АРДА́ШАЎ (Павел Мікалаевіч) (4.12.1865 — пасля 1923),

расійскі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1889). Праф. Юр’еўскага (з 1901), Кіеўскага (з 1903) і Сімферопальскага (з 1921) ун-таў. З 1923 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Гал. праца «Правінцыяльная адміністрацыя ў Францыі ў апошнюю пару старога парадку 1774—89. Правінцыяльныя інтэнданты» (т. 1—3, 1900—06) змяшчае нявыдадзеную адм. перапіску, якая асвятляе парадкі ў Францыі напярэдадні рэвалюцыі канца 18 ст.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЛІЦЭ́Й МАСТА́ЦТВА.

Створаны ў 1962 у Мінску як рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўл. мастацтве, з 1991 — ліцэй. Мае аддзяленні: музычнае (фартэпіяна, аркестравае, харавое дырыжыраванне; тэрмін навучання 12 гадоў — 1—12-ы класы) і выяўл. мастацтва (жывапіс, скульптура і дэкар.-прыкладное мастацтва; тэрмін навучання 7 гадоў — 5—12-ы класы). Пасля заканчэння выпускнікі атрымліваюць дыплом выкладчыка ў пач. класах агульнаадук. школ і ў студыях.

Н.​В.​Шаранговіч.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА (санскр. літар. прасветлены),

у будыйскай рэлігіі істота, якая дасягнула стану найвышэйшай дасканаласці («прасвятлення») і здольная паказаць шлях рэліг. выратавання. Будыйскі пантэон налічвае сотні будаў. У вузкім значэнні — імя заснавальніка будызму Сідхартхі Гаутамы (623—544 да н.э.), які, паводле легенды, пакінуў сям’ю і пасля 7 гадоў аскетычных вандраванняў і «пазнання ісціны» стаў прапаведаваць новае вучэнне ў Індыі (гл. ў арт. Будызм).

Выява Буды ў адным з храмаў Малайзіі.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЖА́Н (Хведар Сілавіч) (1896—?),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1932, Гомель). У 1907—15 рабочы тартака. Працаваў таксама аб’ездчыкам, лесніком, ляснічым у Буда-Кашалёўскім і Парыцкім р-нах, нам. дырэктара Уздзенскага леспрамгаса. У Вял. Айч. вайну ў Новасібірскай вобл. Пасля вайны жыў у Чарнаўцах на Украіне. Першыя допісы апубл. ў 1921 у газ. «Беларуская вёска». Друкаваў вершы, апавяданні. Аповесць «Леснікі» (1932) пра жыццё леснікоў і лесарубаў.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1676—1832 у Віцебску. Засн. віцебскім ваяводам Я.​А.​Храпавіцкім. У 1685 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія і жылы корпус. Пасля пажару 1733 пабудаваны мураваныя касцёл і 3-павярховы жылы корпус у стылі позняга барока. У 1772 касцёл асвячоны біскупам-суфраганам беларускім Ф.​Тавянскім. У 1832 кляштар скасаваны. У 1843 касцёл стаў парафіяльным, дзейнічаў да 1920-х г. (тады ж разбураны і будынкі).

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЛТА́ВА (Vltava),

рака ў Чэхіі, левы прыток р. Лаба (Эльба). Даўж. 446 км, пл. бас. 28 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Шумава; пасля прарыву цераз цясніну «Чортавы сцены» (каля г. Вішы-Брод), цячэ па Будзеёвіцкай раўніне, потым па ўзвышшах Сярэдняй Чэхіі. Сярэдні расход вады каля г. Прага 142 м³/с. Веснавая паводка. Суднаходная (з дапамогай шлюзаў) у ніжнім цячэнні на 84 км. Вадасховішча. ГЭС. На Влтаве гарады Прага, Чэске-Будзеёвіцы.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛІ ІБН АБІ́ ТА́ЛІБ (604 ?, Мекка — 24.1.661),

чацвёрты праведны халіф [656—661], стрыечны брат і зяць прарока Мухамеда, адзін з першых паслядоўнікаў і сакратар прарока; духоўны галава шыітаў. Абвешчаны халіфам у Медыне пасля забойства яго папярэдніка Асмана. У «вярблюджай бітве» пад Басрай (снеж. 656) разбіў асн. сілы праціўніка. У 657 з-за нерашучасці ў барацьбе з сірыйскім намеснікам Муавіяй 12 тыс. воінаў, якія сталі звацца харыджытамі, пакінулі, а пазней забілі Алі.

т. 1, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАМЕ́МНАН (грэч. Agamemnōn),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Мікен (ці Аргаса), правадыр Тахейскага войска ў час Траянскай вайны. Сварка Агамемнана з Ахілам пад Трояй — зыходны пункт развіцця сюжэта ў гамераўскай «Іліядзе». Пасля ўзяцця Троі Агамемнам вярнуўся дамоў, дзе быў забіты жонкай Клітэмнестрай і яе каханкам Эгісфам. Забойству Агамемна прысвечаны трагедыі Эсхіла і Сенекі.

Залатая пахавальная маска, т. зв. маска Агамемнана, з грабніцы. 2-я пал. 16 ст. да н.э.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРШАКІ́ДЫ (Аршакуні) армянскія, царская дынастыя ў Арменіі ў 62—428. Роднасная Аршакідам парфянскім. Заснавальнік Тырыдат I (з 62, афіцыйна ў 66—80). Пры Хасрове I Вялікім [217—238] улада Аршакідаў стала спадчынная. З часу царавання Тырыдата III Вялікага [287—332] хрысціянства стала (каля 301) дзярж. рэлігіяй Арменіі. Аршакіды змагаліся за незалежнасць дзяржавы, але беспаспяхова. Пасля падзелу Арменіі Вялікай у 387 паміж Іранам і Рымам Аршакіды трапілі да іх у залежнасць. У 428 дынастыя Аршакідаў спынілася.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1636—32 у Оршы. Засн. Андрэем і Крысцінай Млоцкімі, якія выдзелілі пад кляштар пляц і 6 маргоў зямлі. Мураваныя будынкі касцёла і 2-павярховага жылога корпуса пастаўлены ў 2-й пал. 18 ст. на ахвяраванні жыхароў. Касцёл, пашкоджаны паводкай 1760, пазней заняты пад ваенны склад, у 1817—19 адрамантаваны і вернуты духавенству. Пасля закрыцця кляштара жылы корпус заняты пад шпіталь. Касцёл не ўцалеў.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)