творы жывапісу буйных памераў, звязаныя з архітэктурным асяроддзем; від манументальнага мастацтва. Адначасова творы М.ж. валодаюць і самаст. вобразным зместам, вырашаюць дэкар. задачы (наз. таксама манум.-дэкар. жывапісам). Да М.ж. адносяць вял. памераў карціны, пано, размалёўку, мазаіку, якія выконваюць у тэхніках фрэскі, а сэка, васковага жывапісу, сграфіта і інш. Спецыфіка М.ж. вымагае асаблівага ладу маст. форм: яснасці і лаканізму кампазіцыі, дакладнасці і абагульненасці малюнка, вял. колеравых плям, асаблівай прадуманасці ракурсаў і перспектывы з улікам успрыняцця з вял. адлегласці. Выкарыстоўваецца для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, пашыраны ў культавым мастацтве.
Вядомы здаўна ў мастацтве Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Грэцыі, Рыма, Візантыі і інш. Пазней развіваўся ў рэчышчы адпаведных гіст.маст. стыляў, творчасці асобных майстроў і рэліг.-культурных традыцый народаў свету. Найб. росквіту дасягнуў у эпоху Адраджэння (работы Мазачыо, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і інш.). Высокім маст. узроўнем у перыяд барока вызначаліся творы Анібале Карачы, П’етра да Картоны, класіцызму — Ш.Лебрэна, 19 ст. — Э.Дэлакруа, П.Пюві дэ Шавана, Ф.Овербека, у 20 ст. — А.Гаўдзі, М.Дэні, Ф.Лежэ, Д.Сікейраса, Д.Рыверы, М.Урубеля, А.Дайнекі і інш.
На Беларусі найб.стараж. ўзоры М.ж. датуюцца 11 ст. (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора і Полацкага храма-пахавальні). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фрэскі Нясвіжскага касцёла езуітаў, Магілёўскага касцёла кармелітаў, Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплексу, мазаікі Баранавіцкага Пакроўскага сабора. У 1920—30-я г. пераважалі творы на тэмы, прысвечаныя сац. і эканам. зменам: размалёўкі ў Доме ўрада ў Мінску (М.Лебедзева, І.Фрэнк), кінатэатры «Мастацкі» ў Віцебску (В.Волкаў, М.Керзін, М.Эндэ), пано ў будынку вакзала на чыг. ст. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (Волкаў) і інш. У 1940—41 мастакі І.Давідовіч, Я.Зайцаў, М.Тарасікаў, Я.Ціхановіч, М.Манасзон выканалі шэраг пано ў інтэр’еры Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі ў Мінску. Сярод найб. значных работ 1950—60-х г. размалёўка плафона «Дружба народаў» у т-ры юнага гледача і пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел.т-ва дружбы з замежнымі краінамі І.Ахрэмчыка і Давідовіча, пано «Палёт» Г.Вашчанкі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, сграфіта «Маяк» А.Кішчанкі і Г.Гаркунова ў кінатэатры «Кіеў» у Мінску. Творы М.ж. 1970—90-х г. вызначаюцца шырокім выкарыстаннем алегорыі, метафары, сімволікі, зваротам да традыцый сусв. мастацтва: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» М.Савіцкага ў Дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. вайны, «Асветнікі» Вашчанкі ў Доме настаўніка, энкаўстыка «Стары і новы Вільнюс» С.Катковай і З.Літвінавай у кінатэатры «Вільнюс», мазаікі «Горад-воін», «Горад-будаўнік», «Горад навукі», «Горад культуры» на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход-1, «Беларусь партызанская» на тарцы будынка гасцініцы «Турыст» Кішчанкі, на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць В.Барабанцава (усе ў Мінску); размалёўкі «Зямля Светлагорская» Вашчанкі ў вестыбюлі палаца культуры хімікаў, пано У.Крываблоцкага на тарцах жылых дамоў у г. Салігорск Мінскай вобл.; «Эстафета пакаленняў» Савіцкага і Кішчанкі ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна); «Юнацтва» Я.Кузняцова ў клініцы НДІ радыяцыйнай медыцыны «Аксакаўшчына» Валожынскага р-на Мінскай вобл.; пано «Песня пра Радзіму» Т.Кіршчынай у Палацы нафтаперапрацоўчага завода ў г. Мазыр Гомельскай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧАімя М.І.Глінкі,
сярэдняя спецыяльная навуч. ўстанова ў сістэме музычнай адукацыі. Засн. ў 1924 у Мінску, да 1937 наз.Бел.дзярж.муз. тэхнікум. З 1957 імя Глінкі. Рыхтуе музыкантаў-інструменталістаў, спевакоў, дырыжораў, музыказнаўцаў, артыстаў эстрады і цырка, выкладчыкаў. Навучанне дзённае.
