ВАСЬМЯРЫ́К у архітэктуры, васьмівугольны ў плане будынак або яго частка. Форма васьмерыка характэрная для архітэктуры Візантыі, паўд. славян (Балгарыя), Арменіі, Грузіі і інш. У Зах. Еўропе вядомы ў раманскай архітэктуры, готыцы, найб. пашыраны ў стылях рэнесансу, барока і класіцызму. Васьмерыкі ў завяршэнні культавых пабудоў вядомы ў стараж.-рус. дойлідстве і звязаны з уплывам візант. архітэктуры.

На Беларусі ў 16—18 ст. у форме васьмерыка будавалі некаторыя вежы гарадскіх умацаванняў (у Віцебску вядомыя пад назвай «круглікаў»), замкаў, палацаў, ратушаў, а таксама культавыя будынкі (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы манастыроў і кляштараў. У 16—19 ст. пашырыліся камбінаваныя формы васьмерыка і чацверыка (васьмярык узвышаецца над чацверыком — вежа Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы, вежа-званіца касцёла ў г. Барысаў). У культавым дойлідстве форму васьмерыка звычайна мелі барабаны, якія ўзвышаліся над гал. аб’ёмамі (Магілёўская Мікалаеўская царква). У драўляным, пераважна культавым, дойлідстве 17—19 ст. форма васьмерыка ўзнікла пад уплывам стылю барока. Была найб. пашырана ў вырашэнні цэнтр. аб’ёмаў цэркваў (Слуцкая Міхайлаўская царква) або цэнтр. аб’ёму і званіцы (царква ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на). Для Палескай школы дойлідства 2-й пал. 18—19 ст. характэрна чаргаванне васьмерыкоў і чацверыкоў у вырашэнні аб’ёмаў храмаў і званіц (Рубельская Міхайлаўская царква). У 1950-я г. форма васьмерыка выкарыстоўвалася ў жылых і грамадскіх будынках пры вылучэнні зальных памяшканняў, а таксама ў завяршэннях асн. частак бельведэрамі і інш. элементамі.

Ю.А.Якімовіч.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕР ((Weber) Карл Марыя фон) (18.11.1786, г. Ойтын, Германія — 5.6.1826),

нямецкі кампазітар, дырыжор, піяніст, муз. пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў ням. муз. рамантызму, стваральнік ням. рамант. опернага т-ра. З1801 выступаў як піяніст і дырыжор у ням. гарадах. З 1813 дырыжор оперных т-раў у Празе, Дрэздэне. Оперы Вебера «Вольны стралок» (1821), «Эўрыянта» (1823), «Аберон» (1826) далі пачатак развіццю рамант. оперы 19 ст. У найб. папулярнай оперы «Вольны стралок» Вебер развіў традыцыі зінгшпіля, пераўтварыў і ўзбагаціў яго ў духу рамант. эстэтыкі. Опера «Эўрыянта», якая сродкамі вял. рамант. оперы ўвасабляе нац.-гераічныя ідэі, моцна паўплывала на развіццё ням. муз. т-ра. Як піяніст-віртуоз Вебер у фп. творах сцвярджаў бліскучы канцэртны стыль. Аўтар муз.-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, вершаў, рамана «Жыццё музыканта» (незакончаны, рус. пер. у час. «Советская музыка», 1935, № 7—8, 10).

Тв.:

10 опер, 9 кантат, у т. л. «Бітва і перамога» (1815);

5 мес, 2 сімфоніі, 3 уверцюры, канцэрты для розных інстр. з арк., у т. л. Канцэртшцюк для фп. з арк. (1821), камерна-інстр. ансамблі, у т. л. 6 санат для скрыпкі і фп.;

4 санаты і інш. п’есы для фп., у т. л. «Запрашэнне да танца» (1819);

хары, вак ансамблі, рамансы і песні, музыка да драм. спектакляў.

Літ.:

Кенигсберг А.К. Карл Вебер (1786—1826): Попул. моногр. 2 изд. Л., 1981;

Laux К. С.М. von Weber. Leipzig, 1986.

