ВАЛУНЫ́ (ад слав. валяць),

круглякі, згладжаныя вадой ці лёдам абломкі горных парод памерам больш за 10 см. Большыя за 1 м валуны наз. глыбамі або камлыгамі. Утвараюцца пры выветрыванні, разбуральнай дзейнасці мораў, азёр, рэк, ледавікоў і іх талых вод, пры апаўзанні кавалкаў горных парод па схілах гор. Найб. пашыраны ў паверхневых ледавіковых утварэннях значнай ч. Паўн. Амерыкі і Еўразіі ў вобласці мацерыковых зледзяненняў плейстацэну. Ледавіковыя (эратычныя — вандроўныя) валуны трапляюцца па ўсёй тэр. Беларусі, найб. на канцова-марэнных узвышшах. Прынесены ад 600 тыс. да 20 тыс. гадоў назад з Балт. шчыта, ПнЗ Рускай пліты. Памер валуноў памяншаецца з Пн на Пд: у Бел. Паазер’і іх велічыня дасягае 6—11 м (найб. «Вялікі камень» 11 × 5,6 × 2,8 м), на Бел. градзе 5—8 м, на Бел. Палессі 1—3 м. Каля 65—75% вялікіх валуноў — граніты, 20—25% — гнейсы, ёсць граніта-гнейсы, кварцыты, кварцавыя парфіры, даламіты і інш. Валуны рэдкіх горных парод, якія маюць абмежаванае карэннае месцазнаходжанне, адносяць да кіроўных, па іх вызначаюць напрамкі руху стараж. ледавікоў.

З валунамі звязаны язычніцкі культ каменя, пра што сведчаць іх назвы (Пярун, Вялес, Дажбогаў, Святы камень) і легенды. Валуны служылі ахвярнікамі ў капішчах, выкарыстоўваліся для стварэння с.-г. календароў (гл. «Янова»), ім пакланяліся. З хрысціянскіх часоў захаваліся Даўгінаўскі крыж-стод, Крыж Стафана Баторыя, крыжы-абярогі і інш. Многія валуны — помнікі эпіграфікі часоў Полацкага княства (Барысавы камяні, Рагвалодаў камень і інш.). Валуны выкарыстоўваліся ў буд-ве абарончых збудаванняў, замкаў, храмаў (Сафійскі сабор 11 ст. ў Полацку, Гродзенская Барысаглебская царква 12 ст., вежы Навагрудскага 13 ст. і Крэўскага 14 ст. замкаў), для брукавання дарогі і інш. На палях валуны перашкаджаюць земляробству. У сярэднім на Беларусі 9% ворных зямель у рознай ступені завалунена, найб. у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. (каля 70%). Валуны выкарыстоўваюць на падмурак, як закладачны матэрыял у целе плацін, на атрыманне друзу і бутавага каменю, для ўмацавання адхонаў, стварэння арх. кампазіцый у парках і скверах і інш. Вялікія і адметныя валуны ўзяты пад ахову дзяржавы як помнікі прыроды (больш за 100 у Беларусі). Даследаванні валуноў вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, дзе створана Эксперыментальная база па вывучэнні ледавіковых валуноў (калекцыя больш за 2000 валуноў з розных рэгіёнаў Беларусі экспануецца на адкрытай пляцоўцы).

Літ.:

Ляўкоў Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992;

Ледавіковыя валуны Беларусі: Эксперым. база вывучэння валуноў. Мн., 1993.

Э.​А.​Ляўкоў.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ГУА І БАРБУ́ДА (Antigua and Barbuda),

дзяржава ў Вест-Індыі, на а-вах Антыгуа, Барбуда і Рэдонда ў групе М.​Антыльскіх а-воў у Карыбскім моры. Пл. 442,6 км². Нас. 65 тыс. чал. (1993), у асн. негры. Афіц. мова — англійская. Большасць вернікаў — пратэстанты (англіканская царква). Сталіца — горад і порт Сент-Джонс (на в-ве Антыгуа). Падзяляецца на 7 раёнаў. Кіраўнік дзяржавы фармальна — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам. Двухпалатны парламент (палата прадстаўнікоў і сенат) ажыццяўляе заканад. ўладу. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае ген.-губернатар.

