МАШЫ́НА (франц. machine ад лац. machina збудаванне),
механізм ці спалучэнне механізмаў для ператварэння энергіі аднаго віду руху ў другі, для пераўтварэння матэрыялаў, збору, апрацоўкі, захоўвання і перадачы інфармацыі; найважнейшы элемент прадукцыйных сіл, матэрыяльная аснова вытворчасці. Асн. прызначэнне М. — частковая або поўная замена вытв. функцый чалавека з мэтай аблягчэння працы і павышэння яе прадукцыйнасці. Звычайна складаецца з выканаўчага і рухальнага механізмаў, перадатачнай і кантрольна-кіроўнай частак. У залежнасці ад асн. прызначэння (якое пераўтварэнне пераважае) адрозніваюць энергет., рабочыя і інфарм. М.
Энергетычныя М. прызначаны для ператварэння любога віду энергіі ў механічную (гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі, паравыя машыны, газавыя, гідраўлічныя і паравыя турбіны, рухавікі ўнутранага згарання, электрычныя машыны — электрарухавікі і генератары і інш.). Рабочыя М. ажыццяўляюць змену формы, стану, уласцівасцей і прасторавага становішча матэрыялаў, прадметаў працы. Падзяляюцца на тэхнал. (дрэваапрацоўчыя машыны, металарэзныя станкі, будаўнічыя машыны, пракатныя станы, ткацкія станкі, друкарскія машыны, глебаапрацоўчыя машыны, уборачныя машыны, меліярацыйныя машыны і інш.) і транспартныя машыны, у т. л.аўтамабілі, цеплавозы, цеплаходы, самалёты, верталёты, канвееры, элеватары, грузападымальныя машыны. Шырокае выкарыстанне ў розных галінах вытв-сці знайшлі аўтаматы, камбайны, аўтаматычныя лініі, цэхі- і заводы-аўтаматы, якія выконваюць рабочыя і дапаможныя аперацыі тэхнал. працэсаў без непасрэднага ўдзелу чалавека. Інфармацыйныя М. прызначаны для пераўтварэння інфармацыі — яе уніфікацыі, стандартызацыі, назапашвання, перапрацоўкі, перадачы, выкарыстання. Да інфарм. М. адносяць вылічальныя машыны і прыстасаванні, мех.інтэгратары, шыфравальныя М. і інш. (ЭВМ па сутнасці не з’яўляюцца машынамі, назва захавалася ў парадку гіст. пераемнасці ад лічыльных машын тыпу арыфмометра). Шырокае выкарыстанне рознага тыпу М. знайшлі ў ваен. справе — ад стараж.кідальных машын да сучасных баявых машын пяхоты, баявых машын рэактыўнай артылерыі, бронетранспарцёраў, бамбардзіроўшчыкаў і знішчальнікаў, танкаў, цягачоў і інш. Навукай аб агульных метадах даследавання і праектавання М. з’яўляецца механізмаў і машын тэорыя. Гл. таксама Машыназнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНЕ́Ц, плюмбум (лац. Plumbum),
Pb, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 82, ат. м. 207,2. Прыродны складаецца з 5 стабільных ізатопаў: 202Pb (сляды), 204Pb (1,5%), 206Pb (23,6%), 207Pb (22,6%) і 208Pb (52,3%). Ізатопы С. з масавымі лікамі 206—208 — канчатковыя прадукты натуральных радыеактыўных радоў. У зямной кары 1,6∙10−3% па масе. Найважн. мінерал — галеніт (гл.Свінцовыя руды). Вядомы са стараж. часоў. У 3—2-м тыс. да н.э. ў Месапатаміі і Егіпце са С. выраблялі статуі, пячаткі, прадметы хатняга ўжытку, таблічкі для пісьма. Старажытнаслав. назва С. — олово. Захавалася ў чэш. (Olovo), польскай (olów), укр. (олово) і некат. інш. славянскіх мовах. У бел. мове назва С. — волава захоўвалася да сярэдзіны 20 ст. (адсюль назва «аловак»).
