удвайне́, прысл.

У двайным памеры; удвая. Так вось ходзім і гутарым мы з Марыяй Макарэвіч, і мне прыемна ўдвайне: і што слаўная яна такая жанчына і што слава ніколечкі яе не сапсавала. Васілевіч. [Саўка:] — З добраю жонкаю гора — паўгора, а радасць удвайне. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усме́шлівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які часта ўсміхаецца, любіць усміхацца. Дзяўчына, раней такая спакойная, ясная, як дзень, усмешлівая, цяпер не таіла сваёй трывогі. Вышынскі. // Які выражае ўсмешку. Жанчына перавяла ўсмешлівы позірк з Гольц-Мілера на Пятра Пятровіча. Мехаў. [Міхась] бянтэжыцца, убачыўшы ўсмешлівыя вочы Тышкевіча. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́лепа, ‑ы, ж.

Разм. Надвор’е са снегам і дажджом; мокры снег. Мінула восеньская халепа, падшэрхла, пабралася ў груды гразь. Місько. Халепа страшная была, секла, ды яшчэ з ветрам. Дубоўка. [Старая:] — Ды і дарогу пазамятала. Такая ж ноччу халепа была, не дай божа... Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цеснава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Не вельмі прасторны. Двор, праўда, цеснаваты, калі ўедзеш з калёсамі, завярнуцца цяжка, але бяда тут такая! Ермаловіч. Пакойчык маленькі, цеснаваты, але быццам і ўтульны. Кулакоўскі.

2. Малаваты па памеру. [Зося] была ў белай цеснаватай кофце, з якой, відаць, вырасла. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕ́РГМАНА ПРА́ВІЛА,

вызначае заканамернасць змянення памераў чалавека і цеплакроўных жывёл у залежнасці ад пануючых тэмператур навакольнага асяроддзя. Устанавіў ням. вучоны К.​Бергман (1847). Паводле Бергмана правіла, у чалавека і жывёл аднаго віду або групы блізкіх відаў памеры цела большыя ў паўн. шыротах і меншыя на Пд. Напр., у жыхароў Скандынавіі сярэдні рост 170—175 см, у Іспаніі і Паўд. Італіі — менш за 160 см, такая ж залежнасць і па масе цела; у ваўка на Таймыры даўж. цела да 137 см, маса да 49 кг, у Манголіі адпаведна да 120 см і да 40 кг; у сярэдняй паласе даўж. цела ліса да 90 см, маса да 10 кг, у Туркменіі да 57 см і да 3,2 кг. Бергмана правіла адлюстроўвае адаптацыю чалавека і жывёл да падтрымання пастаяннай т-ры цела ў розных кліматычных умовах: у чалавека і буйных жывёл адносіны паверхні цела да яго аб’ёму меншыя, чым у дробных, таму меншы расход энергіі для падтрымання ўласнай т-ры цела, што важна пры нізкіх т-рах навакольнага асяроддзя.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́НФА (ад грэч. plinthos цагліна),

шырокая і плоская абпаленая цэгла. Вядомая ў Стараж. Рыме. Выкарыстоўвалася ў манум. буд-ве Візантыі, адкуль у 11 ст. трапіла на Беларусь. Найб. характэрна для пабудоў 11—12 ст. Полацкай школы дойлідства і Гродзенскай школы дойлідства. Аздаблялася рэльефнымі знакамі (трызубец, выява асобных літар, пяціканцовая зорка і інш.). Полацкая і віцебская П. мелі клеймы. Рады П. змацоўвалі цамянкай. Была пашырана муроўка «са схаваным радам», у якой чаргаваліся заглыбленыя і высунутыя наперад рады П. Такая муроўка наз. «паласатай», паверхня сцяны мела дэкар. выгляд у выніку чаргавання чырвоных палос П. і бледна-ружовых цамянкі. Часам у муроўцы чаргаваліся рады П. і каменю-вапняку. Для арх. дэталей (пілястраў, лапатак і інш.) выкарыстоўвалі фігурную ці лякальную (трапецападобную, паўкруглую і інш.) П. Выраблялі П. ў спец. формах з драўляным дном. Каб пазначыць сваю прадукцыю, цагельнікі пакідалі на П. знакі, клеймы або меткі; часам трапляюцца малюнкі ці надпісы. Абпальвалі П. ў спец. печах з цэглы. У 2-й пал. 13 ст. замест П. ў бел. дойлідстве выкарыстоўвалі буйнапамерную брусковую цэглу.

