КРУ́ПЧЫЦКІ БОЙ 1794.

бой паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбыўся 17.9.1794 каля в. Крупчыцы Кобрынскага пав. (цяпер Жабінкаўскі р-н). З абодвух бакоў удзельнічала каля 20 тыс. чал. Паўстанцы пад камандаваннем К.​Серакоўскага дзякуючы выгаднай стратэгічнай пазіцыі з дапамогай артылерыі (28 гармат) паспяхова стрымлівалі атакі кавалерыі і пяхоты праціўніка. Аднак пасля абходнага манеўра А.​В.​Суворава і вываду ім часткі войска цераз р. Трасцяніца ў фланг абароны паўстанцаў апошнія пачалі адыходзіць у напрамку Брэста. У час бою абодва бакі страцілі каля 300 чал. забітымі і параненымі. 19 вер. каля в. Цярэспаль Брэсцкага пав. рас. войскі разбілі паўстанцаў.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАГАНДЛЁВЫ СТАТУ́Т 1667,

закон пра ўнутр. і знешні гандаль, выдадзены ў Расіі па ініцыятыве кіраўніка Пасольскага прыказа А.​Л.​Ардына-Нашчокіна. Меў на мэце папаўненне дзярж. казны і падтрымку рас. купецтва. Н.с. развіваў нормы гандл. статута 1653, уніфікаваў пошліны, абмяжоўваў гандаль іншаземцаў. Замежныя купцы абавязваліся гандляваць оптам у памежных гарадах, а пры праездзе ў глыб краіны плаціць акрамя мытнай дадатковыя пошліны з тавару і за праезд, што разам у 4 разы перавышала зборы з рас. купцоў. Іншаземцам забаранялася на тэр. Расіі гандляваць паміж сабой. Найб. высокімі пошлінамі абкладаліся прадметы раскошы, віны, цукар і інш. Н.с. 1667 — тыповы прыклад правядзення дзярж. палітыкі пратэкцыянізму.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПІСНЫ́Я КНІ́ГІ,

1) зводныя дакументы пра колькасць насельніцтва Рас. дзяржавы ў сярэдзіне 17—1-й пал. 18 ст. З’явіліся ў сувязі з заменай пасошнага падаткаабкладання падворным. У сярэдзіне 17 — пач. 18 ст. падворныя П.к. складаліся пры правядзенні як усеагульных перапісаў цяглага (абкладзенага падаткамі) насельніцтва (1646—48, 1676—78, 1710 і 1716), так і перапісаў насельніцтва асобных раёнаў або катэгорый. П.к. 1720-х і 1740-х г. адлюстроўвалі вынікі падушнага перапісу (гл. Падушны падатак).

2) У канцы 16 — пач. 17 ст. назва «апісных кніг» (апісанні гарадоў, сёл, манастыроў) і «глядзенных кніг» (звесткі пра месцазнаходжанне населеных пунктаў, адлегласці і дарогі паміж імі) Рас. дзяржавы.

т. 12, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРУШЭ́ЎСКІ (Фёдар Фаміч) (24.3.1828, С.-Пецярбург — 17.2.1904),

расійскі фізік, заснавальнік навук. школы фізікаў. Брат В.Ф.Петрушэўскага. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1851) і з 1862 працаваў у ім (у 1865—1901 заг. кафедры). Навук. працы па оптыцы і электрамагнетызме. Вынайшаў і сканструяваў шэраг аптычных прылад, першы ў Расіі арганізаваў фіз. практыкум для студэнтаў, які ператварыўся ў навук. лабараторыю. Першы старшыня Рас. фіз. т-ва (з 1872) і Фіз. аддзялення Рас. фіз.-хім. т-ва (1878—1901). Адзін з гал. рэдактараў энцыкл. слоўніка Бракгаўза і Эфрона.

Літ.:

Ченакал В.Л. Ф.​Ф.​Петрушевский и его работы по оптике и цветоведению // Успехи физ. наук. 1948. Т. 36, вып. 2.

