ПІНЧУ́К (Андрэй Міхайлавіч) (27.7.1913, в. Рассвет Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. —24.12.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў 2 курсы Ваен. акадэміі бранятанк. і механіз. войск (1944). Ў Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.Зах., Паўд., Варонежскім, 2-м Укр. франтах. Камандзір батальёна маёр П. вызначыўся ў 1944 у час прарыву абароны праціўніка ў Паўд. Карпатах (Румынія) і на ПнУ ад Будапешта (Венгрыя). Загінуў у баі.

А.М.Пінчук.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д ((David) Жак Луі) (30.8.1748, Парыж — 29.12.1825),

французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму ў франц. мастацтве. У 1766—74 вучыўся ў Парыжы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (чл. акадэміі з 1784), у 1775—80 вывучаў ант. мастацтва ў Рыме. Дзеяч франц. рэвалюцыі 1789—94, чл. якабінскага Канвента; стварыў Нац. музей у Луўры. Яго творы вылучаюцца яскравым увасабленнем прынцыпаў класіцызму: «Клятва Гарацыяў» (1784), «Смерць Сакрата» (1787), «Ліктары прыносяць Бруту целы яго сыноў» (1789) і інш. У часы рэвалюцыі ствараў партрэты, карціны пра вядомыя гіст. падзеі сучаснасці: «Клятва ў зале для гульні ў мяч» (1791), «Забіты Лепелецье» і «Смерць Марата» (абедзве 1793). Вял. рэаліст. сілай вызначаюцца партрэты: «Аўтапартрэт» (1794), «Зяленіўшчыца» (1795). З 1804 Давід — прыдворны мастак Напалеона I; маляваў дэкар.-эфектныя парадныя партрэты і карціны («Напалеон пры пераходзе праз Сен-Бернар», 1800, «Каранацыя Жазефіны», 1805—07, і інш.). Пасля рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў быў вымушаны пераехаць у Брусель. У Давіда вучыліся А.Гро, Ф.Жэрар, Ж.А.Д.Энгр і інш. мастакі.

Літ.:

Кузнецова И.А. Луи Давид М., 1965.

А.​М.​Пікулік.

Ж.Л.Давід. Сафо і Фаон. 1809.
Ж.Л.Давід. Аўтапартрэт. 1794.

т. 5, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГЭЛНІЧА́НУ ((Kogálniceanu) Міхаіл) (6.9.1817, г. Ясы, Румынія —20.6.1891),

румынскі і малд. паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. Вучыўся ў Францыі і Германіі (1834—48). У 1843—44 выкладаў у Міхайлаўскай акадэміі ў Ясах. Удзельнік рэв. руху 1848 у Малд. княстве, пасля яго задушэння (май 1848) у эміграцыі (Чарнавіцы, да 1849). Склаў дакумент «Пажаданні нацыянальнай партыі ў Малдове», у якім прапанаваў праграму рэформ (роўнасць грамадз. і паліт. правоў, асабістая свабода, адданне зямлі сялянам за выкуп) і выступаў за аб’яднанне Малдовы і Валахіі ў адзіную Рум. дзяржаву. У 1860—61 кіраўнік урада Малдовы, у 1863—65 — Рум. княства; правёў агр. (1864) і інш. рэформы. У 1876 і 1877—78 міністр замежных спраў Румыніі; напярэдадні рус.-тур. вайны 1877—78 падпісаў канвенцыю аб праходзе рас. войск праз рум. тэрыторыю. 21.5.1877 абвясціў незалежнасць Румыніі. У 1868—70 і 1879—80 міністр унутр. спраў. У 1887—90 прэзідэнт Рум. акадэміі. Аўтар «Гісторыі Валахіі, Малдовы і задунайскіх валахаў» (1837), шэрагу навел, нарысаў і п’ес. Апублікаваў архіўныя матэрыялы «Летапісы Малдаўскай дзяржавы» (т. 1—3, 1845—52).

М.Кагэлнічану.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПО́ (Аркадзь Іванавіч) (8.2.1904, в. Жданоўка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 5.1.1983),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і раслінаводства. Акад. АН Беларусі (1950; чл.-кар. 1940), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61). Скончыў БСГА (1927), у 1932—41 працаваў у ёй. З 1944 у Ін-це сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі (з 1949 дырэктар). З 1953 акад.-сакратар Аддз. біял., с.-г. і мед. навук АН Беларусі, з 1956 — Аддз. раслінаводства і гал. вучоны сакратар Акадэміі с.-г. навук Беларусі. У 1960—72 у Бел. ін-це земляробства. Навук. працы па біялогіі канюшыны, агратэхніцы насенняводства збожжавых культур і лёну. Устанавіў заканамернасці аптымальнай гушчыні пасеву збожжавых і лёну ў залежнасці ад змены агратэхн. і прыродных фактараў. Рэкамендаваў наборы найб. эфектыўных культур для кармавых севазваротаў, сістэмы іх чаргавання і выкарыстання ўгнаенняў.

Тв.:

Основные вопросы посева зерновых культур и льна. Мн., 1950;

Кукуруза на полях Белоруссии. Мн., 1963 (у сааўт.);

Система удобрения и чередование культур в прифермских кормовых севооборотах с кукурузой (разам з Б.​С.​Жагрыным) // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1969. № 4;

1970. № 1—2.

