ІКА́ННЕ міжвольны кароткі і інтэнсіўны ўдых з характэрным гукам, абумоўлены сутаргавым скарачэннем дыяфрагмы пры зачыненай ці рэзка звужанай галасавой шчыліне. Можа быць сімптомам розных захворванняў, назіраецца таксама і ў здаровых асоб (пры пераахаладжэнні, прыёме сухой ежы, алкаголю). У залежнасці ад узроўню пашкоджання вылучаюць асн. патагенныя варыянты І.: цэнтральнае (пры пашкоджанні галаўнога ці спіннога мозга), перыферычнае (пры захворваннях дыяфрагмальнага нерва) і адлюстраванае. Паталагічнае працяглае І. (ад некалькіх гадзін да многіх месяцаў) патрабуе мед. абследавання.

т. 7, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВА́ТЫ́ЎНАЯ СІСТЭ́МА,

механічная сістэма, у час руху якой сума яе патэнцыяльнай і кінетычнай энергій застаецца пастаяннай (выконваецца закон захавання поўнай мех. энергіі). К. с. будзе кожная мех. сістэма, калі знешнія сілы, што дзейнічаюць на яе, не мяняюцца з цягам часу і з’яўляюцца патэнцыяльнымі (кансерватыўнымі), а ўсе ўнутр. сілы таксама патэнцыяльныя. Прыкладам К.с. можа быць матэм. маятнік, калі сіла трэння ў падвесе і сіла супраціўлення паветра (асяроддзя) зведзены да мінімальна магчымага значэння. Гл. таксама Дысіпатыўная сістэма.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГАЗІ́Н,

1) спецыяльнае ўстройства ў агнястрэльнай зброі для размяшчэння патронаў (выстралаў) і паступовага іх перамяшчэння на лінію дасылкі (у прыёмнік) перад падачай у патроннік. М. падзяляюцца паводле месца злучэння са зброяй (падствольныя, прыкладавыя, універсальныя), формы (каробчатыя, дыскавыя, барабанныя) і парадку размяшчэння ў іх патронаў (аднародныя, мнагарадныя). Выкарыстоўваецца ў аўтам. і неаўтам. стралк. зброі, артыл. узбраенні караблёў і лятальных апаратаў, малакаліберных зенітных аўтам. гарматах.

2) Колькасць мін, якая можа быць размешчана на палубе карабля.

т. 9, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАМЕТАЛІ́ЗМ (ад мона... + металы),

грашовая сістэма, пры якой адзін метал з’яўляецца ўсеагульным эквівалентам і асновай грашовага абарачэння. У залежнасці ад таго, які метал адыгрывае гэтую ролю, М. можа быць медны, сярэбраны, залаты. Пры залатым М. побач с залатымі манетамі, якія з’яўляюцца асновай абарачэння, валодаюць неабмежаванай плацежнай сілай і ў адносінах да іх дзейнічае сістэма свабоднай чаканкі, абарачаюцца таксама медныя і сярэбраныя манеты, крэдытныя і папяровыя грошы, што падлягаюць свабоднаму абмену на золата.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕНКЛАТУ́РА ТАВА́РАЎ, таварная наменклатура,

1) сукупнасць асартыментных груп тавараў і таварных адзінак, якія прапануюцца пакупнікам канкрэтным прадаўцом.

2) Пералік прадукцыі, што вырабляецца на прадпрыемстве; структура вытворчай праграмы. Паводле ступені дэталізацыі асобных яе відаў можа быць разгорнутай або спецыялізаванай (па тыпах, марках, профілях, памерах, артыкулах),

групавой (асобныя пазіцыі разгорнутай Н.т. аб’яднаны ў аднародныя групы пад агульным найменнем), свабодна-планавай (з найб. узбуйненым пералікам прадукцыі). Важнае значэнне мела пры планавай сістэме.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СІМУМ (ад лац. pessimum найгоршае) у фізіялогіі, прыгнечанне дзейнасці нерв. і мышачнай тканак. Выклікаецца празмернай частатой стымуляцый нерв. ствала, якая не можа быць узноўлена ў выглядзе біяпатэнцыялаў самога нерва і сінхронных скарачэнняў мышцы, што ён інервуе. Апісаны ў 1886 М.​Я.​Увядзенскім. Адпаведная П. частата трапляе на мышцу ў фазе яе абс. неўзбуджальнасці (рэфрактарнасці) і суправаджаецца аслабленнем скарачэння мышцы ў выніку трансфармацыі частаты раздражнення. Працэс мае абарачальны характар: зніжэнне інтэнсіўнасці раздражнення аднаўляе мышачнае скарачэнне.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНШЭ́Т (франц. planchette літар. дошчачка),

1) плоская драўляная дошка квадратнай формы з прыстасаваннем для замацавання яе на трынозе. Уваходзіць у камплект інструментаў для палявых тапагр. здымкаў.

2) Спец. ўстройства на камандных пунктах ППА, ВПС, ВМФ і інш., для адлюстравання паветр. (марскога) становішча; можа быць механізаваны або аўтаматызаваны.

