КА́ЗАЧНІК,

таленавіты майстар-выканаўца казак, хавальнік казачных традыцый. Вызначаецца індывід. манерай выканання, складам рэпертуару. Славутыя К. ў рускіх — А.​Навапольцаў, А.​К.​Барышнікава (Купрыяніха), М.​М.​Каргуеў, М.​А.​Сказкін, Г.​М.​Каралькова, у ўкраінцаў — Р.​Ф.​Чмыхала, А.​С.​Калін, К.​Дзеравенчанка, у беларусаў — І.Азёмша, А.Ваўчок, П.П.Гаспадароў, П.В.Гулевіч, Я.​Дзежка, Д.​Кулеш, І.Ю.Макей, В.Міхайлаў, Рэдкі, М.Спірыда і інш., у славакаў Е.​Смолка і інш.

У фарміраванні казачнага рэпертуару вял. ролю адыгралі прафес. К. На Русі і Беларусі — скамарохі, вандроўныя «баяры́» Казкі найчасцей расказвалі на вячорках, асабліва ў калядны тыдзень. У.​Дабравольскі ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» (ч. 1, 1891) апубл. значны матэрыял пра індывідуальны маст. стыль бел. К. вёскі Бердзябякі Ельнінскага пав. Смаленскай губ. Міхайлава. Ад селяніна Дзежкі з в. Новая Хадароўка Сакольскага пав. Гродзенскай губ. М.​Федароўскі запісаў больш за 70 казак, жартаў, анекдотаў, легенд, паданняў. Гаспадароў за ўдзел у рэв. выступленнях у 1905 высланы ў Алонецкую губ., дзе ад яго запісана 106 казак. Пра высокую культуру К. Бел. Палесся сведчаць прасякнутыя задушэўным лірызмам, нар. мудрасцю, напоўненыя новымі ідэямі казкі і апавяданні Рэдкага (ад яго запісана 38 тэкстаў), Азёмшы (запісаны 32 казкі), М.​Савіцкага, Куляша, М.​Бохмат і інш. Самабытна развіваў сац. матывы ў быт. казках Ваўчок (запісана 18 казак і апавяданняў). У Вял. Айч. вайну творчасць К. адлюстроўвала барацьбу за свабоду. Пастух М.​Багрым з в. Даўляды Нараўлянскага р-на расказваў «сон» пра хуткае выгнанне акупантаў. Эсэсаўцы яго расстралялі. Агітац. рыфмаваную казку «Зоркавы горад» расказвалі ў Пухавіцкім р-не, у Астрашыцкім Гарадку. Пасля вайны ад А.​С.​Коржань (г. Орша) запісаны казкі-легенды пра К.​С.​Заслонава. Макей (в. Алексічы каля Зэльвы), Я.​П.​Яфіменкаў (в. Ластавічы Глыбоцкага р-на) «разыгрывалі» казку ў асобах. Сучасныя К. пісьменныя, з шырокім кругаглядам. Пераважаюць жанчыны, якія выконваюць і інш. фалькл. творы. Для многіх расказванне казак — неабходнасць, звязаная з выхаваннем дзяцей, таму ў іх рэпертуары шмат казак пра жывёл і блізкіх да іх чарадзейных. У 1960—80-я г. ў розных раёнах Беларусі выяўлены таленавітыя К.: К.​Мельнікава з Лоеўскага, Ф.​Вяргун з Мазырскага, Е.​Ляўчэня з Любанскага, П.Акулевіч з Бярэзінскага, С.​Паўлянкова з Гомельскага, М.​Коўтун з Чэрвеньскага, Н.​Краснякова з Крупскага, У.​Русіновіч з Светлагорскага, Л.​Цыбульская з Уздзенскага р-наў (ад іх запісана па 30—15 казак). Вылучаюцца К.-імправізатары, якія не выходзяць за межы традыц. сюжэта, свабодна абыходзяцца з матэрыялам, часам кантамінуюць некалькі сюжэтаў, падкрэсліваюць дыдактычны бок казкі (М.​Казлоўская, У.​Рамбальская, Пастаўскі р-н), і К.-традыцыяналісты, якія строга трымаюцца сюжэтнай схемы і вядомага ім тэксту (Д.​Гапеева, Быхаўскі р-н). Есць К.-маралісты (Е.​Варашкевіч, Ляўчэня, Любанскі р-н), эпікі (Р.​Глусцоў, Быхаўскі р-н, С.​Вежнавец, Светлагорскі р-н), гумарысты (Акулевіч, Русіновіч). Крыніцы папаўнення рэпертуару сучасных К. істотна пашырыліся (кнігі, радыё, тэлебачанне), але па-ранейшаму гал. роля належыць тэкстам, што перайшлі ад дзядоў і бацькоў.