Выкладчыкі і навучэнцы М.м.в. вялі актыўную канцэртную дзейнасць. Напр., у 1924/25 навуч.г. яны правялі 2 цыклы з 15 гіст. канцэртаў, у якіх выконвалі творы бел. кампазітараў, рус. і замежнай класікі. З 1925 выступаў і сімф. аркестр, яго рэпертуар уключаў творы муз. класікі, бел. кампазітараў Р.Пукста, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. У 1928 оперны клас паставіў пад кіраўніцтвам В.Цвяткова і І.Гітгарца оперу «Фауст» Ш.Гуно ў перакладзе на бел. мову Ю.Дрэйзіна. Гал. партыі выканалі навучэнцы Л.Александроўская, П.Валадзько, М.Цюрэмнаў, удзельнічалі хор, аркестр, балет. Пастаўлены таксама оперы «Русалка» А.Даргамыжскага (1929) і «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1930). У 1930 на базе опернага і балетнага класаў вучылішча створана Беларуская студыя оперы і балета (з 1933 Дзярж.т-р оперы і балета БССР). М.м.в. адыграла значную ролю ў станаўленні і развіцці бел.муз.культуры. У розныя гады ў ім выкладалі нар.арт.СССР І.Жыновіч, нар.арт. Беларусі М.Аладаў, засл. дзеячы маст. Беларусі М.Браценнікаў, І.Гітгарц, М.Маслаў, Л.Мухарынская, Г.Папавіцкі, Г.Пятроў, Б.Смольскі, Р.Шаршэўскі, засл. артысты Беларусі А.Амітон, М.Бергер, А.Бяссмертны, С.Навіцкі, засл. дзеяч культуры Беларусі М.Мінянкова, а таксама Э.Азарэвіч, А.Баначыч, І.Бары, І.Варэнікаў, А.Віўен, Ю.Дрэйзін, Я.Жыў, Г.Жыхараў, А.Краўзе, Ю.Ляцецкі, С.Маркоўскі, В.Несцярэнка, С.Нісневіч, Б.Паграбняк, Я.Прохараў, І.Салодчанка, Я.Сцягенны, В.Сямашка, Н.Фалейчык, Б. і І.Фідлоны, В.Цвяткоў, Я.Цымбал, Л.Шварц, Т.Шнітман, Я.Штэйман, Б.Яўзераў.
Будынак Мінскага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі.
У 1999/2000 навуч.г. спецыяльнасці: фп., струнныя, духавыя і ўдарныя, нар., эстр. інструменты, спевы, хар. дырыжыраванне, тэорыя музыкі, музыказнаўства, артыст эстрады, артыст цырка. Працуюць творчыя калектывы: камерны, духавы, эстр. аркестры, 2 аркестры нар. інструментаў (бел. і рускіх), акад. і нар. хары, шматлікія камерныя ансамблі, у т. л. цымбальны. Сярод выкладчыкаў засл. настаўніца Беларусі Л.Ліхачэўская, засл. арт. Беларусі Т.Сцяпанава, засл. дзеячы культуры Беларусі А.Каландзёнак, А.Мурзіч. За час існавання вучылішча падрыхтавала больш за 7 тыс. спецыялістаў. Сярод выпускнікоў: І.Абраміс, Л.Александроўская, У.Алоўнікаў, С.Асновіч, Б.Афанасьеў, А.Багатыроў, І.Балоцін, М.Бергер, В.Бурковіч, В.Вуячыч, Л.Ганестава, М.Дзянісаў, С.Друкер, Я.Еўдакімаў, І.Жыновіч, А.Кавалёў, А.Кагадзееў, У.Кіняеў, А.Кузняцоў, І.Любан, Л.Масленікава, С.Навіцкі, М.Пігулеўскі, Г.Пятровіч, Т.Раеўская, А.Русак, Н.Сакалоўскі, Б.Смольскі, Р.Сурус, Г.Халшчанкова, Э.Ханок, Б.Шангін, Х.Шмелькін і інш. У розныя гады вучылішча ўзначальвалі: Бяссмертны, Каландзёнак, Р.Грышаеў, І.Мысліўчык, Я.Бароўскі, В.Аўраменка, М.Прашко, У.Рылатка, У.Зарэцкі, В.Башура (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛТЫ,
група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.Ф.Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на З — славяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.
