КАНСТЫТУЦЫЙНАЕ ПРАВА

У рамках навукі канстытуцыйнага (дзяржаўнага) права даследуецца сістэма канстытуцыйна-прававых норм і адносін, вывучаюцца крыніцы канстытуцыйнага права, тэорыя і практыка рэалізацыі яго норм, канстытуцыйныя асновы прававога становішча чалавека і грамадзяніна, паліт., эканам. і сац. сістэма, прынцыпы арганізацыі і дзейнасці дзярж. органаў Рэспублікі Беларусь.

Станаўленне і развіццё на Беларусі дзярж. права як навукі пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст. Вядомыя ў той час вучоныя-юрысты (І.​А.​Ільін, М.​М.​Каркуноў, М.​Л.​Паліенка, Л.​А.​Ціхаміраў, Б.​М.​Чычэрын і інш.) выпрацавалі і вызначылі асн. паняцці дзярж. права, у т. л. ідэі народаўладдзя, дзярж. суверэнітэту, формы праўлення (манархіі, рэспублікі) і інш. З пач. 1920-х г. даследаванні ў гэтай галіне вяліся ў Ін-це бел. культуры і БДУ. Вывучаліся пытанні прававых форм узаемаадносін сав. рэспублік, прыроды іх дзярж. саюза, развіцця заканадаўства. Апублікаваны працы, прысвечаныя сав. дзярж. праву (У.​М.​Дурдзянеўскі, М.​А.​Канаплін, Л.​А.​Рудзіцкі, П.​М.​Галанза, Р.​Я.​Парэчын), гісторыі дзярж. права (арт. В.​Д.​Дружчыца аб становішчы Літоўска-Беларускай дзяржавы пасля Люблінскай уніі 1569), праблеме суверэнітэту ў сав. дзярж. праве (В.​А.​Дарогін). Выдадзены акты ЦВК, Урада, Савета працы і абароны СССР (1923), працы «Савецкія рэспублікі ў іх узаемаадносінах» (1922) і «Наша Канстытуцыя» (1928) Р.​Я.​Парэчына, «Новая Канстытуцыя Беларускай ССР» І.​І.​Крыльцова (1928). У пасляваенны час даследаваліся праблемы дзярж. будаўніцтва, утварэння бел. сав. дзяржаўнасці (С.П Маргунскі, Л.​А.​Рудзіцкі, В.​А.​Дарогін, І.​І.​Саладкоў), гісторыі дзярж. органаў і права Беларусі (І.​А.​Юхо), тэорыі дзяржавы і права, практыкі дзейнасці сав. органаў (С.​Р.​Драбязка, С.​Р.​Віхараў, І.​Дз.​Вятроў, Н.​А.​Кудзінаў, У.​А.​Кучынскі), дзейнасці сав. дзярж. апарату і мясц. Саветаў, выбарчай сістэмы і выбарчага права (Ю.​В.​Шабанаў, А.​А.​Галаўко, А.​Т.​Лейзераў). Шэраг прац вучоных-юрыстаў быў прысвечаны тэарэт. пытанням дзярж. будаўніцтва, прынцыпам арганізацыі і дзейнасці прадстаўнічых органаў улады, органаў тэр. грамадскага самакіравання, прававога статусу грамадзян (А.​М.​Абрамовіч, Л.​І.​Кукраш, Е.​М.​Тагуноў, А.​Г.​Цікавенка і інш.).

