ПАЎЛО́ЎСКІ (Яўген Ніканоравіч) (5.3.1884, г.п. Краснагвардзейскае Белгародскай вобл., Расія — 27.5.1965),
расійскі заолаг і паразітолаг. Акад.АНСССР (1939), АМНСССР (1944). Ген.-лейт.мед. службы. Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1908). З 1921 праф. гэтай акадэміі. У 1933—44 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны ў Ленінградзе, адначасова ў Таджыкскім філіяле АНСССР (да 1951). З 1942 дырэктар Заал. ін-та АНСССР і кіраўнік (з 1946) аддзела Ін-та эпідэміялогіі і мікрабіялогіі АМНСССР, з 1962 кансультант гэтага ін-та. Навук. працы па паразіталогіі і агульнай біялогіі. Стварыў вучэнне аб прыроднай ачаговасці трансмісіўных хвароб, канцэпцыю аб паразітацэнозах. Даследаваў цыклы развіцця і патагенез многіх гельмінтаў, фауну лятаючых насякомых-крывасмокаў. Для вывучэння эпідэмічных заразных хвароб правёў экспедыцыі ў Сярэднюю Азію, Сібір, Закаўказзе, Крым і інш. Залаты медаль імя І.І.Мечнікава АНСССР. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1950. Ленінская прэмія 1965.
Тв.:
Природная очаговость трансмиссивных болезней в связи с ландшафтной эпидемиологией зооантропонозов. М.; Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КЛА,
месца знаходжання душ грэшнікаў, асуджаных на вечныя пакуты (паводле большасці рэліг. вучэнняў). Уяўленні пра П. ўзніклі з першапачатковых вераванняў у замагільнае існаванне душы. З развіццём рэлігіі паняцце «П.» пачало разумецца як месца для душ памерлых грэшнікаў. У стараж.-грэч. міфалогіі ў царстве ценяў (царстве памерлых) самай змрочнай часткай быў Тартар — месца знаходжання злыдняў. У іудаізме першапачаткова П. (шэол) — падземная частка, куды зыходзілі цені памерлых грэшнікаў і праведнікаў. Пазней склалася ўяўленне пра П. як месца, дзе пакутуюць выключна душы грэшнікаў. Вучэнне пра вечнасць пакут грэшнікаў у П. зацверджана на царк. саборы ў 533. У Новым запавеце ёсць папярэджанне аб Страшным судзе і апісанне стыхій П.: агонь, цемра, боль, плач. У апакрыфічнай л-ры часам даецца дэталізаваная карціна П. У «Боскай камедыі» Дантэ 9 колаў П. ў залежнасці ад цяжкасці грахоў складаюць своеасаблівую іерархію асуджаных. У процілегласць П. праведныя хрысціяне насяляюць рай. Паняццю аб П. блізкія нарака (індуісцкае, будыйскае), джаханам (мусульманскае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НСІЯ (ад лац. pensio плацеж),
грашовае забеспячэнне, якое атрымліваюць грамадзяне з пенсіённых, страхавых і інш. фондаў пасля заканчэння прац. дзейнасці, пры інваліднасці і ў некат. інш. выпадках; гал. крыніца сродкаў для існавання пенсіянераў. Парадак назначэння і выплаты П. ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца Законам «Аб пенсіённым забеспячэнні» ад 17.4.1992 і інш. нарматыўнымі актамі. Паводле закона існуюць працоўныя П. (па ўзросце, інваліднасці, з выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў, за асаблівыя заслугі перад рэспублікай) і сацыяльныя П., якія назначаюцца грамадзянам, што не атрымліваюць прац. П., інвалідам, у т. л. інвалідам з дзяцінства, асобам, якія дасягнулі пэўнага ўзросту (мужчыны 60 і жанчыны 55 гадоў), дзецям — у выпадку страты карміцеля і дзецям-інвалідам ва ўзросце да 16 гадоў. Асобыя ўмовы назначэння П. прадугледжаны ў Рэспубліцы Беларусь Законам «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 22.2.1991. Пенсіённы фонд дзяржавы фарміруецца за кошт сродкаў работадаўцаў, страхавых узносаў прадпрымальнікаў і абавязковых страхавых узносаў грамадзян, якія працуюць, а таксама дзярж. бюджэту рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ДНАСЦЬ,
