ВО́ЛЧАК (Віктар Мацвеевіч) (22.4.1910, чыг. ст. Цінская, Краснаярскі край, Расія — 26.4.1985),
бел. архітэктар і педагог. Засл.арх.Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). З 1937 працаваў у Ташкенце; аўтар помніка Алішэру Наваі (1950, скульпт. Л.Дзітрых) і інш. У 1953—59 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». У 1954—75 выкладаў у БПІ. З 1979 у ін-це «Мінскметропраект». Асн. работы на Беларусі: будынак Мінскага аблвыканкома (1958), Літ.музей Я.Купалы (1959), помнікі Марату Казею (1958, скульпт. С.Селіханаў), ахвярам Масюкоўшчынскага лагера смерці (1959) у Мінску; воінам польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі ў в. Леніна Горацкага р-на (1953); абеліскі ў гонар сав. воінаў і партызан у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1959, скульпт. Я.Печкін). Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕВА (Таццяна Назараўна) (н. 9.10.1922, г. Сяміпалацінск, Казахстан),
бел. актрыса. Засл. арт.Беларусі (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў Кіеўскім т-ры муз. камедыі (1943). З 1948 на Беларусі: працавала ў Брэсце, Магілёве; з 1952 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Актрыса лірыка-драм. плана, валодае высокай сцэн. культурай, псіхал. распрацоўку ролі спалучае з дакладным вонкавым малюнкам: Вікця («Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Юлія Тугіна, Кручыніна («Апошняя ахвяра», «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Луіза («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Джульета і Алена («Рамэо і Джульета», «Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Агнія («Традыцыйны збор» В.Розава). Тонкі гумар уласцівы камед. персанажам: Адэля («Ажаніцца не журыцца» Далецкіх і М.Чарота), Маці («Дзверы стукаюць» М.Фермо), Паўла («Гульня з кошкай» І.Эркеня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ТАРСКАЕ КІНО́, кінааматарства,
від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б.СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.
На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́Т, аксамітнае дрэва (Phellodendron),
род дрэў сям. рутавых. Вядома 10 відаў, пашыраных ва Усх. Азіі. Найб. вядомы аксаміт амурскі (P. amurense), аксаміт кітайскі (P. chinense), аксаміт японскі (P. japonicum). На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. інтрадукаваны аксаміт амурскі, або амурскае коркавае дрэва. З 1930—40-х г. уводзіцца ў лясныя культуры. Прыдатны для вырошчвання на Беларусі, акрамя паўн. раёнаў.
Выш. 20—30 м. Ствол таўшчынёй да 80 см, укрыты слоем корку (да 7 см), які можна час ад часу здымаць. Лісце супраціўнае, чаранковае, няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-зялёныя, дыям. да 1 см. Плады — чорныя мясістыя ягадападобныя касцянкі з непрыемным пахам. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Меданос. Выкарыстоўваецца на прамысл. мэты (корак, фарба, таніды, каштоўная драўніна) і як дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Васіль) (1527, г. Тураў — 21.3.1608),
палітычны і культ. дзеяч ВКЛ. Сын Канстанціна і Аляксандры з роду Слуцкіх. З 1550 — староста ўладзімірскі, маршалак валынскі, з 1533 да канца жыцця — кіеўскі ваявода. Буйны землеўладальнік, адзін з найб. уплывовых магнатаў у ВКЛ. На Беларусі валодаў Туравам, Дзятлавам і інш. Выступаў супраць пашырэння каталіцтва на Беларусі і Украіне. Быў цесна звязаны са збеглым рус. князем А.Курбскім. Адзін з ініцыятараў стварэння Віленскай канфедэрацыі 1599. Падтрымліваў правасл. брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку, Тураве (1572), Астрожскую школу і Астрожскую друкарню. Удзельнічаў у задушэнні сялянска-казацкіх паўстанняў К.Касінскага, С.Налівайкі.