Літ.:
Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БЫ (саманазва аль-араб),
група народаў, асн. насельніцтва араб. краін Зах. Азіі і Паўн. Афрыкі. Жывуць таксама ў Іране, Турцыі, Ізраілі, Самалі, Эфіопіі і інш., значныя групы арабаў-эмігрантаў жывуць у Паўд. і Паўн. Амерыцы, Францыі і інш. Агульная колькасць больш за 175 млн.чал. (1987). Гавораць на арабскай мове. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, частка — шыіты, абадзіты, друзы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама Алжырскія арабы, Егіпецкія арабы, Іракскія арабы, Йеменскія арабы, Ліванскія арабы, Лівійскія арабы, Мараканскія арабы, Суданскія арабы.
Мяркуецца, што семіцкія плямёны, якія далі пачатак араб. народам, аўтахтонныя жыхары Аравійскага п-ва. У 1-м тыс. да н. э. ўзніклі першыя араб. дзяржавы Пальміра, Набатэя і Ліх’ян (на Пн Аравіі), у 5—6 ст.н. э. — Гасан і Лахм (на Пд Аравіі), Кінда (Цэнтр. Аравія). У гэты час пачаўся працэс фарміравання араб. народа. Тагачасныя арабы знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу, хоць патрыярхальна-радавыя адносіны і племянныя сувязі захоўваліся яшчэ вельмі доўга. З 1-й пал. 7 ст. ўзмацнілася пранікненне арабаў у суседнія краіны. У выніку арабскіх заваяванняў утварыўся велізарны Арабскі халіфат (гл.Халіфат), які ахопліваў тэр. ад Індыі да Атлантычнага ак. і ад Сярэдняй Азіі да Цэнтр. Афрыкі. Заваяванае насельніцтва, асабліва ў Паўн. Афрыцы, прыняло мову, рэлігію (іслам), элементы матэр. і духоўнай культуры арабаў і было хутка арабізавана. Разам з тым і арабы многае ўзялі з культуры заваяваных народаў. У выніку склалася своеасаблівая арабская культура, якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. культуру. Створаны сілай зброі Арабскі халіфат у 9—10 ст. распаўся на Багдадскі (гл.Абасідаў халіфат), Каірскі (гл.Фатымідаў халіфат), Кардоўскі халіфат, а пазней на больш дробныя халіфаты, эміраты, княствы. У 16 ст.араб. краіны Пярэдняй Азіі (акрамя значнай ч. Аравійскага п-ва) і Паўн. Афрыкі (за выключэннем Марока) увайшлі ў Асманскую імперыю. З 19 ст.араб. землі — арэна барацьбы паміж калан. дзяржавамі, а ч.тэр. Марока захоплена Партугаліяй яшчэ ў 15—16 ст. Вызваленчая барацьба арабаў, якая не спынялася і ў 19 — 20 ст., прынесла араб. краінам дзярж. незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЕР ((Becher) Іаганес Роберт) (22.5.1891, г. Мюнхен, Германія — 11.10.1958),
нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, дзярж. і грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Мюнхена, Іены. Першы міністр культуры ГДР (1954—58). Заснавальнік і прэзідэнт Культурбунда (з 1945), прэзідэнт АМ ГДР (1953—56). Творчая эвалюцыя Бехера супярэчлівая, звязана з пошукам ідэі гуманнага грамадства і дасканалага чалавека. Дэбютаваў як паэт-экспрэсіяніст (зб-кі «Распад і трыумф», 1914; «Да Еўропы», 1916, і інш.). Зб-кі «Галодны горад» (1927), «Шэрыя калоны» (1930), «Чалавек, які ўсяму верыў» (1935) і інш. пра жыццё і барацьбу пралетарыяту. За антымілітарысцкі зб. «Труп на троне» (1925) і раман «Люізіт...» (1926, бел.