МІСУ́РЫ (Missouri),

штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас. рэк Місісіпі і Місуры. Пл. 180,4 тыс. км². Нас. 5402 тыс. чал. (1997). Адм. ц. — г. Джэферсан-Сіці; найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры — Сент-Луіс і Канзас-Сіці. Паверхня — хвалістая раўніна, якая паступова павышаецца на 3. На Пд вапняковае плато Озарк выш. да 540 м. Клімат умераны. Сярэднія т-ры студз. каля 0 °C, ліп. каля 27 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год; бываюць засухі. Натуральная расліннасць блізкая да стэпавай. Індустр.-агр. штат. Здабыча свінцу (1-е месца ў ЗША), жал. руды, каменнага вугалю, барыту, буд. матэрыялаў. У апрацоўчай прам-сці пераважаюць машынабудаванне (авіяракетнае, аўтамаб., вытв-сць дарожна-буд. і с.-г. машын) і харч. галіна (мясакансервавая, мукамольная). Развіты таксама радыёэлектронная, хім., швейная, гарбарна-абутковая, цэм. прам-сць, чорная і каляровая металургія. З галін сельскай гаспадаркі пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 4,3, свіней — 3,5, птушку — 9,4. Вытв-сць бройлераў. Вырошчваюць кукурузу, сою, пшаніцу, на плато Озарк — авёс, на ПдУ у пойме Місісіпі — бавоўнік. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., рачны.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНЬША́НЬ,

горная сістэма ў Кітаі паміж Цайдамскай катлавінай на Пд і пустыняй Алашань на Пн. Часам разглядаецца як частка Куньлуня. Даўж. каля 800 км, шыр. да 320 км. Складаецца з некалькіх кароткіх высокіх хрыбтоў, размешчаных паралельна або кулісападобна, якія цягнуцца пераважна з ПнЗ на ПдУ і падзяляюцца падоўжанымі далінамі. Асн. хрыбты: Ціляньшань, Сулэнаньшань з выш. да 6346 м, Улан-Дабан, Дакэн-Дабан, Кукунор. Паўн. хрыбты ўзвышаюцца над пустыняй Алашань да 4500 м, адносныя перавышэнні паўд. схілаў Н. каля 1500 м. Паўд. адгор’і часта ўтвараюць рады кароткіх кражаў. Складзены пераважна з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карставы альпійскі рэльеф, каля 1000 ледавікоў. Зледзяненне развіта пераважна ў Зах. Н. пераважаюць ледавікі даўж. 1—2 км. Снегавая лінія зніжаецца з 3 на У ад 5200 да 4200 м. Большая ч. Н. адносіцца да вобласці ўнутр. сцёку Цэнтр. Азіі, паўд.-ўсх. раёны — да бас. р. Хуанхэ. Рэкі мнагаводныя вясной і летам. На З пераважаюць пустыні і стэпы, на У — лесастэпы і стэпы, хваёвыя лясы, лугі. Радовішчы жал. і поліметалічных руд.

т. 11, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРА́ЎНІК (Эдуард Францавіч) (24.8.1839, Бішць каля г. Градзец-Кралаве, Чэхія — 23.11.1916),

рускі дырыжор, кампазітар, муз. дзеяч. З 1854 вучыўся ў Арганнай школе і Ін-це Майдэля ў Празе. З 1861 у Расіі, з 1863 пам. капельмайстра, з 1869 першы капельмайстар (гал. дырыжор) Марыінскага т-ра. У 1869—81 кіраваў сімф. канцэртамі Рус. муз. т-ва. Удзельнічаў у пастаноўцы каля 80 опер, дырыжыраваў прэм’ерамі опер Ц.​Кюі, А.​Сярова, М.​Рымскага-Корсакава, П.​Чайкоўскага, А.​Рубінштэйна і інш. Паставіў тэтралогію «Пярсцёнак нібелунга» Р.​Вагнера (1900—05), «Фідэліо» Л.​Бетховена (1905), «Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка (1911) і інш. Аўтар опер «Дуброўскі» (паст. 1855, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1948), «Ніжагародцы» (паст. 1868), «Гарольд» (паст. 1886), «Франчэска да Рыміні» (паст. 1902), 4 сімфоній (каля 1866—79), сімф. паэм, сюіт для сімф. арк., фантазіі на рус. тэмы для скрыпкі з арк., камерна-інстр. ансамбляў, п’ес для фп., скрыпкі і фп., для віяланчэлі і фп., рамансаў.

Літ.:

Михеева Л.В. Э.​Ф.​Направник. М., 1985.

