паклады карысных выкапняў, якія ўзніклі пры метасаматызме. Утвараюцца пад уздзеяннем цыркулюючых на глыбіні гарачых мінер. водных раствораў, якія выносяць з месца ўтварэння М.р. радавыя элементы горных парод (шчолачы, шчолачна-зямельныя элементы, крэмній) і прыносяць каштоўныя элементы, у т. л. металы. Залягаюць у выглядзе пакладаў складанай формы, часта занальныя. Найб. спрыяльнымі для ўтварэння М.р. з’яўляюцца лёгкарастваральныя карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты). Паводле т-ры ўтварэння падзяляюцца на высокатэмпературныя (скарнавыя і грэйзенавыя радовішчы чорных і каляровых металаў), сярэднетэмпературныя (гідратэрмальныя радовішчы медзі, свінцу і цынку) і нізкатэмпературныя (інфільтрацыйныя радовішчы урану і медзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
сетка наземных радыёстанцый, навігацыйных ШСЗ з камандна-вымяральным комплексам і падводных гідраакустычных станцый, па сігналах якіх з дапамогай бартавых сродкаў навігацыі вызначаюць каардынаты месцазнаходжання караблёў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў. Кожная Н.с. ўключае таксама бартавыя навігацыйныя комплексы, а пры іх адсутнасці — навігацыйныя прылады, якія дазваляюць з высокай дакладнасцю і надзейнасцю вызначаць папраўкі да злічоных каардынат месца і курсу. Існуюць астранавігацыйныя сістэмы (гл.Астранамічная навігацыя), інерцыяльныя (засн. на вызначэнні паскарэнняў аб’екта з дапамогай акселерометраў і па гэтых даных — месцазнаходжання, курсу, скорасці і інш. параметраў), касмічныя (гл.Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы), радыёнавігацыйныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ЛЬНЫ ПУНКТ (НП),
спецыяльна абсталяванае і замаскіраванае месца для назірання за дзеяннямі праціўніка, сваіх войск і за мясцовасцю (акваторыяй), а таксама для засякання цэляў і карэкціроўкі агню. Робіцца ва ўсіх відах бою. Пры наступленні Н.п. можа знаходзіцца на танках, баявых машынах пяхоты, бронетранспарцёрах, верталётах і інш.; у абароне размяшчаецца ў збудаваннях, абсталёўваецца сховішчамі для асабовага складу, неабходнымі прыладамі назірання і сродкамі сувязі. Бываюць асн., запасныя, падманныя і спец. (артыл., інж. і інш.). У аб’яднаннях, злучэннях і часцях Н.п. ствараюцца звычайна з сіл і сродкаў каманднага пункта (гл.Пункт камандны) і з’яўляюцца яго элементам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЯЗІ́ (Фацех) (н. 18.4.1914, г. Самарканд, Узбекістан),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Скончыў Ташкенцкі пед.ін-т (1949). Друкуецца з 1928. Піша на тадж. і ўзб. мовах. У кн. вершаў «Маяк» (1933), «Песні дня» (1938), «Каханне» (1940) паэтызацыя жыцця, мірнай працы, духоўнага свету суайчыннікаў. Вядучае месца ў яго творчасці займаюць тэмы подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну, аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі: кн. франтавых навел «Помста таджыка» (1947), «З апавяданняў пра вайну» (1962), раманы «Вернасць» (кн. 1—2, 1949—58), «Не кажы, што лес пусты...» (1975). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў. На бел. мову творы Н. пераклала Г.Ткачова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ЦЬ, паветка,
у беларусаў гаспадарчая пабудова на сял. двары для захоўвання с.-г. прылад (калёс, саней і інш. начыння), а таксама дроў. Найчасцей бываюць адкрытыя (у выглядзе навеса) ці агароджаныя дошкамі. Аснову каркаснай канструкцыі складаюць слупы (сохі, паўсошкі) або крыжы, злучаныя паміж сабой суцэльным бервяном (правілам), на якое навешваюцца кроквы. Паверх крокваў прымацоўваюцца латы пад пакрыццё 1- або 2-схільнай страхі. Звычайна займае свабоднае месца паміж дзвюма пабудовамі. П., дзе захоўваецца с.-r. інвентар, звычайна наз. вазоўняй ці абозняй, для дроў — дрывотняй або дрывотнікам. Пашырана па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карлікагал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.