А.​А.​Трусаў.

Плінфа 12 ст. са знакамі (злева) і клеймамі.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАНА́НС (франц. resonance ад лац. resono адгукаюся),

рэзкае павелічэнне амплітуды ўсталяваных вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняга гарманічнага ўздзеяння да частаты аднаго з уласных ваганняў сістэмы. Праяўляецца ў розных вагальных сістэмах: механічных (маятнік), электрычных (вагальны контур), акустычных (мембрана, струна) і інш.

Пры Р. магутнасць, якая перадаецца вагальнай сістэме знешняй гарманічнай сілай, дасягае максімуму, што вядзе да павелічэння амплітуды ваганняў у залежнасці ад уласцівасцей самой сістэмы (значэнне каэфіцыента затухання і інш.). З тэорыі гарманічных ваганняў вынікае, што пры імкненні каэфіцыента затухання да нуля амплітуда вымушаных ваганняў павінна імкнуцца да бясконцасці, аднак такая экстрапаляцыя няправільная, таму што з павелічэннем амплітуды ваганні перастаюць быць гарманічнымі (малымі). Вывучэнне заканамернасцей Р. неабходнае і для таго, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў рэзкага павелічэння амплітуды ваганняў (напр., разбурэнне тэхн. канструкцый, узнікненне звыштокаў у радыё- і эл.-тэхн. прыладах, зніжэнне якасці апрацоўкі дэталей ад вібрацыі станкоў і інш.). З’ява Р. ўлічваецца ў буд-ве, электра- і радыётэхніцы, электроніцы і інш. Гл. таксама Мёсбаўэра эфект, Электронны парамагнітны, рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс.

А.​І.​Болсун.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

со́пка

1. Вялікі курган, старажытная магіла круглай формы (Віц., вярхоўі рр. Дрысы і Ловаці Алякс., 59). Такая назва курганаў ёсць у Наўгародскай вобл. (Хадакоўскі. Данясенне, 368).

2. Купіна (Кузн. Касп.).

3. Пясчаны ўзгорак (Петр., Смален. Дабр.).

□ ур. Халмоўская Сопка (гара), Сопкі (гара) Віц. (Рам. Мат.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Бурды́ль ’бурбалка, пухір’ (Нас., Інстр. I, Юрч., Бяльк., Яўс.). Сюды ж бурду́ль ’вадыр, пухір’ (Бяльк.), бурдулёк ’бурбалка’ (Бяльк.), бурдулі́ ’бурбалкі на лужынах, калі ідзе дождж’ (КЭС). Рус. бурды́ль ’бурбалка’, бурду́ль ’бурбалка, пухір’. Не вельмі яснае слова. Можа, метатэза з булды́рь (гл.). Такая магчымасць тлумачэння ў СРНГ, 3, 285. Але не выключаецца і гукапераймальнае паходжанне (параўн. бурды́р, бурды́к!, бурды́хнуцца).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кага́н ’вага ў студні з жураўлём’, ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ), ’вочап у студні з жураўлём’ (драг., Нар. сл.). Гэтыя назвы ўтвараюць кампактны арэал на зах. Палессі. Магчыма, сюды ж адносіцца рус. маск. каган ’жэрдка, якой умацоўваюць снапы або сена на возе’. Такая паралель не дазваляе меркаваць аб вузкалакальным пераносе ад каган, да якога ўзыходзіць каганец (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)