ДЫЯРЫ́Т (франц. diorite ад грэч. diorizo размяжоўваю, адрозніваю),
глыбінная поўнакрышталічная магматычная горная парода, складзеная з плагіяклазу (андэзіну ці алігаклазу) і звычайна рагавой падманкі, радзей аўгіту і біятыту, зрэдку — кварцу (кварцавы Д.). Структура буйна- і тонказярністая, раўнамерна-, нераўнамерназярністая, парфірападобная. Колер шэры да зеленавата-шэрага. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³. Утварае буйныя інтрузіі ў выглядзе баталітаў, штокаў. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. На Пд рэспублікі (р.п. Мікашэвічы) мае прамысл. значэнне. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял, на брук і як абліцовачны камень; некаторыя гатункі — дэкар. камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІГРА́НТЫ [ад лац. immigrans
(immigrantis) які ўсяляецца] у біялогіі, усяленцы, жывыя арганізмы, якія ўсяліліся ў якую-н. мясцовасць, дзе раней іх не было. Называюць па мясцовасці, адкуль арганізмы перасяліліся (напр., амерыканскія, ціхаакіянскія),
і па часе. ўсялення. Час іміграцыі і яе напрамак вызначаюць паводле назіранняў або гіст. звестак. На Беларусі І. з’яўляюцца андатра, каларадскі жук, рамонак пахучы (амер.), шэры пацук, сярэбраны карась, аер (азіяцкія). І. называюць таксама асобныя клеткі, якія выходзяць з зародкаў органаў і даюць пачатак новым тканкам або органам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЕРЫ́Т (ад імя франц. геолага П.Л.А.Кардзье),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, алюмасілікат магнію (Mg, Fe)2Al3[AlSi5O18]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя або масіўныя. Колер сінявата-шэры, фіялетавы, буры, часам бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Характэрны плеахраізм (дыхраіт). Паходжанне пераважна метамарфічнае, радзей магматычнае. На Беларусі трапляецца сярод гліназёмных гнейсаў жалезаруднай аколаўскай серыі ў асацыяцыі з сіліманітам, біятытам, кварцам, стаўралітам і плагіяклазам. Сыравіна для вырабу керамікі; празрыстыя сінія разнавіднасці — ювелірны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАПАЛІ́ТЫў біялогіі,
віды (або інш. таксоны) раслін і жывёл, якія трапляюцца амаль па ўсёй Зямлі. К. — арганізмы з вял. адаптыўнымі здольнасцямі, шырокай экалагічнай пластычнасцю. На ўзроўні віду К. нямнога. З раслін — водныя і балотныя, напр., рагоз, раска, урэчнік, або пустазелле — драсён птушыны, мятліца аднагадовая, стрэлкі, трыпутнік вялікі і інш.; з жывёл — гар. верабей, шэры пацук, пакаёвая муха і інш. Часцей К. — таксоны больш высокага рангу. З раслін — злакі і складанакветныя, з жывёл — калаўроткі, прэснаводныя ракападобныя, ціхаходкі і інш.Гл. таксама Эндэмікі.
У Мінскім р-не, каля в. Кіршы. Лінзападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Пясчана-жвіровы матэрыял шэры, месцамі гліністы, з лінзамі і праслоямі жвірыстых пяскоў і марэнных супескаў або з уключэннямі валуноў. Пяскі-адсевы пераважна буйна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 3,3 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,4—25 м, ускрышы (гліністыя пяскі, марэнныя супескі) 0,2—12 м. Жвір і пясок прыдатныя на выраб бетону і для буд. работ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫДАТЫ́Т (франц. péridotite ад péridot перыдот, алівін),
магматычная поўнакрышталічная горная парода ультраасноўнага саставу. Складаецца з алівіну (70—30%) і піраксену (30—70%), радзей з рагавой падманкай ці слюдой. Мае ўкрапаннікі магнетыту, ільменіту, храміту, гранату і інш. У залежнасці ад мінер. складу вылучаюцца віды П.: гарцбургіт, верліт, лерцаліт, рогаваабманкавы П. Колер цёмна-зялёны, цёмна-шэры да чорнага. Пры выветрыванні пераўтвараецца ў серпенцініт. Трапляецца ў асацыяцыі з асноўнымі габравымі інтрузіямі. З габрава-перыдатытавымі фармацыямі звязаны радовішчы плаціны, нікелю, кобальту, хрому і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РХАЎКА (Bovista),
род базідыяльных грыбоў парадку дажджавіковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца на адкрытых месцах, сярод травы, радзей у лясах з чэрв. па вер. П. чарнеючая (B. nigrescens) і свінцова-шэрая (B. leumbea).
Пладовыя целы — шарападобныя, дыям. да 6 см. Абалонка (перыдый) двухслойная, вонкавы слой напачатку белы, потым шараваты, унутраны — танкаскурысты свінцова-шэры ці чорны. Мякаць (глеба) белая, потым аліўкава-бурая, парошыстая. Споры шарападобныя, з доўгім прыдаткам. У маладым узросце ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАХРАЗІ́Т (ад грэч. rhodon ружа + chrōsis афарбоўка),
марганцавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат марганцу, MnCO3. Мае ў сабе аксід марганцу (да 61,7%), прымесі жалеза, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя, ныркападобныя агрэгаты, Зямлістыя масы, ромбаэдрычныя крышталі. Колер ружовы, шаравата-белы, зеленавата-шэры. Паўпразрысты, зрэдку да празрыстага. Бляск шкляны з перламутравым адлівам. Цв. 3,5—4. Шчыльнасць 3,7 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае, кантактава-метасаматычнае. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўны і ювелірна-вырабны (празрысты) камень. Уваходзіць у састаў марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАКЛА́З (ад арта... + грэч. klasis трэшчына),
мінерал з групы палявых шпатаў, K[AlSi3O8]. Прымесі натрыю, радзей барыю, жалеза, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя (характэрны двайнікі), агрэгаты зярністыя. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты і інш. Бляск шкляны. Цв. 5—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Празрыстыя крышталі артаклазу, найб. чыстыя паводле саставу, наз.адулярам. Паходжанне магматычнае, часткова метамарфічнае; пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш. На Беларусі пашыраны ў антрапагенных адкладах розных генетычных тыпаў. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай прам-сці.