МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),

бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял. Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.​Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.​Вясёлага «Краіна родная» (з Р.​Бахтам), аповесць У.​Лідзіна «Магіла невядомага салдата».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1959;

Аповесць. Мн., 1985;

Палеская аповесць. Мн., 1991.

Літ.:

Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;

Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985;

Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986.

Т.​К.​Грамадчанка.

Б.М.Мікуліч.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ СЯДЗІ́БЫ ВАНЬКО́ВІЧАЎ,

помнікі сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў Мінску. Звязаны з жыццём і творчасцю бел. мастака В.Ваньковіча. Гарадская сядзіба пабудавана на мяжы 18—19 ст. у гіст. цэнтры Мінска (сучасная вул. Інтэрнацыянальная). Яе комплекс уключаў жылы дом у стылі класіцызму, 2 флігелі, гасп. пабудовы, фруктовы сад. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак (з атынкаванымі сценамі, у пач. 19 ст. частка паўн.-зах. сцяны была мураваная) на каменным падмурку, накрыты высокім вальмавым дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал. паўд.-ўсх. фасад вылучаў 8-калонны порцік з цэнтр. уваходам, завершаны трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном. Аналагічны порцік на паўн.-зах. фасадзе. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў абрамленні простых ліштваў і лапатак. У інтэр’еры захаваліся кафляныя печы. Дом і флігелі ўтваралі двор-курданёр. Паўд.-зах. флігель мураваны, 2-павярховы, прамавугольны ў плане, паўн.-ўсх. (не захаваўся) — 2-павярховы (1-ы паверх мураваны, 2-і драўляны), прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. У цэнтры яго паўн.-ўсх. фасада быў 5-гранны эркер з вежападобным завяршэннем. Захавалася шырокая праезная брама. Комплекс адноўлены. З 2000 музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» — філіял Нац. маст. музея Беларусі. Сельская сядзіба пабудавана ў прыгарадзе Мінска Вял. Сляпянка (цяпер у межах Мінска, вул. Парніковая). Комплекс уключаў мураваны сядзібны дом, бакавыя флігелі (не захаваліся) і парк, перапланаваны ў 1896 садаводам В.​Кроненбергам (захавалася частка геам. сеткі алей). 2-павярховы Т-падобны ў плане дом з высокім цокалем. Тарцовыя сцены аформлены трохвугольнымі франтонамі. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам. У дэкар. аздабленні дома выкарыстаны пілястры, прафіляваныя карнізы і інш.

У.​М.​Дзянісаў, А.​М.​Кулагін.

Да арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў. Гарадская сядзіба. Рэканструкцыя.

т. 10, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНІКАВА (Тамара Мікалаеўна) (н. 9.3.1925, г. Самара, Расія),

бел. спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1964). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас. М.​Уладзіміравай). У 1951—76 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1964 адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 праф., у 1976—86 заг. кафедры). Валодае голасам чыстага серабрыстага тэмбру, філіграннай каларатурнай тэхнікай. Яе творчасці характэрны мяккі лірызм, жаноцкасць, шчырасць і шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Сярод партый у нац. операх: Марфачка, Баба-Лапатуха («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Ірына («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); у класічным рэпертуары — Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Валхава, Марфа, Шамаханская царыца («Садко», «Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Ганна («Страшны двор» С.​Манюшкі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Цэрліна («Фра-Д’ябала» Ф.​Абера), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Лейла, Мікаэла («Шукальнікі жэмчугу» і «Кармэн» Ж.​Бізэ), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Цэрліна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні); у класічных аперэтах — Адэль, Арсена («Лятучая мыш», «Цыганскі барон» І.​Штрауса), Жэрмен («Карневільскія званы» Р.​Планкета). У яе канцэртным рэпертуары значнае месца займалі творы бел. кампазітараў, напісаныя спецыяльна для яе (Л.​Абеліёвіча, Пукста, Семянякі, Цікоцкага), бел. нар. песні. Удзельнічае ў перадачах бел. тэлебачання і радыё. Сярод вучаніц: засл. артыстка Беларусі Л.​Лют, А.​Бундзелева, В.​Курбацкая, А.​Ніжнікава, А.​Шведава і інш.

Літ.:

Смольскі Б.С. Любімая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Івашкоў Л. Артыстка, педагог, калега: Народнай артыстцы СССР Т.​Ніжнікавай — 60 гадоў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 4.

