ДАГАВО́Р АБ СУПО́ЛЬНІЦТВЕ БЕЛАРУ́СІ І РАСІ́І 1996 Падпісаны 2.4.1996 у Маскве Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Б.М.Ельцыным. Прадугледжвае больш высокі ўзровень супрацоўніцтва дзвюх суверэнных рэспублік сярод Садружнасці Незалежных Дзяржаў — яднанне на прынцыпах суверэннасці і раўнапраўя, агульнапрынятых нормах міжнар. права, матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў сваіх дзяржаў. Пры гэтым і Беларусь і Расія захоўваюць сваю незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, свае Канстытуцыю, дзярж. сцяг, герб, гімн і інш. атрыбуты дзярж. улады, з’яўляюцца суб’ектамі міжнар. права і захоўваюць сваё членства ў міжнар. арг-цыях. Дагавор прадугледжвае адказнасць членаў Супольніцтва і абавязковасць прымаемых рашэнняў праз каардынацыю і кантроль з боку спецыяльна створаных органаў з акрэсленымі ўладнымі паўнамоцтвамі — Вышэйшага Савета і Выканаўчага к-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛУХА́НАВА (Зара) (Заруі Агасьеўна; н. 5.3.1918, Масква),
армянская спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Арменіі (1955). Нар.арт. Расіі (1956). Нар.арт.СССР (1990). Скончыла Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1957). З 1972 выкладае ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных (праф. з 1983). З 1939 салістка Армянскага т-ра оперы і балета, з 1944 — Усесаюзнага радыё, у 1959—82 — Маскоўскай філармоніі. Яе рэпертуар уключае шматлікія творы кампазітараў 16—20 ст., у т. л. І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, Ф.Шуберта, Р.Шумана, Х.Вольфа, Г.Малера. Упершыню выканала шэраг твораў Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, Р.Шчадрына, М.Тарывердыева і інш. Удзельнічала ў канцэртных пастаноўках опер «Італьянка ў Алжыры» Дж.Расіні, «Сястра Анджэліка» Дж.Пучыні. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМА́ТКІН (Сяргей Міхайлавіч) (н. 19.8.1951, г. Батумі, Грузія),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і марфалогіі. Д-рбіял.н. (1990). Акад.Расійскай медыка-тэхн. акадэміі, Нью-Йоркскай АН (1993). Скончыў Гродзенскі мед.ін-т (1974). З 1981 у Ін-це біяхіміі Нац.АН Беларусі, з 1998 прарэктар па навук. працы Гродзенскага мед. ін-та. Навук. працы па нейрамарфалогіі, нейрахіміі і патагенезе алкагалізму.
Тв.:
Aldehyde dehydrogenasa activities in the brain of rats and mice genetically selected for different sensitivity to alcohol (разам з Р.А.Дзітрыхам // Alcoholism: Clinical and experimental research. 1995. Vol. 19, № 5;
Thiamine deficiency as predisposition to and consequence of increased alcohol consumption (разам з Т.І.Зіматкінай) // Alcohol and Alcoholism. 1996. Vol. 31, № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ (Сяргей Аляксеевіч) (н. 10.3.1937, в. Каручхоз Шкотаўскага р-на Прыморскага краю, Расія),
бел. і рас. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1972), праф. (1975). Скончыў Маскоўскі тэхнал.ін-т лёгкай прам-сці (1959). З 1966 у Ін-це нар. гаспадаркі ў Іркуцку. У 1973—90 у Гомельскім дзярж. ун-це. З 1991 у Расійскайінж. акадэміі менеджменту і аграбізнесу. Даследуе праблемы арганізацыі павышэння эфектыўнасці вытв-сці. Аўтар падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па планаванні, кіраванні і маркетынгу.
