КАЛІ́НІН (Мікалай Арцёмавіч) (10.5.1937, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 12.2.1974),
бел. кінарэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). У 1958—60 і з 1967 на кінастудыі «Беларусьфільм» Гал. месца ў творчасці займалі фільмы героіка-рамант. плана. Рэжысёр маст. фільмаў «Ствары бой» (1970), «Рудабельская рэспубліка» (1972), тэлевізійных «Камлючок» (1968), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972), «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974). У 1965—67 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі паставіў спектаклі «Справа Даўбмана» («Герой Фатэрланда») Л.Кручкоўскага і «Мая старэйшая сястра» А.Валодзіна (1965), «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К.Губарэвіча (1968).
т. 7, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ НАПРУ́ЖАННЯЎ,
рэзкае павелічэнне напружанняў механічных у месцах змен формы цела (каля краёў адтулін, выступаў, драпін, зварных швоў, у вуглах і інш.). Зоны К.н. з’яўляюцца месцамі пачатку пластычнай дэфармацыі або разбурэння.
К.н. ацэньваюць каэф. К.н. — адносінамі мясц. найбольшых каля месца канцэнтрацыі напружанняў да намінальных. Унутраныя К.н. ўзнікаюць пры неаднароднай структуры матэрыялу, пры наяўнасці ў ім пор і шчылін. Найб. небяспечныя К.н. пры знакапераменных і ўдарных нагрузках, нізкіх т-рах. Змяншаюць або ліквідуюць К.н. разгружальнымі надрэзамі, умацаваннем краёў адтулін, выразаў і інш. слабых месцаў наклёпам (накаткай, тэрмахім. апрацоўкай і інш.). Вывучаецца К.н. пругкасці тэорыяй.
І.І.Леановіч.
т. 8, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ БОЙ 1944.
Адбыўся паміж партыз. брыгадай імя В.Т.Варанянскага (камандзір В.В.Сямёнаў) і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Касцяневічы Куранецкага р-на Вілейскай вобл. 31.1.1944 у Вял. Айч. вайну. Гарнізон у в. Касцяневічы (каля 140 гітлераўцаў, узброеных 2 мінамётамі, 10 кулямётамі, аўтаматамі) ахоўваў шашу Мінск—Даўгінава і падыходы да чыгункі Маладзечна—Полацк. 30.1.1944 партыз. атрады ў цяжкіх умовах бездарожжа зрабілі 37-кіламетровы марш з месца дыслакацыі да в. Касцяневічы. У выніку раптоўнасці налёту праціўнік не здолеў аказаць сур’ёзнага супраціўлення і гарнізон быў захоплены, знішчана шмат гітлераўцаў, захоплена зброя, боепрыпасы, абмундзіраванне і запасы харчавання.
т. 8, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМЕ́НТ СМАЛЯ́ЦІЧ, Клім Смаляціч (?, Смаленск — пасля 1164),
мысліцель, царк. дзеяч, пісьменнік. У 1148 — каля 1155 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Адукацыю атрымаў, відаць, у Канстанцінопалі. Паводле летапісу, ведаў ант. л-ру, быў знаёмы з творчасцю Гамера, Платона, Арыстоцеля, быў кніжнікам і філосафам. Прыхільнік развіцця ўсходнеслав. культуры, адзін з першых абаронцаў незалежнасці рус. правасл. царквы ад Візантыі. Захаваўся адзіны літ. твор К.С. — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме», у якім ён разважаў пра межы інтэрпрэтацыі Свяшчэннага Пісання, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Важнае месца ў яго светапоглядзе займалі ідэя няхцівасці, акцэнт на духоўным, вечным, непрыняцці ўсяго часовага, матэрыяльнага.
т. 8, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЙМО́,
1) у выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве невял. закончаная кампазіцыя з самаст. сюжэтам, якая з’яўляецца ч. адзінай агульнай задумы твора. Служыць для найб. поўнага, шматбаковага ўвасаблення маст. ідэі твора. Звычайна змяшчаецца абапал або па перыметры асн. сюжэта. У іканапісе — часта жанравая сцэна з быт. і этнагр. дэталямі, недапушчальнымі ў асн. сюжэце, якую адмяжоўвае маляваная або рэльефная рамка, граф’я. Часам адлюстраванне ў К. заменена манаграмай.
