КАЛХІ́ДСКАЕ ЦА́РСТВА,

палітычнае ўтварэнне на ПдЗ Закаўказзя ў 6—2 ст. да н.э. Засн. стараж.-груз. плямёнамі колхаў. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, былі развіты металургія жалеза, апрацоўка лёну, дрэва, ювелірнае, керамічнае і інш. рамёствы, чаканіліся сярэбраныя манеты (калхідкі). Існавалі гандл.-рамесныя пункты гар. тыпу і гарады. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. К.ц. знаходзілася ў залежнасці ад Персіі. У 4 ст. да н.э. правіцель К.ц. Куджы ўзначаліў рух за аб’яднанне стараж.-груз. плямён у адзіную дзяржаву. У 2 ст. да н.э. заваявана Пантыйскім царствам, у 1 ст. да н.э. — Рымам. На мяжы 1—2 ст. н.э. на месцы К.ц. ўзнікла царства Лазіка, якое паступова падпарадкавала і насельніцтва паўн. Калхіды.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЕ́ЦКАЯ КАТЛАВІ́НА,

міжгорная катлавіна на Пд Зах. Сібіры, у Кемераўскай вобл. Расіі, паміж Кузнецкім Алатау на ПнУ, Салаірскім кражам на ПдЗ і Горнай Шорыяй на Пд. Пл. 70 тыс. км², даўж. 400 км, шыр. 120 км. Хвалістая алювіяльная раўніна, выш. 200—500 м расчлянёна густой сеткай далін рэк Том, Іня і інш. прытокаў р. Об; у цэнтры — горныя кражы (выш. да 740 м), складзеныя з базальтаў. У межах катлавіны — Кузнецкі вугальны басейн. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. каля -18 °C, ліп. 18—20 °C. Гадавая колькасць ападкаў 350—500 м. На ПнЗ разнатраўе — кавыльныя стэпы на вышчалачаных чарназёмах, бярозава-асінавыя колкі, на У — піхтава-асінавая тайга. Пашырана земляробства (пшаніца, авёс, жыта, бульба).

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІН Мікалай Дзмітрыевіч (15.2.1907, с. Арэфіна Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 3.3.1996),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і насенняводства. Д-р с.-г. н. (1963), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1967), Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Бел. с.-г. ін-т (1935). З 1949 дырэктар Бел. дзярж. селекцыйнай станцыі. З 1956 у Бел. НДІ земляробства (заг. аддзела, у 1961—78 нам. дырэктара), адначасова ў 1971—78 кіраўнік Зах. селекцыйнага цэнтра па збожжавых культурах. Навук. працы па селекцыі збожжавых культур. Аўтар і сааўтар многіх сартоў азімага жыта, яравых пшаніцы і ячменю, грэчкі, чырв. канюшыны.

Тв.:

Селекция и семеноводство зерновых культур в Белоруссии // Достижения отечественной селекции. М., 1967;

Азімае жыта. Мн., 1969.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛІ́Т (ад неа... + грэч. lithos камень), новы каменны век,

апошні перыяд каменнага веку. Пачаўся ў 8-м тыс. да н.э. на Б.​Усходзе, потым у Індакітаі як эпоха пераходу да вытвараючай гаспадаркі. У Еўропе працягваўся з 6-га да канца 3-га тыс. да н.э. У эпоху Н. пашырыліся шліхтаваныя каменныя прылады працы, вынайдзены керамічны посуд, зарадзілася земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. На Беларусі Н. настаў у канцы 5-га тыс. да н.э., скончыўся ў 2000—1800-я г. да н.э. У гэты час тут пражывалі плямёны днепра-данецкай культуры, верхнедняпроўскай культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, культур тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар і інш.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІМФЕ́Й (Nýmphaion),