Ва ўмовах незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь навука канстытуцыйнага права развіваецца ў рэчышчы ідэі вяршэнства Канстытуцыі як ядра ўсёй прававой сістэмы. Даследуюцца актуальныя праблемы тэорыі канстытуцыйнага права (Р.​А.​Васілевіч, Дз.​М.​Дземічаў, К.​М.​Кунцэвіч), прававога статусу і дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, выканаўчых і распарадчых органаў (С.​Р.​Драбязка, А.​А.​Сакалоўскі, В.​І.​Шабайлаў, А.​Г.​Цікавенка), прававыя асновы рэфармавання мясц. кіравання і самакіравання (В.​А.​Кадаўбовіч, А.​Т.​Лейзераў, В.​І.​Фацееў, Л.​П.​Чагіна), фарміравання дэмакр. сац. прававой дзяржавы, развіцця паліт. сістэмы грамадства (А.​А.​Абрамовіч, А.​А.​Галаўко, А.​У.​Матусевіч), выбарчай сістэмы і рэферэндумаў (Р.​А.​Васілевіч, А.​Я.​Вашкевіч, Н.​П.​Дзенісюк, М.​С.​Чудакоў), бяспекі дзяржавы і дзейнасці органаў унутр. спраў (С.​А.​Трахімёнак, Л.​М.​Рабцаў). Выдадзены «Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі» Р.​А.​Васілевіча, Т.​І.​Доўнар і І.​А.​Юхо (2001), працы Р.​А.​Васілевіча «Канстытуцыя і некаторыя аспекты абароны правоў і свабод грамадзян» і «Органы дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь» (абедзве 1999), навуч. дапаможнікі па канстытуцыйным праве І.​У.​Абуховіч, Р.​А.​Вашкевіча, Дз.​М.​Дземічава, А.​І.​Курака, М.​К.​Кунцэвіча і інш., а таксама «Энцыклапедыя канстытуцыйнага права» В.​Г.​Гаўрыленкі, П.​Г.​Нікіценкі і Н.​І.​Ядзевіч. На кафедры канстытуцыйнага права БДУ вядуцца даследаванні канстытуцыйнага, адм., фін. заканадаўства, асноў канстытуцыйнага ладу, грамадз. супольнасці, забеспячэння аптымальнага балансу інтарэсаў дзяржавы, грамадства і асобы.

Літ.:

Рудзицкий Л.А. Образование белорусской советской государственности. Ученые записки. Мн., 1957;

Абрамович А.М. Государственное управление строительством в СССР. Мн., 1982;

Тиковенко А.Г. Авторитет власти: прошлое и настоящее. Мн., 1994;

Василевич Г.А. Нормативные правовые акты государственных органов Республики Беларусь. Мн., 1999;

Яго ж. Конституционное право Республики Беларусь. Мн., 2003;

Выборы: правовые основы избирательных технологий. Мн., 2000;

Яго ж. Референдумы в Республике Беларусь и ее путь к независимости в конце XX столетия. Мн., 2001;

Конституционные основы социального государства: Сб. статей. Мн., 2000;

Соколовский А.А. Исполнительная власть Республики Беларусь. Мн., 2001;

Головко А.А. Теоретические основы демократии. Мн., 2003.

Р.​А.​Васілевіч.

т. 18, кн. 2, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЯ́ТЫ,

нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.

Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл. Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.

Р.​У.​Дэрфліо.

Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.
Да арт. Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац. валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв. гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.

З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТАЛО́ГІЯ (ад гельмінты + ...логія),

навука аб паразітычных чарвях — гельмінтах і хваробах (гельмінтозах), што імі выклікаюцца. Вывучае пашырэнне, жыццёвыя цыклы, хваробатворнае дзеянне гельмінтаў, распрацоўвае спосабы дыягностыкі і прафілактыкі гельмінтозаў у чалавека, жывёл і раслін. Даследаванні вядуцца па асн. кірунках: агульная гельмінталогія (вывучае агульныя заканамернасці развіцця паразітычных чарвей, іх сістэматыку і відаўтварэнне), медыцынская гельмінталогія (хваробы чалавека, выкліканыя гельмінтамі, іх дыягностыку, прафілактыку і лячэнне), ветэрынарная і агранамічная гельмінталогія (вывучаюць адпаведна гельмінтаў жывёл і раслін і распрацоўваюць меры барацьбы з імі).

Першыя звесткі пра гельмінты вядомы са старажытнасці (Гіпакрат, Арыстоцель, Авіцэна). Навук. гельмінталогія ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Яе заснавальнік — ням. натураліст К.​Рудольфі, які заклаў асновы сістэматыкі і марфалогіі гельмінтаў. У 1863—76 апублікавана 2-томная праца ням. заолага Р.​Лейкарта пра паразітаў чалавека. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст. — эксперым. перыяд у гельмінталогіі. Заснавальнік сав. школы гельмінталогіі — К.І.Скрабін. Ён апісаў больш за 200 новых відаў гельмінтаў, распрацаваў асновы дэгельмінтызацыі (1925), што спалучаюць у сабе прынцыпы прафілактыкі і лячэння. Развіццю гельмінталогіі ў Расіі спрыялі працы В.​А.​Догеля, Р.​С.​Шульца і інш., на Украіне — А.​П.​Маркевіча.

