АНТАГЕНЕ́З [ад грэч. on (ontos) існае + ...генез],
індывідуальнае развіццё арганізма ад яго зараджэння да смерці (у аднаклетачных арганізмах да дзялення клеткі і ўтварэння новых асобін). Уключае паслядоўныя марфал., біяхім., функцыян. пераўтварэнні, што ўзнікаюць на працягу існавання арганізма. З’яўляецца сціслым, кароткім паўторам (рэкапітуляцыяй) філагенезу (паводле Э.Гекеля, ням. заолага, які ўвёў тэрмін у 1866). Паводле сучасных уяўленняў, антагенез рэалізуецца па пэўнай праграме, закладзенай у кодзе спадчыннай інфармацыі. Усе новыя ў эвалюц. адносінах прыкметы ўзнікаюць у раннім антагенезе і могуць перадавацца наступным пакаленням. Найбольш распаўсюджаны 3 тыпы антагенезу жывёл: лічынкавы (развіццё з метамарфозай, непрамое), нелічынкавы (прамое развіццё, калі фарміраванне арганізма з зіготы адбываецца ў яйцы), унутрывантробнае развіццё (пры жыванараджэнні, калі фарміраванне дзіцяняці да нараджэння адбываецца ў яйцаводах і матцы мацярынскага арганізма). У кожным з тыпаў антагенезу вылучаюць перыяды, якія адрозніваюцца формамі жыццёвай дзейнасці. Пераход з аднаго перыяду ў другі — пераломны момант у жыцці асобін. У жывёл, што размнажаюцца палавым шляхам, і ў чалавека адрозніваюць асн. перыяды: перадзародкавы (утварэнне палавых клетак у працэсе гаметагенезу), эмбрыянальнае развіццё (драбленне, гаструляцыя, аргана- і гістагенез) і пасляэмбрыянальнае развіццё. У рэгуляцыі антагенезу ў шматклетачных жывёл і чалавека вял. роля належыць нерв. і эндакрыннай сістэмам. У раслін, якія размнажаюцца палавым шляхам, антагенез пачынаецца з развіцця аплодненай яйцаклеткі; характэрная яго асаблівасць — чаргаванне бясполага (спарафіт) і палавога (гаметафіт) пакаленняў. Пры вегетатыўным размнажэнні антагенез пачынаецца з дзялення саматычных клетак, у т. л. клетак спецыялізаваных органаў (клубняў, цыбулін, карэнішча і інш.). Цэласнасць раслін у антагенезе забяспечваюць фітагармоны і абмен метабалітамі паміж рознымі іх органамі. Залежна ад умоў навакольнага асяроддзя ў антагенезе раслін магчымы перыяды спакою, інтэнсіўнага росту і інш.
т. 1, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАФІНАНСАВА́ННЕ,
сістэма гаспадарання, пры якой прадпрыемствы (аб’яднанні) пакрываюць свае бягучыя затраты і затраты на расшыранае ўзнаўленне з уласных крыніц. Ва ўмовах С. тэхн. пераўзбраенне, рэканструкцыя, матэрыяльнае стымуляванне і сац. развіццё ажыццяўляюцца за кошт заробленых сродкаў і банкаўскіх крэдытаў. Пры С. асноўны ацэначны паказчык работы — прыбытак. С. прадугледжвае шырокае развіццё гасп. самастойнасці і ініцыятывы прадпрыемстваў (аб’яднанняў), стварае ўмовы і стымулы для тэхн. абнаўлення і павышэння эфектыўнасці вытв-сці. С. — фінансаванне бізнесу без выкарыстання пазыковых сродкаў і сродкаў, атрыманых у выніку распаўсюджання выпуску акцый. Для арг-цыі бізнесу неабходна сума першапачатковага капіталу; далейшае яго развіццё можа ажыццяўляцца шляхам рэінвесціравання атрыманага прыбытку.
У.Р.Залатагораў.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́КТАРАЎ ТЭО́РЫЯ,
сацыялагічныя канцэпцыі, якія тлумачаць змены ў грамадстве ўздзеяннем пэўнай з’явы, што прызнаецца адзіным фактарам гэтых змен. У гісторыі сац. думкі вядомы шэраг спроб тлумачыць грамадскае развіццё ўздзеяннем аднаго фактару: геагр., геапаліт., псіхал., дэмаграфічнага і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. сацыёлагі М.Вебер, М.М.Кавалеўскі, Г.Моска і інш. ў процівагу марксізму, які лічылі аднафактарнай тэорыяй (эканам. дэтэрмінізмам), распрацавалі канцэпцыю мноства фактараў, згодна з якой развіццё грамадства вызначаецца адначасовым уздзеяннем эканам., дэмаграфічнага, рэліг., псіхал. і інш. фактараў. Да аднафактарных тэорый можна аднесці тэорыі стадый росту У.У.Ростаў, індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства тэорыі, якія развіццё тэхнікі і прам-сці лічаць вызначальным фактарам сац. эвалюцыі.
т. 16, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАСПАРЫ́Я (ад апа... + спора),
развіццё гаметафіта ў некаторых вышэйшых раслін з вегетатыўнай клеткі спарафіта без утварэння спораў (гаплоіднай фазы развіцця). Напр., зарастка папараці з тканкі або ножкі спарангія; развіццё зародкавага мяшка ў пакрытанасенных з клетак семязавязі (нуцэлуса і інш.) без рэдукцыйнага дзялення (меёзу). Звычайна спалучаецца з рознымі формамі апаміксісу або з палавым працэсам.
т. 1, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
По́быт 1 ’быт’ (ТСБМ). Укр. по́бут, по́бит ’тс’, рус. по́быт ’звычка’. Ад *po‑ і *bytъ. Развіццё семантыкі: ’быццё, знаходжанне’ > ’агульны ўклад і умовы існавання, быцця’. Паводле Булахава (Развіццё, 43), запазычана з украінскай. Да быт, быць (гл.).
По́быт 2 ’знаходжанне’ (ТСБМ). Ст.-укр. побытъ ’быццё’, польск., в.-луж., чэш., славац. pobyt ’знаходжанне’. Ад po‑ і *bytъ, якое ад *byti (ЭССЯ, 3, 155). Да быт, быць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
генеано́мія
(ад гр. genos, -neos = род + -номія)
раздзел сацыялогіі, які вывучае паходжанне і развіццё форм шлюбу і сям’і.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гістало́гія
(ад гіста- + -логія)
навука пра будову, развіццё і функцыі тканак чалавека і жывёл; уключае гістафізіялогію і гістахімію.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
глатаго́нія
(ад гр. glotta = мова + -гонія)
1) паходжанне мовы;
2) раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне і развіццё мовы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
антагене́з
(ад гр. on, ontos = быццё + -генез)
індывідуальнае развіццё жывёльнага або расліннага арганізма з моманту зараджэння да смерці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
апагамі́я
(ад апа- + -гамія)
развіццё зародка з клетак зарастка або зародкавага мяшка ў некаторых кветкавых раслін і папарацей.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)