старажытнагрэчаскі горад у Крыме на беразе Керчанскага праліва, за 17 км на ПдЗ ад г. Керч. Засн. ў 2-й чвэрці 6 ст. да н.э. на месцы скіфскага паселішча. Росквіт Н. прыпадае на 5—4 ст. да н.э. Асновай эканомікі Н. было земляробства і вываз збожжа ў Грэцыю, развіваліся рамёствы, асабліва керамічная вытв-сць. У 1-й пал. 4 ст. да н.э. ўключаны ў склад Баспорскай дзяржавы. У сярэдзіне 3 ст. н.э. разбураны готамі і перастаў існаваць. Археал. даследаванні праводзяцца з 1939. Выяўлены свяцілішчы на беразе мора і акропаль, культавыя прадметы (маскі, рытоны, эсхары), рэшткі жылых будынкаў з брукаванымі дварамі і вуліцамі і інш.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку, пашыраная ў 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў бас. Акі, Клязьмы, у верхнім і часткова сярэднім Паволжы. Назва ад паселішча каля с. Пазнякова (паблізу г. Мурама). Паходжанне П.к. звязваюць з прасоўваннем з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. з рэк Дон і Северскі Данец плямён зрубнай культуры і асіміляцыяй імі мясц. насельніцтва. Асн. заняткі плямён П.к. — жывёлагадоўля, земляробства, выплаўка бронзы. Для яе характэрны невял. паселішчы на надпоймавых тэрасах, паблізу ад іх — могільнікі (курганныя для ранняга і грунтавыя для позняга этапаў); I пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы. Каля магіл выяўлены рэшткі вогнішчаў. Знойдзены гліняны посуд, крамянёвыя прылады, у багатых пахаваннях — бронзавыя нажы, кінжалы, упрыгожанні.

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́Р’Е,

гістарычная назва ў 15—17 ст. у Расіі, узбярэжжа Белага м. ад г. Кем да г. Анега (Паморскі бераг), а таксама вял. тэр. ад Абанежжа да Паўн. Урала, у якую ўваходзілі Карэлія, Дзвінская, Важская, Сысальская, Вяцкая, Пермская землі, Пасухонне, Белазерскі і Пячорскі краі. Першапачаткова насялялі карэлы, комі, лапары. Да 17 ст. карэннае насельніцтва часткова асімілявана рус. пасяленцамі, якія з 12 ст. асвойвалі тэр. П. У 12—15 ст. уладанне Наўгародскай феадальнай рэспублікі. У пач. 16 ст. далучана да Масквы. У 17 ст. ў 22 паветах П. асн. маса насельніцтва — вольныя сяляне. Частка зямель належала манастырам і купцам Строганавым. На Пн насельніцтва займалася рыбалавецкім, слюдзяным, саляным промысламі; у Карэліі развівалася металургія, у паўд. паветах — земляробства.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНЬКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў 5—7 ст. насялялі тэр. лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на З да Северскага Данца на У. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найб. пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы пл. 1,5—2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі пл. ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6—1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш. Носьбітамі П.к. лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.

А.​В.​Іоў.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЯНКО́ВА Валянціна Ягораўна (н. 5.12.1927, в. Юраўка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне селекцыі с.-г. культур. Д-р с.-г. н. (1984). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1987). Скончыла БСГА (1959). У 1962—42 у Бел. НДІ земляробства і кармоў (у 1971—75 заг. аддзела). Навук. працы па селекцыі яравой пшаніцы і трыцікале. Аўтар і сааўтар раянаваных сартоў яравой пшаніцы: Беларуская 12, Беларуская 80; азімага трыцікале: Дар Беларусі, Мара, Міхась; яравога трыцікале Інеса.

Тв.:

Изучение и селекционное использование короткостебельных сортов яровой пшеницы // Проблемы экспериментальной генетики. Мн., 1972;

Проявление гетерозиса у гибридов яровой пшеницы в условиях БССР // Генетические и цитологические исследования ядерной и цитоплазматической наследственности. Мн., 1973.

т. 13, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́НСКІ Леанід Васілевіч (н. 2.12.1937, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне земляробства. Д-р с.-г. н. (1994). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1965). З 1971 у Бел. НДІ аховы раслін (з 1976 заг. лабараторыі, з 1980 нам. дырэктара), з 1999 гал. рэдактар час. «Ахова раслін». Навук. працы па пытаннях аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля пры інтэнсіўным земляробстве, а таксама на прысядзібных участках, калект. садах і агародах.

Тв.:

Защита растений и урожай. Мн., 1988;

Вредители и болезни сада и огорода и меры борьбы с ними на дачных и приусадебных участках. Мн., 1998 (разам з М.​І.​Пратасавым, В.​В.​Балотнікавай).

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)