Прырода. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў. Паверхня ўзгорыстая, выш. да 402 м (в-аў Антыгуа). Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячная т-ра ад 15 да 33 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год. Восенню характэрны ўраганы. Адносная раўніннасць, адсутнасць рачной сеткі і недастатковасць ападкаў выклікаюць перыяд. засухі. Вострай з’яўляецца праблема прэснай вады (атрымліваюць з артэзіянскіх калодзежаў).

Гісторыя. Старажытныя насельнікі Антыгуа і Барбуда — індзейцы. Пасля адкрыцця астравоў Х.​Калумбам (1493) тут з’явіліся ісп. каланізатары. Потым Барбуда (у 1628) і Антыгуа (у 1632) каланізаваны англ. пасяленцамі. На кароткі час астравы трапілі пад уладу Францыі, з 1667 сталі брыт. калоніяй. Пасля вынішчэння карэннага насельніцтва на іх пасялілі нявольнікаў-неграў з Афрыкі, якіх прымушалі працаваць на плантацыях цукр. трыснягу. У 1834 рабства адменена. У 1871—1956 тэр. Антыгуа і Барбуда — частка брыт. калоніі «Федэрацыя Падветраных астравоў»; у 1958—62 уваходзіла ў Вест-Індскую федэрацыю. У 1967 Антыгуа і Барбуда атрымалі аўтаномію як «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава»; 1.11.1981 абвешчана іх незалежнасць. У 1981 краіна ўступіла ў ААН, Арг-цыю Амер. Дзяржаў, у 1982 — у Карыбскае супольніцтва, з 1983 мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя Антыгуа (створана пасля 1940), Аб’яднаная прагрэсіўная партыя (з 1992).

Гаспадарка арыентавана на турызм, які забяспечвае 60% валавога ўнутр. прадукту (ВУП; 424 млн. дол., 1991), 70% занятасці насельніцтва і валютных паступленняў (1990). Сельская гаспадарка (вырошчванне цукр. трыснягу, бананаў, какосавых арэхаў, манга, цытрусавых і інш.) дае 4% ВУП, прам-сць (вытв-сць цукру, какосавага і бавоўнавага алею, зборка быт. электратэхнікі, нафтаперапрацоўка) — 5%, транспарт і сфера паслуг — 8%. Даўж. аўтадарог 548 км, вузкакалейнай чыгункі каля 80 км. Экспарт: нафтапрадукты, трансп. абсталяванне, цукар-сырэц, патака-мелес, бавоўна-сырэц, цытрусавыя. Імпарт: паліва, прадукты харчавання, тэкст. тавары, піламатэрыялы і інш. Гал. знешнегандл. партнёры — Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія, КНР, карыбскія і зах.-еўрап. краіны. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

Ф.​С.​Фешчанка (гаспадарка).

Герб і сцяг Антыгуа і Барбуда.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЯЛЯ́НСКА-РАБО́ТНІЦКАЯ ГРАМАДА́ (БСРГ),

