гарсэ́т, ‑а, М ‑сэце, м.

1. Шырокі пруткі пояс, які носяць пад сукенкай для сцягвання таліі і надання стройнасці фігуры.

2. Састаўная частка беларускага народнага жаночага касцюма ў выглядзе безрукаўкі.

3. Бандаж, які носяць на верхняй частцы тулава пры захворванні або скрыўленні пазваночніка. Гіпсавы гарсэт.

[Фр. corset.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настраёвасць, ‑і, ж.

Кніжн. Пэўная накіраванасць думак, пачуццяў, душэўны стан; настрой. У адпаведнасці з.. асноўнай настраёвасцю паэта рытм яго верша шырокі і паўпаводны, фарбы светлыя і ясныя. Глебка. Найбольш падабаліся хлопчыку жніўныя песні, у якіх было нейкае асаблівае прывабнае хараство і настраёвасць. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасце́рціся, ‑сцярэцца; пр. прасцёрся, ‑сцерлася; зак.

Разм. Тое, што і распасцерціся (у 2, 3 знач.). Ён [аграном] едзе Шляхам векавым, Зямлёй зялёнай цешыцца. Раён прасцёрся перад ім, Як на далоні, свеціцца. Броўка. Неабдымная пустата прасцерлася наўкола. Гамолка. Шырокі і свабодны шлях Табе прасцёрся цераз далі... Буйло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыку́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

Тое, што і прыкаваць. Якім бы светлым быў шырокі свет, Каб на ланцуг прыкуць забойцаў банды! Панчанка. [Марыля] зрабіла крок да дзвярэй, хацела бегчы за сынам, пераняць яго, але спакойныя вочы старога прыкулі яе да месца. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шляя́, ‑і; мн. шлеі, шлей; ж.

1. Частка збруі ў выглядзе рэменя, які ідзе ад хамута і агібае ўсё тулава каня і падтрымліваецца папярочнымі рамянямі. Андрэй сцебануў яго шляёй. Конь, напяўшыся, ірвануў з усіх чатырох. Пташнікаў.

2. Шырокі рэмень, які выкарыстоўваюць пры запрэжцы замест хамута.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕЛЬМІ́НТЫ [ад грэч. helmins (helminthos) чарвяк, гліст],

глісты, паразітычныя чэрві, узбуджальнікі глісных хвароб (гельмінтозаў) чалавека, жывёл і раслін. Вядома каля 18 тыс. відаў. Паводле цыкла развіцця падзяляюцца на біягельмінты і геагельмінты. Да гельмінтаў адносяцца чэрві тыпаў плоскія чэрві: трэматоды, або смактуны, і стужачныя чэрві, або цэстоды; з трэматод у чалавека часцей трапляюцца апістархіды, з цэстод — шырокі стужачнік, бычыны*, свіны і карлікавы цэпні, лічынкі эхінакока і альвеакока; круглыя чэрві, або нематоды, — аскарыды, воласагаловы, вастрыцы, трыхінелы, анкіластаміды і інш.; скрэбні, або акантацэфалы; кольчатыя чэрві, або анеліды. Прадстаўнікі скрэбняў і кольчатых чарвей у чалавека паразітуюць рэдка. Гельмінты паразітуюць практычна ва ўсіх органах і тканках. Звычайна заражаюцца гельмінтамі праз ежу, ваду, скуру, плацэнту, пры паяданні прамежкавага гаспадара. Вывучае гельмінты і выкліканыя імі хваробы гельмінталогія.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 ст. на востраве Лепельскага возера, насупраць в. Стары Лепель (Лепельскі р-н). Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558—83. Пасля ўзяцця Полацка Л.з. занялі і спалілі ў 1563 рус. войскі. На замчышчы яны залажылі астрог і размясцілі ў ім гарнізон. Войскі ВКЛ захапілі астрог і спалілі яго. Пасля аднаўлення ўмацавання ў 1563 побач з замкам заснаваны горад Лепель. У 1568 пачалося буд-ва новага драўлянага замка. Яго будавала мясц. насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Ю.​Зяновіча. Замак быў прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі вежамі. З паўн. боку ад горада яго аддзяляў шырокі роў, які часткова запаўняўся вадой з возера. Каля Л.з. і пад яго аховай знаходзіўся гандл. порт.