Мяккі пластычны цяжкі метал сінявата-шэрага колеру, шчыльн. 11341,5 кг/м³ (20 °C), tпл 327,5 °C (адзін з легкаплаўкіх металаў), tкіп 1751 °C Для С. характэрны дыямагнетызм, пры т-ры 7,19 К становіцца звышправадніком. У паветры метал. С. набывае шэры колер, што абумоўлена ўтварэннем тонкай плёнкі аксіду PbO (гл.Свінцу аксіды), якая ахоўвае метал ад далейшага акіслення. Пры пакаёвай т-ры не ўзаемадзейнічае з разбаўленымі сернай і салянай к-тамі; раствараецца ў разбаўленай азотнай і воцатнай к-тах, канцэнтраваных растворах шчолачаў. Атрымліваюць з сульфідных канцэнтратаў пасля іх агламерацыйнага абпалу з вапнай (гл.Агламерацыя ў металургіі) з наступнай плаўкай агламерату і рафінаваннем чарнавога металу Выкарыстоўваюць для вырабу электродаў акумулятараў, абалонак эл. кабеляў, футравання хім. апаратаў, як матэрыял для аховы ад іанізавальных выпрамяненняў, кампанент друкарскіх і антыфрыкцыйных сплаваў (гл.Свінцу сплавы), паўправадніковых матэрыялаў. Атрутны; ГДК у атм. паветры 0,003 мг/м³, вадзе 0,03 мг/л. Асн. крыніцы забруджвання навакольнага асяроддзя С.: металургічныя прадпрыемствы, выхлапныя газы рухавікоў унутр.згарання.
Літ.:
Козин Л.Ф., Морачевский А.Г. Физико-химия и металлургия высокочистого свинца. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХАВІ́К,
энергасілавая машына, якая пераўтварае энергію рознага віду ў мех. работу або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. У залежнасці ад тыпу Р. работа можа быць атрымана ад вярчальнага ротара (у ротарных машынах), зваротна-паступальнага руху поршня (у поршневых машын), рэактыўнага апарата і інш. Падзяляюцца на стацыянарныя, перасоўныя і транспартныя. Прыводзяць у дзеянне рабочыя машыны, трансп. сродкі (сухапутныя, водныя, паветраныя, касмічныя), вытв.-тэхнал. ўстаноўкі, камунальныя і быт. машыны і прылады і інш.
Р., якія пераўтвараюць прыродныя энергет. рэсурсы (паліва, энергію ветру, вады і інш.) у мех. энергію, наз.першаснымі Р. Да іх адносяцца цеплавыя рухавікі, гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі. Другасныя Р. пераўтвараюць у работу энергію, атрыманую ад першасных Р. ці ад пераўтваральнікаў і накапляльнікаў энергіі (сонечных батарэй, інерцыйных і спружынных механізмаў і інш.): электрычныя рухавікі (у т. л.асінхронныя электрарухавікі, сінхронныя электрарухавікі), пнеўмарухавікі, інерцыйныя рухавікі, гіравыя, спружынныя, некаторыя гідраўлічныя і інш.
Першым мех. Р. было вадзяное кола, якое выкарыстоўвалася для падачы вады ў арашальныя сістэмы (краіны Стараж. Усходу, Егіпет, Кітай, Індыя). Ветрарухавікі барабаннага тыпу з’явіліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, з 7 ст. ў Персіі пачалі будаваць больш дасканалыя крыльчатыя, якія з 12—13 ст. пашырыліся ў Еўропе для прыводу ветраных млыноў (гл.Вятрак). З 13 ст. рабіліся спробы стварэння вечнага рухавіка. Цеплавы Р. — поршневая параатмасферная машына пабудавана Т.Ньюкаменам у 1705, універсальны цеплавы Р. — паравая машына — Дж.Уатам у 1784, паравая турбінапрамысл. значэння — Ч.А.Парсансам у 1884, практычна прыгодны рухавік унутранага згарання — франц. механікам Э.Ленуарам у 1860, 4-тактавы газавы Р. — Н.А.Ота ў 1876, дызельны — Р.К.Дызелем у 1897 (гл.Дызель). У 1-й пал. 20 ст. створаны газавая турбіна, рэактыўны рухавік, ядзерная сілавая ўстаноўка. Гл. таксама Авіяцыйны рухавік, Аўтамабільны рухавік, Суднавы рухавік.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Радость познания. Т. 4. Человек и машины: Пер. с англ.М., 1986.
У.М.Сацута.
Рухавікі: а — паравы Ньюкамена (1 — бак з вадой, 2 — поршань са штокам, 3 — цыліндр, 4 — упырскванне вады, 5 — паравы кацёл); б — газавы 4-тактны Ота (1 — выхад газаў, 2 — упуск паветра, 3 — упуск газу, 4 — слізгальны клапан, 5 — гарэнне газу, 6 — абалонка з ахаладжальнай вадой, 7 — поршань).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
уну́траны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, размяшчаецца ўнутры чаго‑н.; проціл. знешні (у 1 знач.). Унутраныя дзверы. Унутраны замок. □ Рашчэня адчыніў шырокае акно свайго кабінета адразу ж, як толькі вынеслі ўнутраную раму.Шамякін.// Які дзейнічае знутры. Трэцяя печ уздрыгвала ад моцных унутраных штуршкоў.Данілевіч.// Звернуты ў сярэдзіну чаго‑н. Унутраная разьба.
