ВІ́ЦЕБСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1676—1832 у Віцебску. Засн. віцебскім ваяводам Я.​А.​Храпавіцкім. У 1685 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія і жылы корпус. Пасля пажару 1733 пабудаваны мураваныя касцёл і 3-павярховы жылы корпус у стылі позняга барока. У 1772 касцёл асвячоны біскупам-суфраганам беларускім Ф.​Тавянскім. У 1832 кляштар скасаваны. У 1843 касцёл стаў парафіяльным, дзейнічаў да 1920-х г. (тады ж разбураны і будынкі).

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЛТА́ВА (Vltava),

рака ў Чэхіі, левы прыток р. Лаба (Эльба). Даўж. 446 км, пл. бас. 28 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Шумава; пасля прарыву цераз цясніну «Чортавы сцены» (каля г. Вішы-Брод), цячэ па Будзеёвіцкай раўніне, потым па ўзвышшах Сярэдняй Чэхіі. Сярэдні расход вады каля г. Прага 142 м³/с. Веснавая паводка. Суднаходная (з дапамогай шлюзаў) у ніжнім цячэнні на 84 км. Вадасховішча. ГЭС. На Влтаве гарады Прага, Чэске-Будзеёвіцы.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАГО́РАЦ (Міхаіл Амосавіч) (н. 19.11.1920, в. Стрыжава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1940), Маскоўскае ваенна-інж. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір сапёрных узвода, роты капітан Высагорац вызначыўся ў 1944 пры інж. разведцы і буд-ве паромнай пераправы цераз р. Днестр, мастоў цераз р. Прут, Зах. Буг, Сан, Віслу. Пасля вайны на гасп. рабоце.

М.А.Высагорац.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАБДА́НК», «Абданк»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 280 родаў, у т. л. Гарабурды, Гаштольды, Скарбкі, Халецкія. У чырвоным полі сярэбраны знак у выглядзе літары W; клейнод — над прылбіцай з каронай такі самы знак (герб «Габданк I») або палова залатога льва, які трымае ў лапах такі знак («Габданк II»). Існуюць шматлікія варыянты герба. Вядомы з пач. 13 ст., у ВКЛ распаўсюдзіўся пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 4, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫН (Мікалай Дзмітрыевіч) (12.4.1850, с. Парэчча Маскоўскай вобл. — 2.7.1925),

расійскі паліт. дзеяч, апошні старшыня Савета Міністраў Рас. імперыі (9.1—12.3.1917). У 1885—1903 займаў пасады архангельскага, калужскага і цвярскога губернатараў. З 1903 сенатар, з 1915 чл. Дзярж. савета (фракцыя правых) і старшыня камісіі па аказанні дапамогі рас. ваеннапалонным. Быў блізкі да імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1920—24 двойчы арыштоўваўся ВЧКАДПУ, расстраляны.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РДЗІ, Хардзі (Hardie) Джэймс Кейр (15.8.1856, Легбранак, каля г. Ланарк, Вялікабрытанія — 26.9.1915), дзеяч англ. рабочага руху. У 1870—80-я г. прафс. лідэр шатл. гарнякоў. У 1888 заснаваў Шатл. рабочую партыю, у 1893 — Незалежную рабочую партыю Вялікабрытаніі. У 1892—95, 1900—07 чл. Палаты абшчын англ. парламента. Пасля стварэння Лейбарысцкай партыі (1900) адзін з яе лідэраў. Асуджаў англа-бурскую вайну 1899—1902, у 1-ю сусв. вайну на пацыфісцкіх пазіцыях.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНО́Ў (Цімафей Якаўлевіч) (1916, в. Асіпова Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 23.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з сак. 1942 на Паўн.-Зах. і 3-м Бел. франтах. Камандзір гарматы ст. сяржант Гарноў вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на левым беразе Нёмана ў Віцебскай вобл. і пасля фарсіравання р. Шашупе на тэр. Літвы пры адбіцці контратакі ворага. Загінуў у баі, на магіле помнік.

Ц.Я.Гарноў.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТЭБАРГ, Ётэбарг (Göteborg),

горад на ПдЗ Швецыі, пры ўпадзенні р. Гёта-Эльв у прал. Катэгат. Адм. ц. лена Гётэбарг-Бохус. Засн. ў пач. 17 ст. 437,6 тыс. ж. (1993). Буйнейшы порт краіны. Вузел 5 чыгунак. Міжнар. аэрапорт. Другі пасля Стакгольма эканам. цэнтр краіны. Цэнтр суднабудавання, аўтамаб. прам-сці (канцэрн «Вольва») і вытв-сці падшыпнікаў. Нафтаперапр. і нафтахім. прам-сць. Ун-т. Марскі, мастацкі і інш. музеі. Сабор (1802—15).

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ,

князь ваўкавыскі ў сярэдзіне 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256, калі ён удзельнічаў у паходзе на яцвягаў разам з князямі навагрудскім Раманам Данілавічам (зяць Глеба), свіслацкім Ізяславам, а таксама галіцка-валынскімі і польск. князямі. У час паходу галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча ў 1258 на Ваўкавыск Глеб узяты ў палон (трымалі яго «во чести»). Верагодна, князем удзельнага Ваўкавыскага княства Глеб заставаўся і пасля ўтварэння ВКЛ.

Я.​Г.​Звяруга.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫФ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Беларусі, Украіне, Літве і Польшчы карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Асоўскія, Бяліцкія, Браніцкія, Быкоўскія, Закрэўскія, Канарскія, Квяткоўскія, Путкамеры. На чырвоным полі выява стаячага на задніх лапах сярэбранага грыфа — фантаст. істоты з тулавам ільва, галавой і крыламі арла, дзюба і капцюры залатыя. Клейнод — верхняя палавіна грыфа без лап і залатая труба. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)