Літ.:

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911. С. I—VII;

Сказки Ф.​П.​Господарева. Петрозаводск, 1941. С. 7—55;

Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963. С. 5—8;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 46—60, 227—251;

Кабашнікаў К.П., Барташэвіч Г.А. Сустрэчы з казкай. Мн., 1984;

Калеснік У. Жыў-быў казачнік... // Калеснік У. Тварэнне легенды. Ми., 1987;

Кароткая Л.Л. Жывое, роднае... Мн., 1989;

Азадовский М.К. Русские сказочники // Азадовский М.К. Статьи о литературе и фольклоре. М., Л., 1960;

Шастина Е.И. Сказки, сказочники, современность. Иркутск, 1981;

Оповідання Р.​Ф.​Чмихала / Зібр. Володимир Лесевіч // Етнографічній збірник. 1904. Т. 14;

Зачаровані казкою: Укр. нар. казки Закарпаття в запісах П.​В.​Лінтура. Ужгород, 1984.

К.​П.​Кабашнікау. І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІБІ́Р,

большая частка азіяцкай тэр. ў Расійскай Федэрацыі, якая распасціраецца ад Урала на З да хрыбтоў ціхаакіянскага водападзелу на У і ад Паўн. Ледавітага ак. на Пн да стэпаў Казахстана і мяжы з Цэнтр. Азіяй на Пд. Працягласць з З на У больш за 7 тыс. км, з Пн на Пд да 3,5 тыс. км. Пл. з прылеглымі астравамі каля 10 млн. км². У межах С. знаходзіцца 21 суб’ект Расійскай Федэрацыі: рэспублікі — Алтай, Бурація, Саха (Якуція), Тыва, Хакасія; краі — Алтайскі і Краснаярскі; вобласці — Іркуцкая, Кемераўская, Курганская, Новасібірская, Омская, Томская, Цюменская, Чыцінская; аўт. акругі — Агінская Бурацкая, Таймырская, Усць-Ардынская Бурацкая, Ханты-Мансійская, Эвенкійская, Ямала-Ненецкая (гл. адпаведныя арт.). Уключае фізіка-геагр. вобласці Заходняя Сібір і Усходняя Сібір, у межах якіх размешчаны Заходне-Сібірская раўніна, Сярэднесібірскае пласкагор’е, горы Паўд. Сібіры (Алтай, Зах. Саян, Усх. Саян, горы Тывы, Прыбайкалле, Забайкалле) і сістэма горных хрыбтоў на ПнУ Сібіры, якія акаймоўваюць Верхаянскі хрыбет і Калымскае нагор’е. У геал. будове С. вылучаюцца Сібірская платформа і Заходне-Сібірская пліта, якія на Пн і З абмежаваны гарамі палеазойскай складкавасці, на Пд — пратэразойскай, на ПнУ і ПдУ — мезазойскай складкавасці. У антрапагене на Пн С. і ў гарах было зледзяненне. Вял. паклады каменнага і бурага вугалю (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Іркуцкі, Паўд.-Якуцкі, Ленскі і Тунгускі басейны); радовішчы нафты і газу, жал. і поліметалічных руд, рэдкіх і каляровых металаў, графіту, алмазаў, золата і інш. С. размешчана ва ўмераным і субарктычным кліматычных паясах. Клімат б. часткі С. суровы, рэзка кантынентальны, умерана халодны і халодны, на Пн арктычны. Сярэднегадавыя т-ры паветра амаль усюды ніжэй за 0 °C. На Пн сярэдняя т-ра ліп. 0—2 °C, студз. -48 °C, -50 °C, («полюс холаду» Паўн. паўшар’я ў Верхаянску і Аймяконе да -71 °C). На Пд і ПдЗ клімат больш цёплы з т-рай ліп. 22—23 °C, студз. -16 °C, -20 °C. Ападкаў на ПнУ 150—250 мм, на З да 500—550 мм, на Алтаі да 2000 мм за год. Акрамя цэнтр. і паўд. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, амаль усюды шматгадовая мерзлата. Сучасныя ледавікі ў гарах на выш. 2000—2500 м. Рэкі С. належаць да бас. Паўн. Ледавітага ак. Найб. рэкі: Об з Іртышом, Енісей з Ангарой, Падкаменнай Тунгускай і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма. На ПдУ вытокі р. Амур (бас. Ціхага ак.). Рэкі выкарыстоўваюцца для рачнога транспарту. Шмат ГЭС. Шмат азёр, у іх ліку самае глыбокае ў свеце Байкал, Таймыр, Цялецкае, Чаны. На Пн мохава-лішайнікавая тундра і лесатундра з лістоўніцай. На Пд ад лесатундры зона тайгі з лістоўніцы, кедру, хвоі, бярозы. На Пд Заходняй С. лесастэпавая з бярозавымі і асінавымі гаямі (калкі) і стэпавая зона. Ва Усх. С. лесастэп і стэп займаюць асобныя тэрыторыі. У гарах Паўд. С. вышынная пояснасць з горнымі лясамі і лугамі. Запаведнікі, нац. паркі.