эвалюцыйна сфарміраваная здольнасць жывёл прыносіць уласцівы кожнаму віду прыплод, які ў нармальных умовах кампенсуе натуральную смяротнасць. Залежыць ад спосабу размнажэння. Жывёлы з большай працягласцю жыцця і высокай ступенню клопату аб патомстве выводзяць 1—2 дзіцяняці (часта не кожны год); недаўгавечныя жывёлы (напр., дробныя грызуны) здольныя размнажацца некалькі разоў за год і прыносіць у прыплодзе 10—15 дзіцянят. Некат. насякомыя (напр., тэрміты) адкладваюць да мільёна яец, месяц-рыба — да 300 млн. ікрынак і не клапоцяцца аб патомстве. П. мяняецца з узростам, вагаецца па сезонах (у відаў з паўторным размнажэннем) і ў розныя гады ў залежнасці ад забяспечанасці жывёл кормам, кліматычных умоў, шчыльнасці папуляцыі і інш. Павышэнне П. (велічыні прыплоду) с.-г. жывёл — адна з асн. праблем жывёлагадоўлі. Павышаная П. перадаецца патомству і замацоўваецца шляхам адбору і падбору як важная пародная адзнака. Пры працяглым блізкароднасным развядзенні П. зніжаецца (часам да поўнай бясплоднасці). Частковая ці поўная страта П. ў патомстве часта бывае пры аддаленай гібрыдызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКА-ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́»
(«Полоцко-Витебская старина»),
выданне Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Выйшла 3 т. (т. 1, 1911; т. 2, 1912; т. 3, 1916; усе ў Віцебску). Асн. тэматыка — гісторыя Полацка-Віцебскага краю 9—19 ст. і дакументы аб вайне 1812. Надрукаваны артыкулы А.П.Сапунова «Гістарычны нарыс Віцебскай Беларусі» (т. 1), «Сказанні ісландскіх ці скандынаўскіх саг аб Полацку, князях полацкіх і р. Заходняй Дзвіне» (т. 3), Дз.С.Леанардава «Полацкі князь Усяслаў і яго час» (т. 2, 3), П.М.Красавіцкага «Помнікі царкоўнай даўніны Полацка-Віцебскага краю і іх захаванне» (т. 1), І.Я.Мітрошанкі «Езуіты ва ўсходняй частцы Беларусі з 1579 да 1772 года» (т. 2) і інш. Пра падзеі вайны 1812 на Віцебшчыне змяшчаліся матэрыялы, якія захоўваліся ў Віцебскім губ. архіве, асабістых архівах нашчадкаў удзельнікаў тых падзей і з інш. крыніц. У выданні асвятляліся падзеі навук., культ. і грамадскага жыцця Віцебшчыны. Рэгулярна змяшчаліся справаздачы пра дзейнасць мясц. архіўнай камісіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),
спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДААХО́ЎНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. На Беларусі асновай П.з. з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, арт. 46 якой абвяшчае грамадзянам права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; ускладае на дзяржаву кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў з мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя. Нормы П.з. ёсць у большасці кодэксаў краіны (лясным, зямельным, аб нетрах), законах аб ахове здароўя, навакольнага асяроддзя, атм. паветра, ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах, санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і інш. Крымінальны, адм. і грамадзянскі кодэксы прадугледжваюць адказнасць за парушэнне патрабаванняў П.з. Нормы П.з. таксама змяшчаюцца ў спец. пастановах мясц. і цэнтр. органаў улады, ведамасных распараджэннях, інструкцыях і інш.Гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова прыроды, Ахова раслін.