Як самастойны навук. кірунак узнікла ў 1950-я г. па ініцыятыве акад. У.А.Белага. У 1959 адкрыты Гомельскі філіял лабараторыі трываласці Ін-та машыназнаўства і аўтаматызацыі, у 1961 — лабараторыя тэхн. механікі Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі АН Беларусі. На іх базе ў 1964 створаны Аддзел механікі палімераў (з 1969 Ін-т механікі металапалімерных сістэм) АН Беларусі, з 1994 — Ін-т механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага Нац.АН Беларусі.
Прадметам механікі металапалімерных сістэм як класа кампазітаў з’яўляюцца мадэлі і метады іх апісання і прагнозу ўласцівасцей, разлік неаднародных матэрыялаў і канструкцый з палімернымі кампанентамі на дэфарматыўнасць і трываласць. Даследаванні грунтуюцца на прынцыпах, метадах і тэрміналогіі механікі дэфармаванага цвёрдага цела, фізікі палімераў і фіз.-хім. механікі матэрыялаў. Традыцыйнымі і прызнанымі кірункамі з’яўляюцца: фундаментальнае вывучэнне напружана-дэфармацыйнага стану ў аб’ёме палімера і на мяжы падзелу «палімер—метал», вызначэнне нясучай здольнасці і рэсурсу адгезійных спалучэнняў і трыбаспалучэнняў, комплекснае даследаванне новых матэрыялаў у розных агрэгатных станах і знешніх умовах, абгрунтаванне аптымальных матэрыялазнаўчых, тэхнал. і канстр. параметраў металапалімерных сістэм на стадыі праектавання.
Распрацоўваюцца метады разліку і канструявання дэталей і вузлоў машын (В.В.Мажароўскі, В.Я.Старжынскі), навук. асновы фарміравання матэрыялаў і канструкцый на аснове драўніны і палімераў (Б.І.Купчынаў); даследуецца адгезійнае ўзаемадзеянне палімераў і металаў (А.Р.Юркевіч), рэлаксацыя напружанняў і «эфект памяці» палімераў (Ю.М.Плескачэўскі), дыскрэтны кантакт дэфармуемых цел (М.К.Мышкін, М.І.Петракавец, А.І.Свірыдзёнак).
У апошнія гады значна пашырылася метадалогія (нелінейная тэорыя, варыяцыйныя прынцыпы, дыскрэтныя метады, мезааналіз, зондавая мікраскапія) і прадметная галіна механікі металапалімерных сістэм. Разам з эксперым. вывучэннем і матэм. апісаннем традыцыйных палімерных кампазітаў распрацаваны мадэлі адаптыўных матэрыялаў і біякампазітаў, якія маюць прыкметы больш складаных, «інтэлектуальных» паводзін. Выкананы структурна-функцыянальны аналіз і дадзена класіфікацыя неаднародных матэрыялаў, уведзена паняцце структуры з рухомымі міжфазнымі межамі, вывучаны мех. ўласцівасці і прыстасавальныя рэакцыі штучных і біял. кампазітаў (Л.С.Пінчук, Ю.М.Плескачэўскі, С.В.Шылько).
За даследаванні ў галіне фрыкцыйных матэрыялаў на аснове палімераў групе супрацоўнікаў ін-та (У.А.Белы — кіраўнік, Э.Я.Канавалаў, В.Р.Карэцкі, Б.І.Купчынаў, В.Г.Саўкін, А.І.Свірыдзёнак, В.Я.Старжынскі, С.В.Шчарбакоў) прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Літ.:
Белый В.А., Егоренков Н.И., Плескачевский Ю.М. Адгезия полимеров к металлам. Мн., 1971;
Макаревич А.В., Пинчук Л.С., Гольдаде В.А. Электрические поля и электроактивные материалы в биотехнологии и медицине. Гомель, 2003;
Пинчук Л.С., Николаев В.И., Цветкова Е.А. Эндопротезирование суставов: технические и медико-биологические аспекты. Гомель, 2003;
Шаповалов В.М., Тартаковский З.Л. Многокомпонентные полимерные системы на основе вторичных материалов. Гомель, 2003;
Технология производства и методы обеспечения качества зубчатых колес и передач. Мн.; Гомель; СПб., 2003; Шилько С.В., Плескачевский Ю.М. Механика адаптивных материалов и биотканей. Мн., 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІКА ЦВЁРДАГА ДЭФАРМАВАНАГА ЦЕЛА
На Беларусі пачала вывучацца ў Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі (ФТІ) пад кіраўніцтвам С.І.Губкіна. Развіваючы фіз.-хім. кірунак навукі аб пластычнасці, С.І.Губкін стварыў асновы тэорыі дэфармаванасці металаў і сплаваў. У ФТІ даследаваліся праблемы, звязаныя з цячэннем жорстка-пластычнага матэрыялу, з асаблівасцямі напружана-дэфармаванага стану ў пераходных зонах (Я.М.Макушок, В.П.Севярдэнка, У.М.Сегал). Развіваліся метады: муаравых палос; выяўлення ліній слізгання з выкарыстаннем муаравага эфекту; даследавання зруху ў нераўнацэнных палях ліній слізгання; вымярэння нармальных і датычных напружанняў кропкавымі месдозамі; назапашвання арыентаванай дэфармацыі праз паўторны зрух. Атрыманы новыя аналітычныя рашэнні для аналізу трэння слізгання і качэння, на падставе якіх пабудавана тэорыя трэння пластычных цел.