2) Невялікі знак на вырабах (пераважна дэкар.-прыкладнога мастацтва), які абазначае месца яго вытворчасці, назву прадпрыемства і інш. Пашыраны ў вырабах маст. прам-сці (фарфор, фаянс і інш.).
т. 8, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
старажытны горад, які ўпершыню згадваецца пад 1138 у Статуце Смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, потым пад 1173 у Іпацьеўскім летапісе як месца нараджэння ў кн. Рамана Расціславіча сына, у гонар якога ў Л. быў пабудаваны храм св. Міхаіла, у грамаце «Аб пагароддзі і пачэсці» пад 1211—18 згадваецца ў ліку гарадоў, што плацілі даніну смаленскаму епіскапу. Месцазнаходжанне горада дакладна не вызначана. Адзіным месцам магчымай лакалізацыі летапіснага Л., дзе тапанімічныя і археал. звесткі супадаюць з пісьмовым сведчаннем Іпацьеўскага летапісу, з’яўляецца гарадзішча каля в. Лучын ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл.
А.А.Мяцельскі.
т. 9, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст; чыг. станцыя на лініі Баранавічы—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдЗ ад г. Баранавічы, 177 км ад Брэста. 1910 ж., 663 двары (1999). Лясніцтва, цэх Баранавіцкай мэблевай ф-кі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Казанская царква, касцёл Маці Божай Каралевы Анёлаў. Магіла ахвяр фашызму. Месца загубы сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў (у Вял. Айч. вайну каля Л. быў Ляснянскі лагер смерці), брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму. Радзіма У.І.Галубка.
т. 9, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛІ́ЦІНАВА (Варвара Восіпаўна) (29.7.1878, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 20.10.1945),
расійская актрыса. Сястра М.В.Масаліцінава. Нар. арт. Расіі (1933). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1901). Працавала ў Малым т-ры. У творчасці спалучала глыбокі псіхалагізм, быт. дакладнасць, заснаваную на жыццёвых назіраннях, з яркай выразнасцю знешняга малюнка вобраза. Сярод роляў: Няніла Сідараўна, Манефа, Кукушкіна («З чужога шалу галава кружыцца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.Астроўскага), Хлёстава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Дзямідзьеўна («Нашэсце» Л.Лявонава). Знялася ў фільмах «Паны Скацініны» (1927), «Навальніца» (1934), «Дзяцінства Горкага» (1938) і «У людзях» (1939; Дзярж. прэмія СССР 1941).
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫ́СТЫ (Mauristes),
кангрэгацыя св. Маўра, французская манаская кангрэгацыя ордэна бенедыкцінцаў у 1618—1790 (цэнтр — парыжскае абацтва Сен-Жэрмен-дэ-Прэ). Дзейнічалі ў агульным рэчышчы контррэфармацыі. Каб абараніць каталіцкую царкву ад крытыкі пратэстантаў, сабралі, вывучылі і апублікавалі вялізны сярэдневяковы рукапісны матэрыял, выдалі гісторыю бенедыкцінцаў, шматтомныя гісторыі асобных франц. правінцый (Лангедока, Брэтані і інш.), гісторыю франц. л-ры (больш за 40 тамоў). Выпрацавалі правілы вызначэння сапраўднасці месца і часу складання дакумента, паклалі пачатак палеаграфіі, дыпламатыцы і інш. дапаможным гіст. дысцыплінам. Найб. значныя прадстаўнікі — Ж.Мабільён, Б.Манфакон. Кангрэгацыя скасавана ў 1790 у час Франц. рэвалюцыі 1789—99.
т. 10, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЭЛЫ́Н (Medellín),
горад на ПнЗ Калумбіі, у адгор’ях Цэнтр. Кардыльеры. Адм. ц. дэпартамента Анцьёкія. Засн. ў 1675. Каля 3,5 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Важны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам. цэнтр краіны. Цэнтр горназдабыўной (золата, серабро, плаціна, каменны вугаль) і тэкст. (каля 80 % прадукцыі галіны ў краіне) прам-сці. Развіты таксама чорная металургія, хім., гарбарна-абутковая, харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Цэнтр гандлю кавай. 5 ун-таў. Музеі. У 2-й пал. 20 ст. месца знаходжання адной з буйнейшых арг-цый калумбійскай наркамафіі, т.зв. медэльінскага картэля (знішчаны ў 1993).
т. 10, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)