РЭЗАНА́НС (франц. resonance ад лац. resono адгукаюся),

рэзкае павелічэнне амплітуды ўсталяваных вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняга гарманічнага ўздзеяння да частаты аднаго з уласных ваганняў сістэмы. Праяўляецца ў розных вагальных сістэмах: механічных (маятнік), электрычных (вагальны контур), акустычных (мембрана, струна) і інш.

Пры Р. магутнасць, якая перадаецца вагальнай сістэме знешняй гарманічнай сілай, дасягае максімуму, што вядзе да павелічэння амплітуды ваганняў у залежнасці ад уласцівасцей самой сістэмы (значэнне каэфіцыента затухання і інш.). З тэорыі гарманічных ваганняў вынікае, што пры імкненні каэфіцыента затухання да нуля амплітуда вымушаных ваганняў павінна імкнуцца да бясконцасці, аднак такая экстрапаляцыя няправільная, таму што з павелічэннем амплітуды ваганні перастаюць быць гарманічнымі (малымі). Вывучэнне заканамернасцей Р. неабходнае і для таго, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў рэзкага павелічэння амплітуды ваганняў (напр., разбурэнне тэхн. канструкцый, узнікненне звыштокаў у радыё- і эл.-тэхн. прыладах, зніжэнне якасці апрацоўкі дэталей ад вібрацыі станкоў і інш.). З’ява Р. ўлічваецца ў буд-ве, электра- і радыётэхніцы, электроніцы і інш. Гл. таксама Мёсбаўэра эфект, Электронны парамагнітны, рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс.

А.​І.​Болсун.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКЛА́МА (франц. réclame ад лац. reclamare крычаць),

інфармацыйнае паведамленне пра спажывецкія ўласцівасці тавараў і віды паслуг з мэтай прыцягнуць увагу спажыўцоў, стварыць попыт на іх; папулярызацыя твораў літаратуры, мастацтва і інш.

Р. існавала ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме (аб’явы пісалі на драўляных дошках, гравіравалі на медзі ці косці, зачытвалі ў месцы збору народу). Друкаваная Р. (пач 17 ст.) звязана з імёнамі У.​Кэкстана (Англія) і Т.​Рэнадо (Францыя). Першае рэкламнае бюро ўзнікла ў Лондане (1611). Сучасныя сродкі Р.: друк (газеты, часопісы, бюлетэні, праспекты, буклеты і інш.), радыё, тэлебачанне, кіно, светлавыя аб’явы, кідкія шыльды і інш. Сярод друкаваных сродкаў Р. найб. вядомыя на Беларусі: даведнік «Бізнес—Беларусь», газеты «Из рук в руки», «Ва-банк», «Коммерсант ЭКСПО», «Экспресс-реклама», «Минск на ладонях», «Из первых рук», «Рекламное приложение» к газ. «Вечерний Минск» і інш. Р. займаюцца спец. фірма і агенцтвы. Найб. значныя з іх на Беларусі: «Рэмарк», «Фортэ», «Белая карона». Міжнар. сетка рэкламных агенцтваў прадстаўлена амер. агенцтвам «Грэй» (дзейнічае ў 153 краінах свету), англ. «Лео Бернет» (дзейнічае ў 147 краінах) і інш.

Т.​У.​Люковіч.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПАРТА́Ж (франц. reportage ад англ. report паведамляць),

аператыўнае паведамленне пра з’яву, падзею, здарэнне, сведкам ці ўдзельнікам якіх быў рэпарцёр; адзін з інфарм. жанраў журналістыкі. У залежнасці ад сродкаў масавай інфармацыі (друк, радыё, тэлебачанне) Р. мае асаблівасці. У прэсе адрозніваюцца Р. падзейны (падрабязнае апісанне падзеі), тэматычны (апісваюцца падзеі, што адбываліся ў розныя часы, але аб’яднаны адной тэмай), фотарэпартаж (здымкі са сціслай тэкставай інфармацыяй). Радыёрэпартаж вызначаецца паслядоўнасцю ў выкладанні падзей. Тэлерэпартаж часта перарастае ў каменціраванне падзей (гл. Каментарый). Кінарэпартаж — фіксацыя на кінаплёнку інфармацыі з месца падзей (гл. Дакументальнае кіно). Рэпартажныя кіназдымкі падзяляюцца на падзейныя, тэматычныя, праблематычныя.

Р. ўласцівы элементы аналізу, абагульненняў, разважання і ацэнкі фактаў. У Р. няма месца вымыслу, таму што гал. крыніцы збору інфармацыі — запісы, дакументы, інтэрв’ю, асабістыя назіранні аўтара. У Р. асвятляюцца аб’ектыўныя з’явы праз непасрэднае аўтарскае адлюстраванне (што ўбачыў, пачуў, якія вывады зрабіў), таму ён мае суб’ектыўнае адценне. Адметнасць Р. ў тым, што дасягаецца эфект прысутнасці чытача ці гледача на месцы дзеяння. Словы «Р.» і «з месца падзеі» з’яўляюцца сінонімамі ў сэнсавых адносінах.

Т.​У.​Люковіч.

