выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадзянскіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», членаў «быўшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ... іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28—30.1.1919 у зоне «бальшавіцкай акупацыі» — у Навагрудку. «Прэзідэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым з’ездзе Беларускай краёвай народнай рады У.Цвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты з дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў з імі. Легенда аб Беларускім краёвым з’ездзе ўзнікла ў сак. 1919, калі дэлегацыя БНР на чале з А.Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. 23.3.1919 Цвірка-Гадыцкі і член Бел. краёвай нар. рады А.Янсан накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы І.Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю з’езда», што тычылася справы бел. дзяржаўнасці. Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічных межах... увойдзе ў сціслы звязак з Польскай Рэчы Паспалітай». Спасылкай на гэтую «рэзалюцыю» міністр-прэзідэнт Польшчы даводзіў на Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дэлегацыя БНР не мае паўнамоцтваў і не можа ўдзельнічаць у перагаворах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыжскай мірнай канферэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасць Беларускага краёвага з’езду была даказана, і ў чэрв. 1919 прадстаўнікі бел. народа былі дапушчаны на канферэнцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФОНД СО́РАСА,
рэспубліканская грамадская арг-цыя, адзін з дабрачынных фондаў, створаных амер. мільярдэрам Дж.Сорасам у 27 краінах свету. Засн. ў 1993 як «Фонд Сораса — Беларусь», з вер. 1994 — Беларускі фонд Сораса. Асн. мэты і задачы: садзейнічаць фарміраванню і развіццю на Беларусі адкрытага грамадства (сац. сістэмы, асн. элементамі якой выступаюць паліт. дэмакратыя, культурны плюралізм, прыярытэт закону, забеспячэнне правоў і свабод асобы), павышэнню інтэлектуальнага патэнцыялу бел. грамадства (развіццё культуры, навукі, гуманіт. адукацыі), інтэграцыі бел. культуры ў сусв. супольніцтва, супрацоўніцтву паміж Беларуссю і інш. краінамі. Аказвае фінансавую і інфарм. дапамогу арганізацыям і прыватным асобам, якія спрыяюць дасягненню мэтаў і вырашэнню задач фонду. У 1994 на патрэбы нац. адукацыі, навукі і культуры ім было выдаткавана больш як 2 млн., у 1995 — каля 5 млн. долараў. Фінансавана каля 2 тыс. праектаў. Вылучаны сродкі на рэстаўрацыю помнікаў стараж.бел. мастацтва на базе калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі; стварэнне экспазіцыі па гісторыі і культуры Беларусі ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. (у Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі) і інш. Стварыў Ін-т прыватызацыі і менеджменту, інфармац. цэнтр па праграмах адукацыі ў ЗША і інш. Выдае «Информационный бюллетень».
дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам Беларусі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Утвораны прадстаўнікамі бел. дыяспары ў некаторых краінах свету. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лондане. Засн. ў 1989 як частка Бел. місіянерскага фонду ў Англіі. У складзе камітэта А.Надсон (старшыня), П.Асіповіч, Д.Дзінглі, В.Рыч. Мае прадстаўніцтвы ў ЗША (узначальвае Я.Сіру), Канадзе (Р.Жук-Грышкевіч), Аўстраліі (М.Лужынскі), Францыі (М.Навумовіч). Аказвае дапамогу жыхарам радыяц. зонаў лекамі, мед. абсталяваннем, прыладамі дазіметрыі. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Засн. ў 1989 у г. Атава. Узначальвае І.Сурвіла. Мае аддзел у г. Ванкувер (з 1994). Аказвае дапамогу медыкаментамі, прымае на лячэнне і адпачынак дзяцей з Беларусі. У г. Лондан (прав. Антарыо) па ініцыятыве Б.Рагулі разам з ф-там стаматалогіі Лонданскага ун-та распрацаваны праект па аказанні дапамогі ў стаматалагічным лячэнні дзяцей на Беларусі. Фонд вядзе прапагандысцкую работу, пашырае веды пра Беларусь. Камітэт дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Аўстраліі. Дзейнічае з 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цыі. Збірае грошы, арганізоўвае дастаўку медыкаментаў на Беларусь і лячэнне дзяцей у Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ПЕНКА (Змітрок) (Дзмітрый Емяльянавіч; 23.11.1910, в. Калеснікі Хіславіцкага р-на Смаленскай вобласці — кастр. 1944),
