МІ́НСКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕДЧЫ ПРЫБОРАБУДАЎНІ́ЧЫ ІНСТЫТУ́Т (МНДПІ Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь). Засн. ў 1971 у Мінску на базе канструктарскага прыборабуд. бюро (з 1967). З 1996 дзярж. прадпрыемства, з 1997 адкрытае акц. т-ва «МНДПІ». Асн. кірункі дзейнасці: выкананне н.-д. і доследна-канструктарскіх работ; распрацоўка і вытв-сць вымяральнай і мед. тэхнікі, прыбораў, сродкаў тэлекамунікацый і сувязі, мабільных і стацыянарных аўтаматызаваных метралагічных комплексаў, аўтаматызаваных сістэм кантролю складаных тэхн. аб’ектаў; прыбораў, апаратуры і комплексаў для ядзерна-фіз. вымярэнняў і радыяцыйнага кантролю; эталонаў і ўзорных сродкаў вымярэнняў эл. велічынь, электра- і радыёкампанентаў; спец. элементнай базы радыёэлектронных прыбораў, тавараў прамысл., нар.гасп., спец. і культ.-быт. прызначэння; аказанне паслуг юрыд. і фіз. асобам і інш.

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). Засн. ў 1624 краснасельскім старостам А.Кянсоўскім, фундацыя зацверджана Я.Валовічам (1628). У 1630-я г. пабудаваны драўляныя кляштар з касцёлам (згарэлі ў 1644). Пасля пажару ўзведзены мураваныя касцёл і кляштар (згарэлі ў 1656, адноўлены ў 2-й пал. 17 ст.). У 1676 пабудавана мураваная капліца (фундатар К.Завіша). Пасля пажару 1740 будынкі рэканструяваны. У час пажару 1835 яны пашкоджаны, пазней адноўлены. У 1864 кляштар скасаваны. Цэнтр. месца ў комплексе займаў касцёл св. Іосіфа — 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф пераходзіць у выцягнуты прэсбітэрый (накрыты агульным 2-схільным дахам) з 3-граннай алтарнай апсідай, умацаванай контрфорсамі. Гал. фасад бязвежавы, мае хвалістую паверхню, падзелены пілястрамі на 3 часткі. Цэнтральная завершана фігурным шчытом з валютамі па баках, з шырокім уваходным парталам, над ім — вял. акно з 3-лопасцевым арачным завяршэннем; у паўцыркульных нішах размяшчалася стукавая скульптура (захавалася часткова). Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны пілястрамі. Інтэр’ер упрыгожаны 9 алтарамі, аздобленымі жывапісам. З ПнУ да касцёла прыбудаваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак кляштара, рытм яго фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры. У комплексе кляштара мураваны 2-павярховы флігель, гасп. пабудовы. Тэр. кляштара была абнесена мураванай сцяной (захавалася часткова) з брамамі. З паўд. боку да касцёла былі прыбудаваны гандл. рады. Фасады касцёла рэстаўрыраваны (1984, арх. Г.Босак). У 1872 памяшканне касцёла прыстасавана пад архіў, з 1992 у ім Архіў навук.-тэхн. дакументацыі і Архіў-музей л-ры і мастацтва Беларусі.

У.М.Дзянісаў.

Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Касцёл.

т. 10, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ми́нский райо́н Мі́нскі раён.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Мінскі НДІ будаўнічых матэрыялаў Міністэрства прамысловасці будаўнічых матэрыялаў СССР 12/467