Тв.:
Плановые расчеты на промышленных предприятиях. Иркутск, 1971 (разам з П.С.Пушкшым);
Научная организация труда на конвейерных потоках обувных фабрик. М., 1972 (разам з В.А.Уразавым);
Совершенствование управления производством в легкой промышленности. М., 1985 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НІШНІКАЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (6.11.1865, г. Кяхта Іркуцкай вобл., Расія — 30.4.1948),
расійскі вучоны ў галіне аграхіміі, фізіялогіі раслін і раслінаводства, заснавальнік расійскай школы аграхімікаў. Акад.АНСССР (1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Герой Сац. Працы (1945). Вучань К.А.Ціміразева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). З 1895 працаваў у ёй (заг. кафедры), адначасова ў 1891—1931 у Маскоўскім ун-це і н.-д. ін-тах. Навук. працы па жыўленні раслін і выкарыстанні мінер. угнаенняў. Заснаваў сучаснае вучэнне аб азоцістым абмене расліннага арганізма, вызначыў ролю аспарагіну ў расліне, паказаў сінтэз яго з аміяку. Прапанаваў спосабы вывучэння жыўлення раслін, спосабы і прыёмы аналізу глеб і раслін. Прэмія імя У.І.Леніна 1926. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВПК),
грамадскія арг-цыі ў Расійскай імперыі ў 1-ю сусв. вайну. Створаны ў 1915, мелі на мэце мабілізацыю прам-сці на патрэбы вайны, атрыманне ад царскага ўрада выгадных ваен. заказаў і паліт. уступак, раскол рэв. руху і падпарадкаванне рабочага класа ўплыву буржуазіі. На пач. 1916 створаны Цэнтр. ВПК і 220 мясцовых, аб’яднаных у 33 абласныя. У 1915 ВПК дзейнічалі ў Гродне, Вільні, Беластоку, Мінску, Слоніме, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску (з аддзелам у Дзвінску). 19.7.1915 на з’ездзе ў Вільні сфарміраваны Паўн.-Зах. ВПК, які пашыраў сваю дзейнасць на Зах. і часткова Паўн.-Зах. франты. Пасля Кастр. рэвалюцыі ВПК пастаўлены пад кантроль ВСНГ, у 1918 перайменаваны ў нар.-прамысл. к-ты, у ліп. 1918 за дзейнасць супраць сав. улады ліквідаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗКО́ВЫЯ ПАСТАНО́ВЫ,
у Расійскай імперыі ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. акты службовых асоб (ген.-губернатараў, граданачальнікаў), якія выдаваліся дыскрэцыйна (у залежнасці ад асабістага меркавання) і змяшчалі юрыд. санкцыі. Прымаліся для барацьбы з рэв. рухам. Паводле палажэння ад 13.7.1876 губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы аб забароне сходаў, органаў друку і інш. Палажэнне ад 14.8.1881 акрэслівала паўнамоцтвы службовых асоб на прыняцце абавязковых пастаноў у мясцовасцях, аб’яўленых на асобым становішчы, пазней губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы тэрмінам на 1 год і ў мясцовасцях, дзе выключнага становішча не было. У 1904—07 паўнамоцтвы на абавязковыя пастановы мелі мінскі і магілёўскі, у 1909—13 — віленскі, віцебскі, мінскі, магілёўскі губернатары. Абавязковыя пастановы існавалі да Лют. рэвалюцыі 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ-ЛАНКА́СТЭРСКАЯ СІСТЭ́МАўзаемнага навучання,
сістэма навучання ў пач. школе, пры якой старэйшыя вучні, якія больш паспяхова займаліся, пад кіраўніцтвам настаўніка вялі заняткі з астатнімі навучэнцамі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю масавага навучання пісьменнасці. Прапанавана незалежна адзін ад аднаго англ. педагогамі Э.Белам (1791) і Дж.Ланкастэрам (1801). Спачатку ўжыта ў Індыі, потым у Вялікабрытаніі. У пач. 19 ст. шырока практыкавалася ў Францыі, Расіі, ЗША, Даніі і інш. краінах. У Расійскай імперыі ў 1817—19 школы ўзаемнага навучання ўзніклі ў некаторых вайск. часцях і ў маёнтках ліберальна настроеных памешчыкаў. Адной з першых такая школа адчынена для сялян у маёнтку графа М.П.Румянцава ў Гомелі. Супраць Бел-Ланкастэрскай сістэмы выступалі прыхільнікі навучання, якое садзейнічала развіццю асобы. У сярэдзіне 19 ст. Бел-Ланкастэрска сістэма страціла папулярнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРАЛО́ГІЯ (ад гастра... + энтэра... + ...логія),
раздзел медыцыны, які вывучае прычыны, механізмы і клінічныя формы захворванняў органаў стрававальнай сістэмы пераважна неінфекц. паходжання, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі гэтых захворванняў. Найб. актыўна вывучаюцца хранічны гастрыт, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гепатыты, цырозы печані, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, панкрэатыт, каліты і інш. хваробы органаў стрававання.
Гастраэнтэралогія як навука сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. з узнікненнем сістэматычных апісанняў хвароб органаў стрававання. Навук. асновы расійскай гастраэнтэралогіі заклалі С.П.Боткін, А.А.Астравумаў, Р.А.Захар’ін, І.П.Паўлаў, А.М.Угалёў, У.Х.Васіленка. На Беларусі развіццю гастраэнтэралогіі спрыялі працы І.І.Ганчарыка, І.Н.Бранаўца, М.Я.Фёдарава, Ю.Х.Марахоўскага і інш. Даследаванні ў галіне гастраэнтэралогіі праводзяцца ў Рэспубліканскім навук. цэнтры (Мінск). Створана рэсп. асацыяцыя гастраэнтэролагаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНІ́ЦКІ (Сямён Яфімавіч) (каля 1740, г. Нежын, Украіна — 26.6.1789),
расійскі асветнік, юрыст. Чл.Расійскай акадэміі (з 1783). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1759—60), ва ун-це ў Глазга (Вялікабрытанія). Д-р цывільнага і царк. права (1767). У 1767—87 праф. Маскоўскага ун-та, дзе першы пачаў распрацоўку рус. права і выкладанне на рус. мове. Паклаў пачатак гіст. школе права ў Расіі. Выкладанню права надаў практычны кірунак з прыцягненнем рус. заканадаўства і юрыд. практыкі («Слова аб прамым і найбліжэйшым спосабе да навучання юрыспрудэнцыі», 1768). Найважнейшым звяном у развіцці грамадства лічыў устанаўленне прыватнай уласнасці і найперш зямельнай уласнасці. Адсюль вынікае антыфеад. характар яго пазіцыі, крытыка прыгоннага права, спачуванне бурж. развіццю, хоць і непаслядоўныя.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1.