МАГНІ́ФІКАТ (лац. Magnificat ад першага слова тэксту «Magnificat anima mea Dominum» «Вялічыць душа мая Госпада»),
царкоўнае песнапенне; хвалебная песня на тэкст слоў Дзевы Марыі з Евангелля ад Лукі. З 6 ст. адзін з нязменных (ардынарных) тэкстаў каталіцкай вячэрні. Належыць да т.зв. кантыкляў — важных у літургічным ужытку псалмападобных эпізодаў са Старога і Новага запаветаў. Спяваўся ў грыгарыянскай традыцыі антыфонна ў адным з царк. тонаў паводле спецыфічных формул меладызаванай рэчытацыі. У спалучэнні з т.зв. вялікім антыфонам — найб. меладычна развітым і ўрачыстым песнапеннем літургічнага дня ўяўляў сабою буйную вак. кампазіцыю. Шматгалосыя апрацоўкі М. вядомы з 14 ст. У 16—18 ст. да гэтага жанру звярталіся Г.Дзюфаі, К. дэ Маралес, Дж.Палестрына, А.Ласа, К.Мантэвердзі, І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, А.Вівальдзі, Дж.Б.Пергалезі, В.А.Моцарт і інш., у 19—20 ст. — Ф.Мендэльсон, К.Пендарэцкі, Р.Воан-Уільямс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАНЕ́Г Пётр, бел. дойлід 12 ст. Прадстаўнік Гродзенскай школы дойлідства. Ім узведзены шэраг манум. будынкаў у Гродне (верагодна, Ніжняя, Барысаглебская і Прачысценская цэрквы, княжацкія палаты і мураваныя абарончыя сцены). У пач. 12 ст. быў асабістым дойлідам кіеўскага кн. Рурыка. Яго прозвішча зафіксавана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1119 пры сведчанні пра ўзвядзенне ў Выдубіцкім манастыры пад Кіевам мураванай падпорнай сценкі з боку р. Дняпро (адначасова з’яўлялася агляднай пляцоўкай). На заказ князя М. пабудаваў цэрквы св. Васіля ў Оўручы, св. Апосталаў у Белгарадзе і Пятніцкую ў Чарнігаве. У гэтых помніках відавочны традыцыі гродзенскай архітэктуры, што дазваляе даследчыкам меркаваць пра аўтарства М.: у сцены ўмураваны каляровыя шліфаваныя камяні і паліваныя керамічныя пліткі, скошаныя вонкавыя вуглы, аналагічныя падпорныя і аглядныя сцены Выдубіцкага манастыра і на мысе Гродзенскага дзядзінца.
Літ.:
Рапапорт П. Пётр Міланег — гродзенскі дойлід XII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАТКО́ЎСКАЯ (дзявочае Коласава, паводле першага мужа Астракова) Любоў Іванаўна (1804 або 1805, г. Курск, Расія — 31.10.1866), расійская і ўкраінская актрыса. Дэбютавала каля 1823. Працавала ў т-рах рас. антрэпрэнёраў П.Сакалова (1829, Варонеж), І.Штэйна (пач. 1830-х г., Курск), Л.Млаткоўскага (з 1836 у Харкаве, з 1850 Адэсе, з 1856 у Кіеве). Вял. ўплыў на творчасць М. зрабілі сумесныя выступленні з акцёрамі М.Рыбаковым і К.Саленікам, удзел у гастрольных спектаклях П.Мачалава і М.Шчэпкіна, тэатр.традыцыі якіх яна сцвярджала на правінцыяльнай сцэне. Выконвала трагедыйныя ролі класічнага рэпертуару, іграла ў вадэвілях, меладрамах, укр.быт. камедыі: Луіза («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Кардэлія, Афелія («Кароль Лір», «Гамлет» У.Шэкспіра), Каробачка («Мёртвыя душы» М.Гогаля), Верачка, Сусанна («Дачка рускага акцёра», «Сіротка Сусанна» П.Грыгор’ева), Наталка, Тэцяна («Наталка-Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.Катлярэўскага), Насця, Ульяна («Козыр-дзеўка», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.Квіткі-Аснаўяненкі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАШО́Ў (Віктар Мікалаевіч) (н. 27.7.1935, г. Кранштат Ленінградскай вобл.),
расійскі і бел. скульптар. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1961). З 1977 на Беларусі. Працуе ў станковай, манум. і мемар. скульптуры. Для творчасці характэрны лепшыя традыцыірэаліст. мастацтва, глыбокія партрэтныя характарыстыкі вобразаў, вытанчаная мадэліроўка і абагульненасць форм. Сярод твораў «Пецька Спічкін» (1959), «Маці» (1964), «Міша Мароз» (1978), «Генерал Карбышаў» (1984), «Народны артыст Беларусі З.Бабій» (1995), партрэты П.Яршова (1975), М.Лужаніна (1983), П.Шыянка (1984), мемар. дошкі З.Бабію, А.Кавалёву, Ф.Гахаву ў Мінску, помнікі Дз.І.Салуніну ў г. Беламорск (1958), Дз.Карбышаву ў г. Цюмень (1968; абодва Расія), П.Кавалёву ў г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. (1989) і інш. Аўтар герба Беларусі для Дома ўрада (1997).
