Купрыянаву прысвоена званне Героя Сав Саюза. У вайну яе сыны Валянцін і Сцяпан ваявалі на фронце ў Сав. Арміі; калі сыны Міхаіл, Уладзімір (памёр ад ран у 1949) і Пётр пайшлі ў партыз. атрад «Радзіма», знаходзілася ў партыз. зоне, дапамагала партызанам. Адна са старэйшых жанчын Беларусі (пражыла 107 гадоў). Стала правобразам гераіні Манумента ў гонар Маці-патрыёткі, пастаўленага ў г. Жодзіна (1975). Ганаровая грамадзянка Жодзіна (1972). У доме, дзе яна жыла, адкрыты музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫЗЫ́Л,
горад, сталіца Рэспублікі Тыва ў Рас. Федэрацыі, каля сутокаў рэк Вял. Енісей і М. Енісей, якія даюць пачатак Верхняму Енісею (р. Улуг-Хем). Канцавы пункт Усінскага тракту. Засн. ў 1914, да 1918 наз. Белацарск, да 1926 — Хем-Белдыр. 95,4 тыс.ж. (1996). Прыстань. Аэрапорт. З-д аўтаспецабсталявання, прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці. У раёне К. здабыча вугалю. Тывінскі НДІ мовы, гісторыі мовы і л-ры. Філіял Сіб. аддзялення Рас.АН. Пед.ін-т, філіялы краснаярскіх агр. ун-та і політэхн. ін-та. Муз.-драм. т-р. Філармонія. Краязнаўчы музей. У К. — геагр. цэнтр Азіі, на беразе р. Улуг-Хем — манумент «Цэнтр Азіі» (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮЧУ́К-КАЙНАРДЖЫ́ЙСКІ МІР 1774.
Заключаны паміж Расіяй і Турцыяй 21.7.1774 у в. Кючук-Кайнарджа (каля г. Сілістра, Балгарыя). Завяршыў рус.-тур. вайну 1768—74. Ануляваў Бялградскі мірны дагавор 1739. Устанавіў граніцу Расіі на Паўн.-Зах. Каўказе па р. Кубань, прызнаў незалежнасць Крымскага ханства ад Асманскай імперыі, права рас.гандл. караблёў бесперашкодна плаваць па Чорным м. і праходзіць праз пралівы Басфор і Дарданелы, далучэнне да Рас. імперыі чарнаморскага ўзбярэжжа з крэпасцямі Керч, Енікале (побач з Керчу), Кінбурн, захаванне ў складзе Расіі Вял. і Малой Кабарды, аўтаномію княстваў Малдовы і Валахіі і пераход іх пад апеку Расіі. Паводле сакрэтнага дадатку да дагавора Турцыя абавязалася выплаціць Расіі 4,5 млн.руб. кантрыбуцыі.