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), займаў яго паўд.-зах. бок і большую частку вул. Койданаўскай (цяпер Рэвалюцыйная) да перасячэння з вул. Феліцыянскай ( цяпер Камсамольская). Рэзідэнцыя езуітаў існавала у Мінску з сярэдзіны 17 ст. (з 1714 мела ранг калегіума). Комплекс уключаў касцёл, калегіум, школу і гасп. пабудовы. Засн. ў 1654 па фундацыі смаленскага біскупа Г.Сангушкі, які падараваў палац у стылі рэнесансу, побач з ім у 2-й пал. 17 ст. пабудаваны невял. мураваны касцёл. Да канца 17 ст. ўзведзены 2-павярховы будынак школы, у пач. 18 ст. — касцёл. У 1733—50 калегіум, на яго вежы быў гар. гадзіннік. У глыбіні квартала размяшчаліся гасп. пабудовы. Цэнтр. месца ў ансамблі займаў касцёл Ісуса, Марыі і св. Барбары (пасля 1798 Марыінскі кафедральны). Пабудаваны ў 1700—10 у стылі барока. 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф, накрыты 2-схільным дахам, пераходзіць у прэсбітэрый з паўкруглай апсідай, над якой тарэц даху закрыты пластычным шчытом. Абапал апсіды ў бакавых нефах размешчаны 2 капліцы: св. Тройцы і св. Феліцыяны (фундатар апошняй К.Завіша; 1722), накрытыя купаламі на гранёных светлавых барабанах. 2-вежавы гал. фасад, арыентаваны на плошчу, расчлянёны складанымі карнізамі і цягамі, аздоблены калонамі і пілястрамі, завяршаўся фігурным франтонам паміж 2-яруснымі вежамі (пабудаваны ў 1731), дэкарыраванымі пілястрамі іанічнага ордэна і завершанымі невял. купаламі. Сярэдняя частка фасада падзелена на 2 ярусы складанапрафіляванымі карнізамі і ўвянчана фігурным франтонам з сігнатуркай. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны шырокімі плоскімі пілястрамі, аконнымі праёмамі з лучковым і паўцыркульным завяршэннем. У інтэр’еры было 12 драўляных скульптур апосталаў (не захаваліся), паліхромны манум. жывапіс (маст. К.Анташэўскі). Рэканструкцыя касцёла праведзена ў 1798—1800 (арх. Ф.Крамер), інтэр’ера — у 1850-я г. (арх. К.Хршчановіч), у 1951 перапланаваны і перабудаваны гал. фасад (арх. М.Драздоў). У 1993 касцёл адноўлены як архікафедральны найсвяцейшай Панны Марыі. У 1994—97 рэстаўрыраваны фасады і часткова інтэр’еры.

У.М.Дзянісаў.

Мінскі касцёл і кляштар езуітаў. 1999.

т. 10, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ НАВУЧА́ЛЬНА-ВЫТВО́РЧЫ КО́МПЛЕКС «ПТВ-ТЭ́ХНІКУМ» Белкаапсаюза.

Засн. ў 1957 у Мінску як кааператыўны тэхнікум. У 1967 на базе тэхнікума створана прафес.-тэхн. вучылішча па падрыхтоўцы кадраў масавых прафесій. У 1993 тэхнікум і вучылішча аб’яднаны ў комплекс. Тэхнікум рыхтуе тавараведаў. Спецыяльнасць (1999/2000 навуч. г.): камерцыйная дзейнасць. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй і на базе профільнага прафес.-тэхн. вучылішча. Навучанне дзённае і завочнае. Вучылішча на базе сярэдняй адукацыі рыхтуе прадаўцоў харч. і нехарч. тавараў і афіцыянтаў-буфетчыкаў. Навучанне ў комплексе па накіраванні спажывецкага т-ва бясплатнае, пры самаст. паступленні — платнае.

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д АБЛІЦО́ВАЧНЫХ ПЛІТ З НАТУРА́ЛЬНАГА КА́МЕНЮ.

Створаны ў 1976 у Мінску. З 1991 арэнднае прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1999): гранітныя, мармуровыя, вапняковыя пліты для абліцоўкі знешніх бакоў сцен будынкаў, надмагільныя пліты, падлогавыя пліты і падаконнікі з натуральнага каменю, гранітная і мазаічная плітка. Вырабляе элементы гар. добраўпарадкавання з бетону: тратуарныя і дарожныя барты, тратуарную плітку.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГУБЕ́РНСКІ ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т,

вышэйшы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў 1918—20.

Створаны 10.12.1918 у Мінску па ініцыятыве Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б). Старшыня І.І.Рэйнгольд. Меў аддзелы: ваенны, фінансаў, зямельны, СНГ, працы, харчавання, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, ЧК і інш. Вёў работу па стварэнні на вызваленай ад герм. акупантаў тэр. губерні рэўкомаў і Саветаў, устанаўліваў і падтрымліваў рэв. парадак і законнасць. 7.1.1919 скасаваны ў сувязі з утварэннем БССР, аддзелы зліліся з камісарыятамі рэспублікі. 25.2.1919 адноўлены паводле пастановы ЦВК БССР у сувязі з утварэннем Літ.-Бел. ССР. Дзейнасць пашырыў і на Вілейскі пав. Віленскай губ. Старшыня І.С.Саваціеў. Рыхтаваў скліканне з’езда Саветаў Мінскай губ. 29.4.1919 скасаваны ў сувязі з пераездам урада Літ.-Бел. ССР з Вільні ў Мінск, аддзелы зліліся з наркаматамі, функцыі перайшлі да Савета абароны, СНК і інш. цэнтр. органаў рэспублікі. 26.7.1919 зноў адноўлены у Бабруйску ў сувязі з акупацыяй большасці тэр. Беларусі польск. войскамі, скасаваннем Савета абароны і згортваннем работы СНК Літ.-Бел. ССР. Старшыня Р.В.Пікель. У жн. 1919 спыніў дзейнасць у сувязі з акупацыяй губерні польскімі войскамі. Створаны зноў 9.7.1920 у сувязі з пачаткам вызвалення Мінскай туб. ад польск. войск. Старшыня А.Р.Чарвякоў. Вёў работу па стварэнні органаў сав. улады на вызваленай тэр., забеспячэнні харчаваннем і абмундзіраваннем Чырв. Арміі, аднаўленні прам-сці і сельскай гаспадаркі, па нарыхтоўцы і размеркаванні харчавання, аказанні дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў, рабіў захады да адкрыцця школ, наладжвання аховы здароўя. Спыніў існаванне ў сувязі з прыняццем 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь і ўтварэннем Ваен.-рэв. к-та БССР. На базе аддзелаў рэўкома створаны камісарыяты ВРК БССР.