т. 14, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМА́НТЫКА (франц. sémantique ад грэч. sēmantikos які абазначае) у мовазнаўстве, 1) увесь змест, інфармацыя, якія перадаюцца мовай ці якой-н. яе адзінкай (словам, граматычнай формай слова, словазлучэннем, сказам).

2) Раздзел семіётыкі і тыпалагічнай лінгвістыкі, які разглядае знакі паводле іх значэння і тэксты паводле іх сэнсу. Апісвае зместавую сістэму мовы, спосабы перадачы сэнсу пры дапамозе зместавых адзінак (асобных слоў). Словы ў сваю чаргу вызначаюцца паслядоўнасцю марфем і фанем. Фанемы не маюць самастойнага значэння, але дазваляюць яго абнавіць для слова праз камбінаторыку фанем, бо іх сукупнасць утварае лексему як лексічнае значэнне слова. Паслядоўнасць лексем складае сказ, але сказ не складаецца з лексем. Яго сінтакс. характарыстыкі ўплываюць на змены ў значэнні, таму мы адрозніваем сэнс тэксту ад сумы значэнняў яго састаўляючых. У Гэтым асн. роля С. Семантычныя адзінкі характарызуюцца рознымі тыпамі адносін: сінтанімічнымі, антанімічнымі, аманімічнымі.

Літ.:

Апресян Ю.Д. Лексическая семантика. М., 1974;

Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;

Плотников Б.А. Основы семасиологии. Мн., 1984;

Вежбицкая А Семантические универсалии и описание языков: Пер. с англ. М., 1999.

В.​У.​Мартынаў.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕФЕ́РЫС (Seferis; сапр. Сеферыядыс; Sepheriadēs) Гіоргас

(19.2.1900, г. Ізмір, Турцыя — 20.9.1971),

грэчаскі пісьменнік, дыпламат; адзін з пачынальнікаў інтэлектуальнай плыні ў сучаснай навагрэч. паэзіі. Вучыўся ў Афінах і Парыжы (1914—25). У 1926—41, 1946—62 на дыпламат. службе. Друкаваўся з 1931. У ранніх зб-ках паэзіі «Паварот» (1931), «Вадаём» (1932), паэме «Легенды» (1935) уплывы неарамантызму; у зб-ках вершаў і паэм «Міфгісторыя» (1935), «Гімнапедыя» (1936), «Сшытак практыкаванняў» (1940), «Карабельныя дзённікі» (т. 1—3, 1940—55), «Кіхлі» (1947), «Кіпр, край майго прароцтва» (1955), «Тры шчырыя паэмы» (1966) і інш. уплывы франц. паэтаў-сімвалістаў і Т.​С.​Эліята, перапляценне інтэрпрэтацый стараж.-грэч. міфаў з роздумам пра цяперашні лёс суайчыннікаў, найперш інтэлектуалаў. Аўтар эсэ, у т. л. «Пра іншаземны верш» (1932), «Дыялог пра паэзію» (1939), «Спробы» (1944), «Мова нашай паэзіі» (1965), дарожных нататак «Тры дні ў манастырах Кападокіі» (1953), рамана «Шэсць начэй на Акропалі» (апубл. 1976), дзённікаў і інш. Нобелеўская прэмія 1963.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Геракл и мы: Современная греч. поэзия. М., 1983;

У кн : Поэты-лауреаты Нобелевской премии. М., 1997.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Г.Сеферыс.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУШЭ́РСТВА (ад франц. accoucher дапамагаць пры родах),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае фізіял. і паталаг. працэсы ў арганізме жанчыны ў час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавым перыядзе, распрацоўвае і ўкараняе ў практыку метады родадапамогі, прафілактыкі і лячэння ўскладненняў цяжарнасці і родаў, хвароб плода і нованароджанага. Разам з гінекалогіяй складае адзіную мед. дысцыпліну.

Элементы навук. акушэрства вядомы са стараж. часоў (працы Гіпакрата, 460—370 да н.э., Авіцэны, 980—1037, і інш.). У 16 ст. адкрыта першая школа павітух пры Парыжскім шпіталі, у 17—18 ст. распрацаваны аперацыі накладання акушэрскіх шчыпцоў (англ. вучоны П.​Чэмберлен), павароту плода (вучоныя франц. А.​Парэ, англ. У.​Смелі). Заснавальніку акушэрства ў Расіі Н.​М.​Амбодзік-Максімовічу належыць першы арыгінальны дапаможнік па акушэрству (1784—86). У канцы 19—пач. 20 ст. рус. акушэр В.​В.​Строганаў распрацаваў метад лячэння эклампсіі, які атрымаў сусветнае прызнанне. Значны ўклад у акушэрскую навуку і практыку зрабілі А.​Я.​Красоўскі, У.​Ф.​Снегіроў, І.​П.​Лазарэвіч, М.​М.​Фенаменаў, Д.​А.​Абуладзе.