2. Які мае адносіны да псіхічнай дзейнасці чалавека, адбываецца ў яго псіхіцы. Некалькі кароткіх хвілін дырэктар перажываў пакутлівую ўнутраную барацьбу.Краўчанка.Гаварыў Слаўка спакойна, роўна, але ў голасе яго адчувалася вялікая ўнутраная сіла.Новікаў.
3. Які ляжыць у аснове чаго‑н., з’яўляецца сутнасцю чаго‑н. Унутраныя супярэчнасці. Унутраная сувязь з’яў. □ [Песня] раскрыла перад гм [Грыневічам] сваю душу, усе зманлівыя таямніцы свайго ўнутранага хараства.Ліс.
4. Які мае адносіны да жыцця, дзейнасці ўнутры дзяржавы, установы, арганізацыі; проціл. знешні (у 3 знач.). Унутраная палітыка. Унутранае становішча краіны. □ У кароткай гутарцы .. [Пракоп] даведаўся аб размеркаванні работы паміж калгаснікамі і аб унутраныя распарадку ў калгасе.Колас.
•••
Рухавік унутранага згараннягл. рухавік.
Унутраная флексіягл. флексія.
Унутраныя хваробыгл. хвароба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
По́пел ’рэшткі згарання, спальвання чаго-небудзь’ (ТСБМ), ст.-бел.попелъ (1269 г.), у іншых славянскіх мовах варыянты з пачатковай альтэрнацыяй по‑/пе‑: укр.по́піл, рус.пе́пел, рус.дыял.по́пел, ст.-рус.пепелъ/попелъ, польск.popiół, каш.popʼół, в.-луж.popjeł, н.-луж.popʼeł, палаб.püpél, чэш.popel, славац.popol, славен.pepêl, славен.дыял.popȇl, харв.pèpeo, серб.пѐпео, серб.дыял.попео, балг.пѐпел, ст.-слав.пепелъ/попелъ ’тс’. Найбольш пашыраная этымалогія (Міклашыч, 235; Брукнер, 431; Фасмер, 3, 234; Махэк₂, 429; БЕР, 5, 157–159) выводзіць слова з варыянтаў кораня *‑pel‑/*‑pol‑, прадстаўленых у палена, паліць, полымя з агульным семантычным кампанентам ’гарэць, паліць’, параўн. ст.-прус.pelanne ’попел, парахно’, літ.pelenaĩ (мн. л.), лат.pęlni ’тс’. Зусім верагодна, што прасл.*po‑pelъ літаральна ’спаленае рэчыва’ — аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння. Банькоўскі (2, 699) разглядае *pepelъ як старэйшую рэліктавую форму, а *popelъ‑ — у якасці паўн.-слав. інавацыі, выводзячы рэдуплікаванае прасл.*pe(l)‑pel‑ъ ’пыл’ ад *pol‑nǫ‑ti ’палымнець’. Паводле Карскага (2–3, 87), пачатак слова з падваеннем кораня зменены пад уплывам прыстаўкі *po‑. Іншая версія ўзводзіць слова да і.-е.*pel‑ ’парахно, пыл’, ’мука́’, ’нешта сцёртае ў муку’ (Голуб-Копечны, 286; Сной, 436), што прадстаўлена ў лац.pellō ’біць, капаціць’, pollen ’пыл, мука’, грэч.πάλη, таксама з рэдуплікаваным пачатковым элементам παι‑πάλη ’дробна змолатая мука’, ст.-інд.pálala ’працёртае зерне, каша’. Адсюль прасл.*po‑pelъ азначае ’нешта дробнае, стоўчанае, сцёртае ў муку’. Назіраецца таксама сумяшчэнне ў слав. мовах семантыкі ’падгарэлы, спечаны’ і ’выраб з мукі’, параўн. бел.падпалак ’блін, ляпёшка’, падпалонік ’тс’, польск.podpłomyk ’тс’, а таксама паляніца/ пеляніца (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГО́РАН,
1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.
Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д.Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст. (у пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст.Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл.Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл.Ганчарны горан).
4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),
працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.
Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстанне эл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр.згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.
Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.