3) Дошка (драўляная або метал.), на якой замацавана геагр. карта (ліст паперы для чарчэння) з сеткай ізаліній (сеткай каардынат Гаўса) для графічных пабудоў і вылічэнняў.

т. 12, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПАЗІ́ЦЫЯ СХІ́ЛАЎ,

размяшчэнне схілаў гор, далін і інш. форм рэльефу адносна напрамкаў свету і плоскасці гарызонту. Вызначае ступень прагравання схілаў Сонцам у розныя сезоны года (інсаляцыйная Э.с.). Пэўная Э.с. можа быць абумоўлена і размяшчэннем горных схілаў (наветраны схіл, падветраны схіл) адносна пануючых паветраных патокаў (ветравая, або цыркуляцыйная, Э.с.), крыніц увільгатнення — акіянаў і мораў. Вылучаюць мясцовую Э.с. — кожнага элемента рэльефу і макраэкспазіцыю — агульную арыентацыю схілаў хрыбта ў цэлым. Адрозненні ў Э.с. абумоўліваюць разнастайнасць ландшафтаў.

т. 18, кн. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. activus дзейсны, дзейны) у псіхалогіі, уласцівасць псіхікі быць не толькі актам, але і крыніцай паводзін. Праяўляецца ў сувязі з дзейнасцю як дынамічная ўмова яе ўзнікнення, рэалізацыі і відазмянення. Паняццем «актыўнасць» падкрэсліваецца не рэактыўная, а актыўная сутнасць псіхічнага, якая найлепш праяўляецца праз свабоду волі і жадання. Актыўнасць можа быць вонкавая (праяўляецца праз рухі цела і маторыку) або ўнутраная (існуе ў плыні псіхічнага). У ёй вылучаюць паводзіны і дзейнасць. Дзейнасць адрозніваецца ад паводзін тым, што выклікаецца свядома пастаўленымі мэтамі, якія дасягаюцца пры дапамозе прылад працы. Тэрмін «актыўнасць» выкарыстоўваецца псіхолагамі і ў вузкім сэнсе: актыўнасць асобы — магчымасць чалавека быць суб’ектам міжасабовых зносін, дзейнасці і самарэалізацыі; актыўнасць надсітуацыйная звязана з перавышэннем зададзеных мэт дзейнасці, а звышнарматыўная актыўнасць — з перавышэннем звычайных нормаў дзейнасці; актыўнасць пошукавая — перабор розных варыянтаў сітуацыі дзеяння. Тэрмінам «актыўнасць» называюць таксама аспект тэмпераменту, які характарызуецца хуткасцю, тэмпам, энергіяй, магчымасцю пераадольваць цяжкасці.

Літ.:

Хекхаузен Х. Мотивация и деятельность: Пер. с нем. М., 1986. [Т.]1. С. 12—14, 54—55, 70—93, 152—160, 215, 216;

Общая психология. 2 изд. М., 1986. С. 205—215, 415.

Т.​У.​Васілец.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАТЫ́П (ад грэч. prototypon правобраз),

рэальная асоба, якая паслужыла асновай для стварэння літ. вобраза, персанажа. Арыентаванасць на П., характар яго выкарыстання залежаць ад кірунку, жанру і творчай індывідуальнасці пісьменніка. Наяўнасць П. з’яўляецца істотнай рысай рэалістычнай творчасці з яе жыццепадабенствам, псіхалагізмам, быт. каларытам, у адрозненне ад л-р і стыляў з высокай ступенню нарматыўнасці і дэманстратыўнай умоўнасцю (класіцызм, барока, сентыменталізм). Паказваючы рэальную асобу, пісьменнік не капіруе характар і жыццё П., а адбірае патрэбнае яму. Зварот да П. найб. характэрны ў аўтабіягр. творах (трылогія Л.​Талстога «Дзяцінства», «Гады падлетка», «Юнацтва», паэма Я.​Коласа «Новая зямля») і ў лірыцы, дзе ў якасці П. лірычнага героя выступае сам аўтар. У літ. персанажа можа быць некалькі П. (вобраз Грушніцкага ў рамане М.​Лермантава «Герой нашага часу»), у некалькіх літ. персанажаў можа быць адзін П. (П. для вобразаў Садовіча ў рамане Я.​Коласа «На ростанях», Баса-Грэнкі ў п’есе Я.​Коласа «Забастоўшчыкі», Сташынскага ў рамане А.​Фадзеева «Разгром» паслужыў А.​Сянкевіч). Але часцей аўтар, ствараючы вобраз, асноўваецца на адной рэальнай асобе. якую ўспрымае як блізкі да маст. завершанасці тып (П. для вобраза дзеда Талаша ў аповесці Я.​Коласа «Дрыгва» паслужыў В.​І.​Талаш, для вобраза Чубара ў рамане І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі» М.​Сяднёў).

Літ.:

Атрашкевіч В.І. Ад прататыпа да вобраза. Мн., 1984.

т. 13, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)