масавая легальная рэв.-дэмакр. нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў 1925—27. Арганізавана ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту з мэтай вызвалення Зах. Беларусі з-пад улады Польшчы. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК. Старшыня ЦК Б.А.Тарашкевіч, нам. старшыні С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, чл. П.П.Валошын і П.В.Мятла; кіраўнік Цэнтр. сакратарыята БСРГ М.Т.Бурсевіч, нам. сакратара В.​Макоўскі, паліт. рэдактар газет Я.С.Бабровіч. Праграма БСРГ (прынята 12.5.1926) змяшчала асн. дэмакр. і асобныя сацыяліст. патрабаванні: самавызначэнне Зах. Беларусі і аб’яднанне ўсіх бел. зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз’яднанне з БССР); стварэнне сял.-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакр. свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царк. зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытв. і крэдытнай кааперацыі; нац. роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і інш. Гал. сродкам сац. і нац. вызвалення працоўных БСРГ лічыла адкрытую барацьбу нар. мас з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочага класа і прац. сялянства. БСРГ супрацоўнічала з рэв.-дэмакр. партыяй польскіх сялян (гл. Незалежная сялянская партыя), укр. рэв.-дэмакр. арг-цыяй «Сельроб». 24.6.1925 дэпутаты польск. сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з бел. нац. фракцыі сейма (гл. Беларускі пасольскі клуб) і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арг-цыі працоўных для барацьбы супраць сац. і нац. прыгнёту. У студз. 1927 больш за 2 тыс. гурткоў БСРГ аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў. Дзейнічала 18 павятовых к-таў БСРГ. ЦК БСРГ выдаваў газ. «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Народны звон», сатыр. час. «Маланка». Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культ.-асв. арганізацыя Таварыства беларускай школы, бел. выдавецкае, навук. і дабрачыннае т-вы, Беларускі студэнцкі саюз. У выніку дзейнасці КПЗБ і грамады ў 1926 у Зах. Беларусі пачаўся ўздым масавага рэв. і нац.-вызв. руху, у якім у канцы 1926 — пач. 1927 наспявалі элементы рэв. сітуацыі. 21.3.1927 БСРГ афіцыйна забаронена польскімі ўладамі. Больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў аддадзены пад суд.

Літ.:

Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада. Мн., 1928;

Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая грамада Мн., 1967.

У.​А.​Палуян.

Паштоўка з партрэтамі арыштаваных у студзені 1927 уладамі Польшчы лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады П.​Мятлы, П.​Валошына, Б.​Тарашкевіча, С.​Рак-Міхайлоўскага і дзеяча Незалежнай сялянскай партыі Ф.​Галавача. 1927.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР, аркестр духавых інструментаў,

калектыў выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Сярод спецыфічных асаблівасцей Д.а.: тэмбрава-каларыстычная яскравасць гучання, дынамічныя градацыі, шырыня дыяпазону, высокая тэсітура, магчымасць выкарыстання на адкрытым паветры, у руху, пры эфектных перабудовах, што абумоўлівае яго абавязковае ўключэнне ў ваен. побыт. Д.а. ўдзельнічаюць у маштабных сацыяльна-культ. мерапрыемствах, служаць важным сродкам муз.-эстэт. выхавання. Склад Д.а. гістарычна мяняўся. Сучасныя Д.а. адрозніваюць па відах (прафес., самадзейныя, у т. л. дзіцячыя, дарослыя, жаночыя, цывільныя, ваен., вучэбныя, канцэртныя і інш.) і па складзе: медны і мяшаны малы, няпоўны і вялікі (вял. медны ўключае групы характэрных, ударных і асн. амбушурных інструментаў; вял. мяшаны — увесь сучасны духавы і ўдарны інструментарый). Часам у Д.а. уключаюць эпізадычныя і нетрадыц. сольныя інструменты.

Д.а. вядомы са старажытнасці. У Грэцыі, Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі, Шумера-Вавілоніі яны служылі для суправаджэння розных урачыстасцей, рэліг. цырымоній і ваен. дзеянняў. З 17 ст. паявіліся ў Еўропе. Музыку для Д.а. пісалі Ф.​Гасек, Г.​Ф.​Гендэль, Л.​Бетховен, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Э.​Меполь, А.​Аляб’еў, А.​Арэнскі, М.​Рымскі-Корсакаў і інш. Д.а. выкарыстоўваюць у складзе сімф. аркестра (Рэквіем Берліёза, Урачыстая уверцюра «1812 год» П.​Чайкоўскага), часам уводзяць у оперу (напр., медны Д.а., ці т.зв. «банда», іграе ў «Сівой легендзе» Дз.​Смольскага, «Матухне Кураж» С.​Картэса).

