ПОЛІФАНІ́Я (ад полі... + грэч. phōnē гук),

1) від шматгалосся, заснаваны на сумесным гучанні кантрастных меладычна развітых галасоў. У шырокім сэнсе супадае з паняццем кантрапункта. У залежнасці ад мелодыка-інтанацыйных суадносін галасоў падзяляецца на 3 віды. Сутнасць імітацыйнай П. (гл. Імітацыя) у паслядоўным выкладанні адной і той жа мелодыі рознымі галасамі. Была пашырана ў еўрап. прафес. музыцы, спарадзіла шэраг поліфанічных форм, найвыш. з якіх — фуга. Падгалосачная П., у аснове якой ляжыць адначасовае спалучэнне варыянтаў адной і той жа мелодыі, уласціва нар.-песеннай культуры ўсх.-слав. народаў. На Беларусі мае спецыфічную форму спеваў з падводкай. Трэці від П. заснаваны на сумесным гучанні розных мелодый. Вядомы з сярэдніх вякоў (напр., у франц. матэце 12—14 ст. ў адным голасе гучаў царк. напеў, у той жа час у інш.нар. песні). У музыцы 19—20 ст. сустракаецца эпізадычна пры сюжэтна ці сэнсава абумоўленым сумяшчэнні мелодый, якія раней выконваліся паасобку (лейтматываў у оперы, асн. тэм у кодзе сімф. твора і інш.). Побач з цалкам поліфанічнымі творамі (фуга, канон, інвенцыя, пасакалля, некат. нар. песні і інш.) ёсць і такія, дзе П. ўласціва асобнай частцы (напр., фінал 4-й сімфоніі І.​Брамса і павольная ч. 8-й сімфоніі Дз.​Шастаковіча з’яўляюцца пасакаллямі, 2-я ч. кантаты А.​Багатырова «50 гадоў» — фугай) ці эпізоду (фугата ў распрацоўках многіх сімфоній і інш.). Поліфанічнымі прыёмамі (імітацыйнымі, падгалосачнымі) шырока карыстаюцца і ў творах, дзе пераважае гамафонны прынцып (гл. Гамафонія).

2) Навука; адзін з гал. раздзелаў тэорыі музыкі. Як навук. дысцыпліна ўваходзіць у сістэму муз. адукацыі.

Літ.:

Скребков С.С. Учебник полифонии. 3 изд. М., 1965;

Дмитриев А.Н. Полифония как фактор формообразования. Л., 1962;

Протопопов В.В. История долифонии в ее важнейших явлениях. [Т. 1—2]. М., 1962—65.

А.​А.​Саламаха.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17 ст.,

войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе з Крымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс. укр. казакоў на чале з гетманам П.​К.​Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч. Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна з аўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Яна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПІСЫ ВО́ЙСКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, попісы шляхты,

вайсковыя мерапрыемствы па рэгістрацыі і падліку ўзбр. ненайманых сіл дзяржавы. Першы попіс, матэрыялы якога захаваліся, праведзены згодна з ухвалай Віленскага сойма 1528. Паводле гэтай ухвалы землеўласнікі з 8 службаў выстаўлялі ў войска 1 вершніка; усяго ўлічаны 19 842 коннікі. Статут ВКЛ 1529 больш дэтальна вызначыў абавязкі шляхты па ўдзеле ў попісах і зазначыў, што дробная шляхта, якая не мае падданых і вял. уладанняў, павінна асабіста адпраўляцца ў войска. Віленскі сойм 1563 пастанавіў, каб шляхта выстаўляла ў войска 1 конніка з 10 службаў. Статут ВКЛ 1566 вызначыў, што шляхта збіраецца ў войска па павятовых харугвах, пад кіраўніцтвам маршалкаў, у цэнтр. паветах ваяводстваў — кашталянаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 каля Краснага Сяла (цяпер в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.) з 26.6.1567 да лют. 1568 быў праведзены попіс, які зафіксаваў 27 776 коннікаў. Статут ВКЛ 1588 устанавіў, што попісы праводзяцца ў час збору шляхты на вайну. Верагодна, попіс быў праведзены ў 1601, вядомы яго вынікі па Віленскім ваяв. Соймавая канстытуцыя 1607 вызначыла, што павятовыя попісы павінны праходзіць кожны год паводле норм пастановы Віленскага сойма 1563. Канстытуцыя 1613 устанавіла, што попісы павінны адбывацца 8 вер. праз 2 гады пры гарадах, замках і каралеўскіх дварах (месцах, дзе звычайна праходзілі суды і соймікі). У цэнтр. павеце ваяводства шляхта павінна была з’яўляцца перад ваяводам, кашталянам і харунжым, у інш. паветах — перад маршалкам, харунжым і войскім. Канстытуцыя 1650 устанавіла, што попісы будуць адбывацца праз 4 гады на свята св. Міхала (29 вер.), а Генеральная канфедэрацыя ВКЛ 1764 вызначыла, што попісы павінны адбывацца праз 2 гады. Адзіным даволі поўным спісам шляхецкіх родаў ВКЛ з’яўляецца попіс 1765, бо ён праведзены на ўсёй тэр. дзяржавы. Дакументацыя попісаў — каштоўная крыніца па сац.-эканам., вайсковай гісторыі ВКЛ, генеалогіі, гіст. геаграфіі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,

