архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15—18 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 15—16 ст. выраблялі гаршковую кафлю з крыжападобным, квадратным або круглым вусцем, пазней — каробчатую тэракотавую і паліваную (паліхромную і размаляваную), пакрытую зялёнай, светла- і цёмна-карычневай палівай. Тэракотавая кафля 16—17 ст. з рэльефнай вонкавай пласцінай без рамкі была паліхромная (пераважалі зялёны, сіні і белы колеры) або з 2-прыступкавай рамкай і раслінным арнаментам на вонкавай пласціне. У сярэдзіне — 3-й чвэрці 17 ст. яна мела рамку па краі вонкавай пласціны, багата аздаблялася раслінным арнаментам, у канцы 17 ст. рамка адсутнічала, аздаблялася барэльефным дывановым арнаментам; з пач. 18 ст. мела вял. памеры, з тоўстай вонкавай пласцінай, упрыгожанай раслінным або геральдычным арнаментам (высокі рэльеф). У кафлі 2-й пал. 18 ст. малюнак на вонкавай пласціне адсутнічаў. Паводле прызначэння М.к. падзялялася на сценную, карнізную (простую, складаную і вуглавую), паясную, каронкі (гарадкі). У аздабленні пашыраны расл., геральдычны, геам., зааморфны, сюжэтны арнаменты. У 2-й пал. 17 ст. мсціслаўскія цаніннікі (найб. вядомы С.Палубес) працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі арх. кафлю.
А.А.Трусаў.
Да арт.Мсціслаўская кафля. Паліваная кафля з геральдычнай выявай. 18 ст.Да арт.Мсціслаўская кераміка. Фрагменты керамічнага посуду сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСАРО́ГІ, насарогавыя (Rhinocerotidae),
сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. Вядомы з эацэну (каля 45 млн. гадоў назад). 4 роды, 5 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць у трапічных лясах, саваннах, прыбярэжных зарасніках, на балотах. Трымаюцца паасобна, парамі або невял. групамі. Найб. буйны від — афрыканскі белы Н. (Ceratotherium simum, або Diceros simum). На Беларусі знойдзены рэшткі выкапнёвых відаў: Н. валасатага — Coelodonta antiquitatis (больш чым у 30 месцах) і Н. этрускага — Dicerorihinus etruscus (каля г. Смаргонь), якія жылі ў познім пліяцэне і плейстацэне (каля 2 млн. — 50 тыс. гадоў назад). Усе віды Н. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 5 т. Скура тоўстая, цёмна-шэрая, амаль без валасоў. Тулава масіўнае, ногі кароткія, трохпальцыя. На канцах пальцаў капыты, з якіх сярэдні самы вялікі. Шыя кароткая, вочы маленькія. На лбе і пераноссі рогі (1 ці 2, у Н. чорнага — часам да 5), размешчаныя адзін за адным; іх аснову складае патоўшчаная, арагавелая скура. Даўж. пярэдняга рога дасягае 1,58 м. Нюх і слых развітыя, зрок слабы. Расліннаедныя. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці раз у 2—3 гады.
старажытныя малюнкі на сценах пячор, скалах і асобных камянях у выглядзе контурных выяў (надрапаны або абведзены каляровымі лініямі), барэльефаў і паліхромнай размалёўкі. Вядомы ва ўсіх частках свету ад палеаліту да сярэднявечча. Наскальныя малюнкі эпохі палеаліту выяўлены на Пд Францыі, Пн Іспаніі (гл.Альтаміра), на Каўказе, Урале і каля р. Лена ў Расіі. Для іх характэрны выявы жывёл і паляўнічых сцэн. У неаліце і бронзавым веку тэматыка наскальных малюнкаў — дзейнасць чалавечых калектываў. Найб. вядомыя тагачасныя творы Н.м. выяўлены ў Скандынавіі, Карэліі, Усх. Сібіры, Сярэдняй Азіі і Закаўказзі. У раннім жал. веку наскальныя малюнкі пашыраны ўсюды. На Беларусі наскальныя малюнкі трапляюцца на асобных камянях у выглядзе гравіраваных салярных знакаў, слядоў жывёл і людзей, незразумелых сімвалаў. Паводле характару яны блізкія да надмагільных камянёў, каменных крыжоў, камянёў з надпісамі. Яны адлюстроўваюць у мастацкай форме гаспадарчае і духоўнае жыццё насельніцтва мінулых эпох і маюць вял. значэнне як гіст. крыніцы.
Літ.:
Гущин А.С. Происхождение искусства. Л.;
М., 1937;
Формозов А.А. Очерки по первобытному искусству М., 1969.
М.М.Чарняўскі.
Да арт.Наскальнае мастацтва: 1 — жывапіс цясніны Вальторга, Іспанія (мезаліт); 2 — петрогліфы з урочышча Кабустан, Азербайджан (ранні мезаліт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматычнага праграмавання, дзе разглядаюцца тэорыя і метады рашэння задач аптымізацыі нелінейных функцый на мноствах, зададзеных нелінейнымі абмежаваннямі (роўнасцямі і няроўнасцямі).