Э.Ф.Напраўнік.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЛЬСАН ((Nelson) Гарацыо) (29.9.1758, Бёрнем-Торп, Вялікабрытанія — 21.10.1805),

англійскі флатаводзец, нац. герой Вялікабрытаніі. Барон Нільскі (1798), герцаг Бронтэ (1800), віцэ-адмірал (1801). На флоце з 1771. З 1779 камандаваў брыгам, потым фрэгатам, з 1793 лінейным караблём, у 1798—1800 і 1803—05 эскадрай у Міжземным м. вызначаўся храбрасцю, у баі каля Кальві (Корсіка) страціў правае вока (1794), у баі пры Санта-Крус (в-аў Тэнерыфе) — правую руку (1797). Выкарыстоўваў манеўраную тактыку марскога бою. У бітве 1—2.8.1798 разграміў флот франц. Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801 каля Абукіра, прымусіў французаў пакінуць Неапаль (1799) і аднавіў тут на прастоле караля Каралеўства абедзвюх Сіцылій Фердынанда IV, у вер. 1805 заблакіраваў франка-ісп. флот каля Кадыса, потым знішчыў яго ў Трафальгарскай бітве 1805, у час якой смяротна паранены. Пахаваны ў Лондане 9.1.1806, дзе пазней у яго гонар устаноўлена калона на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.​Рэйлтан). Дзейнасць Н. спрыяла павелічэнню марской магутнасці Вялікабрытаніі і яе барацьбе за калан. панаванне.

Літ.:

Эджингтон Г. Адмирал Нельсон: История жизни и любви: Пер. с англ. М., 1992.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НЕПЕРАМО́ЖНАЯ АРМА́ДА»

(ісп. «La Armada invencible»),

буйны ваен. флот, створаны Іспаніяй у 1586—88 для заваявання Англіі ў час англа-ісп. вайны 1587—1604. Складалася з высакабортных цяжкакіроўных караблёў, прызначаных пераважна для абардажнага бою (128 караблёў з 2,4 тыс. гармат, больш за 8 тыс. матросаў і 19 тыс. салдат). «Н.а.» пад камандаваннем герцага А.​П.​Медыны-Сідоніі 30.5.1588 выйшла з Лісабона, але з-за шторму затрымалася ў Ла-Каруньі да 22 ліпеня. Меншыя, але больш манеўраныя англ. караблі з моцнай артылерыяй (197 караблёў з 6,5 тыс. гармат, 12 тыс. матросаў і 4 тыс. салдат) пад камандаваннем Ч.​Хоўарда і Ф.Дрэйка 31 ліп. — 8 жн. ў Ла-Маншы неаднаразова атакавалі «Н.а.» і нанеслі ёй значныя страты (патапілі каля 20 караблёў). Не дасягнуўшы мэты, ісп. флот рушыў вакол Брыт. а-воў назад у Іспанію, але каля Аркнейскіх а-воў і берагоў Ірландыі ў выніку шторму каля 40 караблёў патанулі, і ў вер. 1588 у Сантандэр вярнуліся толькі 65 караблёў з 9—10 тыс. чал. Гібель «Н.а.» падарвала марскую магутнасць Іспаніі.

Літ.:

Стенюи Р. Сокровища Непобедимой Армады: Пер. с фр. М., 1979.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗАМІ́ ГАНДЖЭВІ́ (Гянджэві) Абу Мухамед Ільяс ібн Юсуф

(каля 1141, г. Гянджа, Азербайджан — каля 1209),

азербайджанскі паэт і мысліцель. Меў рознабаковую адукацыю. Пачынальнік дыдактычнага жанру ва ўсх. паэзіі. Пісаў на перс. мове. Аўтар «Хамсэ» («Пяцерыцы») — твора з 5 паэм (60 тыс. вершаваных радкоў); філас.-дыдактычнай «Скарбніца таямніц» (паміж 1173 і 1180), любоўна-рамантычных «Хасроў і Шырын» (1181), «Лейлі і Меджнун» (1188, аднайм. опера У.​Гаджыбекава, паст. 1908), «Сем прыгажунь» (1197, аднайм. балет К.​Караева, паст. 1952) і «Іскандэр-намэ» (каля 1203). Паэмы адметныя шматграннасцю асэнсавання жыцця, гуманіст. зместам, дыдактычна-філас. ідэямі, вобразнасцю мовы. У іх тэмы кахання і жанчыны, стваральнай працы, ідэальнага правіцеля. Вядомы шматлікія назірэ (паэт. адказы) і наследаванні яго паэмам на розных мовах. Часткова захаваліся творы лірычнага дывана Н. (касыды, газелі, рубаі, кіт’а). На бел. мову раздзел з паэмы «Скарбніца таямніц» пераклалі А.​Бачыла і Р.​Няхай.

Тв.:

Рус. пер. — Пять поэм. М., 1968;

Стихотворения и поэмы. Л., 1981.