Гісторыя. Як гіст. раён С. уключае таксама Д. Усход. Чалавек насяліў гэтую тэр. ў каменным веку і адсюль пранік у Амерыку. У 1-м тыс. н.э. паўд. раёны С. былі ў складзе Цюркскага каганата, Бахай і інш. дзяржаў. У 13 ст. паўд. С. заваявана манголамі. Частка тэр. С. ўваходзіла ў Залатую Арду, потым у Цюменскае ханства і Сібірскае ханства. Паходы рас. ваявод (з канца 15 ст.) і Ермака (гл. Ярмак) у 1580-я г. паклалі пачатак далучэнню С. да Рас. дзяржавы, якое завершана ў сярэдзіне 19 ст. Вял. ролю ў асваенні і вывучэнні С. і Д. Усходу адыгралі рас. землепраходцы 17 ст., камчацкія экспедыцыі В.​Берынга 1725—30 і 1733—43, падарожжы Г.​І.​Невяльскога, даследаванні І.​Дз.​Чэрскага і інш. У 18 ст. ўзнікла горная прам-сць, у 19 ст. золатаздабыўная, каменнавугальная, харчовая. Адбывалася каланізацыя С. сялянамі з Еўрап. Расіі (пераважна рускімі, украінцамі і беларусамі), якая набыла шырокія маштабы пасля сялянскай рэформы 1861 і сталыпінскай аграрнай рэформы (з 1906). У 1891—1916 пабудавана Транссібірская магістраль. Сав. улада, устаноўленая ў канцы 1917 — пач. 1918, неўзабаве скінута белагвардзейцамі і інтэрвентамі; адноўлена ў 1919—22. З канца 17 ст. С. была месцам паліт. катаргі і ссылкі. Сюды былі сасланы ўдзельнікі Барскай канфедэрацыі 1768—72, дзекабрысты, удзельнікі паўстанняў 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі, рэвалюцыянеры-народнікі, сацыял-дэмакраты, эсэры, бальшавікі і інш. У перыяд масавых рэпрэсій палітычных 1930—50-х г. у С. і на Д. Усходзе знаходзілася сетка папраўча-працоўных лагераў сістэмы ГУЛАГ Пра беларусаў у С. гл. ў арт. Расія (раздзел «Беларусы ў Расіі») і Новасібірская вобласць (раздзел «Беларусы ў Новасібірскай вобласці»).