Даследаваны працэсы валачэння і прасавання, заканамернасці фарміравання структуры паверхневых слаёў пры пластычнай дэфармацыі, устаноўлена колькасная сувязь паміж ступенню пластычнай дэфармацыі і скажэннем структуры паверхневага слоя, паказаны ўплыў умоў на кантактавай паверхні на мех. ўласцівасці дэфармаванага металу (Л.І.Гурскі, В.П.Севярдэнка). Даследаваны ўмовы пластычнасці пры розных тэмпературна-скарасных рэжымах дэфармавання металаў і сплаваў. Устаноўлены заканамернасці дэфармацыйнага ўмацавання ў залежнасці ад мех. схем формазмены (М.І.Калачоў, В.П.Севярдэнка). Вывучаны: працэс дэфармацыі ліставых металаў пад уздзеяннем імпульсных нагрузак, заканамернасці перамяшчэння загатоўкі пад дзеяннем ціску прамой і адбітай хвалі, нагружэнне патокам кавітуючай вадкасці і квазістатычным ціскам. Распрацавана методыка разліку універсальных камер, якая дае магчымасць выбіраць умовы найб. эфектыўнага выкарыстання розных механізмаў нагружэння (В.М.Чачын). Створана матэм. тэорыя анізатропнага трэння, даследавана ўзаемадзеянне кола і гусеніцы з грунтам (Ф.А.Апейка). Атрыманы новыя прадстаўленні агульных формул і рашэнні асн. гранічных задач аб знаходжанні тэмпературных палёў і напружанняў у ізатропных і анізатропных неаднародных целах. Прапанаваны спец. прадстаўленні комплексных патэнцыялаў тэмпературнага поля і напружана-дэфармаванага стану пругкіх цел (Ю.У.Васілевіч, М.А.Жураўкоў, М.І.Кулак, І.С.Кулікоў, В.В.Мажароўскі, М.Дз.Мартыненка, Э.І.Старавойтаў). З пазіцый механікі суцэльных асяроддзяў даследаваны з’явы кумуляцыі, хвалеўтварэння, умацавання, фазавых ператварэнняў, што адбываюцца ў працэсе прыкладвання ўдарных нагрузак. Удасканалена тэорыя і практыка працэсаў зваркі, кансалідацыі і ўдарнай тэрмамеханічнай апрацоўкі выбухам пры атрыманні новых і кампазіцыйных матэрыялаў (Г.С.Смірноў). Распрацаваны новыя варыяцыйныя і аператарныя метады рашэння задач матэм. і прыкладной тэорыі пругкасці (А.Я.Крушэўскі), пластычнасці і нелінейнай механікі разбурэння (В.А.Ібрагімаў); метады ўсярэднення для рашэння прамых і адваротных задач распаўсюджвання хваль у неаднародных асяроддзях (А.У. і Ю.У. Чыгаравы).
Літ.:
Северденко В.П., Гурский Л.И. Структура в объеме и на поверхности прокатных материалов. Мн., 1972;
Сегал В.М., Макушок Е.М., Резников В.И. Исследование пластического формоизменения металлов методом муара. М., 1974;
Макушок Е.М. Механика трения. Мн., 1974;
Прусов И.А. Метод сопряжения в теории плит. Мн., 1975;
Яго ж. Термоупругие анизотропные пластинки. Мн., 1978;
Василевич Ю.В. О формах решения уравнений упругости и термоупругости для трехмерных анизотропных тел // Актуальные проблемы динамики и прочности в теоретической и прикладной механике. Мн., 2001;
Журавков М.А. Математическое моделирование деформационных процессов в твердых деформируемых средах. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛОГІЯ І КЛІМАТАЛОГІЯ
Фарміраванне сеткі метэаралагічных станцый на тэр. Беларусі пачалося ў пач. 19 ст. У ліку першых станцыі створаны ў Магілёве (1809), Віцебску (1810), Брэсце (1834), Бабруйску і Свіслачы (1836), Горках (1841), Мінску (1849). Матэрыялы іх назіранняў публікаваліся ў штогодніках Гал.фіз. абсерваторыі (з 1924 Гал.геафіз. абсерваторыя). У выніку зах. экспедыцыі па асушэнні балот на Палессі арганізаваны станцыі ў Пінску (1871) і Васілевічах (1878). Па ініцыятыве Паўн.-Зах. аддзела Геагр.т-ва створаны метэаралаг. станцыі ў Маладзечне (1870), Слоніме (1872), Полацку (1885), Гомелі (1891). Даныя назіранняў гэтых станцый абагульнены ў працах А.І.Ваейкава («Клімат Палесся», 1899). У канцы 19 ст. створаны метэастанцыі ў Баранавічах, Барысаве, Мазыры, Калінкавічах, Лепелі, Сянне, Дрысе (зараз Верхнядзвінск), Мар’інай Горцы, Стоўбцах, Чэрыкаве, Чачэрску, Асіповічах, Лідзе, Пружанах. У 1-й пал. 20 ст. амаль уся тэр. Беларусі пакрыта сеткай метэастанцый. На шматгадовых матэрыялах іх даследаванняў А.І.Кайгарадавым закладзены асновы кліматалогіі, метэаралогіі і службы надвор’я Беларусі, складзены «Кліматычны атлас Беларусі» (1927). У пасляваенныя гады ў Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі створаны аддзелы клімату, аграметэаралогіі, актынаметрыі, атмасфернай оптыкі, гідралогіі і сіноптыкі; вывучана размеркаванне паступлення сонечнай радыяцыі і радыяцыйнага балансу на тэр. рэспублікі, альбеда с.-г. культур, радыяцыйны рэжым у лесе, асветленасць і паступленне фотасінтэтычна актыўнай сонечнай радыяцыі, даследаваны клімат абл. гарадоў, выдадзены кліматычныя і агракліматычныя даведнікі і інш.
