пашыраная ў гіст. л-ры агульная назвацэнтр. і рэгіянальных асяроддзяў бел.нац.-вызв. руху і дзярж.-паліт. устаноў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). У 1917 дзейнічалі Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (пазней Вялікая беларуская рада), Цэнтральная беларуская вайсковая рада; на Усебел. з’ездзе 1917 выбрана Рада, якая 18.3.1918 пераўтворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1918—20 на Віленшчыне і Гродзеншчыне дзейнічалі Віленская беларуская рада, Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны і інш. У снеж. 1919 Рада БНР раскалолася на Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т ІНФАРМА́ТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРО́НІКІ.
Засн. ў 1964 як Мінскі радыётэхн. ін-т на базе радыётэхн. ф-та БПІ, з 1993 сучасная назва. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: камп’ютэрнага праектавання; інфарм. тэхналогій і кіравання; радыётэхнікі і электронікі; камп’ютэрных сістэм і сетак, тэлекамунікацый; эканамічны; вячэрняга навучання; завочнага навучання; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі; перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1964, дактарантура з 1988. Мае 36 лабараторый, спецыялізаванае канструктарска-тэхнал. бюро з доследнай вытворчасцю, рэдакцыйна-выдавецкі аддзел.
Заняткі ў лабараторыі шматканальных сістэм перадачы інфармацыі Беларускага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РГУСЫ,
агульная назва 2 блізкіх родаў птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды: аргус чубаты (Rheinartia ocellata) жыве ў горных лясах Лаоса, В’етнама і Малакі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП; аргус вялікі (Argusianus argus) насяляе сухія лясы паўд.ч. Бірмы, Малакі, Суматры і Калімантана, скрытныя птушкі.
Даўж. самца аргуса вялікага 1,7—2 м (з іх 1,2 м сярэднія рулявыя пёры хваста), самкі — 0,75 м. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у самца падоўжаныя другарадныя пёры з буйнымі плямамі ў вочкі. Самка нясе 2 яйцы, наседжвае 25 сут. Добра пераносіць няволю, размнажаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫНЬЯ́К (французскае Aurignac),
археалагічная культура верхняга палеаліту на тэрыторыі шэрагу краін Еўропы, у Палесціне, Іране і Афганістане. Назва ад пячоры Арыньяк (дэпартамент Верхняя Гарона, Францыя), дзе ў 19 стагоддзі даследавана стаянка першабытнага чалавека. Асноўныя помнікі датуюцца ў межах 35—25 тысяч год да нашай эры, найбольш ранняя дата, вызначаная радыевугляродным метадам, — 42 350±1900 да нашай эры (пячора Ішталошкё, Венгрыя). Для Арыньяка характэрны касцяныя наканечнікі з раздвоенай асновай (так званыя арыньякскія). Вырабляліся крамянёвыя пласціны з рэтушшу па краях, востраканечнікі, разцы і іншыя прылады. У перыяд Арыньяка на яго заходнім арэале з’явіліся першыя творы наскальнага мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭХАТВО́РКІ (Cynipoidea),
надсямейства насякомых атрада перапончатакрылых. Каля 1,9 тысяч відаў. Пашыраны ў Паўночным паўшар’і. На Беларусі найбольш вядомыя арэхатворка дубовая звычайная (Cynips quercus folii), каранёвая (Biorrhiza pallida) і ружовая (Rhodites rosae).
Даўжыня цела 1—5 мм, зрэдку да 25 мм. Лічынкі паразітуюць у тканках раслін (часцей на дубах і ружавых), утвараюць нарасты (галы) накшталт арэшкаў (адсюль назва), характэрныя для кожнага віду. Унутры іх развіваюцца лічынкі. Некаторыя паразітуюць у лічынках насякомых. Лічынкі бязногія, белыя, дарослыя — чорныя або бурыя. Дубовыя галы («чарнільныя арэшкі») раней выкарыстоўвалі на дубленне скуры і прыгатаванне чарніла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБАРДЗІ́РЫ (Brachininae),
падсямейства жукоў сям. жужаляў. Больш за 500 відаў, пашыраных у цёплых раёнах зямнога шара. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у лясным подсціле і гэтак далей. Найб. вядомы бамбардзір траскучы (Brachinus crepitans).