На Беларусі (паводле летапісных і літ. крыніц) ансамблі духавых і ўдарных інструментаў здаўна выкарыстоўваліся ў вайск. і прыдворным побыце. У 16—18 ст. найб. пашыраны былі ваен. аркестры, сярод іх «янычарская музыка», і прыгонныя, у т. л. рагавыя аркестры («паляўнічая музыка»), «музыка шклоўскага корпуса» С.​Зорыча і інш. У 19 — пач. 20 ст. існавалі шматлікія ваен. і цывільныя Д.а., у т. л. пад кіраўніцтвам І. і К.​Вяржбіцкіх, Д. і В.​Стафановічаў, А.​Чартовіча ў Мінску, пры культавых установах, пажарных дружынах, аматарскія калектывы пры гімназіях і рэальных вучылішчах. У 1990-я г. на Беларусі працуюць Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Аркестр Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь, мінскі аркестр духавых інструментаў «Няміга», гарадскія ў Гомелі, Гродне, вучэбныя ў Бел. акадэміі музыкі («Фанфары Беларусі»), Бел. ун-це культуры («Светач»), Магілёўскім муз. вучылішчы, Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, а таксама шматлікія аматарскія Д.а., у т. л. жаночыя і дзіцячыя. Іх дзейнасць значна стымулюе творчасць бел. кампазітараў у галіне духавой музыкі.

Літ.:

Инструменты духового оркестра. Мн., 1984;

Организация духовых оркестров и обучение игре на духовых инструментах. Мн., 1981.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ТУРБІ́НА, гідратурбіна,

лопасцевы гідраўлічны рухавік, які пераўтварае мех. энергію патоку вады ў энергію вярчальнага вала. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюцца на актыўныя турбіны (свабоднаструменныя) і рэактыўныя турбіны (напорнаструменныя), паводле размяшчэння вала рабочага кола — на вертыкальныя, гарызантальныя і нахіленыя. Выкарыстоўваюцца пераважна на гідраэлектрычных станцыях для прывода гідрагенератара (спалучаныя з ім гідраўлічныя турбіны наз. гідраагрэгатамі).

Актыўныя гідраўлічныя турбіны падзяляюцца на каўшовыя, нахіленаструменныя і двухкратныя. У каўшовых гідраўлічных турбінах рабочым колам з’яўляецца дыск, па акружнасці якога размешчаны лопасці ў выглядзе падвойных каўшоў. Накіравальным апаратам (адным або некалькімі сопламі) струмень вады пад атм. ціскам з вял. скорасцю падаецца на лопасці (каўшы) і з малой скорасцю зыходзіць з кола. Бываюць з верт. або гарыз. валам. Магутнасцю да 250 МВт, рабочы напор 40—2000 м. Рэактыўныя гідраўлічныя турбіны паводле напрамку руху вады ў рабочым коле падзяляюцца на восевыя (паваротна-лопасцевыя, прапелерныя) і нявосевыя (радыяльна-восевыя, дыяганальныя). Маюць турбінную (спіральную) камеру (забяспечвае раўнамернае паступленне вады па ўсім контуры накіравальнага апарата), накіравальны апарат з прафіляванымі лапаткамі (рэгулюе расход вады), рабочае кола з паваротнымі або нерухомымі лопасцямі (яго вал злучаны з валам эл. генератара), адсмоктвальную трубу (змяншае скорасць вады, што паляпшае выкарыстанне энергіі вадзянога патоку). Магутнасць паваротна-лопасцевых гідраўлічных турбін да 250 МВт, рабочы напор 2—70 м; дыяганальных адпаведна да 350 МВт, 40—120 м; радыяльна-восевых — да 800 МВт і болей, 2—600 м.