На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш.прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЛЁТ, аэраплан,
найбольш пашыраны цяжэйшы за паветра лятальны апарат для палётаў у атмасферы; асн. сродак авіяцыі. Адрозніваюць С.: грамадзянскія (пасажырскія, грузавыя і спец. прызначэння — санітарныя, сельскагаспадарчыя, для тушэння лясных пажараў, аэрафотаздымкі і інш.), ваенныя (бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, штурмавікі, разведчыкі, ваенна-транспартныя і інш.), вучэбныя; поршневыя, турбавінтавыя, турбарэактыўныя і ракетныя; сухапутнага базіравання, карабельныя, гідрасамалёты, «амфібіі»; самалёты вертыкальнага ўзлёту, скарочанага і звычайнага ўзлёту і пасадкі; манапланы і біпланы; дагукавыя, звышгукавыя і гіпергукавыя. Найб. вядомыя С.: аэробусы («Боінг» і «Канкорд»), трансп. (грузавыя) «Антэй», «Руслан» і «Мрыя» (Ан-225, для перавозкі грузаў масай да 250 т, далёкасць палёту да 14,7 тыс.км).
Асн. часткі С.: планер (крыло, фюзеляж, апярэнне, шасі), сілавая ўстаноўка (складаецца з авіяцыйных рухавікоў, уваходных і выхадных устройстваў, сістэм кіравання, паліўнай і інш.), а таксама (для ваенных) узбраенне (пушачнае, ракетнае, бамбардзіровачнае). Сілавая ўстаноўка стварае цягу, а крыло пры наяўнасці паступальнай скорасці — пад’ёмную сілу. Для кіравання С. выкарыстоўваюць штурвальныя калонкі, ручкі кіравання, разнастайныя навігацыйныя прылады (у т. л.авіягарызонты, аўтапілоты, аўташтурманы, вышынямеры). У навігацыі паветранай і ў самім працэсе ваджэння С. (самалётаваджэнні) выкарыстоўваюцца сучасныя навігацыйныя комплексы, якія аб’ядноўваюць з дапамогай ЭВМ прылады і сістэмы С. з наземнымі навігацыйнымі сістэмамі. У ваен. С. выкарыстоўваецца прыцэльна-навігацыйная сістэма (складаецца з прыцэльнай, навігацыйнай, індыкатарнай і дальнамернай падсістэм). Для ўзлёту, пасадкі і абслугоўвання С. будуюць аэрадромы (звычайна ў складзе аэрапорта). Вытв-сцю С., авіяц. рухавікоў, абсталявання, бартавых сістэм і інш. займаецца авіяцыйная прамысловасць. Для палётаў на малой вышыні з выкарыстаннем экрануючага эфекту паверхні існуюць экранапланы, для заняткаў самалётным спортам — спец спартыўныя С.
Канцэпцыю С. з раздзеленымі функцыямі нясучай паверхні (крыла) і рухальніка (вінта) прапанаваў у 1799 англ. вучоны і вынаходнік Дж.Кейлі. Патэнт на С. з парасілавой устаноўкай атрымаў у 1881 А.Ф.Мажайскі, паставілі на С. рухавік унутр.згарання і ажыццявілі на ім першыя палёты ў 1903 браты Райт (гісторыю развіцця самалётабудавання гл. ў арт.Авіяцыя). Да канца 20 ст. створаны С. з макс. скорасцю больш за 3000 км/гадз, найб. вышынёй палёту больш за 30 км, далёкасцю палёту больш за 10 тыс.км, грузападымальнасцю да 250 т, пасажыраўмяшчальнасцю да 550 чал.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Шульженко М.Н. Конструкция самолетов. 3 изд. М., 1971;
Яковлев А.С. Советские самолеты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолеты. М., 1981;
Пономарев А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Житомирский Г.И. Конструкция самолетов. М., 1991.
С.М.Кузьменка, У.М.Сацута.
Самалёт: а — «Тып XI» Л.Блерыо, які зрабіў першы пералёт з Барака (Францыя) у англійскі Дуўр (1 — рухавік, 2 — цыліндры паветранага ахаладжэння, 3 — паліўны бак, 4 — бак для павелічэння пад’ёмнай сілы); б — «Боінг-747» (1 — кабіна экіпажа, 2, 4 — перадкрылкі, 3 — турбавентылятарныя рухавікі, 5 — закрылкі, 6 — пасажырскія месцы на 330—490 чал., 7 — стабілізатар са зменным вуглом устаноўкі, 8 — гідраўлічнае шасі, 9 — патрубак для запраўкі палівам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),
самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л.аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.
Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.
Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.Ж.Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.
Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.
Літ.:
Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;
Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;
Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.
