няпарнакапытныя траваедныя жывёлы сям.коневых. Выведзены шляхам працяглай селекцыі ад дзікіх коней, пашыраных у Азіі і Афрыцы (у Еўропе вынішчаны). Прыручэнне пачалося ў 3-м тыс. да н. э. ў стэпах паміж р. Дон і Дняпро, у Паўд. Сібіры, Сярэдняй Азіі і інш. Існуе больш за 200 парод. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюцца тыпам, экстэр’ерам, працаздольнасцю. Добра прыстасаваныя да бегу, маюць вял. сілу цягі, непераборлівыя, вынослівыя, даўгавечныя, з высокай малочнай і мясной прадукцыйнасцю. Лёгка паддаюцца дрэсіроўцы. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы на палявых і трансп. работах, у спорце; ад іх атрымліваюць розную прадукцыю (кумыс, мяса, лек. сывараткі, вакцыны, вырабы са скуры і інш.). На Беларусі найб. пашырана пародная група беларускіх запражных коней. Гадуюць таксама арабскую пароду верхавых коней, арлоўскую рысістую пароду, латвійскіх запражных коней, рускую рысістую пароду, рускую цяжкавозную пароду, тракененскую пароду, чыстакроўную верхавую пароду.
У залежнасці ад пароды выш. ў карку ад 50 да 185 см, маса ад 60 да 1500 кг. У жарабцоў 40 зубоў (12 разцоў, 4 іклы, 24 карэнныя), у кабыл іклаў няма. Валасяное покрыва кароткае (1—4 см). Жывуць каля 25 гадоў (зрэдку 40 і болей). Гл. таксама Конегадоўля, Конны завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МІНГІ,
млекакормячыя жывёлы падсям. палёвак, сям. хамяковых атр. грызуноў. 4 роды: Л. лясныя (Myopus); балотныя, ці мышападобныя (Synaptomys); сапраўдныя (Lemmus) і капытныя (Dicrostonyx); каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Найчасцей сустракаюцца Л. капытны (D. torquatus); сібірскі, ці обскі (L. sibiricus), і нарвежскі (L. lemmus). Жывуць у лясах і тундрах. На Беларусі вядомы з геал. адкладаў ранняга плейстацэну (Л. сібірскі і 3 падвіды Л. капытнага). Іх рэшткі выяўлены ў Аршанскім, Баранавіцкім, Віцебскім, Гродзенскім, Дубровенскім, Лёзненскім р-нах. Маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.
Даўж. цела да 16, хваста да 2,7 см, маса да 75 г. Афарбоўка аднатонная шэра-карычневая або стракатая; зімой больш светлая або белая. У Л. капытнага кіпцюры на пярэдніх лапах бліжэй да зімы разрастаюцца («капыты»). Кісці і ступні шырокія, падэшвы пакрыты шэрсцю. Актыўныя ўвесь год. Расліннаедныя, часам паядаюць дробных беспазваночных. Нараджаюць 1—9 (звычайна 4—6) дзіцянят 2—4 разы за лета. У тундры размнажаюцца прыкладна з 4-гадовай перыядычнасцю ў вял. колькасці (да 300 асобін на 1 га), робяць далёкія міграцыі. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу вірусных захворванняў. Л. — асн. корм пясца, колькасць якога залежыць ад колькасці Л.
П.Ф.Каліноўскі.
Лемінгі: 1 — сібірскі; 2 — нарвежскі; 3 — капытны (а — зімой, б — летам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ ПАСКАРА́ЛЬНІК,
паскаральнік зараджаных часціц (электронаў, пазітронаў, пратонаў, іонаў), у якім траекторыі часціц блізкія да прамых ліній. Адрозніваюць Л.п. высакавольтныя (электрастатычныя), індукцыйныя, рэзанансныя і калектыўныя. Найб.пашыраны Л.п. электронаў з энергіяй 45 ГэВ. Л.п. электронаў і пазітронаў дазваляюць эфектыўна пераўтвараць пачатковую энергію пры сутыкненні 2 пучкоў у т. зв. калайдэры. Выкарыстоўваюцца для фіз. даследаванняў, у дэфектаскапіі, матэрыялазнаўстве, медыцыне, для іоннай імплантацыі, пры радыяцыйна-хім. апрацоўцы матэрыялаў, стэрылізацыі прадуктаў і інш.