Даўж. 5—20 мм, афарбоўка звычайна яркая, стракатая, у некат. відаў са светлымі плямамі на надкрылах. Пры абароне бамбардзіры выпырскваюць з анальнай адтуліны сакрэт, які выпараецца з гучным трэскам, як бы ўзрываецца (адсюль назва) і ўтварае воблачка едкага пару з непрыемным пахам, што адпужвае ворагаў. Лічынкі развіваюцца ў глебе, паразітуюць на кукалках розных жукоў. Некаторыя віды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАСФ»
(BASF AG),
хімічная карпарацыя ў Германіі. Засн. ў 1865, з 1973 сучасная назва. Адыграла важную ролю ў развіцці вытв-сці фарбаў, пластмасаў, фармацэўтычных прэпаратаў, стварэнні прамысл. сінтэзу аміяку і інш. Адзін з вядучых у свеце вытворцаў угнаенняў, пігментаў, палімерных матэрыялаў і паўфабрыкатаў для іх выпуску, лекаў, хім. сродкаў аховы раслін, магнітных стужак.
Выпускае больш за 5 тыс. найменняў гатовых вырабаў і 7 тыс. паўфабрыкатаў. Здабывае нафту, прыродны газ і вугаль. Аб’ядноўвае больш за 100 прадпрыемстваў у Германіі і каля 200 у ЗША, Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Японіі, Індыі, Бразіліі, Аргенціне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГСБУРГСКІ РЭЛІГІ́ЙНЫ МІР 1555,
паміж германскімі пратэстанцкімі князямі і імператарам Карлам V. Абвешчаны 25 вер. на рэйхстагу ў Аўгсбургу (адсюль назва). Завяршыў шэраг войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі. Прызнаў раўнапраўе каталікоў і лютэран (не распаўсюджваўся на цвінгліянцаў, кальвіністаў, анабаптыстаў), устанавіў права князёў вызначаць веравызнанне сваіх падданых («чыя краіна, таго і вера»), санкцыянаваў усе царк. пераўтварэнні ў пратэстанцкіх княствах, у т. л. праведзеную там секулярызацыю царк. уласнасці і інш. Завяршыў распад Германіі на аўт. землі, умацаваў уладу князёў, прывёў да адрачэння ад прастола Карла V, пахаваўшы яго ідэю пра стварэнне сусв. імперыі Габсбургаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі энеаліту (3-е — пач. 2-га тыс. да нашай эры) у вярхоўях Енісея і на Алтаі. Назва ад могільніка каля гары Афанасьеўская недалёка ад в. Бацяні (Хакасія). Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах у драўляных паўзямлянках і наземных зрубных жытлах. Была развіта апрацоўка медзі. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным стане, у спушчаных у яму зрубах пад землянымі насыпамі ці каменнымі вымасткамі. Для афанасьеўскай культуры характэрны вастрадонны ці кругладонны яйцападобны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні разным ці штампаваным арнаментам. Носьбіты афанасьеўскай культуры ў антрапал. і культ. дачыненні былі крайняй усх. галіной еўрапеоідных плямёнаў Еўразіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЕЗІЁЗЫ, бабезіелёзы,
інвазійныя хваробы буйн. раг. жывёлы, авечак і козаў, якія выклікаюць паразіты эрытрацытаў — аднаклетачныя прасцейшыя з роду Babesia. Пашыраны ў некаторых краінах Еўропы, Афрыкі і Азіі. Узбуджальнік бабезіёзаў буйн. раг. жывёлы (паўн. піраплазмоз) — Babesia bovis, авечак і козаў — Babesia ovis. Крыніца інвазіі — кроў хворых і часткова перахварэлых жывёл, у эрытрацытах якіх знаходзяцца гэтыя паразіты. Пераносчыкі бабезіёзаў — пашавыя кляшчы. Пры развіцці хваробы разбураюцца эрытрацыты і пачынаецца анемія; парушаецца работа сэрца, лёгкіх, нырак, селязёнкі і інш. органаў. Гемаглабін разбураных эрытрацытаў трапляе ў мачу, афарбоўвае яе ў чырв. колер, адсюль нар.назва бабезіёзаў на Беларусі — крывямочка. Гл. таксама Піраплазмідозы.