дзейнасць грамадзян ці іх аб’яднанняў, якая ажыццяўляецца ад іх імя, на ўласную рызыку і за кошт сваёй маёмасці, накіравана на сістэм. атрыманне даходу. Паўнацэннае П. магчыма ў рыначнай сістэме і ўласціва ўсім відам уласнасці, уключаючы дзяржаўную. Развіццё П. цесна звязана з эканам. працэсамі, якія ствараюць для яго спрыяльныя ўмовы, — раздзяржаўленне ўласнасці, прыватызацыя прадпрыемстваў, заахвочванне канкурэнцыі і інш.

Прадпрымальнік можа ажыццяўляць любыя віды гасп. дзейнасці, не забароненыя законам, у т. л. камерцыйнае пасрэдніцтва, гандл.-закупачную, кансультацыйную і інш., а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Статус прадпрымальніка набываецца праз дзярж. рэгістрацыю, без якой П. забаронена. Формы П.: прыватнае і калектыўнае; можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы, з яе выкарыстаннем; са стварэннем юрыд. асобы, без яе стварэння. Прадпрымальнік мае права: ствараць для П. любыя прадпрыемствы, якія не супярэчаць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзярж. прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на інш. формах уласнасці, інш. маёмасць і маёмасныя правы; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і інш. даходы асоб, што працуюць па найме; самастойна фарміраваць праграму гасп. дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый, свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля выплаты падаткаў; карыстацца дзярж. сістэмай сац. забеспячэння і страхавання; выступаць удзельнікам знешнеэканам. зносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

На Беларусі П. развіваецца з 2-й пал. 1980-х г., прайшло 3 асн. этапы: кааператыўнае П. (1988—91), пры якім асн. крыніцай прадпрымальніцкіх даходаў была розніца паміж дзярж. і свабоднымі цэнамі; П. ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння (1992—95), калі адбываўся бурны рост прадпрымальніцкай актыўнасці, а самі прадпрымальнікі пачалі асэнсоўваць сябе як сац. слой са сваімі эканам. інтарэсамі; П. ва ўмовах цэнтралізаванага дзярж. рэгулявання (з 1996).

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ЖАЕ,

цэнтральная эстэтычная катэгорыя для вызначэння дасканалых з’яў прыроды, грамадскага быцця і мастацтва. У якасці эстэт. каштоўнасці П. ўключае таксама ісціну і дабро ў канкрэтна-вобразнай, асабістай выяўленасці. У сістэме дыялектычнай логікі П. інтэрпрэтуецца як гарманічнае адзінства духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў быцця і мастацтва, усеагульнага і асаблівага, грамадскага і асабістага ў жыцці. У тых аб’ектах эстэт. ацэнкі, дзе духоўнауніверсальнае рэзка пераважае над матэрыяльна-асабістым, П. ўзвышаецца да ўзнёслага і гераічнага (гл. Гераізм), адваротнае парушэнне раўнавагі пераводзіць П. ў камічнае або агіднае і нізкае. Вылучаюцца 3 аспекты П. — псіхалагічнае ўспрыманне, мастацкае ўвасабленне і тэарэт. асэнсаванне ў эстэтыцы і крытыцы.

Ідэалам П. ў ант. цывілізацыі была мера і гармонія, адзінства красы, дабра і карысці — т.зв. калакагатыя. У хрысц. мастацтве П. — духоўнае пераўтварэнне быцця, пераход П. ва ўзнёслае і трагічнае. Ням. класічная эстэтыка раскрыла спецыфіку П. як мэтазгоднасці без утылітарнай мэты (І.​Кант), пачуццёва-вобразнага выяўлення духоўнага пачатку ў быцці і мастацтве (Г.​Гегель). Пазітывісцкая эстэтыка акцэнтуе ўвагу на псіхалогіі П. як пераменнай і адноснай каштоўнасці. Народнікі крытэрыем П. лічылі сац. і эстэт. ідэалы прац. народа. Празмерная сацыялагізацыя П. характэрна для марксісцка-ленінскай эстэтыкі.