т. 12, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Кароль Станіслаў) (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 22.14.1790),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Рыбанькі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. З 1748 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1755. У 1752 падчашы ВКЛ, у 1752—62 мечнік ВКЛ, у 1762—64 і 1768—90 ваявода віленскі; ген.-маёр (1754), ген.лейтэнант войска ВКЛ (1759). З 1762 ардынат нясвіжскі і алыцкі. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў ваенную сілу, вызначаўся свавольствам. Абвешчаная ў Гродне 16.4.1764 Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выступіла супраць Р. Даведаўшыся, што канфедэраты разам з рас. войскам хочуць заняць Нясвіж, Р. са сваім атрадам рушыў туды, але быў разбіты расіянамі пад Слонімам. Р. схаваўся ў Малдове, потым пераехаў у Венгрыю і Саксонію. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16.8.1764 за гвалтоўныя ўчынкі абвясціла Р. ворагам айчыны і пазбавіла пасады ваяводы; яго маёнткі падлягалі канфіскацыі. Р. звярнуўся да рас. імператрыцы Кацярыны II з просьбай узяць яго пад сваю пратэкцыю і вярнуць маёнткі. У сувязі з тым, што Кацярыне II пачала не падабацца палітыка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Чартарыйскіх, яна вырашыла скарыстаць супраць іх Р. Пад аховай рас. войск ён пераехаў у Радам, дзе 23.6.1767 узначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сейме 1767 усе абвінавачанні з Р. былі зняты. Улетку 1768 Р. далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і рас. ўплыву, і пачаў збіраць у Нясвіжы сваё войска. Рас. войскі з баямі занялі Нясвіж і Слуцк; Р. выехаў у Прусію. Да 1777 знаходзіўся ў эміграцыі. Каб адцягнуць Р. ад апазіцыі, рас. дыпламатыя зноў забяспечыла яму пратэкцыю Кацярыны II і вяртанне маёнткаў. Пасля вяртання на радзіму Р. памірыўся з каралём. У час дзейнасці Чатырохгадовага сейма 1788—92 Р. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Сфарміраваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Р. увайшоў у гісторыю як легкадумны палітык і абмежаваны чалавек. Трымаў тэатр і аркестр у Нясвіжы, пабудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе (пад Нясвіжам), аднавіў палац у Слуцку. Аматар неверагодных баек і экстравагантных учынкаў, Р. як персанаж увайшоў у л-ру (творы Г.​Жавускага, З.​Красінскага, І.​Ходзькі, Ю.​Славацкага, Ю.​І.​Крашэўскага і інш.).

Літ.:

Sidorski D. «Panie Kochanku». Katowice, 1987;

Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982.

А.​П.​Грыцкевіч.

К.Радзівіл. Пярун. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. Створаны ў час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Мінскай губ. Рас. імперыі. Павятовы цэнтр — г. Давыд-Гарадок. Скасаваны 23.12.1796.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПРА́ПАРШЧЫК,

воінскае званне (чын) у шэрагу дзяржаў. У рас. арміі існавала ў 1722—1917. Прысвойвалася унтэрафіцэрам і фельдфебелям, якія вытрымалі экзамен або вызначыліся ў баях, і юнкерам. П. карысталіся некаторымі правамі малодшых афіцэраў.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗРА́НЬ,

горад у Рэспубліцы Інгушэція (да 1998 сталіца), у Рас. Федэрацыі. Размешчана на З Чэчэнскай раўніны. 71,9 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. З-д «Электраінструмент», трыкат. ф-ка і інш. Цэнтр с.-г. раёна.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫГЕ́ЙЦЫ (саманазва адыге),

народ у Адыгеі. 95,4 тыс., у інш. рэгіёнах Рас. Федэрацыі і краінах СНД 125 тыс. чал. (1989). Жывуць таксама ў Турцыі і араб. краінах. Гавораць на адыгейскай мове. Паводле веравызнання мусульмане-суніты.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВА́ (мардоўцы),

народ, карэннае насельніцтва Мардовіі (313 тыс. чал.). Колькасць у Рас. Федэрацыі 1073 тыс. чал. (1992). Агульная колькасць — 1150 тыс. чал. Падзяляюцца на этнагр. групы эрзя, мокша, каратаеў і церухан. Мовы мардоўскія. Вернікі — праваслаўныя.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)