М.І.Камінскі.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ КАСТРЫ́ЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ.

Засн. 8.8.1908 у Мінску як чыгуналіцейны з-д «Гігант». З 1912 з-д «Энергія» (працавалі 63 чал.). У 1921 вырабляў дробныя хатнія рэчы, у 1923 пабудаваны мех. цэх. У 1927 выраблены першыя такарныя і пачалося асваенне вертыкальна-свідравальных станкоў. У Вял. Айч. вайну на з-дзе дзейнічалі групы Мінскага патрыятычнага падполля. У 1948—57 на з-дзе асвоена 28 мадэлей цяжкіх універсальных падоўжна-апрацоўчых і 10 мадэлей спец. станкоў. У 1975 наладжаны выпуск шматаперацыйных фрэзерна-расточных станкоў з лічбавым кіраваннем. З 1996 Дзярж. прадпрыемства МЗОР. Асн. прадукцыя (1999): падоўжна-стругальныя, канта-стругальныя, фрэзерныя, даўбёжныя, балансіровачныя, шматаперацыйныя станкі, «апрацоўчыя цэнтры», дрэваапрацоўчыя і інш. Пастаўляе прадукцыю больш чым у 40 краін свету.

т. 10, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ САВЕ́Т РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ЦКІХ ДЭПУТА́ТАЎ.

Утвораны 4(17).3.1917 паводле рэзалюцыі служачых Заходнефрантавога к-та Усерас. земскага саюза. У гэты ж дзень выбраны Часовы выканаўчы к-т з 9 чал. 8 сак. Савет выказаў падтрымку Часоваму ўраду. 10 сак. Савет рабочых дэпутатаў і Савет салдацкіх дэпутатаў аб’яднаны. Яго друкаваны орган — газ. «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов». У маі — пач. чэрв. адбыліся перавыбары (выбраны 265 чал.). Пры Савеце існавалі секцыі: ваенная, рабочая, чыгуначная, культ.-асв., рэдакцыйная, харч., фін. і інш. У выніку перавыбараў (2-я пал. вер.пач. кастр.) з 337 дэпутатаў Савета 184 былі бальшавікі, 60 эсэраў, 21 меншавік, 21 бундавец, 48 беспартыйных. 3 ад Паалей-Цыёна і Аб’яднанай яўр. сацыяліст. рабочай партыі (АЯСРП); у склад выканкома выбраны 23 бальшавікі, 7 эсэраў, 4 бундаўцы, 1 паалейцыяніст, 1 ад АЯСРП, 2 месцы пакінуты за прафсаюзамі. Да кастр. 1917 адбылося не менш як 35 пасяджэнняў Савета. 25 кастр. з мэтай прадухілення ў горадзе магчымых беспарадкаў утвораны рэв. штаб; 26 кастр. ад імя выканкома Мінскага Савета выдадзены «Загад № 1. Да насельніцтва г. Мінска і яго наваколляў», у якім заяўлена пра пераход усёй улады да М.С.р. і с.д. Вызваленыя з турмы і гаўптвахт салдаты (каля 800 чал.) былі аб’яднаны ў Першы рэв. імя Мінскага Савета полк. 2 ліст. ўся ўлада ў горадзе перайшла да ВРК Зах. фронту. Да 25 студз. 1918 у М.С.р. і с.д. існавалі аддзелы: па арганізацыі чырв. гвардыі, па арганізацыі чырв. арміі Мінскага гарнізона, па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй, асветы, жыллёвы, кааперацыі, працы, мясц. самакіравання, агітацыі і арганізацыі і інш. З прычыны наступлення герм. войск 19.2.1918 кіраўніцтва Савета пакінула Мінск. Савет пачаў адраджацца ў снеж. 1918, калі напярэдадні эвакуацыі герм. войск адбыліся выбары ў гар. Савет рабочых дэпутатаў. Пасля абвяшчэння Беларускай ССР у выніку дагавору прэзідыума Савета з ВРК Мінскай губ. да канца студз. 1919 былі арганізаваны перавыбары Савета, які атрымаў назву Мінскі Савет рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

М.Я.Сяменчык.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)