Літ.:

Бертельс Е.Э. Низами: Творческий путь поэта. М., 1956;

Мустафаев Дж. Философские и этические воззрения Низами. Баку, 1962.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ДАКО́ТА (North Dakota),

штат на Пн ЗША, каля граніцы з Канадай. Пл. 183 тыс. км². Нас. 638,2 тыс. чал. (1998). Адм. ц. — г. Бісмарк. Паверхня раўнінная, павышаецца ад 350 м на ПнУ да 1000 м і больш на ПдЗ, глыбока парэзана рачнымі далінамі. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. каля -13 °C, ліп. каля 20 °C. За год выпадае 400—500 мм ападкаў. Штат перасякае р. Місуры. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Гал. культура — яравая пшаніца. Штогадовы збор ад 6 да 10 млн. т. Вырошчваюць таксама авёс, ячмень, жыта, кукурузу, лён-кудраш, сою, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, сеяныя травы, гародніну. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта на З. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999): буйн. раг. жывёлы — 1900, авечак — 134, свіней — 205. Птушкагадоўля — 270 тыс. курэй (без бройлераў, 1999). Гал. галіны прам-сці: харч. (асабліва мукамольная, мясная), маш.-буд. (выраб абсталявання для ферм, для перапрацоўкі с.-г. прадуктаў), энергетычная, электронная. Здабыча нафты, газу, бурага вугалю, буд. матэрыялаў. Турызм у 1996 прынёс даход у 1,1 млрд. дол. Транспарт чыг., аўтамаб., авіяцыйны.

І.​Я.​Афнагель.

т. 12, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,

разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.​Р.​Ушакоў) і 60-я (палк. А.​В.​Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.

А.​А.​Каваленя.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖСКІ ДО́МСКІ САБО́Р, сабор Марас,

помнік сярэдневяковага дойлідства ў Рызе. Закладзены ў 1211 — каля 1215 як 3-нефавая раманская базіліка з манастыром для капітула (вышэйшага духавенства Лівоніі). Завершаны каля 1270 невядомым майстрам з г. Кёльн (Германія) па тыпу зальнага храма з вежай на зах. фасадзе. Каля 1300 сабор дабудаваны як базіліка, перакрыты гатычнымі скляпеннямі (выш. сярэдняга нефа 26 м). Часткова перабудоўваўся да канца 19 ст. Бакавыя капэлы — 13 (?) і 15 ст.; клуатр і зала капітула з разьбой на капітэлях — 1-я пал. 13 ст. У 1776 завяршэнне сабора набыло рысы барока. У інтэр’еры захаваліся скульпт. надмагіллі 14—17 ст., разны амбон 1641, жывапіс 18 ст., вітражы 19 ст. Буд-ва сабора паспрыяла пашырэнню ў архітэктуры Прыбалтыкі пераходных рамана-гатычных форм. Разам з манастыром і інш. пабудовамі 13—19 ст. сабор уяўляе сабой цэласны арх. комплекс; адна з асн. горадабуд. дамінантаў Старога горада. Пасля рэстаўрацыі 1959—60 сабор ператвораны ў канцэртную залу, дзе ўстаноўлены вял. арган, і музей. З 1989 дзеючы храм. Іл. гл. да арт. Латвія.

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РЫЯ (стараж.-яўр. Шамрон; цяпер паселішча Себастыя каля г. Наблус, Іарданія),

старажытны горад у Палесціне. Засн. каля 880 да н.э. царом Ізраільскага царства Омры, пасля 876 да н.э. сталіца гэтага царства. З 729 да н.э. плаціла даніну Асірыі; у 722—721 да н.э. зруйнавана асірыйцамі, якія выселілі б.ч. насельніцтва і пазней засялілі С. перасяленцамі з розных абласцей асірыйскай дзяржавы. Змяшаўшыся з рэшткамі мясц. насельніцтва, перасяленцы стварылі пазней ядро самарыцян. У 6—4 ст. да н.э. С. — адм. цэнтр перс. правінцыі ў Палесціне. У 332 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім, заселена македанянамі і сірыйцамі і развівалася як эліністычны горад. Каля 107 да н.э. зруйнавана хасманейскім правіцелем Гірканам I (гл. Макавеі). У 63 да н.э. ўключана ў рым. правінцыю Сірыя. У 30—20-я г. да н.э. цар Іудзеі Ірад I, атрымаўшы С. ад Аўгуста, адбудаваў яе і назваў Себастай. У 1 ст. н.э. С. — адзін з асяродкаў ранняга хрысціянства. Пасля Іудзейскай вайны 66—73 заселена рым. ветэранамі. У 2—3 ст. перажывала найб. росквіт. У час візант. ўладарання страціла б. значэнне, з 7 ст. звычайнае паселішча.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)