бел.паэт. Скончыў Мсціслаўскі пед. тэхнікум (1929). Працаваў у рэсп. Прэсе. 5.12.1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў. З лагера ўцёк. Жыў у Маскве. Удзельнік Айч. вайны. Загінуў у баі ў Карпатах. Друкаваўся з 1926. Пісаў пераважна апавядальна-сюжэтныя творы (зб-кі «На ўсход сонца», «Краіне», абодва 1931, «Абураныя», 1932; цыкл вершаў «Ноч на станцыі Негарэлае», нап. 1930; паэма «Два таварышы», нап. 1931). У паэме «Эдэм» (нап. 1944) уславіў мужнасць і самаахвярнасць народа ў змаганні з ворагам. Аўтар вершаванай кн. для дзяцей «Трактар» (1933). Стаяў ля вытокаў бел.навук.-фантаст. л-ры (раман «Вызваленне сіл», 1932). Пераклаў на бел. мову раманы «Маці» М.Горкага (1932), «Ваколіцы» Л.Первамайскага (1931), аповесць «Ударны атрад» А.Дончанкі (1932), «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» К.Ванака (1932) і інш.
Тв.:
Вершы і паэмы. Мн., 1968.
Літ.:
Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2;
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;
Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙКА,
невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.
Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часу найб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел.прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.Корбан, Э.Валасевіч, М.Скрыпка і інш.
Літ.:
Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТГАРЦ (Ілья Аляксандравіч) (30.3.1893, г. Адэса, Украіна — 3.2.1966),
бел. дырыжор і педагог, кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Петраградскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1916) і тэорыі кампазіцыі (1918). У 1919—26 і 1936—47 муз. кіраўнік у оперных т-рах Палтавы, Ленінграда, Масквы, Ташкента, Пермі, Куйбышава, Фрунзе. У 1926—30 заг.муз. часткі і дырыжор БДТ-2. Як заснавальнік, муз. кіраўнік і гал. дырыжор Бел. студыі оперы і балета (1930—33) падрыхтаваў адкрыццё Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, быў яго першым дырэктарам, маст. кіраўніком і гал. дырыжорам (1933—36), дырыжорам (1947—51). З 1947 выкладаў у Бел. кансерваторыі (дацэнт з 1949). Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1933), «Яўген Анегін» (1933, 1948), «Пікавая дама» (1931) і «Чаравічкі» (1949) П.Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Тоска» Дж.Пучыні (1950), балеты «Князь-возера» (1949) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова, «Салавей» М.Крошнера (1950). Гітгарцу-дырыжору былі ўласцівыя тонкая інтуіцыя, імправізацыйны пачатак. Аўтар музыкі да драм. спектакляў.
Літ.:
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 91—93, 96, 98, 101, 224;
Азгур З. Дырыгент // Літ. і мастацтва. 1993. 26 сак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЗНО́Ў (Васіль Васілевіч) (? — 12.3.1909),
бел. краязнавец, мастак і літограф. Скончыў Строганаўскае вучылішча (1862). З 1864 жыў у Вільні, выкладаў маляванне ў гімназіях. Даследаваў стараж.-рус. і бел. архітэктуру, матэрыяльную культуру і мастацтва. Сабраў унікальную калекцыю прадметаў бел. культуры і побыту. Навукова апісаў і замаляваў Барысаглебскую (Каложскую) царкву ў Гродне, замак у Лідзе, цэрквы-крэпасці ў Сынковічах Зэльвенскага і Мураванцы (Маламажэйкаве) Шчучынскага р-наў і інш. Многія малюнкі сталі ілюстрацыямі да кніг П.М.Бацюшкава («Беларусь і Літва», 1890), І.В.Карчынскага («Старажытная Каложская царква ў імя св. князёў Барыса і Глеба ў г. Гродне», 1908), 3-га т. «Маляўнічай Расіі» (1892) і інш. У Эрмітажы (С.-Пецярбург) захоўваюцца яго літаграфіі (лісты з альбома) «Унутраны від... Прачысценскага сабора ў г. Вільна», «Унутраны від Нікольскай царквы ў г. Вільна», «Выява Лідскага замка 14 ст. і царквы часоў Альгерда ў Вільні» і інш.