Літ.:

Гвоздецкий Н.А., Михайлов Н.И. Физическая география СССР: Азиатская часть. 4 изд. М., 1987;

История Сибири с древнейших времен и до наших дней. Т. 1—5. Л., 1968—69;

Миллер Г.Ф. История Сибири: Пер. с нем. Т. 1—2. 2 изд. М., 1999—2000;

Белорусы в Сибири. Вып. 1—2. Новосибирск, 2000;

Галуза У. Беларусы Заходняй Сібіры: гісторыя і сучаснасць // Кантакты і дыялогі. 1998. №10/11.

т. 14, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НА-ВІЛЕ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПнУ Гродзенскай, Пн і ПнЗ Мінскай абласцей, у басейне верхняга і сярэдняга цячэння р. Вілія. Мяжуе са Свянцянскімі градамі на Пн, Верхнебярэзінскай нізінай на У, Мінскім і Ашмянскім узвышшамі на ПдУ і Пд, Нярыска-Жэймянскай нізінай (Літва) на 3. Выш. 155—190 м, найб. 232 м (Канапанцінаўская града), пл. 7,4 тыс. км², працягласць з 3 на У 115—145 км, з Пн на Пд 35—75 км.

Н.-В.н. прымеркавана да паўд.-зах. ч. Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы і Прыбалтыйскай монакліналі. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою (венд), ніжняга і сярэдняга кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону, месцамі ніжняга і верхняга мелу і антрапагену на ўсёй тэрыторыі. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—100, зрэдку 120 м) вылучаны адклады бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў.

У паўн. ч. нізіны вылучаны канцовамарэнныя грады паазерскага зледзянення: Свірская, Канстанцінаўская, Паўн.- і Паўд.-Нарачанскія, якія ўтвараюць сістэму ўзгоркаў і ўвалаў даўж. 0,5—3 км, з адноснымі выш. 10—20 м. Грады складзены з супясчана-сугліністай марэны і пясчана-галечнага матэрыялу. Да ўскраін Свірскай і Паўн.-Нарачанскай град прымеркаваны озы і камы. На У нізіны канцова-марэнныя ўтварэнні сожскага зледзянення — Куранецкая і Касцяневіцкая грады. Схілы іх згладжаны і парэзаны лагчынамі. Большасць тэр. Н.-В.н. займае водна-ледавіковая раўніна, сфарміраваная расталымі водамі паазерскага ледавіка. Паверхня яе пераважна спадзіста-хвалістая, адносныя перавышэнні 3—4 м. Характэрны замкнутыя забалочаныя ўчасткі з рэліктавымі азёрамі, азёрныя катлавіны, дзюны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель, торф, мінер. воды. Гал. рэкі: Вілія з прытокамі Ашмянка, Уша, Ілія, Дзвінаса, Сэрвач, Нарач з Вузлянкай, Страча; Струна. Шмат азёр, з іх найбольшыя: Нарач, Мястра, Баторына, Свір, Вішнеўскае, Сарачанскія. У межах Н.-В.н. пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма, у складзе якой Вілейскае вадасховішча. Сярэднія т-ры студз. -7,5 °C, ліп. 16,8 °C; ападкаў — 602 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-перагнойна-глеевыя. Пад лесам 36% тэрыторыі, пераважаюць хваёвыя, трапляюцца шыракаліста-яловыя лясы. Пад ворывам да 35% тэрыторыі. У межах Н.-В.н. нац. парк Нарачанскі, заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічны Чарэмшыца, біял. Дубатоўскае, Некасецкі, Пасынкі, Рудакова. Вакол воз. Нарач курортная і водаахоўная зоны.

Я.​А.​Ільін.

Нарачана-Вілейская нізіна.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСТАТУ́ТНЫЯ ЎЗАЕМААДНО́СІНЫ,

устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.

Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял. сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.​М.​Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».

Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у. як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.

Літ.:

Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;

Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;

Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.

В.​В.​Гумянецкі, У.​М.​Макараў, С.​А.​Савік.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Міхал Казімір (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.​С.​Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.​Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.​Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.​Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л. Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.

Тв.:

Бел. пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.​К.​Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;

1995. № 1—6;

1996. № 1—2, 4.

А.​Л.​Грыцкевіч.