т. 4, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРПЕТАЛО́ГІЯ (ад грэч. herpeton паўзун + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае паўзуноў і земнаводных. Раней аб’ектам вывучэння герпеталогіі былі паўзуны, а раздзел, што вывучаў земнаводных, наз. батрахалогіяй. Герпеталогія цесна звязана з праблемамі агульнай біялогіі, экалогіі, біягеацэналогіі, зоагеаграфіі, паразіталогіі і інш. Развіццё герпеталогіі як самаст. раздзела заал. навукі найб. прыкметнае з пач. 20 ст. Вялікі ўклад зрабілі рус. Вучоныя А.Р.Баннікаў, І.С.Дрэўскі, А.М.Нікольскі, П.В.Цярэнцьеў, С.А.Чарноў.

На Беларусі амфібіі і рэптыліі ўпамінаюцца ў працах 18—19 ст. (А.М.Нікольскі, П.Г.Жачынскі, П.Баброўскі, І.Зяленскі, А.С.Дамбавецкі). Сістэматызаваныя звесткі пра герпетафауну ёсць у працах А.В.Фядзюшына (1927—32) і Ю.Ф.Сапажэнкава (1961). Шэраг пытанняў аб стане амфібій і рэптылій краіны адлюстраваны ў працах Ю.В.Дзьякава, Б.З.Галадушкі, Т.М.Курсковай, І.В.Жаркова, М.М.Пікуліка і інш. Найб. развіццё герпеталагічныя даследаванні атрымалі ў 1976—97 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Пікулік, В.А.Бахараў, С.У.Косаў, С.М.Драбянкоў, А.У.Хандогій, Л.У.Косава, К.К.Рыжэвіч і інш.), праводзяцца таксама на кафедрах заалогіі ВНУ і навук. аддзелаў запаведнікаў і нац. паркаў. Дадзена характарыстыка сучаснага стану фауны амфібій і рэптылій Беларусі, параметраў яе біял. разнастайнасці, пашырэння межаў арэалаў відаў, біятыпічнага размеркавання і колькасці, асаблівасцей размнажэння, развіцця і ландшафтнай дыферэнцыяцыі дамінуючых відаў, некат. іншых экалагічных і эталагічных аспектаў. Сфарміраваны значны калекцыйны фонд (каля 20 тыс. экз.). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны рэкамендацыі па ахове і рацыянальным выкарыстанні герпетафауны Беларусі.

Літ.:

Пикулик М.М. Герпетология // Институт зоологии Академии наук Беларуси Мн., 1992.

М.М.Пікулік.

т. 5, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КАЕ,

горад, цэнтр Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., чыг. ст. на лініі Крулеўшчына—Варапаева, на аўтадарозе Полацк—Вільня. За 200 км ад Віцебска. У межах горада азёры Кагальнае і Вялікае. 18,5 тыс. ж. (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1414. У розны час належала Зяновічам, Корсакам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 16 ст. мястэчка. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. У ходзе войнаў Лівонскай (1558—83) і Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) Глыбокае займалі рус. войскі. У канцы 16—18 ст. заснаваны кальвінскі збор, касцёл св. Міхаіла, царква Тройцы, Ільінская капліца, сінагога. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Дзісенскага пав. У 1897 у Глыбокім 5564 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. 9,7 тыс. ж. (1939). З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Глыбоцкага р-на. У Вял. Айч. вайну з 2.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., стварылі Беразвецкі лагер смерці. 7,3 тыс. ж. у 1959, 11,9 тыс. ж. у 1970.

Прадпрыемствы харч. (Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, Глыбоцкі кансервавы завод, камбікормавы завод і інш.), мясц. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Глыбоцкі Троіцкі касцёл, Ільінская капліца, Мемарыяльная калона (абедзве — канец 18 ст.). Магілы сав. і італьян. ваеннапалонных, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛДЫНГ ((Goldińg) Уільям Джэралд) (19.9.1911, Сент-Колем-Майнар, графства Корнуал, Вялікабрытанія — 19.6.1993),

англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1935). Удзельнік 2-й сусв. вайны. На яго светаадчуванне істотна паўплывала філасофія экзістэнцыялізму. Вядомасць Голдынгу прынёс раман-антыутопія «Валадар мух» (1954; экранізаваны ў 1963), у якім паказаў, што недасканаласць цывілізацыі і разбуральныя інстынкты асобы здольны прывесці сілы зла да ўлады ў свеце. Аўтар філас. раманаў-прытчаў альбо «баек»; «Нашчадкі» (1955), «Зладзюжка Марцін» (1956), «Свабоднае падзенне», «Шпіль» (1964), «Піраміда» (1967), «Бачная цемра» (1979), «Рытуалы пасвячэння» (1980), «Папяровыя людзі» (1984) і інш.; зб. публіцыстычных і крытычных нарысаў «Гарачая брама» (1965, у т. л. праграмнае эсэ «Прытча»), вершаў, радыёп’ес. Асэнсоўваў праблемы: чалавек—цывілізацыя, асоба—гісторыя, душа—Бог, ідэал—рэальнасць, выбар, небяспека таталітарызму і фанатызму. Дамінуючым у яго творчасці заставалася пытанне аб чалавечай прыродзе, суаднесенасці ў ёй біялагічнага і духоўнага. Прозе Голдынга ўласцівы спалучэнне рэалістычных і авангардысцкіх тэндэнцый, шматзначнасць вобразаў і сітуацый, дыдактычнасць. Нобелеўская прэмія 1983.

Тв.:

Lord of the Flies;

The Pyramid;

Envoy Extraordinary. М., 1982;

Рус. пер. — Шпиль и другие повести. М., 1981;

Чрезвычайный посол // Современная английская повесть. М., 1984;

Повелитель мух. М., 1990;

Пирамида // Иностр. лит. 1996. № 3.

Літ.:

Ивашева В.В. В споре о человеке // Ивашева В.В. Эпистолярные диалоги. М., 1983;

Яе ж. Роман философской тенденции // Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў 1980 у Гродне з выпускнікоў аддзялення т-ра лялек Ленінградскага ін-та т-ра, музыкі і кінематаграфіі і Гродзенскага культасветвучылішча. Адкрыўся 25.5.1981 спектаклем «Людвіг і Тута» В.Богача і С.Хрыстоўскага. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Тутэйшыя» Я.Купалы, «Як здароўе...» паводле п’есы У.Галубка «Пісаравы імяніны», «Цудоўная дудка» В.Вольскага, «Чортаў скарб» У.Караткевіча, «Пра Івана-ганчара і пачвару цара» А.Грачанікава, «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч, «Прывітанне Малпе» і «Кацяня па мянушцы Гаў» Р.Остэра, «Калі рамонак расцвітае» Р.Маскова, «Доктар Айбаліт» В.Карастылёва, «Церамок» С.Маршака, «Дзівоснае кураня» В.Корнева, «Прынцэса і паж» М.Войтышка, «Лекар паняволі» Мальера і інш. Спектаклі ідуць на бел., рус., польск. і франц. мовах.

Гал. рэжысёры С.Юркевіч (1981—88), М.Андрэеў (з 1988), гал. мастакі Л.Быкаў (1981—88), Ю.Давыдзюк (1988—91), А.Сураў (з 1995).

Будынак т-ра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. І.Г.Мёзер і Дж.Сака). Прызначаўся для т-ра А.Тызенгаўза; зроблены як працяг яго палаца, злучаўся з ім крытым пераходам. Зала т-ра, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры. У 1859 будынак рэканструяваны, яго аб’ём павялічаны. У 1940 надбудаваны 3-і паверх. У 1975 расшыраны сцэн. каробка і глядзельная зала.

т. 5, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХМО́ЎНЫ СЛО́ЎНІК, перакладны слоўнік,

тып лінгвістычнага даведніка, у якім змест слоў адной мовы перадаецца сродкамі іншай мовы. Часцей за ўсё гэта робіцца шляхам перакладу: напр., «Практычны расійска-беларускі слоўнік» М.Я.Байкова і М.І.Гарэцкага (1924). Больш глыбокая і навук. семантызацыя зместу рэестравых слоў ажыццяўляецца ў тых Д.с., якія змяшчаюць да слоў адной мовы разгорнутыя дэфініцыі на іншай (напр., «Кароткі эканамічны слоўнік», 1993). Існуюць і больш апасродкаваныя спосабы семантызацыі, напр. у Д.с. ідэаграфічнага тыпу; так, у «Тэматычным руска-беларускім слоўніку мовы навуковых справаздач» (1993) словы не толькі перакладаюцца, але і ілюструюцца эквівалентнымі па зместу тэкставымі фрагментамі на рус. і бел. мовах, дзе гэтыя словы ўжываюцца. Існуюць Д.с., у якіх сумяшчаюцца ўсе магчымыя спосабы семантызацыі рэестравых слоў: «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.Ластоўскага (1990).

Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с. агульныя («Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995; «Беларуска-рускі слоўнік», т. 1—2, 2-е выд., 1988—89) і спецыяльныя або тэрміналагічныя («Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў» М.М.Касцюковіча, У.В.Люшціка, В.К.Шчэрбіна, 1995). Паводле прызначэння вылучаюць агульныя і школьныя Д.с. (напр., «Руска-беларускі слоўнік», 6-е выд., 1993, і «Беларуска-рускі слоўнік», 3-е выд., 1991, С.М.Грабчыкава; «Руска-беларускі слоўнік: Для пачатковых класаў» А.К.Кобызевай, Г.П.Хаткевіч і М.Я.Шчарбун, 1985). Паводле характару інфармацыі аб рэестравых словах адрозніваюць агульныя і аспектныя, сярод апошніх Д.с. моўных цяжкасцей, паралексічныя Д.с. (гл. адпаведныя арт.).

В.К.Шчэрбін.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОЙС ((Joyce) Джэймс Аўгусцін Алоіс) (2.2.1882, Дублін — 13.1.1941),

ірландскі пісьменнік. Выхоўваўся ў езуіцкіх школах, скончыў Дублінскі ун-т (1902). У 1904 пакінуў Ірландыю, жыў у Трыесце, Цюрыху, Парыжы. Аўтар кн. вершаў «Камерная музыка» (1907), зб. апавяданняў «Дублінцы» (1914), рамана «Партрэт мастака ў юнацтве» (1916), п’ес «Бліскучая кар’ера» (1900), «Выгнаннікі» (1915, апубл. 1918), шматлікіх эсэ і артыкулаў. Сенсацыйны поспех яму прынеслі раманы «Уліс» (1922) і «Памінкі па Фінегану» (1939), што аказалі вызначальны ўплыў на сусв. л-ру 20 ст. У аснове маст. сістэмы рамана «Уліс» «плынь свядомасці», якая паступова з маст. прыёму перарастае ў жанр. Характэрныя рысы твора — парадаксальнасць і суб’ектыўнасць, асацыятыўнасць, часава-прасторавыя напластаванні, звышнасычанасць шматзначнымі сімваламі, рознага роду словатворчасць. Вял. ролю адыгрываюць аналогіі з гамераўскай «Адысеяй» (у кампазіцыі, у парадыйным узнаўленні эпізодаў эпасу, у паралелях паміж міфалагічнымі героямі і персанажамі Дж.). Раман стаў бясспрэчным узорам л-ры постмадэрнізму. Яшчэ ў большай ступені стылявы поліфанізм характэрны для рамана «Памінкі па Фінегану», у якім адсутнічае канкрэтны час, а падзеі адбываюцца ў сне. На бел. мову раман «Уліс» пераклаў Я.Максімюк (1-я частка — 13 «эпізодаў» з 18 — выдадзена ў 1993 у Беластоку, Польшча); асобныя апавяданні пераклаў І.Бабкоў.

Тв.:

Рус. пер. — Дублинцы. Портрет художника в юности. Улисс. Т. 1—3. М., 1993—94;

У кн.: Поэзия Ирландии. М., 1988.

Літ.:

Жантиева Д.Г. Джеймс Джойс. М., 1967.

Е.А.Лявонава.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ ХАРАВА́Я КАПЭ́ЛА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ імя Р.Р.Шырмы.