У высакавольтных Л.п. часціцы паскараюцца пастаянным эл. полем паміж электродамі, крыніцай напружання служаць высакавольтныя выпрамнікі, Ван-дэ-Граафа генератары і інш.; у індукцыйных — эрсэлектрамагнітнай індукцыі, якая ствараецца кольцападобным імпульсным магн. полем; у рэзанансных — пераменным эл.ВЧ-полем; у калектыўных — уласнымі эл.-магн. палямі часціц, што ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні адной групы зарадаў з другой або з эл.-магн. хваляй, з плазмай. Л.п. ў параўнанні з цыклічнымі адрозніваюцца магчымасцю атрымання пучкоў паскораных часціц павышанай інтэнсіўнасці і шчыльнасці, прастатой вываду пучка, адсутнасцю тармазнога выпрамянення часціц. Апошняе асабліва важна для паскарэння электронаў і пазітронаў да вельмі высокіх энергій. Таму паскаральнікі гэтых часціц для фіз. даследаванняў праектуюцца толькі лінейныя. У цыклічных паскаральніках цяжкіх часціц (пратонаў, іонаў) Л.п. выкарыстоўваюцца як інжэктары-перадпаскаральнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІК ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
электравымяральная прылада для ўліку выпрацаванай (адпушчанай) або спажытай актыўнай і рэактыўнай электраэнергіі за пэўны прамежак часу. У ланцугах пастаяннага току (электрыфікаваны чыг. транспарт, электролізныя ўстаноўкі) выкарыстоўваюцца Л.э. магнітаэл., фера- і электрадынамічнай, электралітычнай сістэм, у ланцугах пераменнага току (прамысл. электрапрывод, асвятляльныя сеткі, камунальныя спажыўцы) — індукцыйныя і электронныя.
Л.э. бываюць аднафазныя (1-элементныя) і трохфазныя (2- і 3-элементныя). У эл. сетках напружаннем да 1 кВ уключаюцца паслядоўна ў ланцуг або праз трансфарматары току, вышэй за 1 кВ — праз трансфарматары напружання і току. Найб.пашыраны Л.э. індукцыйнай вымяральнай сістэмы, маюць ланцугі току і напружання. Токі, якія працякаюць па гэтых ланцугах, ствараюць у электрамагнітах пераменныя магн. патокі Фu і Фi. У выніку ўзаемадзеяння патоку Фu з віхравымі токамі, якія наводзяцца ў дыску патокам Фi узнікае вярчальны момант. Колькасць абаротаў рухомай ч. лічыльніка прапарцыянальна спажытай энергіі, што паказвае лічыльны механізм, злучаны з воссю дыска.
М.А.Караткевіч.
Індукцыйны аднафазны лічыльнік электрычны: 1, 2 — электрамагніты паслядоўнага і паралельнага ланцуга; 3 — лічыльны механізм; 4 — тармазны магніт; 5 — алюмініевы дыск; 6 — нагрузка; U — напружанне; Фi Фu — магнітныя патокі, што ствараюцца токам нагрузкі і токам у ланцугу напружання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЭ́ННЕ, нумарацыя,
сукупнасць прыёмаў абазначэння (запісу) і назвы натуральных лікаў. Сістэмы Л. бываюць пазіцыйныя (найб.пашыраны) і непазіцыйныя. У большасці сістэм Л. лікі абазначаюцца паслядоўнасцю лічбаў.