Найб. поўнае і глыбокае абагульненне дадзеных метэаназіранняў ажыццявіў А.Х.Шкляр, які прааналізаваў умовы ўвільгатнення на тэр. Беларусі ў перыяд вегетацыі культурных раслін, распрацаваў аптымальныя тэрміны сяўбы с.-г. культур, зрабіў агракліматычнае раянаванне і інш.
У 1970—90-я г. распрацавана методыка арганізацыі і правядзення мікракліматычных даследаванняў прыродных і прыродна-антрапагенных геасістэм. Вывучаны фітаклімат, клімат глебы і прыземнага слоя паветра, цепла- і вільгацеабмен паміж імі, распрацавана методыка пабудовы буйнамаштабных мікракліматычных карт, выкарыстанне якіх дазваляе вырошчваць с.-г. культуры ў адпаведнасці з асаблівасцямі мікраклімату гаспадаркі і канкрэтнага поля (П.А.Каўрыга).
Фундаментальнае абагульненне матэрыялаў метэаралагічных назіранняў на аснове сучасных метадаў аналізу праведзена пад кіраўніцтвам В.Ф.Логінава. Даследавана выкарыстанне колькасных і матэматычных метадаў, камп’ютэрнага мадэліравання пры аналізе структуры гідраметэаралагічнага рэжыму Беларусі (Р.І.Сачок), аграэкалагічнае даследаванне клімату і кліматычных рэсурсаў (А.М.Вітчанка), метэаралагічныя асновы фарміравання экалагічных умоў (Л.М.Ражкоў). Шматбаковая характарыстыка клімату і яго рэсурснага патэнцыялу адлюстравана на 100 кліматычных і агракліматычных картах Нац. атласа Беларусі (2002).
Метэаралагічныя звесткі збіраюць і аналізуюць рэсп. цэнтры: гідраметэаралагічны, цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя, авіяцыйна-метэаралагічны, у складзе якіх 9 авіяметэаралагічных станцый, 6 абласных гідраметэастанцый, 33 метэастанцыі, 5 аграметэастанцый, 3 гідралагічныя станцыі, 137 гідралагічных пастоў, станцыя фонавага маніторынгу («Бярэзінскі біясферны запаведнік»), азёрная станцыя «Нарач», балотная станцыя «Палеская». Каардынуюцца даследаванні Дэпартаментам гідраметэаралогіі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Шкляр А.Х. Климатические ресурсы Белоруссии и использование их в сельском хозяйстве. Мн., 1973;
Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995;
Климат Беларуси. Мн., 1996;
Изменение климата и использование климатических ресурсов. Мн., 2001;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕНА І САНІТАРЫЯ
У 19 ст. на Беларусі праводзіліся адзінкавыя санітарна-гігіенічныя даследаванні па гігіене працы (Л.Я.Поляк), школьнай (В.Л.Лунц) і жыллёвай гігіене (П.Н.Гамаля і інш.). Навук. асновы гігіены і санітарыі закладзены ў 1920-я г., калі заснаваны санітарна-бактэрыялагічны НДІ у Віцебску (1921), НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (1924) і санітарна-гігіенічны (1927) у Мінску, кафедры гігіены на мед. ф-це БДУ, у Віцебскім мед. ін-це і Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Развіццё гэтай галіны звязана з працамі П.В.Астапені, С.Ю.Бусловіча, Дз.П.Бяляцкага, Г.Г.Вінберга, М.А.Габрыловіча, І.Б.Кардаша, З.К.Магілеўчыка, М.А.Мухіна, І.А.Чахоўскага і інш. У пасляваенныя гады значна большая ўвага аддавалася рацыянальным метадам санітарна-гігіенічнага абслугоўвання насельніцтва, гігіене і фізіялогіі працы ў розных галінах прамысловасці, даследаванню праблем аховы навакольнага асяроддзя, жыллёвага будаўніцтва і інш. У наш час пытанні гігіены і санітарыі распрацоўваюцца ў санітарна-гігіенічным НДІ, Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у Рэсп. навукова-практ. цэнтры гігіены Мін-ва аховы здароўя, у мед. ун-тах і інш.ВНУ. Даследуюцца прыродныя і антрапагенныя фактары навакольнага асяроддзя і сац. ўмовы, якія ўплываюць на здароўе чалавека (метадалагічныя аспекты экалагічна абумоўленых захворванняў чалавека, выяўленне ўплыву забруджвання атмасфернага паветра вуглевадародамі, сац.