Тв.:
О древних церквах Северо-Западного края // Известия о занятиях седьмого археологического съезда в Ярославле 6—20 авг. 1887 г. Ярославль, 1887. № 10;
Коложская Борисоглебская церковь в г. Гродно. Вильна, 1893.
В.Гразноў. Сынковіцкая царква-крэпасць 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў (Мікола) (Мікалай Іванавіч; 8.5.1934, в. Заполле Віцебскага р-на — 25.11.1991),
бел. графік, мастацтвазнавец, пісьменнік. Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1959). Працаваў на радыё, у ІМЭФАН Беларусі, з 1963 гал. мастак Дзяржкамвыда Беларусі. Аформіў кнігі: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў» (1982), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984, усе разам з Г.М.Галубовічам), «Беларускія мастакі пра Вялікую Айчынную вайну» (1985; складальнік і аўтар тэксту), «Беларуская кніжная графіка» (1987), «Беларускі палітычны плакат» (1989; складальнік і аўтар тэксту, з Галубовічам) і інш. У творчасці відавочны асэнсаванне лепшых здабыткаў сусв. кнігамастацтва, сувязь з нац.маст. традыцыямі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Аўтар зб-каў вершаў і казак «Веснавая завязь» (1962), «Мішка-пілот» (1966), «Карусель» (1971), «Касмалёт» (1979), «Зямля ў квецені» (1983), «Касманаўтам быць хачу» (1984) і інш., мастацтвазнаўчых даследаванняў пра бел. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАГЛЯ́Д (Харытон Сцяпанавіч) (11.10.1898, в. Стахава Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.5.1985),
бел. вучоны ў галіне агульнай і сан. ветэрынарыі. Акад.АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук БССР (1957—61), д-рвет.н., праф. (1939). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі вет.-зоатэхн. ін-т (1925). У 1933—60 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та (у 1941—44 у Троіцкім вет. ін-це, Чэлябінская вобл.), адначасова ў 1950—54 дырэктар Бел.НДІ жывёлагадоўлі АН Беларусі, з 1956 заг. аддзела, нам. дырэктара, з 1971 навук. кансультант Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. экспертызе, мікрабіялогіі, эпізааталогіі, паталаг. анатоміі, вет. санітарыі і гігіене, хваробах і санітарнай ацэнцы рыб. Распрацаваў метад гетэрагеннага донарства ў жывёлагадоўлі і апарат для абеззаражвання мяса пры прамысл. перапрацоўцы. Прапанаваў метады вызначэння прыроды жоўцевых пігментаў у мясе, альдэгідаў у тлушчах. Залаты медаль імя М.І.Вавілава.
Тв.:
Болезни и вредители рыб. Мн., 1955;
Трихинеллез сельскохозяйственных животных и его профилактика. Мн., 1959;
Болезни диких животных. Мн., 1971;
Ветеринарно-санитарная экспертиза с основами технологии переработки продуктов животноводства. 2 изд. М., 1981 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РБУК (Генадзь Міхайлавіч) (н. 24.7.1934, в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1962 — у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхал. спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Найб. яркія характары стварыў у нац. рэпертуары: Васіль (спектакль і тэлевізійная паст. «Людзі на балоце» паводле І.Мележа, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), Сымон («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота і Далецкіх), Клёпкін, Прокусаў («Пагарэльцы», «Верачка» А.Макаёнка), Андрэй Буслай («Парог» А.Дударава). Імкненнем да арыгінальнай інтэрпрэтацыі пазначаны ролі Гарбука ў класічным і сучасным рэпертуары: Акцёр («На дне» М.Горкага), Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Добчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Бярозкін («Залатая карэта» Л.Лявонава), Кэлін («Святая святых» І.Друцэ) і інш. Здымаецца ў тэлевізійных пастаноўках («Трэцяе пакаленне», «Трывожнае шчасце», «Завеі, снежань», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні») і ў кіно («Людзі на балоце», Дзярж. прэмія СССР 1984, «Подых навальніцы», «Белыя Росы», «Чорны замак Альшанскі») і інш.