пер. у час. «Полымя», 1928) абвінавачаны ў дзярж. здрадзе. У 1933—45 у эміграцыі. У паэзіі гэтага перыяду — матыў «пошукаў радзімы», пакутлівыя разважанні пра вайну і адказнасць ням. народа (зб-кі «Германія кліча», 1942; «Падзяка Сталінграду», 1943, і інш.). Звяртаўся да класічных паэт. формаў: оды, гімна, балады, санета, ліра-эпічнай паэмы. Напісаў аўтабіяграфічны раман «Развітанне» (1940). Аўтар прац па тэорыі і гісторыі культуры («Абарона паэзіі», 1952; «Паэтычны прынцып», 1957, і інш.). З 1927 супрацоўнічаў у час. «Полымя», друкаваўся ў інш.бел. выданнях, падтрымліваў сувязі з Ц.Гартным, П.Галавачом, М.Чаротам, К.Крапівой. На бел. мову творы Бехера перакладалі П.Бузук, С.Дзяргай, М.Дуброўскі, А.Зарыцкі, А.Звонак, А.Клышка, Я.Семяжон. Нац. прэмія імя І.В.Гётэ 1949, 1950.
Тв.:
Бел.пер. — Люізіт, або Адзіная справядлівая вайна. Мн., 1931;
[Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;
Вяртанне да сябе. Мн., 1985;
Рус.пер. — Сонеты. М., 1960;
Стихотворения;
Прощание;
Трижды содрогнувшаяся земля. М., 1970;
Избранное. М., 1974;
О литературе и искусстве. 2 изд. М., 1981.
Літ.:
Мотылева Т. Роман Иоганнеса Р. Бехера «Прощание». М., 1976;
Яе ж. Духовная драма Бехера // Иностр. Лит. 1988. № 11;
Сакалоўскі У.Л. Іаганес Бехер і беларуская літаратура // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Тыпалагічная агульнасць і нацыянальная адметнасць: (М.Чарот і І.Бехер) // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭКАЗНА́ЎСТВА,
галіна навукі, якая распрацоўвае тэарэт. асновы грамадскага карыстання творамі друку. Асн. яго задачы: развіццё тэорыі бібліятэчнай справы, аналіз заканамернасцяў гэтага развіцця як сац. з’явы, стварэнне бібліятэк і аб’яднанне іх у адзіную сетку, камплектаванне і арганізацыя бібліятэчных фондаў, іх каталагізацыя і класіфікацыя, інфармацыйная і бібліягр. дзейнасць, абслугоўванне чытачоў. Раздзелы бібліятэказнаўства: агульнае бібліятэказнаўства даследуе агульныя прынцыпы і заканамернасці арганізацыі грамадскага выкарыстання кніжных багаццяў, метадалагічныя, агульнатэарэтычныя і інш. пытанні; бібліятэчныя каталогі і фонды вывучаюць тэорыю, гісторыю апрацоўкі твораў друку, тэорыю, гісторыю і методыку фарміравання і камплектавання фондаў, арганізацыі і кіравання; абслугоўванне чытачоў распрацоўвае тэорыю і методыку абслугоўвання чытачоў (вывучэнне попыту чытачоў, методыка прапаганды л-ры, арганізацыя работы на абанеменце, чытальнай зале і інш.); бібліятэчна-інфармацыйны маркетынг і менеджмент даследуе канцэпцыю паводзін стваральніка бібліятэчна-інфарм. твораў і паслуг ва ўмовах рыначнай