Найб. дасканалыя пазіцыйныя сістэмы Л. грунтуюцца на прынцыпе, паводле якога адзін і той жа лікавы знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад месца, дзе ён знаходзіцца. Пэўны лік n адзінак (аснова сістэмы Л.) утвараюць адзінку 2-га разраду, n адзінак 2-га разраду — адзінку 3-га разраду і г.д. Асновай такіх сістэм можа быць любы лік, большы за 1, напр., 2 (двайковая сістэма лічэння), 5, 10 (дзесятковая сістэма лічэння), 12, 20, 40, 60. Першая такая сістэма (шасцідзесятковая вавілонская) узнікла каля 4 тыс. гадоў назад і выкарыстоўваецца пры вымярэнні і запісе вуглоў і часу. Існуюць простыя правілы пераводу лікаў з адной сістэмы Л. ў другую. У непазіцыйных сістэмахЛ., якія выкарыстоўваюцца ў мадулярнай арыфметыцы, кожны лічбавы знак мае пастаяннае значэнне незалежна ад свайго месцазнаходжання ў запісе любога ліку. Напр., кожны цэлы лік ад 0 да 104 адназначна выяўляецца сваімі астачамі ад дзялення на 3, 5 і 7. Пры складанні, адыманні і множанні лікаў дастаткова аперыраваць толькі гэтымі астачамі, што значна павялічвае хуткасць вылічэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЧНІКІ,
у старажытнасці і сярэдневякоўі пешыя і конныя воіны, узброеныя лукамі. Уваходзілі ў склад армій многіх краін, у т. л.Стараж. Усходу (напр., ў Персіі дзейнічалі на сланах і вярблюдах, у Індыі — на сланах); у большасці краін складалі аснову армій. Са з’яўленнем у 6 ст. да н.э.фалангі выкарыстоўваліся пераважна наперадзе баявога парадку ці на флангах: распачыналі бітву, прычынялі ворагу страты, парушалі яго баявыя парадкі, стваралі выгадныя ўмовы для ўступлення ў бой сваіх асн. сіл — цяжкай пяхоты і кавалерыі. У Еўропе ў часы рыцарства Л. ўваходзілі ў склад кап’я (4—10 воінаў), найб. вызначыліся англійскія Л. ў перыяд Стогадовай вайны 1337—1453. Пешыя і конныя Л., якія дзейнічалі сумесна з цяжкай пяхотай і кавалерыяй, былі ў дружынах Кіеўскай Русі, Маскоўскага княства, з канца 14 ст. — у войску ВКЛ (у сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вельмі пашыраны былі коннікі з лукамі). З 16 ст. з развіццём агнястрэльнай зброі значэнне Л. у арміях зменшылася. У Расіі ў часцях ірэгулярных войск і лёгкай кавалерыі, якія камплектаваліся з башкіраў і калмыкаў, Л. захоўваліся да пач. 19 ст. Ілюстрацыю гл. таксама да арт.Грэка-персідскія войны.
Літ.:
Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,
тэорыя, метады і сродкі вымярэнняў магн. велічынь. Вымяраюцца вектар магнітнай індукцыі, магнітны паток, напружанасць, градыент і інш. параметры магнітнага поля (магнітометрамі) і магн. ўласцівасці (характарыстыкі, параметры) магнітных матэрыялаў (спец. ўстаноўкамі, якія маюць вымяральныя блокі, прыстасаванні для намагнічвання і размагнічвання вырабаў, тэрмакамеры і інш.).
Пры вымярэнні і даследаванні ўласцівасцей магн. матэрыялаў і параметраў магн. поля найб.пашыраны метады: індукцыйны (засн. на вымярэнні эрс, якая ўзбуджаецца ў другаснай — вымяральнай абмотцы ўзору пры прапусканні праз першасную абмотку намагнічвальнага току), магнітастатычны (засн. на вымярэнні сілавога ўздзеяння магн. поля ўзору, што вывучаецца, на магн. стрэлку), каларыметрычны (засн. на вымярэнні цеплавой энергіі, што вылучаецца ўзорам пры яго намагнічванні ў камеры каларыметра), магнітааптычныя (засн на магнітааптычных эфектах — Кера эфекце, Фарадэя эфекце), параметрычныя, або маставыя (засн. на выкарыстанні мастоў пераменнага току, у адно з плячэй якіх уключаюць абмотку, што намагнічвае ўзор), холаўскі (засн. на вымярэнні параметраў магн. поля з дапамогай пераўтваральнікаў Хола). Пры даследаванні гонкай магн. структуры рэчываў выкарыстоўваюць метады ядзернага магнітнага рэзанансу, электроннага парамагнітнага рэзанансу, ферамагнітнага рэзанансу і інш.
