ВЕ́ЙЗЭ Апалон Анатолевіч (н. 23.8.1923, г. Аса Пермскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец, педагог і перакладчык. Д-р пед. н. (1994), праф. (1993). Скончыў Свярдлоўскі пед. ін-т (1946). Працаваў у ВНУ Расіі, з 1968 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе тэорыю тэксту: распрацоўвае праблемы лінгвістыкі (граматыкі) тэксту. Аўтар прац «Сэнсавая кампрэсія тэксту ў навучальных мэтах» (на англ. мове, 1982), «Праблемы тэкстуальнай лінгвістыкі» (у сааўт., 1983), «Чытанне, рэферыраванне і анатаванне замежнага тэксту» (1985) і інш., падручнікаў англ. мовы для сярэдняй школы і адаптаваных кніг для чытання на англ. мове. Пераклаў на англ. мову кн. У.​Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» і А.​Вольскага «Сцяпан — вялікі пан» (1982), апавяданні В.​Быкава, П.​Пестрака, А.​Кулакоўскага, Караткевіча, бел. нар. казкі, з англ. на рус. мову — раман В.​Скота «Чорны карлік» (1961).

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБІ́НКА Яўген Паўлавіч (2.2.1812, с. Мар’янаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 15.12.1848),

украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1831). З 1834 жыў у Пецярбургу. Друкаваўся з 1831. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У 1841 выдаў першы ўкр. альманах «Ластівка» («Ластаўка»). Вершы (некаторыя сталі нар. песнямі), а таксама раннія аповесці і раманы («Нежынскі палкоўнік Залатарэнка», 1842; «Чайкоўскі», 1843) рамантычныя па стылі, прысвечаны гісторыі Украіны, у прыватнасці Запарожжа. У байках выкрываў сац. несправядлівасць, невуцтва, прадажнасць паноў і чыноўнікаў. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. напісаў шэраг рэаліст. твораў («Апавяданні пірацінца», 1837; аповесць «Кулік», 1841; раман «Доктар», 1844, і інш.). На бел. мову творы Грабінкі перакладаў Э.Валасевіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1980—81.

Тв.:

Зубков С.Д. Е.​П.​Гребінка. Київ, 1962.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ЛШЭВІЦА (Belževica; сапр. Элсберга) Візма Янаўна

(н. 30.5.1931, Рыга),

латышская паэтэса. Засл. дз. культуры Латвіі (1986), ганаровы член АН Латвіі (1990). Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Друкуецца з 1947. Аўтар кніг вершаў («Усю зіму вясна», 1955; «Зямная цяплынь», 1959; «Мора гарыць», 1966; «У маруне», 1976), навел і апавяданняў («Няшчасце ў дом», 1979). У яе паэзіі — праблемы грамадскага існавання, нац. самасвядомасці, душэўнай адзіноты асобы. Проза Бэлшэвіцы адметная лаканічнасцю, інтрыгай, тонкім псіхалагізмам. Вядомая і як драматург. Пісала казкі для дзяцей. На латыш. мову пераклала творы А.​Астрэйкі, С.​Грахоўскага. На бел. мову творы Бэлшэвіцы пераклаў В.​Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — Белы алень. Мн., 1985;

у кн.: Сучасныя латышскія апавяданні. Мн., 1978;

Латышская савецкая паэзія: Анталогія. Т. I. Мн., 1984;

Песня Даўгавы. Мн., 1986.