-гігіенічны маніторынг і інш.). Распрацоўваюцца метады экспрэс-ацэнкі сумарнай мутагеннай актыўнасці і агульнай таксічнасці вод паверхневых вадацёкаў, даецца гігіенічная ацэнка эфектыўнасці новых тэхналогій па ачыстцы і абеззаражванні пітных і сцёкавых вод. Перагледжаны нарматывы якасці атмасферы з улікам новых таксікалагічных, эпідэміялагічных, біяхім. даных; ствараюцца камп’ютэрныя інфармацыйна-мадэлявальныя сістэмы для ацэнкі рызыкі мнагафактарнага ўплыву навакольнага асяроддзя на арганізм чалавека і інш. У рашэнні гэтых пытанняў прымалі ўдзел П.А.Амвросьеў, В.В.Драбеня, В.І.Ключановіч, А.Г.Кокіна, Т.К.Навуменка, І.Р.Першын, А.П.Русяеў, С.М.Сакалоў, В.П.Філонаў, П.А.Чабатароў. На кафедрах гігіены Мінскага, Гродзенскага, Віцебскага, Гомельскага мед. ун-таў, Рэсп. навукова-практ. цэнтра гігіены даследуюцца пытанні па гігіене дзяцей і падлеткаў. Вядзецца маніторынг стану здароўя дзяцей, пераселеных з забруджаных радыенуклідамі раёнаў; школьнікаў навуч. устаноў рознага тыпу. Вывучана залежнасць паміж станам навакольнага асяроддзя і здароўем дзяцей, распрацоўваюцца тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па фіз. выхаванні дзяцей і падлеткаў, гігіенічнае абгрунтаванне планіроўкі дзіцячых і падлеткавых устаноў, нормы рацыянальнага харчавання з улікам экалагічнага стану рэгіёнаў і інш. Вядучыя спецыялісты ў галіне гігіены дзяцей і падлеткаў Н.А.Болдзіна, А.М.Давыдок, А.А.Крукава, Ж.М.Лабадаева, Г.В.Лаўрыненка, Н.Ц.Лебедзева, Н.Ф.Фарыно, А.І.Шпакаў.
Літ.:
Современные проблемы гигиенической науки и практики // Сб. материалов объединенного пленума Респ. проблемной комиссии по гигиене и Правления Бел. науч. о-ва гигиенистов. Мн., 2000;
Материалы научно-практ. конф. «75 лет санитарно-эпидемиологической службе Республики Беларусь». Мн., 2001;
сярэ́дняя шко́ла Míttelschule f -, -n; Óberschule f;
сярэ́дняя адука́цыяпед. Míttelschulbildung f -;
сярэ́днія вякі́гіст. Míttelalter n -s
Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)
ВЫШЭЙШАЯ АДУКАЦЫЯ.
У часы ВКЛ вышэйшую адукацыю атрымлівалі ў Віленскай акадэміі, Ягелонскім (Кракаўскім) ун-це і замежных ун-тах. Першая вышэйшая навуч. ўстанова на тэр. Беларусі — Гродзенская мед. акадэмія (1775—81), якая дала пачатак развіццю мед. адукацыі на Беларусі. У 1812—20 дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія. У 1848—64, 1919—25 працаваў Горы-Горацкі земляробчы ін-т — першая ў Расіі вышэйшая агранамічная навуч. ўстанова У 1911 у Віцебску створана аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та (з 1918 Віцебскі археал.ін-т, існаваў да 1923). У 1910 заснаваны Віцебскі (з 1995 Віцебскі ун-т), у 1913 Магілёўскі (з 1997 Магілёўскі ун-т), настаўніцкія ін-ты, пераўтвораныя ў 1918 у пед. ін-ты. У 1920 засн.Бел.політэхн.ін-т(з 1991 Бел політэхн. акадэмія, з 2002 Бел.нац.тэхн.ун-т). У 1921 у Мінску засн.БДУ. У 1922 засн.Бел.ін-т сельскай гаспадаркі, які ў 1925 далучаны да Горы-Горацкага земляробчага ін-та, і створана Бел.с.-г. акадэмія. У 1920—30-я г. адчынены Віцебскі вет.ін-т (1924; з 1994 Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны), лесатэхн. ін-т у Гомелі (1930; з 1945 у Мінску; з 1961 Бел.тэхнал.ін-т; з 1993 Бел.тэхнал.ун-т), мінскія энергетычны, хіміка-тэхналагічны, будаўнічы (1930), харч. прам-сці, тарфяны (1931) ін-ты, якія ў 1933 увайшлі ў склад Бел.політэхн. ін-та, Мінскі мед.ін-т (1930; з 2002 Бел.мед.ун-т), Мінскі пед.ін-т (1931; з 1993 Бел.пед.ун-т), Бел. кансерваторыя (1932; з 1992 Бел. акадэмія музыкі), Гомельскі пед.ін-т (1933; з 1988 Гомельскі ун-т), Віцебскі мед.ін-т (1934; з 2002 Віцебскі мед.ун-т), Бел.ін-тфіз. культуры (1937; з 1993 Акадэмія фіз. выхавання і спорту) і інш.