А.С.Рукцешэль.
Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ ТЭ́ХНІКА,
тэхнічныя сродкі для папярэджання, абмежавання або тушэння пажару, ратавання людзей, матэрыяльных каштоўнасцей і прыродных аб’ектаў. Асн. П.т. — пажарныя машыны: пажарныя аўтамабілі, паязды, судны, самалёты, верталёты, танкі, мотапомпы і інш. Да П.т. адносяцца таксама пажарныя драбіны, пажарная аўтаматыка (у т. л. сістэмы пажарнай сігналізацыі), сродкі проціпажарнага водазабеспячэння, процідымнай аховы і экстраннага абвяшчэння, першасныя сродкі пажаратушэння, пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнае абсталяванне.
Пажарныя паязды прызначаны тушыць пажары паблізу чыг. палатна і на рухомым саставе чыг. транспарту. Складаюцца з вагонаў, у якіх размешчаны помпавая станцыя, спец. і пажарна-тэхн. абсталяванне, бокс для пажарных аўтамабіляў, ёмістасці для пенаўтваральніка, чыг. цыстэрны з вадой. Пажарныя судны (цеплаходы, катэры і інш.) тушаць пажары на плаўсродках і ў прыбярэжнай зоне. Яны абсталяваны помпамі, якія нагнятаюць ваду (да 1000 м³/гадз) у рукаўныя лініі ці лафетныя ствалы (брандспойты); маюць запас пенаўтваральніка для тушэння суднаў і нафтапрадуктаў. Пажарныя самалёты (Ан-2, Ан-12, Ан-24, Іл-76, Як-12) і верталёты (Мі-4, Мі-6, Мі-8, Ка-26) прызначаны для авіяпатрулявання, дастаўкі да месца пажару ў аддаленых і цяжкадаступных раёнах людзей, тэхнікі і вогнетушыльных рэчываў. Маюць сістэмы забору вады ў палёце (да 10 т), могуць перавозіць бульдозеры. аўтацыстэрны і інш., распыляць аэразольныя рэагенты, якія ствараюць штучны заліўны дождж. Пажарныя танкі выкарыстоўваюць для тушэння пажараў і ліквідацыі аварый на пажаравыбухованебяспечных аб’ектах, базах і складах боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. На іх устанаўліваюць ёмістасці для вогнетушыльных рэчываў, пажарна-тэхн. абсталяванне, сістэмы жыццезабеспячэння для работы ў непрыдатным для дыхання асяроддзі. Мотапомпы (пераносныя і прычапныя) служаць для тушэння лясных пажараў, падачы вады на верхнія паверхі вышынных будынкаў, запаўнення пажарных ёмістасцей; уваходзяць у камплект пажарных паяздоў і аўтамабіляў хуткага рэагавання. Складаюцца з цэнтрабежнай помпы і рухавіка ўнутр.згарання.
Стварэнне П.т. распачата ў глыбокай старажытнасці. Грэч. механік з Александрыі Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.) вынайшаў пажарную помпу (поршневую 2-цыліндравую), якая «выкідвала ваду наверх». Падобную ручную помпу пабудаваў у 16 ст. А.Платнер (Германія), яна давала струмень да 8 м. У 1672 у Амстэрдаме Я. ван дэр Гейдэ вынайшаў выкідны рукаў, што зрабіла помпу гал. сродкам тушэння пажару. Арыгінальную канструкцыю пажарнай помпы прапанаваў у 1739 рус. вынаходнік А.К.Нартаў. У 1829 у Лондане з’явілася паравая пажарная машына, з 1862 паравыя пажарныя помпы пачалі выкарыстоўваць у Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. у Германіі, потым у інш. краінах пачалі выкарыстоўвацца аўтамабілі, абсталяваныя мех. помпамі, пажарныя драбіны. З 1920-х г. пачалося развіццё П.т. ў СССР: першыя пажарныя машыны выпушчаны ў 1925 у С.-Пецярбургу, пазней наладжаны выпуск пенаўтваральнікаў, тэхнікі тушэння газавых і нафтавых фантанаў і інш.
На Беларусі выкарыстанне простай П.т. вядома з 13 ст. Прафесійная пажарная каманда створана ў 1853 у Мінску; яна мела ручныя помпы, скураныя і пяньковыя рукавы, брандспойты і інш. У наш час аснову тэхн. сродкаў пажарнай аховы складаюць пажарныя аўтамабілі і мотапомпы.
Літ.:
Машины и аппараты пожаротушения. М., 1972;
Шувалов М.Г. Основы пожарного дела. 3 изд. М., 1983;