эканомікі, распрацоўвае тэорыю і методыку арганізацыі, тэхналогіі і працы ў б-цы, эканоміку бібліятэчнай справы, структуру і прынцыпы арганізацыі адзінай сістэмы б-к і кіраванне бібліятэчнай справай; гісторыя бібліятэчнай справы вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця б-к, бібліятэчных сістэм і сетак, эвалюцыю тэорыі і поглядаў грамадства на арганізацыю грамадскага карыстання кнігамі ў мінулым і на сучасным этапе; распрацоўваюць методыку выкарыстання вылічальнай, капіравальна-размнажальнай тэхнікі, аўдыёвізуальных і інш.тэхн. сродкаў у розных працэсах у б-цы. Метадалагічныя асновы і праблематыку бібліятэказнаўства на кожным гіст. этапе вызначаюць ідэалогія і сац.-эканам. ўмовы. На сучасным этапе развіцця ў цэнтры ўвагі бібліятэказнаўства праблемы: прырода, сутнасць, змест і сац. ўмовы фарміравання інтарэсаў чытачоў; месца і роля б-кі ў сістэме навук. і тэхн. інфармацыі; навук.-тэарэт. асновы адзінай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Вядучыя цэнтры навук. даследаванняў у галіне бібліятэказнаўства на Беларусі — Бібліятэка нацыянальная Беларусі, кафедра бібліятэказнаўства Беларускага універсітэта культуры. Падрыхтоўка бібліятэчных кадраў вядзецца на ф-це бібліятэчна-інфарм. сістэм Бел. ун-та культуры. Пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўства і бібліяграфіі на Беларусі зрабілі Ю.І.Бібіла, Н.Б.Ватацы, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі і інш.
Літ.:
Шира Д.Х. Введение в библиотековедение: Пер. с англ.М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́БІНСКІ РАЁН,
на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасоўваўся ў 1931, 1959, зноў утвораны ў сучасных межах 29.12.1989 для перасялення жыхароў Краснапольскага р-на, якія найб. пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. Пл. 0,8 тыс.км². Нас. 16,9 тыс.чал. (1997). Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Дрыбін, 104 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 6 сельсаветаў: Кароўчынскі, Міхееўскі, Першамайскі, Расненскі, Цемналескі, Чэрнеўскі.
Тэрыторыя раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на Пд. Найвыш. пункт 226 м (на ПдЗ ад в. Еськаўка). Пераважаюць выш. 170—190 м. Карысныя выкапні: пясок, гравій, торф, гліна для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм. Вегетац. перыяд 184 сут. З Пн на Пд працякае р. Проня з прытокамі Рэста, Бася, Быстрая, Вербаўка і інш. На некат. малых рэках вадасховішчы і сажалкі. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя глебы. Пад лесам 27,4% тэр. раёна; пераважаюць шыракаліста-яловыя лясы. Балоты і забалочаныя землі займаюць каля 1,5 тыс.га у асноўным на Пн. На тэр. раёна гідралагічныя заказнікі: Брацтва (73,1 га), Галамукскае (153), Жэваньскае (144), Жэваньскі Мох (123); паляўнічыя заказнікі: Расненскае (2650), Даманоўскі (1364 га).