Створана ў 1940 у Беластоку як Бел. ансамбль песні і танца. Заснавальнік і кіраўнік да 1970 Р.Шырма, танц. групай кіраваў І.Хвораст. Ў 1950 ансамбль рэарганізаваны ў Дзярж. хор БССР (з 1944 у Гродне, з 1952 у Мінску), з 1955 Дзярж. хар. капэла БССР, з 1957 акадэмічная, імя Шырмы з 1978. З 1988 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Яфімава (з 1987). У рэпертуары капэлы апрацоўкі бел. нар. песень, творы бел. кампазітараў, у т. л. М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Бандарэнкі, Г.Вагнера, Я.Глебава, У.Дарохіна, Э.Казачкова, В.Казлоўскага, І.Кузняцова, М.Куліковіча-Шчаглова, А.Літвіноўскага, І.Лучанка, С.Манюшкі, А.Мдывані, Я.Паплаўскага, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Л.Шлег і інш., хар. і вак.-сімф. свецкая і царк. музыка рус. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: рэквіемы Дж.Вердзі, В.А.Моцарта, Р.Шумана, Л.Керубіні, А.Брукнера, І.Брамса, Дз.Кабалеўскага, месы І.С.Баха, Брукнера, Моцарта, І.Гайдна, араторыі Дз.Шастаковіча, П.Чайкоўскага, С.Пракоф’ева, хар. канцэрты С.Танеева, П.Часнакова, Дз.Бартнянскага, А.Архангельскага, С.Рахманінава і інш. Капэла выступала з вядомымі сімф. аркестрамі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі пад кіраўніцтвам Ю.Яфімава, М.Янсанса, Л.Крэмера, Р.Зеехафера, Ч.Грабоўскага, В.Катаева, В.Дуброўскага, П.Д.Панэла, С.Сандэцкіса, Ю.Домаркаса, Ю.Цырука, А.Янчанкі і інш. У розны час капэлай кіравалі У.Раговіч, А.Шунтаў; працавалі спевакі М.Тэадаровіч, Л.Царанкова, М.Шуманскі, В.Юневіч і інш. Калектыў — лаўрэат Міжнар. фестывалю царк. музыкі ў г. Гайнаўка (Польшча, 1993).

Літ.:

Смольский Б.С. Государственная академическая хоровая капелла БССР. Мн., 1959;

Пуроўскі К. Песні вольных людзей. Мн., 1961.

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1928 у Мінску пры Бел. радыёцэнтры на аснове аркестраў Бел. муз. тэхнікума і БДТ-1. З 1930 у штаце радыёцэнтра, з 1937 у складзе Бел. філармоніі. З 1961 Дзярж. сімф. аркестр БССР, з 1980 акадэмічны. Гал. дырыжор М.Кац (з 1997). У рэпертуары творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, сучасных кампазітараў, сімф. і вак.-сімф. творы бел. аўтараў, у т. л. Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, С.Бельцюкова, У.Будніка, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дарохіна, В.Капыцько, С.Картэса, В.Кузняцова, А.Мдывані, П.Падкавырава, Я.Паплаўскага, Р.Пукста, Дз.Смольскага, А.Хадоскі, К.Цесакова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. Сярод аркестрантаў (1997): Р.Ігнацьеў (кларнет), В.Ціхевіч (флейта).

У розны час у аркестры працавалі дырыжоры А.Бяссмертны, І.Гітгарц, М.Міхайлаў, І.Мусін, Т.Каламійцава, М.Шнейдэрман, В.Афанасьеў, В.Дуброўскі, В.Катаеў, Ю.Яфімаў, П.Д.Панэл; канцэртмайстар Ю.Гершовіч. салісты-інструменталісты С.Асновіч і Г.Клачко (скрыпка), В.Волкаў (труба), Г.Забара (кларнет), П.Кірыльчанка (альт), Б.Скабло (віяланчэль), С.Сяргеенка (флейта), В.Фралоў (габой), Ч.Юшкевіч (валторна). З аркестрам выступалі вядомыя рас. і зах.-еўрап. дырыжоры А.Гаўк, Дз.Кітаенка, Я.Мраеінскі, Н.Рахлін, Ю.Сіманаў, У.Федасееў, Ю.Цемірканаў, К.Зандэрлінг. К.Мазур, К.Эстэррайхер, піяністы Л.Аборын, Э.Гілельс, К.Ігумнаў, Г. і С.Нейгаўзы, С.Рыхтэр, П.Серабракоў, Я.Фліер, Б.Джайніс, Х.Л.Клайберн, Дж.Огдан, Д.Полак, Г.Чэрны-Стэфаньская; скрыпачы І.Бязродны, Л.Коган, Д.Ойстрах, М.Палякін, М.Эрдэнка, І.Менухін, І.Сгэрн і інш.

Літ.:

Журавлев Д.Н. Государственный симфонический оркестр Белорусской ССР. Мн., 1961;

Загородний ГН Белорусская государственная филармония. Мн., 1981;

Капилов А.Л. Государственный симфонический // Неман. 1981. № 5.

А.Л.Капілаў.

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)