А.​Я.​Ракава.

Т.М.Ніжнікава.
Т.Ніжнікава ў ролі Віялеты.

т. 11, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЯРЭ́СКІ (Друцкі-Падбярэзкі) Рамуальд Андрэевіч; 1812 ці 1813, Вільня — 22.10.1856),

бел. і польскі выдавец, публіцыст, фалькларыст. Скончыў Віленскую гімназію (1830). Вучыўся ў Маск. ун-це (1836—40). З 1840 актыўны ўдзельнік бел. гуртка ў Пецярбургу. Падтрымліваў сувязі з рус. славянафіламі, Т.​Шаўчэнкам. З 1847 у Вільні. Сваёй грамадз. дзейнасцю памагаў гуртаваць культ. сілы Беларусі. Выдаваў літ.-навук. альманахі «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», т. 1—4, Пб.; Вільня, 1843—49) і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік», т. 1—2, ч. 1—6, Вільня, 1849—50), у якіх публікаваў бел. аўтараў і матэрыялы, звязаныя з Беларуссю. У друку выступаў з допісамі пра культ. падзеі, водгукамі на творы мастацтва, літ.-крыт. артыкуламі. У арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі» (прадмова да т. 1 кн. Я.​Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...», 1844) з дэмакр. пазіцый характарызаваў бел. л-ру 1-й пал. 19 ст. і ўпершыню вызначыў рысы яе народнасці. Аўтар фальклорна-этнагр. нарыса «Беларускае вяселле» (1848); «Лістоў з Беларусі» (1844). Выдаў зб. Т.​Лады-Заблоцкага «Паэзія» (1845), апублікаваў «Дыярыуш» С.​Бельскага (1842). Вывучаў помнікі старажытнасці і гісторыі Беларусі. На польскую мову пераклаў «Каўказскага палонніка» А.​Пушкіна, «Апавяданні маларасіяніна» П.​Куліша, рус. нар. казкі і інш. У 1850 за антыўрадавую літ. дзейнасць арыштаваны і высланы ў Архангельскую губ., дзе і памёр.

Тв.:

Antoni Abramowicz — muzyk // Rocznik Literacki. 1846. T. 3.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Варановіч С. [Александровіч С.]. Р.​Друцкі-Падбярэскі // Беларусь, 1958. № 11;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 27—40;

Каханоўскі Г. Лёс Рамуальда Падбярэскага // ЛіМ. 1976. 6 жн ;

Inglot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832—1851. Warszawa, 1966.

У.​І.​Мархель.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Іосіф Сцяпанавіч) (21.9.1915, с. Сояна Мязенскага р-на Архангельскай вобл., Расія —31.1.1984),

бел. рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1970). Скончыў Архангельскае тэатр. вучылішча (1938), вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1938—40). Працаваў у т-рах Расіі. У 1947—48 рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. З 1953 гал. рэжысёр Брэсцкага, з 1955 Гродзенскага, у 1966—74 Гомельскага абл. драм. т-раў, у 1963—65 Бел. т-ра імя Я.​Коласа (у 1974—75 рэжысёр), у 1978—79 рэсп. т-ра юнага гледача. З 1976 выкладаў у Мінскім ін-це культуры (у 1976—77 заг. кафедры). Пастаноўкі вызначаліся ансамблевасцю, высокай рэж. культурай, тонкім Пранікненнем у драматургію твора, дэталёвай распрацоўкай характараў: у Брэсцкім т-ры — «Чайка» А.​Чэхава (1954), «Жаніцьба» М.​Гогаля (1977); у Гродзенскім т-ры — «Адна ноч» Б.​Гарбатава (1957), «Улада цемры» Л.​Талстога (1959), «Тры сястры» Чэхава (1960); у т-ры імя Я.​Купалы — «Жывы труп» Талстога (1961); у т-ры імя Я.​Коласа — «Дачнікі» М.​Горкага (1964), «Лёнушка» Л.​Лявонава (1975); у Гомельскім т-ры — «Грэшнае каханне» А.​Дзялендзіка (1968), «Жыццё ўсяго адно» А.​Маўзона (1969), «Беспасажніца» А.​Астроўскага (1970), «Залатая карэта» Лявонава, «Першы грэх» А.​Каламійца (абодва 1971), «Не трывожся, мама!» Н.​Думбадзе (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка, «Даходнае месца» Астроўскага (абодва 1973); у Т-ры юнага гледача — «Пойдзем у кіно?» А.​Алексіна (1978), «Жорсткія гульні» А.​Арбузава (1979) і інш. Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з М.​Пало, 1968), інсцэніровак аповесцей «Салавей» З.​Бядулі (з Я.​Рамановічам, 1955), «Рудабельская рэспубліка» С.​Грахоўскага (1968), рамана «Подых навальніцы» І.​Мележа (1978), пастаноўшчык гэтых твораў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