М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫЛЁК,

пародная група буйных трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Гадуюць у краінах Еўропы, СНД. На Беларусі гадуюць пераважна аматары. Найб. пашыраны тып бел. М., атрыманы ў Гомельскай вобл. скрыжаваннем М. з трусамі пароды фландр і мясц. беспароднымі.

Маса 4,5—4,8 кг. Тулава магутнае, касцяк моцны. Спіна падоўжаная, злёгку аркападобная, крыж шырокі, мускулісты. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое, шчыльнае, бліскучае. Афарбоўка белая з чорнымі, шэрымі (блакітнымі) або жоўтымі вушамі і сіметрычна размешчанымі плямамі на носе (накшталт матылька, адсюль назва), шчоках, баках, аблямоўкамі вакол вачэй і паласой на спіне. Скараспелыя, маюць добрыя мясныя якасці. Даюць 7—8 трусянят у прыплодзе. Маса бел. М. 4,3 кг, даўж. 54 см, абхват грудзей 36 см. Плямы часам бываюць цёмна-карычневага колеру.

Матылёк.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэзана́нс, -у, м.

1. З’ява рэзкага ўзрастання амплітуды вымушаных ваганняў сістэмы пры набліжэнні частаты (у 2 знач.) перыядычнага знешняга ўздзеяння да частаты яе ўласных ваганняў (спец.).

Р. токаў.

Аптычны р.

2. Здольнасць узмацняць гук, уласцівая рэзанатарам або памяшканням, сцены якіх добра адбіваюць гукавыя хвалі.

Кіназала дае добры р.

3. перан. Водгук, водгаласак, уражанне, зробленае на многіх.

Прамова атрымала шырокі грамадскі р.

|| прым. рэзана́нсны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Рэзанансная елка (для вырабу музычных інструментаў; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

КАПЫ́ЛЬСКА-КЛЕ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Капыльскім, Клецкім, Уздзенскім, Нясвіжскім р-нах. Вызначаўся багаццем кампазіцыйных вырашэнняў, класічнасцю арнаменту вышывак і натыкання. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля, спадніца (андарак), фартух, гарсэт. Кашулю шылі з кужэльнага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з падточкай грубага палатна (радзей з гесткай), адкладным шырокім каўняром і глыбокім разрэзам пазухі. Чырвоны або чырвона-чорны геам. (радзей раслінны і з выявамі птушак, людзей) арнамент размяшчаўся на рукавах гарыз. і верт. палосамі ў шахматным парадку і на каўняры. Андарак шылі з 4 кроеных па аснове або 2 кроеных па ўтку полак паўсуконніка, вытканага ў 4 ніты ўзорам папярочных разнаколерных паскаў або клетак на белым, чорным, зялёным, блакітным, бурачковым фоне. Па ніжнім краі праходзіў шырокі маляўнічы шляк з пярэстымі паскамі або з геам. арнаментам. Крой і маст. афармленне спадніцы і андарака падобныя. Іх прасавалі ў буйныя і частыя складкі, што стварала танальныя пералівы і падкрэслівала прыгажосць каларыстычнай гамы. Фартух кроілі з 1—2 полак белага палатна, цёмна-сіняй, малінавай шарсцянкі ці паркалю, да пояса ззаду часта прышывалі дэкар. клінкі-лапаткі. Аздаблялі вышыўкай, узорыстым ткацтвам, вязаннем, фляндраваннем, складкамі. Гарсэт шылі з фабрычных тканін, кароткім з глыбокім выразам на грудзях. Спераду аздаблялі нашыўкамі рознакаляровых тасёмак, стужак, гузікаў. Галаўныя ўборы жанчын — шаўковыя ці атласныя каптуры са стракатымі нашыўкамі спераду тасьмы, галуна і інш.; наміткі, хусткі. Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасёмкі, абразкі. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, аздобленая вышыўкай чырвонага геам. арнаменту на адкладным каўняры, плечавых устаўках, падоле, шырокі ўзорысты пояс з кутасом, камізэлька, нагавіцы. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, картузы, кучомкі, аблавухі.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Капыльска-клецкі строй. Касцюм дзяўчынак. 1930-я г. Жанчына ў святочным адзенні. Сярэдзіна 20 ст. Усе — вёска Морач Клецкага р-на Мінскай вобл.

т. 8, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)