На Беларусі вялікі ўклад у гельмінталогію зрабілі Х.С.Гарагляд, І.В.Меркушова, Ц.Г.Нікулін, Р.С.Чабатароў, І.​С.​Жарыкаў, В.​Ф.​Літвінаў, В.​А.​Шчарбовіч і інш. Даследаванні па гельмінталогіі вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Л.​І.​Бычкова), Ін-це эксперым. ветэрынарыі (М.​В.​Якубоўскі), у Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах (Р.​Г.​Заяц, Я.​Л.​Бекіш), у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (А.​І.​Ятусевіч). і інш. Распрацаваны многія праблемы біяхіміі і фізіялогіі гельмінтаў, імунітэту і імунадыягностыкі, алергіі пры гельмінтозах і інш.

Літ.:

Чеботарев Р.С. Очерки по истории медицинской и ветеринарной паразитологии. Мн., 1977;

Меркушова И.В., Бобкова А.Ф. Гельминты домашних и диких животных Белоруссии. Мн., 1981;

Романенко Н.А. Санитарная гельминтология. М., 1982;

Гельминтозы человека: (Эпидемиология и борьба). М., 1985.

Р.​Г.​Заяц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).

2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб. стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.​Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.​Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.​Ф.​Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.​Я.​Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.​М.​Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.​П.​Навіцкага, 1871—72).

Літ.:

Старабеларускія лексіконы /Склад. А.​А.​Яскевіч. Мн., 1992.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБА́ЛЬНЫЯ ПРАБЛЕ́МЫ сучаснасці,

праблемы, якія закранаюць інтарэсы чалавецтва ў цэлым і для свайго вырашэння патрабуюць агульных намаганняў без уліку падзелу чалавечага грамадства па розных прыкметах. Умоўна вылучаюць тэарэтычныя і практычныя, вострыя і адкладзеныя, агульныя і прыватныя. Тэарэтычныя глабальныя праблемы ахопліваюць пераважна праблемы грамадскіх і прыродазнаўчых навук: філасофіі, біялогіі, пазнання Зямлі і Космасу, прыроды чалавека, грамадазнаўства і інш. (гл. Навука, Чалавек, Экалогія сацыяльная, Касмалогія і да т.п.). Іх вырашэнне не можа мець завершанага характару, колькі б не доўжыўся перыяд існавання чалавецтва. Практычныя глабальныя праблемы вынікаюць з сённяшняга стану грамадства і абумоўлены яго недасканаласцю (розныя ступені і ўзроўні развіцця асобных яго частак, парушэнне раўнавагі ў адносінах з прыродай і інш.), але пры пэўных умовах яны могуць быць вырашаны ў перспектыве. Асн. з такіх праблем здольны істотна паўплываць на ўмовы існавання чалавецтва, а ў асобных выпадках нават ствараць пагрозу для яго захавання: праблемы вайны і міру, голаду і харчавання, ядзернай бяспекі, антрапагеннага ўздзеяння на прыроду, забруджвання навакольнага асяроддзя, дэмаграфіі, энергет. забеспячэння, вычарпальнасці многіх відаў прыродных рэсурсаў і інш. Глабальнае значэнне пры пэўных умовах сусв. грамадскасць можа надаваць рэгіянальным праблемам, асабліва калі яны ствараюць патэнцыяльную пагрозу для ўсяго насельніцтва ці яго частак у іншых рэгіёнах (напр., праблемы пашырэння небяспечных хвароб, гандлю наркотыкамі, зброяй, забруджвання сусв. акіяна, трансгранічнага пераносу забруджвальнікаў). Наяўнасць агульных для міжнар. супольнасці праблем спараджае дзейнасць міжнар. арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, ЮНЕП, Міжнар. Саюз аховы прыроды, МАГАТЭ і інш.), грамадскіх рухаў і формаў супрацоўніцтва («зялёныя», «Грынпіс», грамадскія фонды ў абарону міру, прыроды, гуманітарныя арганізацыі і інш.), узнікненне новых навук або іх раздзелаў (напр., Глабальная экалогія).

