БЕЛАРУ́СКІ НАСТА́ЎНІЦКІ САЮ́З,

прафесіянальна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў. Засн. 25.5.1907 у Вільні. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Мэта: рэарганізацыя сістэмы асветы для ўздыму грамадз. самасвядомасці і культуры народа. Выступаў за свецкі характар асветы, адмену саслоўных, нац. і рэліг. абмежаванняў у сферы адукацыі, перадачу школьнай справы ў распараджэнне настаўніцкіх саветаў, перавод пач. навучання на бел. мову (пры захаванні вывучэння рус. і інш. мясц. моў), увядзенне бел. і інш. мясц. моў у праграмы настаўніцкіх семінарый, паляпшэнне матэрыяльнага і культ. становішча настаўнікаў. Ва ўмовах рэакцыі пасля паражэння рэвалюцыі 1905—07 спыніў дзейнасць. Адноўлены ў час 1-й сусв. вайны намаганнямі І.​Луцкевіча, аднак забаронены герм. акупац. ўладамі.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ САВЕ́ЦКІ ТЭА́ТР.

Існаваў у Мінску з 22.12.1918 да сак. 1919. Створаны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча і тэатр. калектыву пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У склад т-ра ўваходзілі таксама хор У.Тэраўскага і аркестр пад кіраўніцтвам Ф.​Тхожа. Рэжысёры Аляхновіч, Ждановіч. Сярод акцёраў (усяго 35 чал.): В.​Вашкевіч, У.​Галубок, Р.​Жакоўскі, А.​Крыніца, М.​Міцкевіч, Л.​Навахацкая, Ч.​Родзевіч, В.​Тарасік. У рэпертуары пераважалі бел. творы: «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Кветка папараці» К.​Буйло, п’есы Галубка, Аляхновіча, А.​Чэхава, інсцэніроўкі па творах Э.​Ажэшкі і інш. Пры т-ры працавала літ. секцыя. Калектыў т-ра праводзіў культ.-асв. работу.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛІ БЕЛАРУ́СКІ НДІ Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1949 (з 1961 у г. Жодзіна Мінскай вобл.) на базе аддзела жывёлагадоўлі Ін-та сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: стварэнне высокапрадукцыйных парод, тыпаў, ліній с.-г. жывёлы; распрацоўка рэцэптаў камбікармоў і кармавых дабавак; удасканаленне тэхналогій кармлення, утрымання і ўзнаўлення с.-г. жывёлы, якія забяспечваюць максімальнае праяўленне іх генетычнага патэнцыялу з мінімальнымі затратамі працы, энергіі і кармоў. Выдае з 1958 зб. прац «Зоатэхнічная навука Беларусі». У 1984 на базе Бел. НДІ жывёлагадоўлі, доследна-племянной гаспадаркі «Будагова», эксперым. базы «Зарэчча» створана навук.-вытв. аб’яднанне «Племэліта». У ін-це працавалі Х.С.Гарагляд, В.Ц.Горын, У.В.Горын, К.М.Сонцаў; працуюць І.І.Будзевіч, В.М.Галушка, А.Ф.Трафімаў, І.П.Шыйко.

І.​П.​Шыйко.

т. 6, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ),

назва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў 1920—26.

т. 2, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЫ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ,

назва ў 1924—37 Мінскага музычнага вучылішча імя М.​І.​Глінкі.

т. 2, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТР імя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі.

Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р («Наш тэатр»), у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.​Красінскі, рэжысёр Ф.​Ждановіч, з 1930 В.​Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.​Чарота, «На стыку» Ц.​Гартнага, «Будні» І.​Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.​Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.​Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.​Прута, «Стрэл» А.​Безыменскага, «Чынгісбуд» К.​Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.​Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.​Цікоцкага.

С.​А.​Пятровіч.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ 1939.

Створаны 26 вер. на базе Бел. асобай ваен. акругі ў час польска-германскай вайны 1939. Камандуючы камандарм 2-га рангу М.​П.​Кавалёў; чл. ваен. савета: карпусны камісар І.​З.​Сусайкаў, сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка; нач. штаба камдыў М.​А.​Пуркаеў. Уваходзілі арміі: 3, 4, 10, 11-я, франтавая конна-механізаваная група, 23-і асобны стралк. корпус (у яго складзе 52-я стралк. дывізія і Дняпроўская ваенная флатылія); пры кожнай арміі была авіяц. група. Фронт меў задачу прадухіліць захоп Зах. Беларусі войскамі Германіі. 17.9.1939 войскі Бел. і Укр. франтоў перайшлі сав.-польскую граніцу і за 12 дзён вызвалілі Зах. Беларусь. Упартыя баі ішлі за Скідзель, Навагрудак, Вільню, Гродна, у Аўгустоўскіх лясах. 14.11.1939 фронт скасаваны.

М.​І.​Камінскі.

т. 2, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ТРЭ́ЦІ ў Вялікую Айчынную вайну.

Створаны 19.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты. Камандуючыя: ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі, з лютага 1944 Маршал Сав. Саюза А.М.Васілеўскі, з крас. 1945 ген. арміі І.Х.Баграмян; чл. ваен. савета ген.-лейт. В.Е.Макараў; нач. штаба ген.-палк. А.П.Пакроўскі. У розны час уваходзілі арміі: 3, 5, 21, 28, 31, 33, 39, 43, 48, 50, 2-я і 11-я гвардз., 5-я гвардз. танк., 1-я і 3-я паветраныя. Франтавая газ. «Красноармейская правда». Войскі фронту разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Віцебска-Аршанскую, Мінскую, Вільнюскую, Каўнаскую (гл. адпаведныя арт.), Гумбіненскую, Інстэрбургска-Кёнігсбергскую, Кёнігсбергскую аперацыі, удзельнічалі ў Мемельскай і Усх.-Прускай аперацыях. 15.8.1945 фронт расфарміраваны.

М.​І.​Камінскі.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЭКАНАМІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.

Засн. ў 1933 у Мінску як Бел. ін-т нар. гаспадаркі на базе эканам. аддзялення БДУ. З 1992 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: менеджменту; міжнар. эканам. адносін і рэгіянальнага кіравання; фінансава-эканам.; уліку і статыстыкі; банкаўскай справы; улікова-эканам.; эканомікі і кіравання ў гандлі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1961, дактарантура з 1984. Мае 2 праблемныя лабараторыі, 2 даследчыя і 2 кансультацыйныя цэнтры, больш за 20 лабараторый вылічальнай тэхнікі; друкарню, музей гісторыі ун-та. У складзе ун-та вышэйшая школа кіравання і бізнесу; створана міжнар. маладзёжная арг-цыя па абмене студэнтамі і працамі «AIESEC» (айесэк). Выдае час. «Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта».

Галоўны корпус Беларускага эканамічнага універсітэта.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДРУГІ́ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-2),

назва Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа ў 1926—44.

т. 2, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)