А.​В.​Сабалеўскі.

І.С.Папоў.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Карлаў універсітэт,

адзін са старэйшых у Еўропе; першы славянскі ун-т. Засн. 7.4.1348 у Празе чэш. каралём Карлам IV. Меў ф-ты: тэалогіі, права, мед. і мастацтва. У перыяд гусіцкага руху (канец 14 — пач. 15 ст.) П.у. — цэнтр нац.-вызв. і рэліг. барацьбы, яго рэктарам двойчы быў абраны Я.​Гус. У 1654 імператар Фердынанд III аб’яднаў езуіцкую акадэмію (засн. ў 1562) з П.у. ва Ун-т Карла—Фердынанда. З часоў Асветніцтва (сярэдзіна 18 — пач. 19 ст.) выкладанне вялося на ням. мове замест латыні. У перыяд нац. адраджэння (канец 18 — сярэдзіна 19 ст.) студэнты і прафесары ун-та выступалі супраць аўстр. панавання: у 1848—49 ун-т — цэнтр рэв. руху. У 1882 падзелены на 2 ун-ты — чэш. і нямецкі. У 1918 адноўлены як адзіны нац. ун-т. 17.11.1939 зачынены ў сувязі з ням. акупацыяй (17 ліст. адзначаецца як Міжнародны дзень студэнтаў; дата ў памяць студэнтаў і прафесараў Чэхаславакіі — герояў Супраціўлення). У 1945 ун-т адноўлены. У 1998/99 навуч. г. 35,6 тыс. студэнтаў, больш за 3 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 283 прафесары; ф-ты: матэматыкі і фізікі; прыродазнаўчых навук; права; філасофіі; адукацыі; сацыяльных навук; каталіцкай тэалогіі; пратэстанцкай тэалогіі; гусіцкай тэалогіі; фіз. культуры і спорту; фармакалогіі; медыцыны ў гарадах Пльзень і Градзец-Кралаве, а таксама 1-ы, 2-і, 3-і мед. ф-ты; на правах ф-та працуе ін-т фундаментальных даследаванняў. Выкладанне вядзецца на чэш. мове, навучанне бясплатнае. Пры ун-це аспірантура, некалькі н.-д. цэнтраў (ін-таў), у т. л. па пытаннях навакольнага асяроддзя, эканам. даследаванняў. У б-ках П.у. больш за 4 млн. тамоў.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ННАЯ ІНТЭЛІГЕ́НЦЫЯ,