Літ.:

Гудожник Г.С., Елисеева В.С. Глобальные проблемы в истории человечества. М., 1989;

Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с англ. и фр. М., 1990;

Global competitiveness. New York, 1988.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗУНО́Ў Аляксандр Канстанцінавіч (10.8.1865, С.-Пецярбург — 21.3.1936),

рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Нар. арт. Рэспублікі (1922). Вучань М.Рымскага-Корсакава (кампазіцыя). З 1888 выступаў як дырыжор у Расіі і за мяжой. З 1899 праф., у 1905—28 дырэктар Пецярбургскай кансерваторыі. Ганаровы віцэ-прэзідэнт Рус. сімф. т-ва ў Вялікабрытаніі (1906), ганаровы д-р Кембрыджскага і Оксфардскага ун-таў (1907), ганаровы чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Рым, 1914), чл. Муз. акадэміі ў Стакгольме (1929). Найб. плённа працаваў у жанрах сімф. музыкі. Паслядоўнік традыцый «Магутнай кучкі» і П.Чайкоўскага, ён аб’яднаў у сваёй творчасці элементы лірыка-эпічнага і лірыка-драм. сімфанізму. Зрабіў істотны ўклад у сімфанізацыю балетнага жанру. Яго творы вылучаюцца рэльефнасцю тэм, поўным і ясным гучаннем аркестра, майстэрскім выкарыстаннем поліфанічнай тэхнікі (адначасовае гучанне розных тэм, спалучэнне імітацыйнага і варыяцыйнага развіцця). Сярод твораў: балеты «Раймонда» (паст. 1898), «Паненка-служанка, або Выпрабаванне Даміса» і «Поры года» (паст. 1900); кантаты; 8 сімфоній (1881—1906), у т. л. 1-я (у скерца выкарыстаны матыў бел. нар. танца «Мікіта»), найб. значныя 4-я, 1893; 5-я, 1895; 6-я, 1896; 7-я, 1902; 8-я, 1906; 7 сюіт, у т. л. «З сярэдніх вякоў» (1902); 5 уверцюр, у т. л. 2 на грэч. тэмы (1882, 1884); сімф. паэма «Сценька Разін» (1885), «Фінская фантазія» (1909); «Руская фантазія» для Велікарус. аркестра (1906); канцэрты з арк. — 2 для фп. (1910, 1917), для скрыпкі (1904), для віяланчэлі (1931), для саксафона (1931); 7 стр. квартэтаў; творы для фп., для аргана; хары а капэла; рамансы і песні; апрацоўкі рус., чэш., грэч. гімнаў і песень; музыка да драм. спектакляў. У 1885—1903 штогод адзначаўся Глінкаўскімі прэміямі.

Літ. тв.: Избранное: Письма, статьи, воспоминания. М., 1958.

Літ.:

Федорова Г.П. Глазунов. 2 изд. М., 1961;

Глазунов: Исследования. Материалы. Публикации. Письма. Т. 1—2. Л., 1959—60;

Ганина М. А.​К.​Глазунов. Л., 1961;

Крюков А.Н. А.​К.​Глазунов. М., 1984.

А.К.Глазуноў.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСТ ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,

здольнасць чалавека ўспрымаць і ацэньваць эстэт. ўласцівасці з’яў і прадметаў, адрозніваць прыгожае і агіднае. У выпадках ацэнкі твораў мастацтва густ эстэтычны называецца маст. густам. Праяўляецца пераважна як сістэма асобасных прыхільнасцей, якія арыентуюцца на агульнапрынятыя эстэт. ацэнкі. Уяўляе сабой эмацыянальна-рацыянальнае засваенне рэчаіснасці, выступае як адзінства эстэт. пачуцця і эстэт. ідэалу (найвышэйшага крытэрыя эстэт. ацэнкі). Праблема густу эстэтычнага атрымала асаблівае развіццё ў эстэтыцы 17—18 ст. (Б.​Грасіян-і-Маралес). Франц. філосафы-асветнікі і эстэтыкі класіцызму (Н.​Буало, Ш.​Бацё, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Вальтэр і інш.) трактавалі густ эстэтычны з пазіцый рацыяналізму і нарматывізму. У англ. сенсуалістычнай эстэтыцы (А.​Шэфтсберы, Г.​Хом і інш.) густ эстэтычны звязвалі з характарам чалавечых адчуванняў і этычнымі нормамі. Суб’ектыўнасць густу эстэтычнага акцэнтавалася Д.​Юмам. Густ эстэтычны І.​Кант абгрунтоўваў як прынцыповы суб’ектывізм і прыроджаны характар, лічыў з’явай адначасова грамадскай і індывідуальнай. Марксісцка-ленінская эстэтыка разглядала густ эстэтычны перш за ўсё як сац.-гіст. з’яву. У аналізе густу эстэтычнага рус. рэв.-дэмакр. эстэтыкі акцэнт рабіўся на сац.-гіст. ўмовы фарміравання асобы.