М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.​А.​Мірыса (?). Каля 1760.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧЫЯ НАВУКІ

Глебазнаўства (582).

Аграхімія (582).

Земляробства (583).

Раслінаводства (583).

Пладаводства (584).

Агародніцтва (585).

Фітапаталогія (585).

Меліярацыйная навука (586).

Жывёлагадоўля (586).

Ветэрынарыя (586).

Навуковую работу па сельскай гаспадарцы на Беларусі вядуць НДІ Нац. АН Беларусі: аграрнай эканомікі, земляробства і селекцыі, глебазнаўства і аграхіміі, бульбаводства, агародніцтва, пладаводства, ільну, аховы раслін, эксперыментальнай батанікі, занальны ін-т раслінаводства, жывёлагадоўлі, рыбнай гаспадаркі, эксперыментальнай ветэрынарыі, механізацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі і лугаводства, энергетыкі АПК. Навукова-даследчая работа вядзецца таксама ў ВНУ: БСГА, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Гродзенскім аграрным ун-це, Бел. аграрным тэхнічным ун-це.

Бел. вучонымі распрацаваны і рэкамендаваны да вытворчасці многія мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці с.-г. культур, прадукцыйнасці с.-г. жывёл, механізацыі вытворчых працэсаў. Прапанаваны магчымыя мадэлі эканам. развіцця АПК краіны. Распрацаваны асновы аптымізацыі раслінаводства для забеспячэння прадукцыйнага і эканамічна рэнтабельнага земляробства. Выведзены новыя сарты сельскагаспадарчых культур высокай ураджайнасці, прыстасаваныя да мясц. умоў і ўстойлівыя да хвароб. Распрацаваны асновы аўтаматызаванага кіравання ўрадлівасцю глеб, вызначэння неабходнасці угнаенняў. Распрацавана і выкарыстоўваецца арыгінальная тэхналогія аздараўлення і паскоранага размнажэння насеннага матэрыялу бульбы, эфектыўныя тэхналогіі вырошчвання агароднінных, вострапрыпраўных і лекавых раслін, нізказатратныя тэхналогіі вытворчасці новых сартоў пладовых і ягадных культур з комплекснай устойлівасцю і максімальным выкарыстаннем генетычнага патэнцыялу прадукцыйнасці. Вызначаны шляхі шырокага выкарыстання інтэграваных сістэм аховы сельскагаспадарчых культур. Шмат зроблена ў галіне жывёлагадоўлі. Выведзены бел. мясная і бел. чорна-пярэстая пароды свіней, бел. чорна-пярэстая парода буйной рагатай жывёлы, бел. запражная парода коней, новыя заводскія тыпы свіней буйной белай пароды, ляхвінская парода карпа. Распрацаваны шэраг рэцэптаў камбікармоў і кармавых дабавак для жывёлы. Асвоены тэхналогія гібрыдызацыі ў свінаводстве і біятэхналогія трансплантацыі эмбрыёнаў у малочнай і мясной жывёлагадоўлі. Створаны спец. рыбагадавальнікі, якія пастаўляюць пасадачны матэрыял розных відаў рыб для зарыблення вадаёмаў, адпрацавана тэхналогія іх штучнага ўзнаўлення і вырошчвання, праведзены інвентарызацыя і рыбагаспадарчая класіфікацыя ўсіх вадаёмаў, што дазволіць рацыянальна эксплуатаваць рыбныя рэсурсы. Распрацаваны дыягнастычныя прэпараты: тэст-сістэмы, наборы для сералагічнай дыягностыкі шэрагу інфекцыйных захворванняў. Наладжаны выпуск сучасных вакцын. Ліквідаваны сап, бруцэлёз і інш. хваробы жывёл. У значнай ступені вырашаны праблемы паразітозаў жывёл.

Навук. даследаванні па сельскай гаспадарцы каардынуе Аддзяленне аграрных навук Нац. АН Беларусі. У сельскагаспадарчых НДІ і навуч. установах працуюць 15 акадэмікаў і 23 члены-карэспандэнты Нац. АН Беларусі, 170 дактароў і 1158 кандыдатаў навук (2004).

М.​У.​Шалак.