Разнавіднасцю гідраўлічнай турбіны было вадзяное кола, вядомае са старажытнасці. Першая рэактыўная гідраўлічная турбіна вынайдзена франц. інж. Б.​Фурнеронам у 1827, радыяльна-восевая — амер. інж. Дж.​Фрэнсісам у 1855, актыўная каўшовая — амер. інж. А.​Пелтанам у 1889, паваротна-лопасцевая — аўстр. інж. В.​Капланам у 1913. Вытв-сць гідраўлічных турбін у б. СССР наладжана ў 1924. Найб. вядомыя гідраўлічныя турбіны фірмаў Японіі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. На Беларусі малыя гідраўлічныя турбіны выпускаў у 1949—58 Бабруйскі маш.-буд. з-д. ГЭС Беларусі абсталяваны верт. і гарыз. радыяльна-восевымі гідраўлічнымі турбінамі. Перспектыўныя турбіны малой (10—50 кВт) магутнасці з рабочым напорам 2—5 м.

Я.​П.​Забела.

Схема асноўных тыпаў гідраўлічных турбін: а — актыўнай каўшовай (1 — трубаправод паступлення вады, 2 — сапло, 3 — рабочае кола з каўшамі); б — рэактыўнай паваротна-лопасцевай (1 — рабочае кола з паваротнымі лопасцямі, 2 — накіравальны апарат, 3 — вал); в — рэактыўнай радыяльна-восевай (1 — ротар з нерухомымі лопасцямі, 2 — турбінная камера, 3 — вал).

т. 5, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНДАРМЕ́РЫЯ (франц. gendarmerie ад gens d’armes узброеныя людзі),

палітычная паліцыя. Як інстытут паліт. паліцыі ўпершыню ўведзена ў Францыі (1791). У Расіі ў 1792—1817 (з перапынкамі) існавала ў якасці ваен. паліцыі пры рас. арміі. З лютага 1817 набыла самаст. характар. У Пецярбургу і Маскве былі створаны жандарскія дывізіёны, а ва ўсіх губернскіх гарадах конныя жандарскія каманды. Пасля паўстання дзекабрыстаў Ж. стала сродкам барацьбы з рэв. рухам. У 1826 у Расіі існавала 59 розных па прызначэнні жандарскіх часцей і падраздзяленняў. У 1827 Ж. аб’яднана ў корпус жандараў (у 1837—67 і 1875—1917 — асобны корпус) і падпарадкавана кіраўніку Трэцяга аддзялення ў складзе імператарскай канцылярыі, які з 1839 стаў таксама начальнікам штаба корпуса Ж. У 1867 праведзена рэформа і прынята Палажэнне аб корпусе Ж., якое з нязначнымі зменамі дзейнічала да лют. 1917. Корпус Ж. ахопліваў усю імперыю і выконваў абавязкі паліт., коннай гарадской і ваен. паліцыі. Жандарскія падраздзяленні неслі абавязкі па выяўленні і расследаванні дзярж. злачынстваў, нагляду за турмамі і паліт. вязнямі, падтрыманні парадку на чыгунцы. Ж. мела права весці вышук, тайнае назіранне, рабіць вобыскі і інш. У 1880 пасля скасавання Трэцяга аддзялення Ж. ўвайшла ў падпарадкаванне Мін-ва ўнутр. спраў. У 1882 створана пасада камандзіра Асобнага корпуса Ж. Ім стаў нам. міністра ўнутр. спраў, які курыраваў дэпартамент паліцыі. Бел. губернскія жандарскія ўпраўленні (Віленскае, Гродзенскае, Мінскае, Магілёўскае і Віцебскае) уваходзілі ў склад 4-й (Віленскай) жандарскай акругі. У губернскіх гарадах існавалі ўпраўленні жандарскіх штаб-афіцэраў. У буйных нас. пунктах губерняў размяшчаліся жандарскія каманды. У 1885 у 5 бел. губернях былі 24 павятовыя ўпраўленні (па 4 у Віленскай і Мінскай губ., па 5 у Гродзенскай і Магілёўскай, 6 у Віцебскай губ.), у якія ўваходзілі 24 обер- і 263 унтэр-афіцэры. У кожным губ. горадзе было гар. ўпраўленне з адпаведным штатам чыноў, пры Віленскім гар. упраўленні існавала конная каманда. На чыгунках, якія праходзілі праз тэр. Беларусі і Літвы, для падтрымкі грамадскага парадку дзейнічалі Віленскае і Мінскае чыг. жандарскія ўпраўленні. Жандарскія падраздзяленні на тэр. Беларусі прымалі ўдзел у падаўленні паўстання 1863—64, у выкрыцці рэв. гурткоў, дзеячаў рэв. руху. Ж. ліквідавана пасля Лют. рэвалюцыі 1917.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983;