М.​Абала.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́СЕК (Jirásek) Алоіс (23.8.1851, г. Гронаў, Чэхія — 12.3.1930),

чэшскі пісьменнік. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1876). У гіст. раманах «Скалакі» (1875), «Псаглаўцы» (1884), эпапеях «Паміж плынямі» (т. 1—3, 1887—90), «Ф.​Л.​Век» (т. 1—5, 1888—1906), «Супраць усіх» (1893), «У нас» (1896—1903), «Брацтва» (т. 1—3, 1898—1908), «Цемра» (1915), «Гусіцкі кароль» (1916—20) стварыў летапіс найважнейшых падзей у гісторыі чэш. народа, сярод якіх гусіцкія войны, нар. паўстанні і інш. Яго творам уласцівы падзейна-часавая маштабнасць, глыбокі псіхалагізм у раскрыцці масавай свядомасці, даставернасць апісання побыту і нораваў розных эпох і народаў, вастрыня канфліктаў. Аўтар зб. «Горныя апавяданні» (1878), гіст. драм. («Ян Жыжка», 1903, «Ян Гус», 1911, «Ян Рогач», 1914), аповесцей, апавяданняў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—8. М., 1955—58.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РВІНГ (Irving) Вашынгтон (3.4.1783, Нью-Йорк — 28.2.1859),

амерыканскі пісьменнік. У 1815—32 жыў у Еўропе, быў выдаўцом, дыпламата.м, амер. паслом у Мадрыдзе. І. — першы амер. пісьменнік, які заваяваў еўрап. прызнанне. Гіст. хроніка «Гісторыя Нью-Йорка» (1809) — пародыя, вострая сатыра на амерыканцаў і тагачаснае жыццё Нью-Йорка. «Кніга эскізаў» (1819—20) і «Брэйсбрыдж-хол» (1822) сталі першымі творамі амер. рамантызму, для якіх характэрна іранічная трактоўка традыц. рамант. сюжэтаў, цікавасць не так да гіст. падзей, як да іх уплыву на нар. жыццё. Стварыў новы жанр тыповага амер. «кароткага апавядання» (зб-кі «Апавяданні падарожніка», 1824; «Альгамбра», 1832). Аўтар біягр. кніг пра Калумба (1828), англ. пісьменніка О.​Голдсміта (1840), Дж.​Вашынгтона (1855—59).

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь Магомета. Мн.,1995.

Літ.:

Платонов А.П. Величие простых сердец. М., 1976.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СЦІН Аляксандр Пятровіч (12.2.1924, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 16.10.1996),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955), Вышэйшыя юрыд. курсы ў Маскве (1959). Працаваў у органах юстыцыі, у газ. «Гомельская праўда», у БелТА, з 1973 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1974—96 нам. гал. рэдактара). Друкаваўся з 1943. Першы зб. прозы «Суд ідзе» (1959). У творах узнімаў маральна-этычную і прававую праблематыку сучаснасці: зб-кі аповесцей, апавяданняў, нарысаў «Суд вырашыў...» (1975), «Покліч сэрца», «Белыя гусі лета прарочаць» (абодва 1976), «Размова ў дарозе» (1977), «Скажу праўду» (1979), «Быць чалавекам» (1981), «Дружба вывела да зорак» (1985) і інш. Пісаў гумарэскі, гумарыст. апавяданні, публіцыст. артыкулы. Перакладаў з рус. і польск. моў.

Тв.:

Рэха даўніх баёў. Мн., 1984;

Гудок далёкага поезда Мн., 1986;

Салёная раса. Мн., 1988.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́ВА Валянціна Аркадзеўна (н. 27.1.1936, Мінск),

бел. літ.-знавец, перакладчыца. Дачка А.А.Куляшова. Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 жыла ў Балгарыі. У 1967—71 выкладала ў БДУ, працавала на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык». Літ. дзейнасць пачала ў 1961 як перакладчыца з балг. мовы. У бел. друку выступае з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. Аўтар кн. пра бацьку «Лясному рэху праўду раскажу...» (1989). Складальнік зб. Куляшова «Маналог», яго «Выбраных твораў» (т. 1—2, абодва 1989), фотаальбома «Аркадзь Куляшоў» (1985), на балг. мове зб. «Беларускія апавяданні» (1968). Перакладае з балг. і польск. на бел. мову, з бел. на балг. і рус. мовы. Пераклала на рус. мову раман П.​Вежынава «Вагі» (1983).