т. 18, кн. 2, с. 581

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЕ САМО́А (самаанскае Samoa i Sisifo, англ. Western Samoa), Незалежная Дзяржава Заходняе Самоа (самаанскае Malo Sa’oloto Tuto’atasi o Samoa i Sisifo, англ. Independent State of Western Samoa),

дзяржава ў зах. ч. архіпелага Самоа ў Ціхім ак. (усх. ч. архіпелага займае ўладанне ЗША — Усходняе Самоа). Уключае а-вы Савайі (1,7 тыс. км²), Уполу (1,1 тыс. км²) і 7 дробных. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 2831 км². Нас. 167 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Апія. Дзярж. мовы — самаанская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. З.С. — канстытуцыйная манархія. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пажыццёвы кіраўнік дзяржавы — кароль. Паводле канстытуцыі пасля смерці караля манархія ў краіне будзе ліквідавана і Асамблея выбера кіраўніка дзяржавы тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — Заканад. Асамблея з 47 членаў, выбраных насельніцтвам на 3 гады (45 ад карэннага, 2 ад некарэннага насельніцтва). Асамблея выбірае прэм’ер-міністра, якія фарміруе кабінет міністраў з членаў Асамблеі.

Прырода. Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1885 м, в-аў Савайі). Шмат патухлых вулканаў, на в-ве Савайі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47% тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нац. парк Оле-Пупу-Пуэ на в-ве Уполу.

Насельніцтва. Самаанцы, народ палінезійскага паходжання, складаюць 90%. Жывуць таксама еўрапейска-самаанскія метысы (каля 9%), невял. групы кітайцаў і еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (71%) і католікі (22%). Сярэдняя шчыльн. нас. 59 чал. на 1 км², найб. населены ўзбярэжжы. 72% нас. жыве на в-ве Уполу. Гарадскога нас. 59% (1993). Моцная эміграцыя пераважна ў Новую Зеландыю. За мяжой жыве каля 90 тыс. самаанцаў.

Гісторыя. Астравы Самоа са стараж. часоў былі заселены палінезійцамі (на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э.). Адкрыты ў 1722 галандскім мараплаўцам Я.​Рогевенам. Іх даследавалі франц. экспедыцыі Л.​Бугенвіля (1768) і Ж.​Лаперуза (1787). У 1830 англ. місіянеры заснавалі тут евангелічную місію. У 1889 ЗША, Германія і Вялікабрытанія ўстанавілі трохбаковы пратэктарат пад Самоа, а ў 1899 ажыццявілі іх падзел, зах. частку атрымала Германія, усх. — ЗША; Вялікабрытанія адмовілася ад сваёй часткі на карысць Германіі за яе нейтралітэт у бурскай вайне. У 1914 акупіравана Новай Зеландыяй, якая ў 1920 атрымала ад Лігі нацый мандат на кіраванне З.С. З 1946 падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Новай Зеландыі. З 1962 незалежная дзяржава.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (занята больш за 70% працаздольнага насельніцтва). Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае 700—900 дол. ЗША за год. Апрацаваныя землі займаюць 42% пл. краіны. Гал. таварныя культуры: какосавая пальма (штогадовая вытв-сць копры 20—30 тыс. т), бананы (каля 25 тыс. т), какава (каля 2 тыс. т). Меншае значэнне маюць мускатны арэх, чорны перац, кава. На свае патрэбы вырошчваюць тара, ямс, батат, кукурузу, рыс, плады хлебнага дрэва, агародніну, апельсіны, ананасы, папайю, манга. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 30 тыс. галоў), свіней (каля 70 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі, вытв-сці адзення, абутку, харч. прадуктаў, сувеніраў, тытунёвых вырабаў, запалак і інш. Ёсць мылаварны і піваварны з-ды, швейная, мэблевая, тытунёвая, какосавага алею, кандытарская, марожанага, кока-колы ф-кі. Лесапрамысл. комплекс на в-ве Савайі. Народныя маст. промыслы і выраб сувеніраў. Штогод краіну наведвае каля 30—50 тыс. турыстаў пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі. Агульная працягласць аўтадарог 1800 км, з іх 260 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца ў асноўным марскім транспартам. Гал. порт — Апія. Гал. экспартныя тавары — какосавыя крэм і алей, копра, какава, кава, бананы, тара, піва, сокі, цыгарэты, драўніна. У імпарце пераважаюць прадукты харчавання, прамысл. і хім. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Германія, Японія. Вял. ролю адыгрываюць замежная дапамога і грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — тала (заходнесамаанскі долар).