Курлов П.Г. Гибель императорской России. М., 1992;

Новицкий В.Д. Из воспоминаний жандарма. М., 1991;

Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982;

Спиридович А. Записки жандарма. М., 1991.

І.​В.​Аржахоўскі.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́Л ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,

вобразнае ўяўленне пра духоўна-пачуццёвую дасканаласць і гармонію ў прыродзе, грамадскім быцці і маст. творчасці; гістарычна зменлівы крытэрый эстэт. густу і ацэнкі, што выяўляецца непасрэдна ў прыгожым, узнёслым і трагічным, ускосна — у агідным, нізкім і камічным. Як аб’ект эстэт. адносін да рэчаіснасці І.э. — арганічны кампанент сузірання, мыслення і практычнай дзейнасці, уключае таксама маст. культуру, вытв-сць, побыт. Яго суб’ектыўная ўмова — развітыя эстэт. пачуцці, маст. густ, гуманіст. грамадская свядомасць. У сістэме маст. культуры з’яўляецца адной з прычын і мэтай творчасці, крытэрыем ацэнкі мастацтва і прадметнага свету крытыкай і публікай. Дыялект. сутнасць І.э. ў супярэчлівым адзінстве рэальнага і належнага (таго, што павінна быць), гістарычнага абмежаванага ўзору і няспыннага руху да больш высокай дасканаласці, у адзінстве сац.-класавай, рэгіянальнай і нац. адноснасці з агульначалавечай універсальнасцю. Суадносіцца з ідэаламі пазнавальнымі, сац.-паліт. і этычнымі.

У ант. культуры І.э. выяўляўся найперш у гармоніі, меры і калакагатыі (адзінства красы і дабра). Для позняй эліністычнай культуры характэрна палярызацыя матэрыі і духу, рэальнага і ідэальнага. Хрысц. культура надала ім форму іерархіі духоўных, у т. л. эстэт. каштоўнасцей, на вяршыні якой боская Тройца — адзінства ісціны, дабра і красы. Сярэдневяковае мастацтва спасцігла І.э. як духоўную прыгажосць чалавека і яго творчасці, выяўленых у катэгорыі ўзнёслага. Для рэнесансавага гуманіст мастацтва характэрны ідэал гарманічна развітой асобы — мудрасць вучонага, адвага воіна, талент мастака, адзінства цялеснай і духоўнай прыгажосці. Ускладненне сац. структуры познафеад. і капіталіст. грамадства абумовілі дыферэнцыяцыю І.э., палярызацыю ўяўленняў пра яго ў асяроддзі арыстакратыі, буржуазіі і працоўных. Сучасныя кірункі ў эстэтыцы і розныя маст. плыні бачаць у І.э. кампанент «чыстай» маст. формы (абстракцыянізм), недасягальны ўзор або наогул адмаўляюць ідэалы (постмадэрнізм).