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 49,1 тыс.га, з іх асушана 5 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 7 калгасаў, 4 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, кормапрадпрыемства «Высакаборскае». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля; вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Орша—Крычаў, аўтадарога Магілёў—Мсціслаў, нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 8 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пачатковыя школы; Расненская дапаможная школа-інтэрнат, муз. школа, 9 дашкольных устаноў, 14 б-к, 14 клубаў, 3 клубы-бібліятэкі, раённы цэнтр культуры, 4 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1845), помнік у памяць аб выступленні ў 1905 сялян супраць памешчыка ў в. Кішчыцы; рэшткі касцёла Казіміра эпохі класіцызму (1818) і сядзіба (канец 19 ст.) у в. Расна. Гісторыка-этнаграфічны музей. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях» (сумесна з Горацкім р-нам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУІ́ЗМ,
збор светапоглядных падыходаў, рэліг.-філас. поглядаў і сац. дактрын, што сфарміраваліся ў Індыі ў 1-м тыс.н.э. на аснове ведычнай рэлігіі, касмалогіі, брахманізму, асіміляваных элементаў мясц. неарыйскіх культаў і інш.рэліг.сістэм. У аснове аб’яднання ў І. самых розных вераванняў і культаў (ад пантэістычных да монатэістычных) — прызнанне аўтарытэту Вед. Асн. паняцці: атман (абсалютны і субстанцыянальны суб’ект), карма (закон прычынна-выніковых сувязей адносна лёсу чалавека), сансара (ланцуг перараджэнняў, якасць якіх залежаць ад кармы), мокша (вызваленне ад ланцуга перараджэнняў, набыццё дасканаласці, зліццё з Богам, Абсалютам), йога (метады дасягнення зліцця з Богам, Абсалютам). І. абумоўлены падзел індыйскага грамадства на варны (саслоўі) і джаты (касты), а таксама сістэма варнашрама (уключае 4 стадыі жыцця чалавека: вучнёўства, перыяд гаспадара, адасабленне для роздуму і пустэльніцтва). Рэліг.л-ра І. падзяляецца на адкравенні (шруці) і паданні (смрыці). Да першых адносяцца Веды, брахманы (жрэцкая л-ра), араньякі (медытатыўна-йогавыя настаўленні), упанішады (філас. каментарыі да тэкстаў Вед). У смрыці ўваходзяць кнігі эпасаў «Махабхарата» і «Рамаяна», пураны (багаслоўскія творы), іціхасы (гіст. творы). Асн.рэліг. кірункі І. — вішнуізм і шываізм. Культавыя абрады праводзяцца ў храмах, мясцовых і хатніх алтарах, у свяшчэнных месцах. Жыццё паслядоўнікаў І. рэгламентавана сістэмай сямейнай і каляндарнай абраднасці. У традыцыі рэліг.-філас. школ Індыі артадаксальнымі лічацца тыя, што прызнаюць аўтарытэт Вед н’яя, вайшэйшыка, санкх’я, йога, міманса, веданта; неартадаксальнымі — традыцыі джайнізм, будызм і чарваку (не прызнаюць аўтарытэта Вед). Пад уплывам еўрап.культуры, з канца 18 ст. ў І. пачаліся рэформы па змякчэнні яго сац. дактрыны (Р.Рай, Д.Сарасваты, Рамакрышна, С.Вівекананда, А.Гхош). На рубяжы 19—20 ст. некаторыя кірункі мадэрнізаванага І. пачалі пранікаць у Еўропу і Амерыку, у 1960—70-я г. распаўсюдзіліся сярод моладзі зах. краін. У пач. 1990-х г. на Беларусі зарэгістравана абшчына вайшнаваў, створана Т-ва ведычнай культуры.
Літ.:
Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: [Пер. с чеш.]. М., 1969;
Пандей Р.Б. Древнеиндийские домашние обряды (обычаи): Пер. с англ. 2 изд. М., 1990;
Гусева Н.Р. Индуизм: История формирования. Культовая практика. М., 1997.
А.У.Гурко.
Да арт.Індуізм. Індуісцкі храм багіні Лакшмі і бога Нараяна ў Дэлі. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУ́РА (лац. litteratura напісанае ад littera літара),
уся слоўная творчасць, зафіксаваная пісьмовым ці друкарскім спосабам; адзін з відаў мастацтва — мастацтва слова. У шырокім значэнні Л. — уся пісьменнасць наогул (тэхн., мед., паліт., рэліг., канцылярская, эпісталярная і інш.), у вузкім — толькі творы маст. пісьменнасці. Л. вылучаецца ў сістэме маст.культуры асаблівымі магчымасцямі глыбокага і рознабаковага адлюстравання жыцця і моцнага ўздзеяння на яго, а таксама асаблівай грамадскай значнасцю суб’екта творчасці.