У 1932 на Беларусі былі 32 ВНУ (10,1 тыс. студэнтаў), у т. л. 9 тэхн.ВНУ; дзейнічаў 51 рабфак. У 1940/41 навуч.г. працавала 25 ВНУ (21,5 тыс. студэнтаў). На 10 тыс. насельніцтва прыпадалі 24 студэнты. У гады Вял Айч вайны ВНУ Беларусі спынілі работу. У 1944/45 навуч.г. працавалі 12 ВНУ (5,1 тыс. студэнтаў), у 1945/46—24 (12,8 тыс. студэнтаў). Створаны Гродзенскі пед.ін-т (1944; з 1978 Гродзенскі ун-т), Бел. тэатральны ін-т (з 1945; з 1953 тэатральна-мастацкі ін-т, з 1991 Бел. акадэмія мастацтваў), Мінскі пед.ін-т замежных моў (1948; з 1993 Мінскі лінгвістычны ун-т), Брэсцкі пед.ін-т (1950; з 1995 Брэсцкі ун-т), Гродзенскі с.-г.ін-т (1951; з 1997 Гродзенскі агр.ун-т), Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (1953; Гомель; з 1993 Бел.ун-т транспарту), Бел.ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1954; з 1992 Бел.агр.тэхн.ун-т), Мінскі радыётэхн. ін-т (1964; з 1993 Бел.ун-т інфарматыкі і радыёэлектронікі), Віцебскі тэхнал.ін-т лёгкай прам-сці (1965; з 1995 Віцебскі тэхнал.ун-т), Наваполацкі політэхн.ін-т (1974; з 1993 Полацкі ун-т) і інш. У 1975 на базе ф-та бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага пед. ін-та і ф-та культ.-асв. работы Бел.тэатр.-маст. ін-та засн. Мінскі ін-т культуры (з 1993 Бел ун-т культуры).
У 1995/96 навуч.г.навуч. і навук. работу па 200 спецыяльнасцях праводзілі 39 дзярж.ВНУ (ун-таў, акадэмій, ін-таў, вышэйшых каледжаў), у якіх навучалася 174,2 тыс. студэнтаў, і 20 недзярж. ВНУ — 23,2 тыс. студэнтаў (гл.табл. 4). Вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па новых спецыяльнасцях: класічныя мовы і л-ра (лац., грэч.), японская і кітайская мовы, камерц. дзейнасць на рынку тавараў і паслуг, метралогія, перспектыўныя кірункі псіхалогіі (паліт. псіхалогія, этнапсіхалогія і інш.), стандартызацыя і сертыфікацыя, тэхналогія і паліграф.вытв-сць і інш. Рэфармаванне вышэйшай школы ідзе ў кірунку паступовага пераходу да шматузроўневай сістэмы вышэйшай адукацыі: 1-ы ўзровень — падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (4—5 гадоў), 2-і — паглыбленая падрыхтоўка (1—2 гады). Першы ўзровень прадугледжвае магчымасць атрымання адначасова з вышэйшай адукацыяй акад. ступені бакалаўра; другі — паглыбленую падрыхтоўку спецыялістаў у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці і атрыманне пры дадатковым навучанні акад. ступені магістра. Вядзецца распрацоўка стандартаў адукацыі, якія з’яўляюцца базай для атэстацыі і акрэдытацыі навуч. устаноў, статуса дыплома аб адукацыі, яго эквівалентнасці за межамі Беларусі. Вядучая навук. ўстанова Беларусі па псіхал.-пед. і сацыяльна-эканам. даследаваннях — Нацыянальны інстытут адукацыі, на базе якога з мэтай каардынацыі навук. даследаванняў створаны Каардынацыйны савет па навук. даследаваннях у сферы адукацыі (1993).
У 2003 атрыманне вышэйшай адукацыі забяспечвалі 43 ВНУдзярж. формы ўласнасці (279,2 тыс. студэнтаў) і 16 ВНУ недзярж. формы ўласнасці (58,6 тыс. студэнтаў; на 10 000 насельніцтва прыпадалі 343 студэнты). З 43 дзярж.ВНУ 28 з’яўляюцца ун-тамі, 8 — акадэміямі, 2 — ін-тамі, 5 — вышэйшымі каледжамі.
Новая структура вышэйшай адукацыі замацоўваецца ў сістэме ступеней, уключаючы бакалаўрыят і магістратуру. Пры гэтым захоўваецца сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Развіваюцца інтэнсіўныя метады навучання, сістэма рэйтынгавай ацэнкі і атэстацыі студэнтаў, заснаваныя на выкарыстанні інфарм. тэхналогій, дыстанцыйнага навучання. Пераход да 12-гадовай поўнай сярэдняй адукацыі стварае перадумовы паступовага пераходу да 2-ступеньчатай вышэйшай адукацыі, дзе 1-я ступень будзе мець 4-гадовы тэрмін навучання на базе 12-гадовай школы (сёння 11 школьных плюс 5 гадоў вышэйшай школы, заўтра — 12 школьных плюс 4 гады вышэйшай школы). Гэта адпавядае плануемаму пераходу еўрапейскай вышэйшай школы да 4-гадовай вышэйшай адукацыі да 2008—2010 на базе 12—13-гадовай школы.