А.А.Шымбалёў.
Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСТУ́Х І ВОЎК»,
бел.нар. гульня. Удзельнікі (ад 6 да 15 чал.) выбіраюць «пастуха» і «ваўка». Апошні хаваецца, а «пастух» збірае гульцоў — «авечак» і заганяе іх у «статак», пасля садзіцца і робіць выгляд, што спіць. «Воўк» хавае «авечак», а сам застаецца. «Пастух», «прачнуўшыся», ідзе шукаць «авечак». Калі ён набліжаецца да месца, дзе яны схаваны, «авечкі» пачынаюць ці сіпець, ці стукаць, ці пішчаць, на што «воўк» павінен хутка адказаць, хто гэта робіць Калі ён з адказам затрымліваецца, то «авечкі» пачынаюць «бляяць». «Воўк» уцякае, а «авечкі» павінны злавіць яго і прывесці да «пастуха».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКАЯ (Лізавета Іванаўна) (1830, г. Магілёў — 1915),
збіральніца бел.нар. песень. Маці У.Л.Кігна. Скончыла Магілёўскую гімназію. Жыла ў в. Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.). Склала зб. «Народныя беларускія песні» (выд. ў 1853 на рус. мове ў Пецярбургу пад крыптанімам Е.П.), куды ўвайшлі творы каляндарна-абрадавай і пазаабрадавай нар. лірыкі, запісаныя ў Быхаўскім пав. Значнае месца ў кнізе адведзена апісанню мясц. вясельнага абраду і тэкстам звязаных з ім песень (пераклады недасканалыя).
Літ.:
Букчин С.В. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 158—160;
Цішчанка І. Адна з першых // Мастацтва Беларусі. 1984. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНЫ СТАЖ,
працягласць працоўнай дзейнасці, якая вылічаецца ва ўстаноўленым парадку. Адрозніваюць П.с. агульны, спецыяльны і бесперарыўны П.с. агульны — сумарная працягласць прац. і інш. карыснай дзейнасці, якая ўстанаўліваецца незалежна ад перапынкаў, якія мелі месца. З улікам гэтага стажу назначаецца пенсія па старасці або па інваліднасці ў выніку агульнага захворвання, а таксама — пры страце карміцеля, памерлага ад захворвання. П.с. спецыяльны — сумарная працягласць працоўнай і інш. грамадска карыснай дзейнасці, але вылучаная з агульнага стажу паводле ўмоў працы залежна ад яе зместу або ўмоў (падземныя работы, работы са шкоднымі ўмовамі працы). Асн. дакументам, якім пацвярджаецца П.с., з’яўляецца працоўная кніжка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЕЎКЛА́ДЧЫК,
камплект машын і абсталявання для транспартавання і ўкладкі рэйкава-шпальнай рашоткі чыгуначнага пуці пры яго буд-ве і рамонце. Выкарыстоўваюцца П. звёнавыя, якія дастаўляюць да месца работ гатовыя рэйкава-шпальныя рашоткі, і раздзельныя, што падвозяць асобныя неабходныя элементы для зборкі рашоткі на месцы.
Звёнавыя П. на рэйкавым хаду абсталяваны пуцеўкладачным кранам для транспартавання звёнаў уздоўж саставу. Пры буд-ве новых чыгунак выкарыстоўваюць пуцеўкладачныя краны на трактарным хаду, абсталяваныя лябёдкай, што захоплівае звёны на платформе, якая наязджае на ўкладзенае звяно.