Тэрмін «Л.» з’явіўся ў 18 ст., раней ужываліся «паэзія», «паэтычнае мастацтва», «прыгожая славеснасць», «славеснасць». Са старажытнасці Л. развівалася пераважна як сродак перадачы інфармацыі, сцвярджэння рэліг., пазнавальных, маральна-асветніцкіх ідэй і была непарыўна звязана з грамадскай думкай, гістарыяграфіяй (летапісаннем), прапаведніцкай, школьнай справай, фальклорам. Камунікатыўна-ўжытковай функцыі Л. не страціла да 19 ст. З часоў свайго вуснага развіцця (гл.Народная паэтычная творчасць) Л. выпрацоўвала сваю асн. функцыю — эстэтычную, г.зн. імкнулася выхоўваць у чытача (слухача) пачуццё прыгожага. Эстэт. функцыя мацавалася па меры таго, як стабілізавалася пісьмовая форма твора (асабліва з развіццём кнігадрукавання), і на мяжы 18—19 ст. набыла сваю самакаштоўнасць. У працэсе развіцця Л. фарміравала свае тыпы творчасці (паэзія і проза), роды (эпас, лірыка, драма) і жанры, выяўлялася ў стылях: рэнесанс (гл.Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм.
Літ. спадчына стараж. цывілізацый (Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма і інш.) з’яўляецца своеасаблівым фундаментам сусв. Л. Сусветная Л. складаецца з нацыянальных (рэгіянальных) Л. Нацыянальная Л. ствараецца на пэўнай мове ці ў пэўных дзярж. межах і адрозніваецца сваім зместам, асаблівасцямі гіст. развіцця, спецыфічным стылявым абліччам, абумоўленым ментальнасцю нацыі. Узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне літаратур адбываецца дзякуючы перакладам, а таксама літаратуразнаўству, якое тлумачыць маст. працэсы і з’явы і такім чынам спрыяе іх папулярызацыі. Бягучы літаратурны працэс асвятляе літаратурная крытыка.
Пра гісторыю нац. л-р гл. раздзелы Літаратура ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. Л. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Аристотель. Об искусстве поэзии: Пер. с греч. М., 1957;
Белинский В.Г. Общее значение слова «литература» // Полн. собр. соч.М., 1954. Т. 5;
Бахтин М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;
Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ РАЁН.
На ПдУ Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1 тыс.км². Нас. 18,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Лоеў. Уключае 80 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бывалькаўскі, Карпаўскі, Каўпенскі, Малінаўскі, Пярэдзелкаўскі, Ручаёўскі, Страдубскі, Сяўкоўскі, Уборкаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, знаходзіцца ў зоне пастаяннага радыяцыйнага кантролю.
Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня плоская, 90% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 148,5 м (за 4 км на ПдЗ ад в. Бывалькі). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, вохра і вохрыстыя гліны, гліны тугаплаўкія, гліны і суглінкі легкаплаўкія, буд. і шкловыя пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C., ліп. 19 °C. Ападкаў 571 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. рака Дняпро з прытокамі Сож, Брагінка, Песачанка. На р. Брагінка Дняпроўска-Брагінскае вадасховішча. Невял. азёры ў даліне р. Дняпро. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (42,7%), дзярнова-падзолістыя (25,3%), поймавыя (алювіяльныя, 13%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 33,6% тэрыторыі, з іх 62,4 % штучныя насаджэнні. Найб. плошчы лясных масіваў на ПдЗ, у міжрэччы рэк Дняпро і Сож. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Пад балотамі 2,8% тэрыторыі. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Лоеўскае геалагічнае агаленне, мясц. — дубровы Міхалёўка, Свіраж, Вербуж і Суткоўскі парк.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 50,3 тыс.га, з іх асушаных 17,4 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 6 саўгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і конегадоўля. Вырошчваюць збожжавыя культуры, кармавыя травы, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з Рэчыцай і Брагінам; суднаходства па рэках Дняпро і Сож. У раёне 9 сярэдніх, 6 базавых, 2 пач., 2 муз. школы, вучэбна-вытв. камбінат, Лоеўскае пед. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 27 дамоў культуры і клубаў, 30 б-к, 5 бальніц, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Пярэдзелка. Выдаецца газ. «Серп і молат».