Інтэграцыя вышэйшай адукацыі з фундаментальнай і прыкладной навукай, стварэнне адзінай інфарм. прасторы адукацыі і навукі забяспечваюць далейшае развіццё н.-д. дзейнасці ў ВНУ, яе арыентацыю на эканам. і сац. прагрэс, укараненне найноўшых інфарм. тэхналогій. Прадугледжана далейшае развіццё сістэмы падрыхтоўкі навуковых і навук.-пед. кадраў: школа — ВНУ — магістратура — аспірантура — дактарантура, укараненне новых форм конкурснага фінансавання н.-д. работы студэнтаў, аспірантаў і дактарантаў.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Антология педагогической мысли Белорусской ССР. Мн., 1986;
На пути к реформе школы: структура и содержание образования. Мн., 1997;
Снапкоўская С.В. Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі. Мн., 1995;
Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пач. XX ст.Мн., 1998;
Латыш М.И. Образование на рубеже веков. 2 изд. Мн., 2000;
Кабуш В.Т. Гуманистическая воспитательная система. теория и практика. Мн., 2001;
Основные положения теории профессионального образования. Мн., 2003.
В.У.Чэчат.
Табліца 4 Установы, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі (на пачатак навуч. года)
1995/96
2000/01
2003/04
Колькасць навучальных устаноў — усяго
59
57
59
дзяржаўных
39
43
43
прыватных
20
14
16
Колькасць студэнтаў — усяго, тыс. чалавек
197,4
281,7
337,8
у т. л. ў навуч. установах:
дзяржаўных
174,2
245,1
279,2
з іх навучаюцца на аддзяленнях:
дзённых
115,6
153,9
164,7
завочных
56,5
88,9
112,7
прыватных
23,2
36,6
58,6
На 10 000 насельніцтва прыпадала студэнтаў
194
282
343
у т. л. ў дзяржаўных навуч. установах
171
245
283
Колькасць прафесарска-выкладчыцкага персаналу (штатны персанал)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,
1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — з Зах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.
На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас.Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.
2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).
Літ.:
Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМІРО́ВІЧ-ДА́НЧАНКА Уладзімір Іванавіч (23.12.1858, г. Азургеты, Грузія — 25.4.1943),
расійскі рэжысёр, драматург, рэфарматар і тэарэтык т-ра. Нар.арт.СССР (1936). Вучыўся на фіз.-матэм. і юрыд. ф-тах Маскоўскага ун-та (1876—79). З 1877 выступаў як тэатр. крытык і пісьменнік. Аўтар п’ес «Апошняя воля» (1888), «Новая справа» (1890), «Золата» (1895), «Цана жыцця» (1896), «У марах» (паст. 1901). Незадаволены станам рас.сцэн. мастацтва канца 19 ст., прапанаваў рэформы, каб пазбавіць сцэну ад пошлага рэпертуару, ідэйнага застою, руціны і штампаў акцёрскага выканання, але яго праекты адхіляла дырэкцыя імператарскіх т-раў. З 1891 працаваў у Маскоўскім філарманічным т-ве. У 1898 з К.Станіслаўскім заснаваў Маскоўскі мастацкі тэатр (МХТ; з 1919 Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр) якімі кіраваў. У трупу т-ра ўвайшлі многія яго выхаванцы па драм. аддзяленні філарманічнага т-ва (В.Кніпер-Чэхава, І.Масквін, У.Меерхольд). У праграмных спектаклях «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901) і «Вішнёвы сад» (1904) А.Чэхава, «На дне» М.Горкага (1902), пастаўленых з Станіслаўскім, былі рэалізаваны ідэі рэв. пераўтварэння сцэны. Ажыццяўляў прынцып маст. цэласнасці пастаноўкі, сцвярджаў вядучую ролю рэжысёра як інтэрпрэтатара замыслу драматурга і стваральніка спектакля. Гал. месца ў рэпертуары МХТ займалі тагачасныя драмы Чэхава і М.Горкага, творы Г.Ібсена, Г.Гаўптмана. Пры іх увасабленні дамагаўся тонкасці псіхал. аналізу, раскрываў падтэкст, ствараў атмасферу і настрой кожнай карціны, што надавала мастацтву т-ра жыццёвасць, спалучала яго творчасць з дэмакр. імкненнямі прагрэс.рус. інтэлігенцыі. Сярод найб. значных рэжысёрскіх работ дарэв. перыяду — «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра (1903), «Анатэма» Л.Андрэева (1909), «Браты Карамазавы» і «Мікалай Стаўрогін» паводле Ф.Дастаеўскага (1910, 1913), «Жывы труп» Л.Талстога (1911, са Станіслаўскім), «Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына (1914). У сав. час рэарганізаваў і абнавіў т-р; паставіў «Пугачоўшчыну» К.Транёва (1925), «Блакаду» У.Іванава (1929), плённа ўвасабляў рус. класіку: «Уваскрэсенне» (1930) і «Ганна Карэніна» (1937) паводле Л.Талстога, «Навальніца» А.Астроўскага (1934), «Тры сястры» (новая рэдакцыя 1940). Пастаноўка п’есы «Ворагі» М.Горкага (1935) прадэманстравала сінтэз «трох успрыманняў», якія сцвярджаў Н.-Д.: сац., псіхал. і тэатральнага. Такі сінтэз, на яго думку, з’яўляўся абавязковай умовай высокай мастацкасці і ідэйнай насычанасці спектакля. У 1919 ён арганізаваў пры МХТ муз. студыю (з 1926 Муз.т-р імя Н.-Д., з 1941 Муз.т-р імя Станіслаўскага і Н.-Д.). Найб. значныя пастаноўкі ў муз. т-ры: «Лісістрата» Арыстафана (1923), «Травіята» Дж.Вердзі, «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (абедзве 1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939). У 1944 у Маскве ў доме, дзе ў 1938—43 жыў Н.-Д., створаны яго музей-кватэра. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1943.