У залежнасці ад уласцівасцей зададзеных функцый і абмежаванняў адрозніваюць выпуклае, квадратычнае, дробава-лінейнае, геам. і інш. віды Н.п., дзе рашаюць шырокі клас прыкладных задач, якія ўзнікаюць пры праектаванні тэхн. аб’ектаў, удасканаленні тэхнал. працэсаў, кіраванні складанымі сістэмамі, мадэліраванні эканам. працэсаў і інш., што патрабуюць уліку нелінейных эфектаў. Такія задачы маюць значную колькасць пераменных і абмежаванняў, з’яўляюцца шматэкстрэмальнымі (для іх рашэння патрабуюцца высокапрадукцыйныя ЭВМ). Метады Н.п. (градыентныя, другіх вытворных, лінейнай апраксімацыі, штрафных функцый і інш.) дазваляюць атрымаць набліжанае рашэнне, якое задавальняе ўмовы аптымальнасці з пэўнай хібнасцю. Найб.пашыраны метад штрафных функцый, які зводзіць задачу з абмежаваннямі да задачы без абмежаванняў фарміраваннем штрафной функцыі, якая атрымліваецца адніманнем «штрафаў» за парушэнне абмежаванняў з мэтавай функцыі дадзенай задачы.
На Беларусі матэм. пытанні Н.п. даследуюцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН і БДУ.
Літ.:
Базара М., Шетти К. Нелинейное программирование: Теория и алгоритмы: Пер. с англ.М., 1982;
Введение в нелинейное программирование: Пер. с нем. М., 1985;
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 5. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ШЧАРДА, Няшчэрда,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р.Нешчарда (выцякае з возера), за 15 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 27,4 км², даўж. 11,9 км, найб.шыр. 4,6 км, найб.глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 50 км. Аб’ём вады 84,7 млн.м³. Пл. вадазбору 170 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 5—10 м, спадзістыя, тэрасавыя, разараныя, зах. часткова пад лесам, на Пд і Пн марэнныя ўзгоркі выш. 10—15 м. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, у залівах сплавінныя. Падводная ч. катлавіны карытападобнай формы, падзяляецца на 2 плёсы, злучаныя вузкім пралівам. Найб.глыб. ў паўн. плёсе, у паўд. 2—5 м. 3 астравы агульнай пл. 0,23 км². Прыбярэжная ч. дна шыр. да 200 м (на асобных участках пашыраны да глыб. 4—5 м), выслана пясчанымі адкладамі, цэнтр. — сапрапелем. Ледастаў з канца ліст. да красавіка. Мінералізацыя вады да 150 мг/л, празрыстасць 0,7 м. Эўтрофнае. Зарастае. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці 10—250 м. Упадаюць 7 ручаёў і р. Атлайская. У пратоцы паміж Н. і воз. Доўгае водзяцца бабры. Багатае рыбай і вадаплаўнай птушкай. Гідралагічныя назіранні з 1935.
Від на возера Нешчарда з боку в. Гарбачэва Расонскага раёна Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі ў Бел. Панямонні, на верхняй Прыпяці, ПнУ Польшчы і ПдЗ Літвы. Культура сфарміравалася на мясц. мезалітычнай аснове (гл.Нёманская мезалітычная культура). У развіцці Н.к. вылучаюць 3 этапы: ранні (дубічайскі), сярэдні (лысагорскі) і позні (дабраборскі). Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у познім неаліце — земляробствам і жывёлагадоўляй. Мела наземныя жытлы на берагах вадаёмаў. Для ранняга этапу характэрна вастрадонная слабапрафіляваная кераміка з расліннымі дамешкамі ў гліне, у сярэднім этапе гаршкі мелі выразную шыйку, раслінныя дамешкі ў гліне спалучаліся з жарствой; на познім этапе форма посуду захоўвалася ранейшая, але ў гліне зніклі раслінныя дамешкі. У арнаменце Н.к. ўжываліся гарыз. паясы грабеньчатых адбіткаў, насечкі, праколы, пракрэсленыя рыскі, адбіткі лінейнага штампа, тэкстылю. У Н.к. адбываўся росквіт крамянёвай індустрыі, былі пашыраны дасканала рэтушаваныя наканечнікі стрэл і дзідаў, паявіліся сякеры са звужанымі абушкамі і прышліфоўкай на лязе. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі Кругліца, Камень, Добры Бор, Моталь і інш.
М.М.Чарняўскі.
Да арт.Нёманская культура. Посуд з паселішча Лысая Гара каля в. Кругліца Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. (1) і паселішча каля в. Русакова Слонімскага раёна Гродзенскай вобл. (2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПАРАЦІ, папарацепадобныя (Polypodiophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.
Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб.стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛІ́ЗМу літаратуры,
аднародная сінтаксічна-кампазіцыйная пабудова аднатыпных элементаў паэтыкі (з’яў, вобразаў, матываў і інш.), якія супастаўляюцца паміж сабой і размяшчаюцца паралельна ў двух ці трох сумежных сказах, радках, строфах; адна са стылістычных фігур. У некат. сваіх формах П. бывае блізкі да параўнання, але ў адрозненне ад яго не толькі супастаўляе з’явы, а выконвае і кампазіц. функцыю. Здаўна пашыраны ў вуснай нар. творчасці (быліны, песні, прымаўкі, прыказкі), засвоены пісьмовай л-рай (на ім у многім заснаваны паэт. стыль Бібліі).
Выдзяляюць П.: псіхалагічны (суаднясенне з’яў чалавечага жыцця са з’явамі прыроды): «Над ракою ў спакою // Зацвітала каліна; // У сяле за ракою // Вырастала дзяўчына; // Да зялёнай каліны // Прылятала зязюля; // Да дзяўчыны-каліны // Удаваўся Януля» (Я.Купала. «Над ракою ў спакою...»); сінтаксічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх радкоў); страфічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх строф); адмоўны (адмаўленне падкрэслівае не розніцу, а блізкасць асн. адзінак супастаўляемых з’яў, прадметаў): «Не лясы шумяць, // Не дубравы гамоняць, // Плача бацька, маці: // На паход, бач, звоняць» (М.Чарот «Атаман»). Па аналогіі са славесна-вобразным, або сінтакс., П. гавораць пра славесна-гукавы (алітэрацыя, рыфма), рытмічны (страфа і антыстрафа ў стараж.-грэч. лірыцы), кампазіцыйным (паралельныя сюжэтныя лініі ў рамане) П. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХУ́ЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, пахкія рэчывы,
арганічныя злучэнні, якія маюць прыемны пах і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці парфумерных і касметычных вырабаў, тавараў быт. хіміі, харч. прадуктаў. Пашыраны ў прыродзе: уваходзяць у састаў пахучых прадуктаў расліннага (эфірныя алеі, бальзамы, пахучыя смолы і інш.) і жывёльнага (амбра, мускус і інш.) паходжання. Паводле хім. прыроды большасць П.р. адносіцца да складаных эфіраў (напр., бутылацэтаты, бензіл- і ліпалілацэтат з кветкавым пахам), многія да альдэгідаў (напр., бензойны альдэгід, ванілін), спіртоў (напр., ліналаол).
Да 19 ст., калі былі атрыманы першыя сінт. аналагі прыродных П.р. (ванілін, 2-фенілэтанол з пахам ружы і інш.), адзінай крыніцай П.р. былі прыродныя прадукты. Распрацаваны метады сінтэзу амаль усіх П.р., што атрымлівалі з прыроднай сыравіны (напр., ментолу, цытралю), а таксама П.р., не знойдзеных у прыродзе (напр., фаліону э пахам фіялкі). Зроблена спроба вызначыць залежнасць паміж прыродай паху і будовай малекул П.р., аднак гэта не дае магчымасці прадказаць пах рэчыва.
Асн. колькасць П.р., што маюць прамысл. значэнне (больш за 500), атрымліваюць сінтэтычна, некаторыя вылучаюць з эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць у выглядзе парфумерных кампазіцый. Гл. таксама Парфумерыя, Парфумерна-касметычная прамысловасць.
Літ.:
Братус И.Н. Химия душистых веществ. 2 изд. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. piezō цісну, + электрычнасць),
сукупнасць з’яў у некаторых дыэлектрычных крышталях, абумоўленых узаемасувяззю паміж іх палярызацыяй (гл.Палярызацыя дыэлектрыкаў) і мех. дэфармацыяй. Пры дэфармацыі прамавугольнай пласцінкі з п’езаэл. крышталя на яе процілеглых гранях узнікаюць эл. зарады рознага знака (прамы п’езаэл. эфект — ПЭЭ) і наадварот — пад уздзеяннем знешняга эл. поля ў пласцінцы ўзнікаюць дэфармацыі расцяжэння, сціскання ці зруху (адваротны ПЭЭ). П. адкрыў у 1817 франц. вучоны Р.Ж.Гаюі, даследавалі ў 1880 на крышталях кварцу браты Ж. і П. Кюры.
П. характэрна для анізатропных дыэлектрыкаў з дакладнай крышталічнай структурай, якая не мае цэнтра сіметрыі. Дыэлектрыкі, якім уласціва П., наз.п’езаэлектрыкамі. З іх найб.пашыраны: монакрышталічныя — кварц (п’езакварц), сегнетава соль, п’езакерамічныя — палярызаваныя сегнетаэлектрыкі і інш.п’езаэлектрычныя матэрыялы. ПЭЭ выяўляюцца і ў некаторых высакаомных паўправадніках, якія наз. п’езапаўправаднікамі. Эфекты пераўтварэння эл. энергіі ў пругкую мех. энергію і наадварот выкарыстоўваюць для генерацыі, стабілізацыі частаты і фільтрацыі эл. сігналаў, выпрамянення і прыёму акустычных хваль у розных п’езаэлектронных, акустаэлектронных і інш. прыстасаваннях.
Літ.:
Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989;