КАМПРЭ́С (франц. compresse ад лац. compressus сціснуты),
спецыяльная лячэбная мнагаслойная павязка. Бывае К. сухі (ватна-марлевы), накладаецца на балючую ці пашкоджаную ч. цела (рана, апёк) для аховы ад вонкавых раздражненняў ці адсмоктвання вадкасці з раны; вільготна-халодны (прымочка), гарачы (прыпарка), сагравальны (вільготная матэрыя, пакрытая воданепранікальнай паперай ці цыратай і слоем ваты), ужываецца пры запаленчых працэсах. У лек. К. да вады дабаўляюць лекі (мазь, пасту, навакаін і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СІЯ (Cassia),
сенна, род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 600 відаў. Пашырана ў трапічных і цёплаўмераных паясах (акрамя Еўропы). К. вастралістая (C. acutifolia) і вузкалістая (C. angustifolia) культывуюцца ў Афрыцы, Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
Шматгадовыя травы, кусты і невял. дрэвы. Лісце складанае, парнаперыстае, з 5—10 парамі вузкіх лісточкаў. Кветкі жоўтыя, радзей белыя або чырванаватыя, у гронках. Лек, інсектыцыдная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРАВІ́ШНЯ (Laurocerasus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Амерыкі. Культывуецца Л. лекавая (L. officinalis).
Вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце цэльнае, часцей скурыстае. Кветкі белыя, дробныя, духмяныя, у вузкіх гронках. Плод — сакаўная касцянка, у некат. відаў — ядомая. Насенне ядавітае (мае сінільную к-ту). Драўніна выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўчай прам-сці. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСХО́Р,
прыморскі кліматычны курорт на паўд. беразе Крыма (Украіна). За 12 км ад г. Ялта, у складзе г.п. Карэіз. Каля 7 км дробнагалечнага пляжа. Асн.лек. фактар — клімат міжземнаморскага тыпу. Клімата- і таласатэрапія эфектыўныя пры лячэнні функцыян. расстройстваў сардэчна-сасудзістай і нерв.сістэм. Санаторыі, у т. л. «Беларусь», дамы адпачынку, пансіянаты, лячэбныя ўстановы. Помнік М.А.Багдановічу. Паблізу М. арх. помнік «Ластаўчына гняздо», г. Ай-Петры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАФІНАЛЯЧЭ́ННЕ, парафінатэрапія,
выкарыстанне парафіну ў лек. мэтах; від фізіятэрапіі.
У П. выкарыстоўваюць абязводжаны белы мед. парафін (нагрэты ці расплаўлены), які аддае цяпло арганізму чалавека, што спрыяе паляпшэнню кровазвароту, рассысанню хранічных ачагоў запалення, узмацняе абмен рэчываў і інш. Робяць П. метадамі наслойвання, мясц. парафінавых ваннаў, сурвэткава-аплікацыйным. Спалучаецца з медыкаментозным лячэннем, ЛФК і інш. Эфектыўна таксама пры траўматычных пашкоджаннях суставаў, у гінекалогіі, отарыналарынгалогіі, хірургіі, уралогіі, касметалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВЫ́ПАС, празмерны выпас,
перагрузка кармавых угоддзяў выпасам жывёлы; адзін з фактараў негатыўнага ўздзеяння на раслінныя комплексы лугоў і пашы. Вядзе да дэградацыі і эрозіі глебы, зніжае прадукцыйнасць кармавых угоддзяў, разбурае біягеацэнозы. У выніку П. каштоўны травастой замяшчаецца пустазеллем, пагаршаюцца ўмовы ўзнаўлення папуляцый лугавой і балотнай дзічыны, са складу травяністых раслінных фармацый знікаюць каштоўныя харч., лек., дэкар., рэдкія і інш. расліны, значныя тэрыторыі выключаюцца з гасп. абароту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТ (Anthyllis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: буйнагалоўчаты (A. macrocephala), ранагаючы (A. vulneraria), шматлісты (A. polyphylla). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на сухіх лугах, пустках.
Пераважна шматгадовыя травы ці паўкусты. Лісце непарнаперыстае з прылісткамі. Кветкі жоўтыя, у галоўчатых суквеццях. Плод — скурысты струк. Лек., кармавыя, фарбавальныя, меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШЧА-ВАДЗІ́ЦА,
кліматычны курорт у Кіеўскай вобл., Украіна, на правым беразе р. Дняпро. Засн. ў 1920. Клімат умерана кантынентальны. Асн.лек. фактары — чыстае паветра, вял. колькасць сонечных дзён (больш за 150). Лечаць захворванні лёгкіх (у т. л. туберкулёз), сардэчна-сасудзістай і нерв.сістэм. Ужываюць таксама штучныя газавыя ванны (сульфідныя, вуглякіслыя, кіслародныя) і інш. водалячэбныя працэдуры, электралячэнне і інш. Санаторыі (для дарослых і дзяцей), прафілакторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БІЯАРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1974 у Мінску на базе Аддзела біяарганічнай хіміі Ін-та фіз.-арган. хіміі АН Беларусі (з 1959). У ін-це (1998): 11 лабараторый, аддзел біял. выпрабаванняў; доследная вытв-сць (з 1985); аспірантура; савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: хімія і біял. дзеянне прыродных біяпалімераў і нізкамалекулярных біярэгулятараў; метады імунахім. і біясенсорнага аналізу для ацэнкі функцыян. стану рэпрадуктыўнай, імуннай і інш. сістэм арганізма чалавека; новыя біятэхналогіі (у т. л. геннаінж.) атрымання біялагічна важных злучэнняў. Распрацаваны шэраг лек. прэпаратаў для лячэння рассеянага склерозу, язвы страўніка, лек. сродкі супрацьлейкознага і супрацьпухліннага характару; экалагічна бяспечныя і эфектыўныя інсектыцыды, гербіцыды для сельскай гаспадаркі; высокаэфектыўныя стымулятары росту раслін і адаптагены; сродкі павышэння прадукцыйнасці і паляпшэння якасці с.-г. культур. Распрацаваныя ў ін-це метады імунахім. мікрааналізу, неабходнага для дыягностыкі і прафілактыкі разнастайных захворванняў, укаранёны ў практыку мед. устаноў рэспублікі. Працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.А.Ахрэм, А.А.Стральчонак (дырэктар з 1989), чл.-кар. Ф.А.Лахвіч, І.А.Міхайлопула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЯР’Я́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
аднаасноўныя насычаныя арган. к-ты агульнай формулы C4H9COOH. Вядомы 4 ізамерныя валяр’янавыя кіслаты: валяр’янавая (пентанавая); ізаваляр’янавая (3-метылбутанавая); метылэтылвоцатная (2-метылбутанавая); півалінавая (трыметылвоцатная). Практычнае значэнне мае ізаваляр’янавая к-та: бясколерная вадкасць, tпл -29,3 °C, tкіп 176,5 °C, шчыльн. 930,8 кг/м³. Солі і эфіры наз. ізаваляратамі. Атрымліваюць з каранёў валяр’яну. Выкарыстоўваюць у вытв-сці валідолу, карвалолу, валакардзіну і інш.лек. сродкаў, фруктовых эсенцый і духмяных рэчываў у парфумерыі.