Літ.:
Костомаров Н.И. К.К.Острожский. // Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейшых деятелей. М., 1990. Кн. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ (Якаў Мікітавіч) (21.10.1877, г. Балашоў Саратаўскай вобл., Расія — 20.12.1937),
бел. глебазнавец. Акад.АНБССР (1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1901). З 1921 праф., заг. кафедры глебазнаўства Горацкай с.-г. акадэміі, з 1931 дырэктар Ін-та аграглебазнаўства АНБССР. Навук. працы па генезісе глебаў і глебаўтваральных парод Беларусі, устанаўленні заканамернасці іх фарміравання; па класіфікацыі і раянаванні глебаў, іх агранамічнай характарыстыцы і павышэнні прадукцыйнасці. Кіраваў складаннем першай карты глебаў Беларусі і адной з першых глебазнаўчых картаў свету. Прапанаваў новую класіфікацыю глебаў; дапоўніў вучэнне В.В.Дакучаева пра гарызантальную і вертыкальную занальнасці глебаў палажэннем аб мікразанальнасці. Арыштаваны ў жніўні 1937 і прыгавораны 19.12.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Глебавыя раёны БССР. Мн., 1931;
Як павысіць ураджайнасць на глебах БССР. Мн., 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РАЎ (Майсей Залманавіч) (н. 23.12.1909, г. Веліж Смаленскай вобл., Расія),
бел. кінааператар. Засл. дз. маст.Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1934). У 1934—78 на кінастудыі «Беларусьфільм», здымаў дакумент. і навук.-папулярныя фільмы. У 1941—45 франтавы аператар; яго сюжэты і асобныя рэпартажы ўвайшлі ў дакумент. фільмы «Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў пад Масквой», «Бой за Віцебск», «Мінск — наш!», «Вызваленне Савецкай Беларусі» і інш., выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З лепшых фільмаў: «Белавежская пушча» (1948), «Архітэктурныя помнікі мінулага» (1959), «Жыццё на сцэне» (1966), «Генерал Пушча» (1967), «Хлопчык і чапля» і «Сапраўднае імя — Мікалай Судзілоўскі» (абодва 1969), «Палескія калядкі» (з У.Цеслюком) і «У час цішыні» (абодва 1972) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДЗІ́НЦЫ,
1) другая назва цыстэрыянцаў, якая замацавалася за імі з 12 ст. пасля рэарганізацыі ордэна Бернарам Клервоскім (1090—1153, кананізаваны ў 1174).
2) Манахі-францысканцы, якія строга прытрымліваліся першапачатковага статута гэтага жабрацкага ордэна і ў 1473 аселі ў Польшчы пры саборы св. Бернарда ў Кракаве (названы ў гонар францысканскага рэфарматара Бернарда Сіенскага, 1380—1444). На Беларусі вялі місіянерскую і пастырскую дзейнасць сярод правасл. насельніцтва. Іх кляштары (мужчынскія і жаночыя) існавалі ў Брэсце, Будславе, Беразіне, Віцебску, Гродне, Друі, Заслаўі, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Полацку, Слоніме і інш. Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), б-кі, часам аптэкі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. У 1860-я г. амаль усе іх кляштары забаронены і спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 30.9.1948, Мінск),
бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт.Беларусі (1979). З 1967 працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яго персанажы-лялькі арганічныя, выразныя, каларытныя. У спектаклях для дзяцей сыграў ролі: Дзед («Дзед і Жораў» В.Вольскага), кот Максім («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Першы прыдворны («Салавей» паводле Х.К.Андэрсена), Іван («Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова). Жак («Кот у ботах» Г.Уладычынай). Найб. поўна раскрылася індывідуальнасць акцёра ў рэпертуары для дарослых: Адам («Боская камедыя» І.Штока), Іван («Да трэціх пеўняў» В.Шукшына), Іван Бяздомны («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Апалон («Цудоўная Галатэя» С.Дарваша і Б.Гадар), Гаспадар таверны («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» паводле П.Нэруды) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БІН (Натан Барысавіч) (27.3.1893, г. Крамянчуг, Украіна — 17.1.1945),
дырыжор і педагог. Засл. дз. маст.Беларусі (1940). Прафесар. Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас кампазіцыі Я.Вітала). У 1925—37 і 1941—45 у т-рах оперы і балета Харкава, Свярдлоўска, Куйбышава, Пярмі, Ташкента. У 1938—41 гал. дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Бел. (1940—41) і Ташкенцкай (1941—45) кансерваторыях. Муз. кіраўнік пастановак нац. опер «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940). З іншых работ на бел. сцэне: «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1938), балет «Лебядзінае возера» (1938) і «Пікавая дама» (1941) П.Чайкоўскага, «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1941), «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940). Аўтар камерна-інстр. твораў.