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

Заходняе Самоа. Вёска на ўзбярэжжы.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сцяг 1 ’палотнішча на дрэўку як дзяржаўная або вайсковая эмблема’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Ласт.). Укр. стяг ’тс’, рус. стяг ’тс’, дыял. паўн. ’жардзіна’, стараж.-рус. (XI ст.) стѧгъ ’баявы сцяг’. Усх.-слав. ⁺стѧгъ лічыцца запазычаннем са ст.-сканд. stǫng ’дрэўка, шост’, ст.-швед. stang ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 790 з аглядам літ-ры). Паводле іншай версіі, слова спрадвечнаславянскае і звязана з серб.-харв. сти̏јег ’сцяг’, ст.-серб. стегь ’тс’, балг. дыял. стяг ’вясельны сцяг’, што да прасл. *stěgъ, якія параўноўваюцца са сцежар, стажар (гл.) і роднаснымі. Меркаванні пра ўзвядзенне да прасл. *stęgъ (Ягич, AfslPh, 5, 665; Младэнаў, 616) непрымальныя па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, там жа; Кіпарскі, Gemeinslav., 160; Скок, 3, 334; ЕСУМ, 5, 460.

Сцяг 2 ’азярод, прыстасаванне для прасушкі збожжа ў снапах’ (барыс., Жд. 2; барыс., Шатал.): ширѣй, вышей сцяги ў поли (барыс., Шн.), sciehi, sciahi ’тс’ (барыс., Маш.). Вузкалакальны тэрмін, паводле знешняга падабенства (робіцца з жэрдак і слупоў), відаць, да папярэдняга, гл.

Сцяг 3 ’туша забітай жывёліны’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. стяг ’мера колькасці мяса’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн. стяг ’туша каровы або вала’, стяг свежины ’туша без скуры і без галавы’, стараж.-рус. стѧгъ ’тс’. Выводзіцца з съ‑ і *tęgnǫti ’цягнуць’; гл. Сабалеўскі, ИОРЯС, 30, 442; Фасмер, 3, 790–791; параўн. яшчэ версію Борыся аб польск. ścięgno (гл. сцягно).

