раздзел генетыкі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных і анамальных прыкмет чалавека. Да яго адносяцца: дэтэрмінацыя фізіял., біяхім. і марфалагічных уласцівасцей асобных тканак і органаў чалавека, роля спадчыннасці і асяроддзя ў фарміраванні асобы, мутацыі чалавека і метады аховы яго генатыпу ад пашкоджанняў рознымі фактарамі асяроддзя, роля спадчыннасці пры ўзнікненні і развіцці паталагічных змен у чалавека і інш. Генетыку чалавека падзяляюць на антрапагенетыку, дэмаграфічную генетыку (генетыка народанасельніцтва), экалагічную генетыку (вучэнне пра генет. аспекты ўзаемаадносін чалавека з навакольным асяроддзем), імунагенетыку, генетыку медыцынскую (найб. важную галіну генетыку чалавека для практычных задач аховы здароўя) і інш.Асн.метады даследавання генетыкі чалавека: блізнятны (гл.Блізняты), генеалогіі, папуляцыйна-статыстычны (вывучэнне пашырэння асобных генаў або храмасомных анамалій у папуляцыях чалавека), цытагенетычны (аналіз карыятыпу чалавека) і інш. Даследаванні па генетыцы чалавека маюць вял. значэнне для развіцця медыцыны (паляпшэнне дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі спадчынных захворванняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРАВА́ННЕў матэматыцы,
аперацыя знаходжання інтэграла па пэўных правілах; знаходжанне рашэння дыферэнцыяльнага ўраўнення. Бывае аналітычнае, графічнае (гл.Графічныя вылічэнні) і лікавае (гл.Лікавае інтэграванне, Лікавыя метады).
Асн. метады аналітычнага І.: непасрэднае І., замена пераменнай і І. па частках. Непасрэднае І. [вылічэнне нявызначанага інтэграла ∫𝑓(x)dx] — аперацыя, адваротная дыферэнцаванню: знайсці функцыю F(x), вытворная ад якой роўная зададзенай функцыі 𝑓(x). Пры гэтым ∫[𝑓i(x) + 𝑓2(x) + ... + 𝑓n(x)]dx = 𝑓1(x)dx + ∫𝑓2(x)dx + ... + ∫𝑓n(x)dx. Вызначаны інтэграл у выпадку неперарыўнай 𝑓(x) і элементарнай F(x) вылічваецца па формуле Ньютана—Лейбніца: ∫𝑓(x)dx = F(b) − F(a). Для складанай функцыі 𝑓(x), дзе x = g(t) — дыферэнцавальная функцыя, выкарыстоўваецца метад замены пераменнай (метад падстаноўкі): ∫𝑓(x)dx = ∫𝑓[g(t)]g(t)dt. Метад І. па частках; калі u = u(x) і v = v(x) — дыферэнцавальныя функцыі, то ∫udv = uv + ∫vdu.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІЦТВАЗНА́ЎСТВА,
навука аб прынцыпах і метадах вядзення паляўнічай гаспадаркі на аснове рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў паляўнічых жывёл, іх аховы і развядзення.
Распрацоўвае біял. асновы паляўнічай гаспадаркі: класіфікацыя, тыпалогія, баніціроўка, біятэхнія і меліярацыя паляўнічых угоддзяў, улік і ацэнка рэсурсаў паляўнічых жывёл, павышэнне прадукцыйнасці папуляцый на аснове вывучэння іх біялогіі, экалогіі, заканамернасцей змены колькасці, нарміраванага адлову і адстрэлу, узнаўленне запасаў і ахова дзікіх звяроў і птушак. Распрацоўвае таксама праблемы эканомікі, арганізацыі, тэхнікі і таваразнаўства прадукцыі паляўнічай гаспадаркі. Развіваецца ў цеснай сувязі з біялогіяй, экалогіяй, эталогіяй, батанікай, біягеаграфіяй і біяцэналогіяй; выкарыстоўвае іх метады даследаванняў.
На Беларусі навук. даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це, БДУ, Гомельскім ун-це, Бярэзінскім запаведніку і інш. Распрацаваны метады мечання жывёл, кальцавання птушак, морфафізіял. індыкатараў, назіранне за перамяшчэннем жывёл на працягу сутак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНАЯ ХІРУРГІ́Я, аднаўленчая хірургія,
раздзел хірургіі, які распрацоўвае метады аднаўлення формы і функцыі тканак і органаў чалавека. Выкарыстоўваюць пры прыроджанай паталогіі, цяжкіх траўмах. Пашырана на вонкавых скурных покрывах цела (гл.Касметыка), у сківічна-тварнай хірургіі (гл.Рынапластыка), страўнікавым тракце, у практалогіі, уралогіі.
П.х. вядома са стараж. часоў (асабліва скурная пластыка). Напр., у Індыі ажыццяўлялі пластыку носа ласкутом, выкраеным са скуры ілба або шчакі. У Расіі яе асновы залажылі У.П.Філатаў (скурная пластыка) і М.І.Пірагоў (касцявая пластыка). На Беларусі значны ўклад у П.х. зрабілі А.С.Арцюшкевіч, Ц.Е.Гніларыбаў, Я.Б.Ешэ, Г.У.Кручынскі, У.М.Падгайскі, А.П.Чудакоў. Метады П.х. распрацоўваюцца ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Напр. укараненне мікрахірургіі сасудзістых анастамозаў дазволіла перамяшчаць фрагменты скурных акраўкаў разам з падскурнай клятчаткай і мышцамі, каб фарміраваць цэлыя органы; трансплантацыя органаў і тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводле астр. назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр.метады арыенціроўкі (вызначэнне геагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.
Літ.:
Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́НАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 15.4.1939, г. Магілёў),
бел. фізік. Акад.Нац.АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1984). Д-рфіз.-матэм.н. (1973), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1961). З 1964 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (у 1987—98 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, спектраскапіі складаных арган. злучэнняў. Распрацаваў спектраскапічныя метады даследавання ўзбуджаных станаў лазерных асяроддзяў, лазеры на растворах арган. злучэнняў. Даследаваў залежнасць спектра флуарэсцэнцыі раствораў ад частаты ўзбуджальнага святла (з’ява батахромнай люмінесцэнцыі). Развіў метады ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі. Дзярж. прэмія СССР 1972. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 2. Мн., 1968 (у сааўт.);
Оптические квантовые генераторы на красителях и их применение (разам з У.І.Томіным) // Радиотехника. М., 1976. Т. 9;
Лазеры на растворах красителей // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.