тэрмін рас. і сав. гіст. л-ры для абазначэння творчай праслойкі грамадства, якая вылучылася з асяроддзя прыгонных сялян (гл. Прыгоннае права) пераважна ў 18—1-й пал. 19 ст. Асн. прычына яе з’яўлення — імкненне многіх дваран-прыгоннікаў мець цалкам залежных ад сябе тэхн. спецыялістаў для патрэб гаспадаркі і людзей мастацтва для арг-цыі культ. забаў, дзеля чаго яны давалі магчымасць або прымушалі сваіх таленавітых прыгонных атрымліваць адукацыю і інш. спец. падрыхтоўку. Найб. шматлікая група П.і. была звязана з тэатрам, музыкай і выяўл. мастацтвам. У канцы 18 — пач. 19 ст. у Расіі працавала больш за 170 прыгонных тэатраў, у т. л. Шарамецевых у Маскве, С.​С.​Каменскага ў Арле, П.​І.​Есіпава ў Казані. Выдатнымі артыстамі прыгонных тэатраў былі П.А.Жамчугова, Л.​П.​Нікуліна-Касіцкая, І.В.Самарын, С.​А.​Дзегцяроў, М.С.Шчэпкін, С.​Ф.​Мачалаў (бацька П.С.Мачалава). У ліку П.і. былі архітэктары (А.Н.Вараніхін, І.​С.​Сямёнаў, І.​І.​Свіязеў), мастакі (Ф.С.Рокатаў, М.​Шыбанаў, І.П. і М.І.Аргуновы, В.А.Трапінін, А.А.Кіпрэнскі, Т.Р.Шаўчэнка і інш.), кампазітары (М.​А.​Мацінскі, С.​А.​Дзегцяроў, А.Л.Гурылёў і інш.), пісьменнікі (Шаўчэнка, Ф.​Н.​Сляпушкін, Я.​І.​Аліпанаў, М.​Дз.​Суханаў, І.​І.​Варакін і інш.), вынаходнікі рас. паравозаў і чыгункі Я.А. і М.Я.Чарапанавы, горны інж. П.​С.​Шорын, хімік С.​П.​Уласаў і інш. На Беларусі з прадстаўнікоў П.і. выйшлі таленавітыя акцёры, музыканты і танцоўшчыкі Мацей з Карэліч, Я.​Ценціловіч, Р.Бекер, А.Дарэўская, П. і К.Л.Азарэвічы, мастакі С.Заранка, Ф.Тулаў і інш. Гл. таксама Прыгонны тэатр і Прыгонныя аркестры і капэлы.

Літ.:

Познанский В.В. Таланты в неволе. М., 1962;

Курмачева М.Д. Крепостная интеллигенция России. Вторая половина XVIII — начало XIX в. М., 1983.

К.​І.​Афоніна, І.​В.​Аржахоўскі.

т. 13, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Багуслаў) (3.5.1620, г. Гданьск, Польшча — 31.12.1669),

ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын віленскага кашталяна Я.​Радзівіла (гл. ў арт.

Радзівілы). Вучыўся ў Кейданах, Вільні, Гронінгене і Утрэхце (Нідэрланды), Парыжы. З 1637 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, у 1638—46 харунжы ВКЛ, з 1646 канюшы ВКЛ. Ад Яна Казіміра атрымаў пасаду генерала каралеўскай гвардыі, камандаваў палкамі ў польскім войску і войску ВКЛ. У 1652 дамогся ў караля магдэбургскага права для сваіх гарадоў Слуцка (паўторна) і Капыля. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у баявых дзеяннях, у т. л. аблозе Магілёва ў лют.—маі 1655. З пачаткам Паўночнай вайны 1655—60 у ліп. 1655 разам з вял. гетманам ВКЛ Я.​Радзівілам вёў перагаворы са шведскім каралём Карлам X Густавам, якія скончыліся падпісаннем Кейданскага дагавора 1655. 8.10.1656 на чале брандэнбургскіх, шведскіх войск і сваіх атрадаў у бітве пад Просткамі (Прусія) пацярпеў паражэнне ад войска польнага гетмана ВКЛ В.​Гасеўскага, быў паранены і ўзяты ў палон. Вызвалены ў выніку паражэння Гасеўскага 22.10.1656 пад Філіпавам каля Сувалак і перайшоў на службу да брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма — сваяка па матчынай лініі. 14.10.1657 прызначаны генеральным губернатарам (намеснікам) і камандуючым брандэнбургскай арміяй у Прускім герцагстве. Пасля смерці бацькі быў уладальнікам Слуцкага і Капыльскага княстваў, трымаў Мазырскае, Бранскае, Барскае староствы. У Слуцку сабраў архіў, б-ку, дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, у т. л. Радзівілаўскі летапіс. Збіраў творы мастацтва. Складаў рэлігійныя гімны. Аўтар замалёвак з панарамамі бел. гарадоў, эскізаў і праектных чарцяжоў збудаванняў. Пасля смерці яго ўладанні перайшлі да дачкі Людвікі Караліны.

А.​П.​Грыцкевіч.