На Беларусі навук. акушэрства пачало развівацца пасля арганізацыі Гродзенскай мед. акадэміі (1775—81). Станаўленню сучаснага акушэрства садзейнічалі працы І.​М.​Старавойтава, М.​Л.​Выдрына (аперацыйнае акушэрства, ахова плода і нованароджанага), Л.​С.​Персіянінава (таксікозы цяжарных, гіпаксія плода і нованароджанага), Н.​Ф.​Лызікава, В.​С.​Ракуця, В.​Ц.​Камінскай (перынатальная ахова плода і нованароджанага), І.​С.​Лягенчанкі, В.​Р.​Лінкевіч (гіпаксія нованароджанага, акушэрская эмбрыялогія), Г.​І.​Герасімовіча (кесарава сячэнне), І.​У.​Дуды (фізіялогія і паталогія скарачальнай дзейнасці маткі), Л.​Я.​Супрун (праблемы імуналогіі), Г.​А.​Лукашэвіча (пасляродавая інфекцыя). Навук. праца вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі даследаванняў: невыношванне цяжарнасці (заўчасныя роды), анамаліі родавай дзейнасці, родавы траўматызм маці і плода, пасляродавыя захворванні, перынатальная ахова плода і нованароджанага, асаблівасці генерацыйнай функцыі жанчын ва ўмовах павышанай радыяцыі ў сувязі з вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Акушэрска-гінекалагічная дапамога парадзіхам аказваецца ў радзільных дамах, жаночых кансультацыях, аддзяленнях гар., абл., раённых і інш. бальніц.

Акушэрства ветэрынарнае — галіна ветэрынарыі, якая вывучае фізіялогію і паталогію палавых працэсаў і асемянення с.-г. жывёл, цяжарнасць, роды і пасляродавы перыяд, а таксама хваробы нованароджаных, распрацоўвае метады дыягностыкі, тэрапіі і прафілактыкі бясплоднасці ў с.-г. жывёл. Праблемы акушэрства вет. даследуюць у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, бел. н.-д. ін-тах эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, ВНУ.

Літ.:

Акушерство. М., 1987;

Ветеринарное акушерство и гинекология. 5 изд. М., 1980.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Выдвара́ць ’вытураць, высяляць’ (БРС, КТС); ’перабіраць, капрызіць’ (БРС), выджвара́тися ’блазнаваць, крыўляцца’ (Бес.). Рус. выдворя́ть ’выганяць, высяляць’, рус. дыял. выдворя́ться ’крыўляцца, капрызіць; хваліцца’, укр. видвара́ць ’выганяць, высяляць’. Ад двор. Значэнні ’крыўляцца, капрызіць’ з’яўляюцца, відавочна, калькай польск. dworować ’служыць’; ’кпіць’; параўн. чэш. dvořiť si ’ганарыцца чым-небудзь’, dvořský ’дасціпны, цікавы, забаўны (чалавек)’. У польск. і чэш. мовах яны ўстанавіліся па ўзору ням. Hof machen, hofieren, франц. faire la cour (Брукнер, 105; Махэк₂, 136 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірзія́ 1 ’чалавек, які гаворыць абы-што’; ’лухта’ (Бяльк.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне са старым суф. ‑ьja (як суддзя < sǫdьji). Да вярзці́ (гл.). Гл. яшчэ вярза́.

Вірзія́ 2 ’вялікі чалавек’ (Бяльк.). Кантамінаваная назва ад вірзія 1 і вядомага ва ўсх.-маг. гаворках рус. верзила ’бамбіза, вялікі чалавек’, этымалогія якога няясная. Аднак, паводле семантыкі, лексему можна супаставіць з гоц. *wrisila, якое магло даць слав. vьrzila, параўн. ст.-н.-франц. wrisil, ст.-сакс. wrisitīk ’гіганцкі, магутны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кана́па ’мэбля ў выглядзе лавы (мяккая або без абіўкі) са спінкай і падлакотнікамі, прызначаная для сядзення некалькіх асоб або ляжання’ (ТСБМ, Гарэц., Шпіл., Яруш., Бяльк., Сцяшк.; карэліц., Янк. Мат.; маст., шальч., Сл. паўн.-зах.), кынап, кына́па ’тс’ (Бяльк.); кана́фа (чэрв., Сл. паўн.-зах.; Жд. 3). Запазычана з польск. kanapa ’тс’, якое з франц. canapé < с.-лац. canapeum < лац. cōnōpēum, conōpium ’ложак з палогам ад камароў’ < ст.-грэч. κωνωπεῑον, κώνωψ ’камар’ (Слаўскі, 2, 41–42).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астраго́н ’расліна Artemisia dracunculus L.; палын-эстрагон’. Пачатковы ненаціскны галосны вымаўляўся як ‑а, што вяло да народнаэтымалагічнай сувязі з востры. На самой справе эстрагон з французскай праз рускую (дзе фіксуецца з; 1864) ці польскую; франц. estragon ’тс’ з 1564 < арабск. Паколькі з эстрагону рабілі воцат, гэта назва была перанесена і на воцат, які народнаэтымалагічна звязваўся з якасцю ’востры’: у Насовіча острого́нъ ’моцны вінны воцат’. Народнаэтымалагічнае асэнсаванне эстрагону адзначана і ва ўкр. острогін ’палын-эстрагон’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)