Тв.:

З радаводу Аркадзя Куляшова // Роднае слова. 1996. № 1—2, 4—5, 7.

т. 9, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́ЎКА Мікола (Мікалай Аляксандравіч; н. 13.12.1941, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў на лесанарыхтоўках у Карэліі, у рэдакцыі нясвіжскай раённай газеты, на Бел. радыё і тэлебачанні, настаўнічаў. З 1980 у час. «Вясёлка». Друкуецца з 1957. У зб-ках паэзіі «Едуць маразы» (1966), «Жалеза» (1970), «Лотаць» (1973), «Круг» (1977), «Эстакада» (1982), «Дар» (1985), «Зімні дождж» (1991) і інш. услаўляе чалавека працы, раскрывае думы і пачуцці сучасніка, мінулае роднай зямлі, апявае каханне. Піша паэмы, балады, казкі, апавяданні, нарысы. Аўтар кніг для дзяцей «Дзед і ўнучка» (1983), «Салодкі лядзяш» (1986), «Як дом будавалі» (1987), «Вясёлая азбука» (1992, з К.​Камейшам), «Дзе жывуць казкі» (1994), «Запрашаем на калядкі» (1998).

Тв.:

Аднавякоўцы. Мн., 1988;

Ручнічок на крыжы. Мн., 1995.

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́ (Marais) Жан (сапр. Вілен-Марэ; Villain-Marais; 11.12.1913, г. Шэрбур, Францыя — 9.11.1998),

французскі акцёр. Працаваў у тэатры, з 1941 у кіно. Вядомасць атрымаў пасля фільма «Вечнае вяртанне» (1943). Талент М. раскрыўся ў фільмах рэж. Ж.​Както («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Двухгаловы арол», 1947; «Арфей», 1949, і інш.). Выконваў ролі ад герояў-палюбоўнікаў да рамант., загадкавых, фантаст. персанажаў: фільмы «Руі Блаз» (1947, у сав. пракаце «Небяспечнае падабенства»), «Граф Монтэ-Крыста» (1953), «Паўночныя палюбоўнікі» (1955, у сав. пракаце «Разбітыя мары»), «Белыя ночы» (1957), «Капітан Фракас» (1961), «Жалезная маска» і «Парыжскія тайны» (абодва 1962), серыя пра Фантамаса (1964—66), «Асліная шкура» (1971), «Самы блізкі сваяк» (1986). Аўтар кніг «Мае простыя ісціны» (1957), «Гісторыя майго жыцця» (1975), «Апавяданні» (1978).

Літ.:

Янушевская И., Демин В. Жан Маре. М., 1969.

Г.​В.​Ратнікаў.

Ж.Марэ.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТВІЛА (Montvila) Вітаўтас (4.2. 1902, г. Чыкага, ЗША — 19.7.1941),

літоўскі паэт. З 1906 жыў у Літве. Вучыўся ў Каўнаскім ун-це (1928—29). За ўдзел у антыфаш. руху зняволены (1929—31). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі. Друкаваўся з 1923. Прадаўжаў рэв. і грамадз. традыцыі лірыкі Ю.Яноніса. У зб. «Ночы без начлегу» (1933) — тэма сац. несправядлівасці, спалучэнне лірызму і сюжэтнасці, сатыр. інтанацыі і экспрэсіўнасць стылю. Аўтар паэт. зб-каў «У шырокі свет» (1940), «Вянок Савецкай Літве» (выд. 1946), кн. «Апавяданні» (выд. 1951). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.​Аўрамчык, С.​Дзяргай, А.​Звонак, А.​Лойка, М.​Лужанін, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Літоўская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1977. Т. 1;

Рус. пер. — Избранное. М., 1956;

Ночи без ночлега. М., 1982;

Когда приходит весна. М., 1982.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)