Тв.:
Из прошлого. М., 1936;
Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;
Пьесы. М., 1962;
Режиссерский план постановки трагедии Шекспира «Юлий Цезарь». М., 1964;
Рецензии. Очерки. Статьи. Интервью. Заметки, 1877—1942. М., 1980;
Рождение театра. М., 1989;
Святые горы. Донецк, 1990.
Літ.:
Марков П.А. Режиссура В.И.Немировича-Данченко в музыкальном театре. М., 1960;
Фрейдкина Л.М. Дни и годы В.И.Немировича-Данченко: Летопись жизни и творчества. М., 1962;
В.И.Немирович-Данченко ведет репетицию. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЫ́ЗМ (франц. tourisme ад tour прагулка, паездка),
падарожжа (паход, паездка) у вольны час, адзін з відаў актыўнага адпачынку; від спорту. Спалучае розныя віды рэкрэацыйнай дзейнасці (гл.Рэкрэацыя) — аздараўленне, пазнанне, узнаўленне прадукцыйных сіл чалавека і інш. Т. — састаўная ч. аховы здароўя, фіз. культуры, сродак духоўнага, культ. і сац. развіцця асобы. Паводле напрамкаў турысцкіх патокаў падзяляецца на ўнутр. (нацыянальны), у межах адной краіны, і знешні, міжнародны. У залежнасці ад мэты падарожжаў вылучаюць Т. спарт., рэкрэацыйны і пазнавальны. Адрозніваюць арганізаваны Т. — падарожжа па праграме, абумоўленай турысцкай арганізацыяй (установай) з прадастаўленнем комплексу паслуг, і неарганізаваны (самадзейны) — падарожжа паводле плана самога турыста на аснове самаабслугоўвання.
Спартыўны Т. ажыццяўляецца пешкі, на лыжах, веласіпедах, матацыклах, вёславых і ветразевых суднах і інш. Турысцкія паходы падзяляюць на 6 катэгорый складанасці. якія абумоўліваюцца даўж. маршруту, колькасцю і характарам прыродных перашкод і інш., маюць адпаведную тэхніку і тактыку пераадолення маршрутаў. Экскурсійны Т. ажыццяўляецца на аўтамабілях, цягніках, водных і паветр. суднах і інш., без актыўных форм руху. Яго сутнасць — наведванне адметных чым-небудзь месцаў, агляд культ., гіст., прыродных і інш. славутасцей. Міжнар. Т. развіваецца з сярэдзіны 19 ст., з 2-й пал. 20 ст. набыў масавы характар. Т. з’яўляецца самастойнай галіной эканомікі большасці краін свету ў невытв. сферы, прадпрыемствы і арг-цыі якой задавальняюць патрэбы турыстаў у матэрыяльных і нематэрыяльных паслугах. Прадукцыя Т. — комплексная паслуга (т.зв. тур), якая ўключае ў якасці ўзаемазвязаных элементаў паслугі транспарту, гасцінічнай гаспадаркі, гандлю, у т. л. харчаванне, экскурсійных, культурна-відовішчных, спарт., лячэбна-аздараўленчых, быт. і інш. устаноў і прадпрыемстваў. Адрозненні у мэтах падарожжаў і спосабах іх арганізацыі абумоўліваюць існаванне розных па функцыях прадпрыемстваў (гасцініцы. турысцкія базы, матэлі, пансіянаты і інш.) і спецыялізацыю турысцкіх устаноў, якія ўлічваюць у праграмах абслугоўвання асаблівасці відаў Т., спосабы арганізацыі падарожжаў, узроставыя, прафесійныя і інш. асаблівасці кліентуры. У эканоміцы многіх краін, асабліва Еўропы і Афрыкі, Т. займае адно з вядучых месцаў. Т. садзейнічае мэтам аховы прыроды, з’яўляецца экалагічна эфектыўнай галіной эканомікі.
На Беларусі турысцкі рух пачаў фарміравацца ў 1920-я г. Аматарскі Т. актывізаваўся з канца 1950-х г. Першы злёт турыстаў адбыўся ў 1959 (пас. Зялёнае Мінскага р-на). З 1964 праводзяцца спаборніцтвы па асобных відах Т. (арыентаванне на мясцовасці, пешаходны, водны, лыжны, веласіпедны, аўтамотатурызм, спелеатурызм і інш.). Створаны і працуюць рэсп. і абл. турысцкія арг-цыі, турысцкія клубы і фірмы, якія займаюцца арганізацыяй Т. і адпачынку. Распрацаваны туры і маршруты падарожжаў па Беларусі і ў інш. краіны. Напр., у 2000 Беларусь наведалі 48 тыс. замежных турыстаў; беларусы зрабілі каля 1,2 млн. паездак у інш. краіны. У рэспубліцы функцыянуе каля 250 гасцініц, турысцкіх баз, матэляў і інш. з агульнай умяшчальнасцю каля 26 тыс. месцаў (2000). У сістэме адукацыі дзіцяча-юнацкі Т. развіваецца з 1920—30-х г. З канца 1940 — пач. 1950-х г. працуюць Рэсп. і абл. станцыі юных турыстаў. Першы рэсп. турысцкі злёт (паход) вучняў адбыўся ў 1957. З 1992 штогод праводзяцца спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагабор’і ў асобных відах турызму, з 1999 — турысцкія злёты сярод розных катэгорый вучняў і студэнтаў. Выдаюцца час. «Падарожнік», газ. «Туризм и отдых». Сярод арганізатараў і ветэранаў турысцкага руху — П.Н.Багданаў, М.З.Гальчун, У.І.Ганапольскі, Ю.М.Кокараў, Ф.В.Наркевіч, Г.А.Новікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯ́ЖКАЯ АТЛЕ́ТЫКА,
від спорту; спаборніцтвы ў падыманні цяжару (штангі) у розных вагавых катэгорыях. Задача спартсмена — падняць і зафіксаваць над галавой штангу як мага большай масы. Штанга складаецца са стальнога стрыжня (грыфа) і набору стальных дыскаў масай ад 2,5 да 25 кг, якія надзяваюць на грыф з 2 бакоў і замацоўваюць на ім спец. замкамі. Сучасная праграма афіц. спаборніцтваў (з 1973) уключае 2 практыкаванні: рывок і штуршок дзвюма рукамі (пры рыўку штанга падымаецца з памоста ўверх на выпрастаныя рукі адным бесперапынным рухам, пры штуршку ў 2 прыёмы: пад’ём на грудзі і штуршок ад грудзей уверх). Вынікі рэгіструюцца ў кожным з практыкаванняў і па суме 2 практыкаванняў. На выкананне кожнага практыкавання даецца 3 падыходы (спробы).