Літ.:
Чечерников В.И. Магнитные измерения. 2 изд. М., 1969;
Антонов В.Г., Петров Л.М., Щелкин А.П. Средства измерений магнитных параметров материалов. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, алігахеты (Oligochaeta),
клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. Каля 27 сям., больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у глебе, прэсных вадаёмах, каля 200 відаў марскія. На Беларусі 8 сям., больш за 60 відаў. Найб. трапляюцца дэндрабена васьмігранная (Dendrobaena octaedra), малы чырв. чарвяк (Lumbricus rubellus), наіда зменлівая, або змейка вадзяная зменлівая (Nais variabilis), стылярыя азёрная (Stylaria lacustris), трубачнік звычайны (Tubifex tubifex), шчацінкабрух празрысты (Chaetogaster diaphanus), эаласома гемпрыхава (Aeolosoma hemprichi), энхітрэус белы (Enchytraeus albus). Удзельнічаюць у мулаўтварэнні і мінералізацыі асадкаў у прэсных вадаёмах, уплываюць на структуру глеб, садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў. Некаторыя — прамежкавыя і рэзервуарныя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў дзікіх і свойскіх жывёл; корм для рыб, птушак, землярыек, кратоў і інш.
Даўж. ад 0,5 мм да 3 м. Цела цыліндрычнае, злёгку сплошчанае або чатырохграннае, складаецца з 5—600 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя ротавага) 4 пучкі шчацінак рознай формы. Кормяцца пераважна расліннымі рэшткамі, ёсць драпежнікі і эктапаразіты. Пераважна гермафрадыты, некаторым уласціва бясполае і вегетацыйнае размнажэнне. Яйцы развіваюцца ў кокане. Развіццё прамое. Здольныя да рэгенерацыі. Гл. таксама Дажджавыя чэрві, Кольчатыя чэрві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛПЫ (Anthropoidea, або Simia),
падатрад млекакормячых атр.прыматаў. 2 групы (140 відаў): шыраканосыя малпы і вузканосыя М., або М. Старога Свету. Вузканосых М. 3 сям.: ніжэйшыя вузканосыя — мартышкі, вышэйшыя вузканосыя — чалавекападобныя і людзі — гамініды. М. паходзяць з палеацэну і эацэну (60—25 млн. гадоў назад) ад выкапнёвых даўгапятаў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Пашыраны ў.Еўропе (1 від), Паўд. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы. Жывуць пераважна ў лясах і гарах тропікаў. Большасць відаў вядзе стадны спосаб жыцця, пераважна дрэвавы (акрамя гелад, маготаў, павіянаў). У Чырв. кнізе МСАП — каля 60 відаў.
Ад даўж. 15 см і масы каля 70 г (ігрунка карлікавая) да 2 м і 300 кг (гарыла). Валасяное покрыва развітое (акрамя твару і вушных ракавін), развітая мімічная мускулатура. Будова мозга складаная, кара са шматлікімі звілінамі і барознамі. У вузканосых М. ноздры скіраваны ўніз. Вял. палец кісці ў іх проціпастаўлены астатнім пальцам; маюць пазногці. Усёедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня (у ігрунак 2—3). Гл. таксама Арангутан, Гарыла, Гібоны, Мартышкі, Павіяны, Шымпанзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́ЙНЫЯ КАМАРЫ́, анофелесы (Anopheles),
род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл.Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанент гнюсу.
Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).