ВЯЛІ́КІ ХІНГА́Н,
горы на ПнУ Кітая і У Манголіі. Працягласць з ПдЗ на ПнУ каля 1200 км. Выш. да 1949 м. Складзены з гранітаў, ліпарытаў, андэзітаў. Вяршыні плоскія, схілы спадзістыя. На Пн светлахвойная тайга, участкі шматгадовай мерзлаты, больш на Пд — участкі шыракалістых лясоў, лесастэп, стэп. Рэзерват Дахінганлін (Кітай). Важны прыродны рубеж, умоўная мяжа паміж Цэнтр. і Усх. Азіяй.
т. 4, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙКО́ЎКА,
паселішча позняга мезаліту (5-е тыс. да н.э.) каля в. Гайкоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. У навук. л-ры вядома пад назвай Печанеж (балота). Знойдзена больш за 2000 прадметаў крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл, канцавыя, паўкруглыя і двайныя скрабкі, разцы, авальныя сякеры і цёслы, праколкі і інш. Апрацоўка крэменю рабілася непасрэдна на паселішчы.
т. 4, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ХІМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Утвораны ў 1965. Да 1968 называўся суперфасфатны завод. У 1970 уведзены магутнасці па выпуску складаназмяшаных мін. угнаенняў; у 1974 — пушчаны цэхі 2-й чаргі з-да (грануляванага амафосу, фосфарнай кіслаты і фторыстых солей); у 1978 — цэх тэхн. сульфатанатрыю; у 1980 — новы цэх сернай кіслаты. У 1986 асвоена азотна-кіслародная ўстаноўка. Выпускае больш за 20 відаў прадукцыі.
т. 5, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОМ,
гукавая з’ява ў атмасферы, якая суправаджае разрад маланкі. Выклікаецца ваганнямі паветра ў выніку хуткага награвання і расшырэння ўздоўж маланкі (узрыўная хваля). Звычайна чутны на адлегласці не больш як 15—20 км. Раскаты грому тлумачацца тым, што маланка мае вял. даўжыню і гук ад розных яе ўчасткаў даходзіць да назіральніка неадначасова, а таксама адбіццём гуку ад воблакаў.
т. 5, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВО́С (Dawos),
горад, горнакліматычны курорт на У Швейцарыі, у Рэтыйскіх Альпах, на выш. больш за 1550 м. Каля 15 тыс. ж. (1994). Цэнтр турызму, зімовых відаў спорту. Познагатычныя касцёлы, ратуша (сярэдзіна 16 ст.). Мяккі горны клімат, малавоблачная зіма спрыяльныя для клімататэрапіі хвароб органаў дыхання (у т. л. туберкулёзу), некат. хвароб скуры, вачэй. Шмат санаторыяў, атэляў, водалячэбніц.
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЗО́Р,
у сухапутных войсках орган разведкі або паходнай аховы, які высылаецца ад падраздзяленняў і часцей з мэтай здабыць звесткі аб праціўніку, мясцовасці, радыяцыйным і хім. стане, не дапусціць раптоўнага нападу на ахоўваемыя войскі. Склад Д. залежыць ад пастаўленых перад ім задач і умоў мясцовасці. Можа быць пешы або механізаваны, звычайна не больш за ўзвод, забяспечаны неабходнай зброяй і тэхнікай.
т. 6, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́ЛА,
рака ў Іране і Іраку, левы прыток р. Тыгр. Даўж. (ад вытоку р. Сірван) 440 км, пл. бас. больш за 30 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Загрос, цячэ па Месапатамскай нізіне, утварае вял. дэльту. Сярэдні гадавы расход вады 130 м³/с. Веснавое разводдзе, летняя межань. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў час разводдзя да г. Баакуба (Ірак).
т. 6, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКСТРА́Н,
высокапалімерны поліцукрыд, які сінтэзуецца бактэрыямі роду Leuconostoc і блізкароднымі да іх з глюкозы ў асяроддзі з цукрозай. Мал. маса да 1∙106 а.а.м. і больш. Структура малекулы лінейная або разгалінаваная. Сухі Д. набракае ў вадзе і электралітах (у малекуле шмат гідраксільных груп ОН-) з утварэннем вязкіх раствораў. Часткова гідралізаваны Д. ужываецца як кровазаменнік, папярочнасшыты — у гель-фільтрацыі.
т. 6, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМЕРА́РА (Demerara),
буйны баксітаносны раён у паўн. ч. Гаяны, паблізу Атл. ўзбярэжжа. Уключае больш за 100 радовішчаў, якія ўтвараюць баксітаносную зону, выцягнутую ўздоўж узбярэжжа на 150 км пры шыр. каля 25 км. Асваенне з 1917. Геал. запасы 800 млн. т. Баксіты латэрытна-асадкавыя, пераважна гібсітавыя, з колькасцю гліназёму Al2O3 60—63%. Распрацоўка адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы — Макензі.
т. 6, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛІНА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,32 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 126 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, на Пд пад хмызняком. Злучана пратокай з азёрамі Лесава і Арэхаўна.
т. 6, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)