Б.Радзівіл. Гравюра Я.​Фалька паводле малюнка Д.​Шульца. 1654.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТРАПО́ВІЧ (Мсціслаў Леапольдавіч) (н. 27.3.1927, Баку),

расійскі віяланчэліст, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1961), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, Франц. акадэміі прасторавых мастацтваў і інш. Скончыў Маск. кансерваторыю (1946, кл. віяланчэлі ў С.​Казалупава, кл. кампазіцыі ў В.​Шабаліна, кл. інструментоўкі ў Дз.​Шастаковіча), у 1948—74 выкладаў у ёй (з 1960 праф.), адначасова з 1961 — у Ленінградскай кансерваторыі. З 1950-х г. вёў канцэртную дзейнасць як віяланчэліст, у т. л. на Беларусі. У 1962—74 дырыжор, у т. л. ў Вял. т-ры ў Маскве. З 1974 за мяжой (у 1978—90 Р. і яго жонка Г.​Вішнеўская былі пазбаўлены грамадзянства СССР). У 1977—94 узначальваў Нац. сімф. аркестр ЗША (Вашынгтон). Р. пашырыў межы віяланчэльнага мастацтва. Яго выкананне адметнае маштабнасцю, драматызмам, эмацыянальнасцю, інтэлектуальнасцю і глыбінёй разумення аўтарскай задумы. У рэпертуары класічныя, а таксама творы выдатных кампазітараў 20 ст., большасць з якіх прысвечана яму і ўпершыню ім выканана: Б.​Брытэна, Р.​Гліэра, А.​Жаліве, М.​Мяскоўскага, С.​Пракоф’ева, Л.​Піпкава, У.​Пістана, Л.​Фоса, А. і К. Хачатуранаў, Б.​Чайкоўскага, Шабаліна, Шастаковіча, А.​Шнітке, Р.​Шчадрына і інш. Выступаў у ансамблі з буйнейшымі музыкантамі свету. Дырыжыраваў вядомымі сімф. аркестрамі свету. Арганізатар Сусв. кангрэса віяланчэлістаў (1997, С.-Пецярбург). Першыя прэміі Усесаюзнага конкурсу музыкантаў (1945, Масква), Міжнар. конкурсу імя Г.​Вігана (1950, Прага). З 1970-х г. праводзіцца Міжнар. конкурс імя Р. (Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі Расіі 1991, 1995.

Літ.:

Гайдамович Т.А. Мстислав Ростропович. М., 1969;

Хентова С.М. Ростропович. СПб., 1993;

Грум-Гржимайло Т.Н. Ростропович и его современники. М., 1997.

Н.​В.​Шпянёва.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛА (Уладзімір Іванавіч) (29.1.1878, Мінск — 1941),

бел. публіцыст, літ. крытык, філосаф. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнічаў у бел. літ.-грамадскім руху ў Мінску, адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва «Мінчук» (1906). Пры садзейнічанні С. ў газ. «Северо-Западный край» (28.5.1905) надрукаваны на бел. мове верш Я.​Купалы «Мужык» — першае выступленне паэта ў друку. У газ. «Минский курьер» (1908) актуалізаваў пытанні асветы нар. мас, неабходнасць бел. школы. Выступаў з арт. пра творчасць Г.​Ібсена, А.​Блока, Л.​Андрэева. З 1918 жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіях, актыўна супрацоўнічаў у віленскай прэсе. У 1923—27 адзін з вядучых публіцыстаў зах.-бел. перыяд. друку вызв. кірунку. Выступаў па пытаннях грамадска-паліт. жыцця і вызв. руху: філас. эсэ «Гэтым пераможаш!» (1923), «Які «самаўрад» гатуе беларускаму народу Польская рэспубліка?» (1924), «Новы» і «найноўшы» курс польскай палітыкі ў беларускай справе» (1932) і інш. У рэцэнзіях і артыкулах пра зах.-бел. л-ру вітаў ідэйныя, маст., жанравыя пошукі пісьменнікаў, разглядаў здабыткі л-ры ў святле росту гіст. і паліт. свядомасці народа. Асн. публікацыі 1930-х г. (пад псеўд. Ул.Чэмер, Ул.С., С.) датычылі помнікаў стараж. л-ры, пытанняў гісторыі бел. мастацтва, музыкі. Для лепшых публікацый С. характэрны шырокі праблемны падыход да з’яў, глыбокая, дасведчаная трактоўка пытання, ярка выражаны публіцыст. стыль.

Тв.:

У кн.: Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;

У кн.: Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.

Літ.:

Александровіч С.Х. Уладзімір Самойла — даследчык паэзіі Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985;

Калинкович Н. Как дань глубокого уважения... // Нёман. 1979. № 11.

А.​С.​Ліс.

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)