На Беларусі ў гісторыі маст. культуры ўсведамленне П. як духоўнай каштоўнасці ўзнікла ў нар. творчасці. У 12—18 ст. арыгінальна выявіліся канцэпцыі П. сярэдневяковага, рэнесансавага, барочнага тыпаў, класіцызму і Асветніцтва. Нац. адраджэнскі ідэал П. як гармоніі нац. і універсальнага, прыроды і культуры, чалавека і грамадства абгрунтавалі пачынальнікі і класікі бел. л-ры 19—1-й пал. 20 ст. (гл. Літаратура).

Літ.:

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Яго ж. Основные эстетические категории. Мн., 1974;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Яго ж. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 10—12;

Я го ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Там жа. 2000. № 7—12.

У.​М.​Конан.

т. 13, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗРА́ДКА міжнароднай напружанасці,

тэндэнцыя да паляпшэння міжнар. адносін у свеце, найперш паміж краінамі з супрацьлеглымі сац.-паліт. сістэмамі (СССР, сацыяліст. краіны — члены Варшаўскага дагавора 1955 і інш., з аднаго боку, ЗША і іх саюзнікі па НАТО і інш. з другога), якая стала этапам развіцця міжнар. адносін у 1970—79 і 1986—91. Выклікана пераважна меркаваннямі самазахавання чалавецтва, якому пагражала гібель у выпадку глабальнай ядзернай вайны. Гал. элементы Р. — адыход ад «халоднай вайны», мірнае вырашэнне міжнар. праблем і канфліктаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. У 1970-я г. Р. праявілася ў пагадненні паміж СССР і ЗША аб прынцыпах узаемаадносін (1972) і ў шматлікіх сав.-амер. перагаворах аб раззбраенні; у сістэме дагавораў аб прызнанні непарушнасці дзярж. межаў у Еўропе (паміж Польшчай і ФРГ у 1970, ГДР і ФРГ у 1972, Чэхаславакіяй і ФРГ у 1973 і інш.), у падпісанні Заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1975), пагадненняў аб навук.-тэхн. і культ. супрацоўніцтве і інш. У той жа час не спынялася супрацьстаянне паміж капіталіст. і сацыяліст. сістэмамі; ЗША і СССР працягвалі гонку ўзбраенняў, умешваліся ў справы інш. дзяржаў. Ўварванне сав. войск у Афганістан у канцы 1979 прывяло да ажыўлення «халоднай вайны» з боку ЗША і НАТО, а на рубяжы 1970—80-х г. да фактычнага спынення Р. Шэраг крокаў па аднаўленні Р. распачаты з прыходам да ўлады ў СССР М.С.Гарбачова і перабудовай (з 1985): абвяшчэнне сав. праграмы ліквідацыі ядзернай зброі да 2000, сав.-амер. дагаворы па абмежаванні стратэг. наступальных узбраенняў, вывад сав. войск з Афганістана (1989) і інш. У канцы 1980 — пач. 90-х г., у сувязі з распадам СССР і сацыяліст. сістэмы, тэрмін «Р.» выйшаў з ужытку, бо знікла глабальнае супрацьстаянне супрацьлеглых сац.-паліт. сістэм, на змякчэнне якога была пераважна накіравана палітыка Р.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНД (ад ідыш der Bund саюз),

нацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя яўрэйскіх рабочых у 1897—1939. Засн. ў Вільні як Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы, з 1901 — Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Будаваўся паводле нац. прынцыпу, адносіў сябе да самастойнай паліт. партыі яўр. пралетарыяту, прапагандаваў ідэю нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў. На I з’ездзе РСДРП (1898) увайшоў у партыю як аўтаномная арг-цыя. На II з’ездзе (1903) выйшаў з РСДРП і ўзмацніў барацьбу з яе мясц. арг-цыямі. Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 ішоў з меншавікамі, удзельнічаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзярж. думу, заклікаў да ўзбр. паўстання супраць царызму. Пасля IV (Аб’яднаўчага) з’езда РСДРП (1906) зноў увайшоў у партыю, заклікаў свае арг-цыі весці ўнутрыпаліт. барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі. На Беларусі ў 1910 налічвалася больш за 4 тыс. членаў Бунда, у 1914 было 40 арг-цый (10 у губ., 16 у пав. гарадах, 14 у мястэчках). На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі (1912) Бунд выключаны з РСДРП. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 Бунд далучыўся да меншавікоў. Падтрымліваў унутр. і знешнюю палітыку Часовага ўрада, удзельнічаў у стварэнні мясц. саветаў, але выступаў за скліканне Устаноўчага сходу. Правыя чл. варожа паставіліся да Кастр. рэвалюцыі 1917, левыя былі схільныя падтрымаць яе, значная частка вагалася. У сувязі з роспускам бальшавікамі 18.1.1918 Устаноўчага сходу Бунд разам з інш. апазіц. сіламі ўдзельнічаў у паліт. забастоўцы ў Віцебску. Неадназначная была пазіцыя Бунда да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Напачатку Бунд падтрымаў ідэю БНР (прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў Раду і Нар. сакратарыят БНР), потым кіраўніцтва Бунда разглядала БНР як фактар магчымага ўціску яўрэяў. На пасяджэнні Рады БНР 25.3.1918 прадстаўнікі Бунда выказаліся супраць 3-й Устаўнай граматы БНР, якая абвяшчала пра разрыў дзярж. сувязей Беларусі з Расіяй. У маі 1919 Бунд выступаў за ўваходжанне БНР у Рас. федэрацыю. На сваёй XI канфер. (сак. 1919) Бунд заявіў аб прызнанні сав. улады, але застаўся «партыяй апазіцыі» да бальшавікоў. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў вышэйшыя органы ўлады Сав. Беларусі — ЦВК, выканкомы Віцебскага і Мінскага саветаў. У крас. 1920 Бунд заявіў пра далучэнне да РКП(б). Правыя бундаўцы не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў Віцебску ў с.-д. Бунд. На пач. 1920-х г. Бунд у Сав. краіне знік з паліт. арэны. У 1923 самаліквідаваліся буйнейшыя арг-цыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія з іх членаў уступілі ў РКП(б). Распадам і самаліквідацыяй спынілі сваё існаванне астатнія арг-цыі. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны б. лідэры Бунда А.​Вайнштэйн, М.​Рафес, М.​Фрумкіна і інш.

У Заходняй Беларусі Бунд як самастойная партыя існаваў да вер. 1939. У 1922 левае крыло Бунда, што аб’ядноўвала каля 73 членаў і стаяла на радыкальных сацыяліст. пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арг-цыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у Кампартыю Польшчы. Бунд зблізіўся з Польск. сацыяліст. партыяй (ППС), з 1930 уваходзіў у склад Сацыяліст. рабочага інтэрнацыянала. Бунд і яго друкаваны орган газ. «Фольксцайтунг» вялі ідэалаг. барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, КПЗБ, КПЗУ. У 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы разам з КПП і КПЗБ. Адна з асн. прычын адмовы — паліт. рэпрэсіі ў СССР, якія Бунд асуджаў. Часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад уплывам Бунда знаходзіўся шэраг каап., культ. і спарт. арг-цый, яўр. школьная арг-цыя, арг-цыя яўр. жанчын-работніц. Пад яго арганізац. і паліт. кіраўніцтвам знаходзілася маладзёжная арг-цыя Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд спыніў існаванне на тэр. Зах. Беларусі ў канцы 1939 пасля ўз’яднання з БССР, калі дзейнасць паліт. партый, акрамя камуністычнай, была забаронена.

Літ.:

Агурский С.Х. Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917—1921). Мн., 1926;

Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;

Программы политических партий России, конец XIX — начало XX вв. М., 1995. С. 23—40.

У.​А.​Палуян (Бунд у Заходняй Беларусі).

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.​І.​Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.​Д.​Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.​І.​Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр. нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч. тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн. км² з насельніцтвам больш за 50 млн. чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр. укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.

Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, І.​М.​Серада, А.​І.​Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр. укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел. нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач. ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас. ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.

У.​Е.​Снапкоўскі.

Да арт. Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНААСО́БНІКІ,

сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц. сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстай прамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш. сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст. гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл. Раскулачванне).

Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.

А.​М.​Сарокін.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,

тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс. км². Нас. 260 тыс. чал. (1993). Адм.ц. — г. Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд. т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.

Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км². У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.

Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс. ж. (1990).

Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп. Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрытанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб. Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.​Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.

Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач. ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс. км, у т. л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач. ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)