А.І.Лапо.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭ́МІЯ ХАРЭАГРА́ФІІ,

адна са старэйшых навуч. устаноў Расіі ў галіне сцэн. мастацтваў. Рыхтуе артыстаў балета з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй, балетмайстраў, педагогаў-харэографаў і канцэртмайстраў. Засн. ў 1773 як класы «тэатральнага танцавання» пры Выхаваўчым доме. З 1806 Імператарскае тэатр. вучылішча па падрыхтоўцы артыстаў оперы, балета, драмы і музыкантаў тэатр. аркестраў, з 1917 спецыялізаванае харэаграфічнае. З 1920 Дзярж. балетная школа ў складзе Вял. т-ра, з 1931 балетны тэхнікум, з 1937 Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча, з 1961 акадэмічнае. У 1987 пераўтворана ў харэаграфічны ін-т, з 1995 акадэмія. У складзе акадэміі (1999): вучылішча (рыхтуе артыстаў балета з сярэдняй адукацыяй), кафедры па спецыяльнасцях, б-ка. Сярод выкладчыкаў: С.​Галоўкіна (дырэктар вучылішча з 1960, рэктар акадэміі), Л.​Жданаў, І.​Уксуснікаў, Я.​Фарманянц, Г.​Кузняцова; сярод выпускнікоў: А.​Абрамава, Л.​Банк, Н.​Падгарэцкая, В.​Кудраўцава, І.​Майсееў, A. і С.​Месерэр, М.​Габовіч, В.​Лепяшынская, М.​Плісецкая, А.​Лапауры, Р.​Стручкова, К.​Максімава, У.​Васільеў, Н.​Бяссмертнава, М.​Лаўроўскі і інш.

Літ.:

Там, где рождается танец. М., 1977.

т. 10, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕ́Й З МЕ́ХАВА, Мехавіта (Maciej z Miechowa, Miechowita; сапр. Карпіга Мацей; каля 1457, ц. Мехаў, Польшча — 8.9.1523),

польскі гісторык, урач, географ, астролаг. Праф. (з 1485) і рэктар (1501—19) Кракаўскай акадэміі. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1474—78), ун-тах Падуі і Балонні (1483—85). У 1507 пасвечаны ў духоўны сан. У якасці ўрача запрашаўся на каралеўскі і магнацкія двары. Займаўся астралогіяй, прыпісваў яе ўплыў на ход гіст. падзей. Аўтар «Трактата пра дзве Сарматыі» (1517) — першага ў еўрап. пісьменстве геагр.-этнагр.-гістарычнага апісання зямель паміж Віслай і Донам (у т. л. беларускіх) і далей да паўд. ўзбярэжжа Каспійскага мора. Яго «Польская хроніка» (1519) уключае пераказ «Гісторыі Польшчы» Я.Длугаша (да 1480) і арыгінальнае апісанне далейшых падзей (да 1506). У 1521 «Хроніка» была канфіскавана з-за наяўнасці ў ёй крытычных заўваг пра тагачасную пануючую дынастыю Ягелонаў і перавыдадзена са зменамі. Аўтар эпідэміялагічнага даведніка (1508) і папулярнай працы па гігіене і дыетыцы (1522).

Літ.:

Maciej z Miechowa, 1457—1523: Historyk, geograf, lekarz, organizator nauki. Wrocław, 1960;

Hajdukiewicz L. Biblioteka Macieja z Miechowa. Wrocław, 1960.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РНЕР ((Werner) Абраам Готлаб) (25.9.1750, Вераў, каля г. Гёрліц, Германія — 30.6.1817),

нямецкі геолаг і мінералог; заснавальнік навук. геал. Школы. З 1771 вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Лейпцыгскім ун-це; з 1775 выкладаў у Фрайбергскай горнай акадэміі. Распрацаваў класіфікацыю горных парод і мінералаў, заснаваную на вонкавых прыкметах з улікам хім. саставу. Узначальваў кірунак у геалогіі — нептунізм, паводле якога ўсе горныя пароды, у т. л. і вывергнутыя, узніклі як асадкі з вады.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯНЬКО́Ў (Павел Пятровіч) (8.12.1879, г. Казань — 16.1.1949),

узбекскі жывапісец. Засл. дз. маст. Узбекістана (1939). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1901 — 06), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—32). Майстар пленэру з тонкім адчуваннем прыроды і нац. каларыту Сярэдняй Азіі. Сярод работ: «Старая Бухара» і «Дзяўчаты-хівінкі» (1931), «Ліст з фронту» (1945), «Дзяўчына з дутарам» (1947), «Зноў на радзіме» (1948) і інш.

П.Бянькоў. Дзяўчына з дутарам. 1947.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭЕ́СКУ ((Andreescu) Іон) (15.11.1850, Бухарэст — 22.10.1882),

румынскі жывапісец. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Бухарэсце (1869—72), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1879—81). У канцы 1870-х г. працаваў у Францыі разам з жывапісцамі барбізонскай школы жывапісу. Пейзажы і партрэты адметныя лірызмам, тонкасцю каларыту: «Чабан з авечкамі» (1873), «У лесе Бузэу» (1874), «Дарога па ўзгорках», «Сялянка ў зялёнай хустцы», аўтапартрэт, «Зіма ў Барбізоне» (усе 1881) і інш.

І.Андрэеску. Аўтапартрэт.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА МАСТА́ЦТВА (БелАВМ),

грамадская арг-цыя мастакоў. Засн. ў 1995 у Мінску па ініцыятыве бел. жывапісцаў, графікаў, скульптараў і рэстаўратараў. Асн. задача — падтрымліваць развіццё выяўл. мастацтва і маладых творцаў. Кірункі дзейнасці: кансультацыйны, выставачны, пед.-выхаваўчы, навук.-даследчы. Першым прэзідэнтам абраны Ф.Янушкевіч. У склад акадэміі ўваходзяць 20 мастакоў, у т. л. В.​Альшэўскі, Г.Вашчанка, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў і інш.

Літ.:

Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва. Мн., 1996.

Л.​Я.​Дзягілеў.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)