Фіз. практыкаванні з цяжарамі вядомы са стараж. часоў. Афіц. спаборніцтвы ў падняцці цяжараў упершыню праведзены ў ЗША у 1860-я г. У Еўропе ў пач. 1870-х г. у Парыжы і Бруселі засн. школы Ц.а. Да пач. 20 ст. да Ц.а. адносілі бокс, барацьбу, падняцце цяжару (гіры і інш.), культурызм. Сучаснае тлумачэнне тэрміна «Ц.а.» з 1946. Да 1934 спартсмены спаборнічалі ў пяцібор’і (жым. дзвюма рукамі, рывок і штуршок — адной і дзвюма), у 1934—72 — у класічным трохбор’і (жым, рывок і штуршок дзвюма рукамі), з 1973 жым выключаны з праграмы афіц. спаборніцтваў. З 1920 у Ц.а. ўведзены 5 вагавых катэгорый (вага спартсмена) для ўдзельнікаў спаборніцтваў; з 1977—10 катэгорый, з 1998—8 катэгорый: да 56 кг, да 62, 69, 77, 85, 94, 105 і больш за 105 кг Першы чэмпіянат свету адбыўся ў 1891 (Лондан), першы чэмпіянат Еўропы — у 1896 (Ротэрдам). У 1912 засн.Сусв. цяжкаатлетычны саюз і зацверджаны правілы міжнар. спаборніцтваў; з 1920 дзейнічае міжнар. федэрацыя Ц.а. (ІВФ, IWF), аб’ядноўвае 167 краін (2000). З 1896 Ц.а. ў праграме Алімп. гульняў. Ha XXVII Алімп. гульнях (2000, г. Сідней. Аўстралія) упершыню спаборнічалі жанчыны (у 7 вагавых катэгорыях). У 1964—80 алімп. чэмпіён лічыўся адначасова і чэмпіёнам свету. Найб. развіта Ц.а. ў Расіі, Кітаі, Балгарыі, Турцыі, Грэцыі, Беларусі, Украіне, Венгрыі, Польшчы, ЗША і інш.
Развіццё Ц.а. на Беларусі пачалося ў 1913 (спарт.т-ва «Санітас»), У 1914 у Мінску адбыліся першыя афіц. спаборніцтвы. Пяршынствы Беларусі праводзяцца з 1924. З 1946 бел. цяжкаатлеты ў складзе зборнай каманды СССР удзельнічалі ў чэмпіянатах Еўропы, свету, Алімп. гульнях і інш. (Я.Новікаў — 1-ы сярод бел. цяжкаатлетаў чэмпіён Еўропы, 1957). Федэрацыя Ц.а. Беларусі створана ў 1988, прызнана ІВФ у 1992, еўрап. федэрацыяй Ц.а. (ЕВФ, EWF) у 1993, НАК у 1994; з 1997 існуе грамадскае аб’яднанне «Бел. цяжкаатлетычны саюз». Сярод найб. вядомых настаўнікаў бел. цяжкаатлетаў: засл. трэнеры СССР і Беларусі У.П.Галіца, А.В.Ганчароў, П.Я.Зубрылін, А.Л.Лабачоў, І.П.Лагвіновіч, Н.А.Лапідус, Б.Д.Левін, М.М.Рабікоўскі, Г.Ф.Рабаконь, П.І.Савіцкі, В.Я.Шаршукоў. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся Г.Аляшчук, А.Анішчанка, Г.Бацюшка — удзельніца Алімп. гульняў (2000, 8-е месца), Р.Белянкоў, В.Бяляцкі, А.Галубовіч, В.Дзербянёў, У.Емяльянаў, А.Кечко, Х.Курловіч, С.Лаўрэнаў, Р.Новікаў, В.Сіняк, Л.Тараненка, В.Харытончык, А.Чырыца, В.Шарый, В.Шэўчык.
Літ.:
Иванов Д.И. Сила самых сильных: Тяжелая атлетика на Олимпиадах. М., 1979;