Літ.:
Чаркина Г.И. Виктор Мурашов. Л., 1986.
Л.Я.Дзягілеў.
В.Мурашоў. Народны артыст Беларусі З.Бабій. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́ЛЬСКАЯ МІХА́ЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1796 з дрэва ва ўсх.-палескай традыцыіпалескіх школ дойлідства. 3-зрубны храм глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага ў плане бабінца, 8-граннага выцягнутага па папярочнай восі цэнтр. і 5-граннага алтарнага (з рызніцай з Пн) зрубаў. У 19 ст. да бабінца і бакавых фасадаў цэнтр. аб’ёму прырублены квадратныя ў плане прытвор і прыдзелы. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі пануе цэнтр. аб’ём, над якім узведзены чацвярык і 8-гранны барабан з купалам складанай 2-яруснай формы. Аналагічнае завяршэнне маюць апсіда і бабінец. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах з трохвугольнымі сандрыкамі. Алтарная частка аддзелена ярусным разным іканастасам. Побач з царквой 3-ярусная званіца (васьмярык на 2 чацверыках) пад гранёным купальным дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 23.10.1932, в. Цімоніха Харкаўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1964). Друкуецца з 1956. Прадстаўнік т.зв. «вясковай прозы», у якой — рус.нац. характар, гіст. лёс сялянства. Першая кніга — зб. вершаў і паэм «Вёсачка мая лясная» (1961). У кнігах прозы «Спякотнае лета» (1963), «Рачныя лукавіцы» (1964), «Звыклая справа» (1966), «Цяслярскія апавяданні» (1968) і інш. — мастацкае даследаванне нар. характараў, побыт, звычаі, традыцыі і перспектывы паўн.рус. вёскі. У раманах «Пярэдадзень» (ч. 1—2, 1972—76), «Усё наперадзе» (1987), «Год вялікага пералому» (1991) — хроніка жыцця вёскі 1920-х г., супрацьпастаўленне абшчыннага і урбаністычнага тыпаў мыслення, лёс сучасных «неперспектыўных» вёсак. Аўтар гумарыстычных мініяцюр (кн. «Бухціны валагодскія», 1969), п’ес, артыкулаў, нарысаў (кн. «Лад», 198.2) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1981, Літ. прэмія імя Л.Талстога 1992.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1991—93.
Літ.:
Селезнёв Ю.В. В.Белов: Раздумья о творческой судьбе писателя. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛІНГБРОК ((Bolingbroke) Генры Сент-Джон) (16.9.1678, Лондан — 12.12.1751),
англійскі дзярж. дзеяч, філосаф, публіцыст. Віконт (1712). Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1702). Чл. парламента з 1701, адзін з лідэраў торы. Ваен. міністр (1704—08), дзярж. сакратар (1710—14). Садзейнічаў заключэнню Утрэхцкага міру 1713. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. У 1715 выехаў у Францыю пасля абвінавачванняў у змове на карысць Сцюартаў. Вярнуўся ў 1725 і ўзначаліў пазапарламенцкую апазіцыю ўрада вігаў.