У гісторыі эстэтыкі і маст. культуры Беларусі ў самабытных формах выявіліся асн. гіст. тыпы І.э. У раннехрысц. культуры дамінавалі ідэалы маральнага ўдасканалення, хрысц. альтруізму (вобразы святых), рыцарскага служэння радзіме (вобразы ідэальных князёў і волатаў). Мысліцелі і асветнікі — гуманісты 16—17 ст. (Ф.​Скарына, М.​Гусоўскі, Сімяон Полацкі, Л.​Сапега) сцвярджалі ідэал гарманічнага чалавека, агульнага дабра і прававой дзяржавы. У эпоху барока і класіцызму (17—1-я пал. 19 ст.) адбылася палярызацыя І.э. на высокі (арыстакратычны) і «нізкі» (народны). На аснове нар. ідэалаў, гуманіст. і рамант. традыцый у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сфарміраваліся эстэт. ідэалы бел. нац. адраджэння, таленавіта выяўленыя ў бел. класічнай л-ры (творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, А.​Гаруна і інш., у газ. «Наша ніва»), якія сёння дамінуюць у нац. школах прафес. мастацтва.

У.​М.​Конан.

т. 7, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́Р (лац. calendarium літар. пазыковая кніжка; у Стараж. Рыме даўжнік плаціў працэнты ў першы дзень кожнага месяца, г. зн. у календы) астранамічны, сістэма злічэння вял. прамежкаў часу, заснаваная на перыядычнасці бачных рухаў нябесных цел. Адрозніваюць К.: сонечны (у аснове гадавы рух Сонца па экліптыцы), месяцавы (на аснове руху Месяца вакол Зямлі), месяцава-сонечны.

Пры пабудове К. узнікае праблема спалучэння сонечнага (трапічнага) года, роўнага 365,2422 сярэдніх сонечных сут, і сінадычных месяцаў, працягласцю 29,5306 сут кожны. Адным з першых сонечных К. быў стараж.-егіпецкі (4 ст. да н.э.): працягласць года ў ім была роўная 365 сут (12 месяцаў па 30 сут, апошнія 5 сут не нумараваліся і былі святочнымі). Сучаснае летазлічэнне развілося з стараж.-рым. сонечнага К., уведзенага ў 46 да н.э. Юліем Цэзарам і названага юліянскім К. (ці старым стылем). Тры гады запар у гэтым К. мелі па 365, а 4-ы, высакосны — 366 сут; сярэдняя працягласць года 365,25 сут, што на 11 мін 14 с больш за трапічны год. З-за гэтай недакладнасці кожныя 128 гадоў юліянскі К. адставаў на 1 сут. Гэту памылку на 10 сут выправілі ў 1582 пры папе рымскім Грыгорыю XIII увядзеннем новага К., які назвалі грыгарыянскім (ці новым стылем). У ім выкарыстоўваецца больш дакладнае значэнне сапраўднага трапічнага года. На практыцы год, нумар якога канчаецца на 2 нулі і не дзеліцца без астачы на 400, не лічыцца высакосным. Невялікая недакладнасць паміж грыгарыянскім і трапічным гадамі дае розніцу ў 1 дзень за 3300 гадоў. Каталіцкія краіны перайшлі на грыгарыянскі К. у 16 ст., Скандынавія і Вялікабрытанія — у 18 ст., правасл. краіны Грэцыя, Балгарыя, Румынія, Сербія — у пач. 20 ст., Расія — 31.1.1918 (наступны дзень ужо быў 14 лютага). У месяцавым К. працягласць месяца (сінадычнага, роўнага 29,5306 сут) звязваецца са зменаю фаз Месяца. Прыклад такога К. — мусульманскі К., якім карыстаюцца некаторыя народы Азіі і Афрыкі. У гэтым К. год падзяляецца на 12 месяцаў па 30 і 29 сут папераменна; працягласць года (354 сут) меншая за сонечны, таму пачатак года ўвесь час зрушваецца. У камбінаваным месяцава-сонечным К. змена фаз Месяца ўзгадняецца з гадавым рухам Сонца. Прыклад такога К. — сучасны яўрэйскі К.: 19 сонечных гадоў складаюць 235 сінадычных месяцаў (па 29—30 дзён), 1 раз у некалькі гадоў уводзіцца 13-ы месяц. Пачатак года прыпадае на розныя дні, але заўсёды ўвосень. Кожны месяц пачынаецца з маладзіка, дзень — з заходам Сонца.