У бел. культуры цікавасць да праблемы густу эстэтычнага пачынаецца з эпохі Адраджэння (М.​Гусоўскі, Ф.​Скарына). У спасціжэнні прыроды густу эстэтычнага Сімяон Полацкі і М.​Сарбеўскі абапіраліся на эстэтыку класіцызму і барока, Я.​Чачот, В.​Каратынскі зыходзілі з узвышанага эстэт. ідэалу, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына — з сац. рэальнасці. М.​Багдановіч імкнуўся выявіць сутнасць густу эстэтычнага на аб’ектыўнай аснове, шукаў эстэт. магчымасці для выключэння суб’ектывізму, густаўшчыны, З.​Бядуля зыходзіў з паняцця прыгожага, як агульначалавечай каштоўнасці. За ацэнкамі густу эстэтычнага заўсёды стаіць асоба ва ўсёй сваёй духоўнай непаўторнасці. Таму фарміраванне густу эстэтычнага выступае як адна з цэнтр. задач эстэт. выхавання і развіцця асобы.

Літ.:

Эстетическое воспитание на современном этапе: Теория, методология, практика. М., 1990;

Салееў В.А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994.

В.​А.​Салееў.

т. 5, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся ў Мінску 5—16.2.1929. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздача ЦК КП(б)Б (Я.​Б.​Гамарнік); даклад Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Я.​М.​Кроль); справаздача ЦКК КП(б)Б (А.​Я.​Калнін); даклад аб пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР 1928/29—1932/33 (М.​М.​Галадзед); аб вярбоўцы рабочых у партыю і чыстцы КП(б)Б (І.​А.​Васілевіч); аб рабоце прафсаюзаў (І.​П.​Рыжоў); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.

Гал. ідэя, што вызначыла ход з’езда і яго пастановы, — ідэя абвастрэння класавай барацьбы. Ставіліся задачы ўсямернага і няўхільнага павышэння ўдзельнай вагі прам-сці, асабліва буйной, калектывізацыі сельскай гаспадаркі з прыярытэтам калгаснай і саўгаснай формаў. Гал. разлік рабіўся на адм. пры мусовыя меры ў спалучэнні з маральнымі стымуламі, на энтузіязм, сацыяліст. спаборніцтвы і паліт. выхаванне. Курс на адзяржаўленне вытв-сці і размеркавання, выцяснення прыватнага капіталу з вытв-сці, фінансаў, гандлю, які выразна выявіўся ў 1926—27, набыў у рашэннях з’езда завершанае афармленне. Указвалася на неабходнасць павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ, падрыхтоўкі маладых навук. сіл, якія выйшлі з пралет. асяроддзя. З’езд патрабаваў узмацніць барацьбу з праявамі шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, нацыянал-ухілізму ў розных формах, што прыкрывала змену курсу ўсёй нац. палітыкі. Для БССР гэта азначала адмаўленне ад палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў 1920-я гады. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 77 чл. і 57 канд., ЦКК з 76 чал., Цэнтр. рэвіз. камісію з 7 чал.

Літ.:

Стэнаграфічная справаздача XII з’езда КП(б)Б (5—14 лют. 1929 г.). Мн., 1929;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.

А.​С.​Кароль.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІДЫЯ́ЛЬНЫЯ ГРЫБЫ́, базідыяміцэты (Basidiomycetes),

клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.

Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

А.​М.​Капіч.

Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)