Паводле філас. поглядаў (сфарміраваліся пад уплывам эмпірызму і сенсуалізму Дж.Лока) Болінгброк прадстаўнік радыкальнага антыхрысц. кірунку ў англ. дэізме. Лічыцца першым англ. тэарэтыкам гіст. навукі. У працы «Пісьмы аб вывучэнні і карысці гісторыі» (1736—38: рус.пер. 1978) Болінгброк выкладаў філасофію гісторыі як навукі не як тэорыю гіст. працэсу, а як галіну ведаў, сферы духоўнай дзейнасці чалавека, з уключэннем у вобласць гістарычнага элементаў палітыкі, сацыялогіі, этыкі, права, этналогіі, рацыянальнай крытыкі біблейскай традыцыі. Прыроду ўлады прааналізаваў у творы «Ідэя пра Караля-Патрыёта» (1749).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЎ ((Bellow) Сол) (н. 10.6.1915, г. Лашын, Канада),
амерыканскі пісьменнік. З сям’і эмігрантаў-яўрэяў з Расіі. Скончыў ун-т у Манрэалі (1937), пасяліўся ў ЗША. У цэнтры твораў — праблема асобы, якую даследуе праз экзістэнцыялісцкія антыноміі: свабода і выбар (раман «Непрыкаяны чалавек», 1944), ахвяра і кат (аповесць «Ахвяра», 1947), індывід. і грамадская прырода чалавека (аповесць «Лаві момант», 1956; раман «Гендэрсан, кароль дажджу», 1959). Пошукі чалавекам сябе і свайго месца ў свеце, вера ў духоўныя каштоўнасці і культ.традыцыі і адначасова цвярозае ўсведамленне антаганізмаў сучаснай цывілізацыі ў раманах «Прыгоды Огі Марча» (1953), «Герцаг» (1964), «Планета містэра Самлера» (1970; за ўсе Нац. прэміі ЗША 1953, 1964, 1970), «Снежань дэкана» (1982), «Больш паміраюць ад разбітага сэрца» (1987), зб. апавяданняў «Разявака і іншыя апавяданні» (1984) і інш. Скептыцызмам прасякнуты раман пра інтэлектуальную Амерыку «Дар Гумбальта» (1975, Пулітцэраўская прэмія). Проза Белава філасофская, інтэлектуальная, псіхалагічная. Нобелеўская прэмія 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НІНА-МАРЦІНКЕ́ВІЧА ТЭА́ТР,
першы бел.тэатр. калектыў, створаны В.І.Дуніным-Марцінкевічам. Існаваў у 1840—50-я г. Наследаваў нар.традыцыі мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам, абуджаў нац. самасвядомасць у гледачоў, пакінуў прыкметны след у гісторыі бел.сцэн. мастацтва, садзейнічаў яго станаўленню і развіццю. Выступаў пераважна ў фальварку Дуніна-Марцінкевіча Люцынка (каля Івянца), у Мінску, Бабруйску, Глуску і інш. У 1852 дзейнасць калектыву была забаронена ўладамі, і ён паказваў спектаклі фактычна нелегальна да 1856. Выступленні прымяркоўваліся да свят і ўрачыстасцей, для гэтага пісьменнік спецыяльна пісаў новую п’есу (большасць не збераглася). У спектаклях ужываліся рус., бел. і польск. мовы. У Мінску паказаны «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і «Сялянка» («Ідылія», 9.2.1852; у ролях Іагана Бенатана і Навума Прыгаворкі раскрыўся яркі камедыйны талент Дуніна-Марцінкевіча). У трупу (больш за 20 чалавек) уваходзілі Дунін-Марцінкевіч, яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, К.Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Кабылінскі, Прушынскі і інш., хор сялян з Люцынкі. Быў аркестр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДА ПРА́ЦЫ»,
газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 1.10.1927—16.12.1928 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. З мэтай канспірацыі мела розныя назвы: «Наша праца» (1—29 кастр.), «Праца» (5—23 ліст.), «Права працы» (7—24 снеж.), «Навагодняя праца» (27 снеж.), у 1928 — «Думка працы» (4—28 студз.), «Сіла працы» (1—24 лют.), «Воля працы» (12—31 сак.), «Красавік» (5 крас.), «Голас працы» (14 крас.—30 мая), «Зара працы» (2—29 чэрв.), «Сцяг працы» (4—31 ліп.), «Доля працы» (3—29 жн.), «Рэха працы» (1—29 вер.), «Слова працы» (5—31 кастр.), «За працу» (5—27 ліст.), «Да працы» (1—16 снеж.). Працягвала традыцыі газет Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Асвятляла сац.-эканам. і паліт. становішча ў Зах. Беларусі, нац.-вызв. рух, выбары і работу польскага сейма і інш. Змяшчала інфарм. паведамленні пра ход суд. працэсу над удзельнікамі БСРГ, матэрыялы пра культ. жыццё, маст. творы бел. пісьменнікаў. Усяго выйшла 118 нумароў (51 канфіскаваны). Закрыта польскімі ўладамі.