Літ.:

Климишин И.А. Календарь и хронология. 3 изд. М., 1990.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ПО́ЛЬШЧЫ (КПП),

нелегальная паліт. партыя левага кірунку ў Польшчы, Зах. Беларусі і Зах. Украіне ў 1918—38 (да лют. 1925 наз. Камуніст. рабочая партыя Польшчы). Створана ў выніку аб’яднання Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы і Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы (у 1920 далучылася і Польская сацыяліст. партыя-апазіцыя) ва ўмовах уздыму рэв. руху пасля 1-й сусв. вайны. Паводле ўстаноўчых праграмных дакументаў гал. мэтай партыі абвешчана ажыццяўленне сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне дыктатуры пралетарыяту ў Польшчы ў кантакце з рабочымі Сав. Расіі. Адна з заснавальніц (1919) Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). У 1922 створана легальная арг-цыя партыі — Саюз пралетарыяту горада і вёскі (ад яе ў ліст. 1922 выбраны 2 дэпутаты, у сак. 1928—7 дэпутатаў у сейм). Унутры партыі дзейнічалі аўтаномныя Камуністычная партыя Заходняй Украіны (КПЗУ, з 1921) і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, з 1923). Пад кіраўніцтвам КПП дзейнічалі Камуніст. саюз моладзі Польшчы (1922—38) і яго аўт. часткі — Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі і Камуніст. саюз моладзі Зах. Украіны. На 2-м з’ездзе КПП (вер.кастр. 1923) у праграме выпраўлены левасектанцкія хібы па сял. і нац. пытаннях. Супрацоўнічала з Незалежнай сялянскай партыяй, Беларускай сялянска-рабочай грамадой, Сельробам і інш. арг-цыямі. Арганізоўвала і падтрымлівала выступленні рабочых і сялян у абарону іх сац. і паліт. правоў. У адпаведнасці з рашэннямі 7-га кангрэса Камінтэрна (1935) праводзіла курс на стварэнне антыфашысцкага народнага фронту, патрабавала скасаваць германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе, ініцыіравала правядзенне антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове, выступала за дружбу з СССР. Ў 1930-я г. КПП разам з КПЗБ і КПЗУ налічвала больш за 20 тыс. членаў, з іх 5—6 тыс. былі ў зняволенні. У 1936—38 многія члены КПП, КПЗБ і КПЗУ добраахвотна ўдзельнічалі на баку рэспубліканцаў у грамадз. вайне ў Іспаніі. Вышэйшы орган партыі — з’езд (адбыліся ў 1918, 1923, 1925, 1927, 1930, 1932), паміж з’ездамі — ЦК на чале з ген. сакратаром. Кіраўнікі: А.Е.Варскі (Варшаўскі), М.​Кашуцкая (В.​Костшэва), Ю.​Ляшчынскі (Ленскі), Э.​Прухняк і інш. Нелегальна выдавала газ. «Czerwony sztandar» («Чырвоны сцяг») і тэарэтычны час. «Nowy przegląd» («Новы агляд»), У жн. 1938 распушчана разам з КПЗБ і КПЗУ Выканкомам Камінтэрна на падставе лжывых абвінавачанняў у шырокім пранікненні варожай агентуры ў кіраўніцтва партыі. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі заявілі аб прызнанні неабгрунтаваным роспуску КПП, КПЗБ і КПЗУ.

т. 7, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,

мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл. Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.

Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст. Найб. стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.​І.​Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.​Дз.​Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.​Васільеў, будаваў Г.​І.​Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Киево-Печерская лавра, заповедник-музей: Краткий путеводитель. 4 изд. Киев, 1975.

Кіева-Пячэрская лаўра.
Троіцкая надбрамная царква ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Вялікая званіца Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)