Сцяг 4, ’рад будынкаў, што прымыкаюць адзін да аднаго’ (Варл.), ’рад, чарада, паласа, шарэнга’ (полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), ’шмат, цуг’ (Барад.), ’абшар, плошча, пляц’ (віл., Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), адны́м сця́гам ’адзін за адным’ (клец., Бел. дыял.), сцяж ’абшар’ (Бяльк.), ’рад’ (Сл. ПЗБ), у сцяж ’у адзін рад’ (драг., Нар. сл.), сцяг гаравы ’горны хрыбет’ (Стан.), сюды ж стаг ’рад будынкаў, якія знаходзяцца пад адной страхой’ (беласт., Сл. ПЗБ) са стратай мяккасці ‑т‑. Да цягнуцца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕТХО́ВЕН (Beethhoven) Людвіг ван [16(7), хрышчаны 17.12.1770, Бон — 26.3.1827], нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. З сям’і патомных прыдворных музыкантаў фламандскага паходжання. Упершыню публічна выступіў у 1778. З 1781 вучыўся ў кампазітара і арганіста К.​Г.​Нефе. З 1792 жыў у Вене. Вучыўся ў І.Гайдна, І.Альбрэхтсбергера, А.Сальеры і інш. На яго светапогляд вял. ўплыў зрабіла ант. л-ра, філасофія, творчасць У.​Шэкспіра, Ф.​Г.​Клопштака, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, падзеі франц. рэвалюцыі 1889—99. Неад’емнымі рысамі асобы Бетховена былі свабодалюбства і паліт. радыкалізм. Вядомасць і прызнанне набыў спачатку як піяніст і імправізатар, потым як кампазітар. Яго выкананне спалучала глыбокі, бурны драматызм і шырокую пявучую кантылену. Да пач. 1800-х г. напісаў шмат твораў, якія ўражвалі сучаснікаў драматызмам і навізной муз. мовы. Сярод іх фп. санаты № 8 («Патэтычная») і № 14 (т.зв. «Месяцавая»), першыя 6 струнных квартэтаў, 2 сімфоніі, 3 фп. канцэрты, 20 фп. санат, балет «Тварэнні Праметэя» (1801), араторыя «Хрыстос на Маслічнай гары» (1803). У 1800 была выканана 1-я сімфонія Бетховена. Асн. ідэйны матыў яго творчасці — тэма гераічнай барацьбы за свабоду — увасоблены з найб. сілай у 3, 5, 7 і 9-й сімфоніях, у оперы «Фідэліо» (1805), уверцюры да трагедыі «Эгмант» Гётэ (1810), фп. санаце № 23 (т.зв. «Апасіяната») і інш. Глухата, якая прагрэсіравала з 1797, вымусіла Бетховена адмовіцца ад канцэртнай дзейнасці. Пасля 1815 у яго музыцы пераважалі філас. і лірыка-псіхал. матывы, што выявілася ва «Урачыстай месе» (1823), у апошніх фп. санатах (№ 28—32) і квартэтах. Вяршыня яго творчасці — 9-я сімфонія (1824), дзе ўпершыню ў гісторыі жанру ўведзены харавы фінал (на словы оды Шылера «Да радасці»). Як Гайдн і Моцарт, ён распрацоўваў формы класічнай музыкі, якія дазвалялі адлюстроўваць разнастайныя з’явы рэчаіснасці ў іх развіцці. Яго сімфоніі і санаты вылучаюцца вял. маштабамі будовы, паглыбленай сувяззю паміж раздзеламі формы, абвастрэннем супярэчнасцяў паміж кантрастуючымі эпізодамі і тэмамі. Расшырыў склад аркестра, павялічыў арк. дыяпазоны вядучых галасоў, інтэнсіфікаваў выразнасць усіх арк. партый, адпрацоўваў тэхніку вар’іравання і варыяцыйную форму (32 варыяцыі до мінор для фп.). Асаблівую ролю адводзіў фіналам у сімфоніях і кодам ва уверцюрах, сімфоніях і санатах. Рашаючы этап у развіцці канцэртнага жанру — 4-ы і 5-ы канцэрты для фп. і скрыпічны канцэрт — сінтэз сімфоніі і канцэрта. Вял. ўклад Бетховена ў вак. музыку (песні, больш за 70 хароў, канонаў), дзе шэраг песень-рамансаў аб’яднаны ў адзін цыкл («Да далёкай каханай», 1816). Навізна яго музыкі, адзначанай выключнай эмац.-драм. сілай, глыбінёй думкі, прывяла да абнаўлення і ўзбагачэння ўсіх муз.-выразных сродкаў. Творчасць Бетховена зрабіла велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв. муз. культуры.

Літ.:

Роллан Р. Собр. соч.: Пер. с фр. Т. 2, 12. М., 1954, 1957;

Эррио Э. Жизнь Бетховена: Пер. з фр. 3 изд. М., 1968;

Альшванг А.А. Л. ван Бетховен: Очерк жизни и творчества. 5 изд. М., 1977;

Климовицкий А. О творческом процессе Л.​Бетховена. Л., 1979;

Фишман Н.Л. Этюды и очерки по бетховениане М., 1982;

Zu Beethoven, hrsg. von H.Goldschmidt. [Bd. 1—2]. Berlin, 1979—84.

Л.​А.​Сівалобчык.

Л. ван Бетховен. Мастак І.​К.​Штылер.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНЗАВЫ ВЕК

Самыя раннія культуры эпохі бронзы на тэр. Еўропы ўзніклі ў 3-м тыс. да н.э. Новыя тэхналогіі, у т. л. бронзаліцейная, былі адной з праяў шэрагу змен, што адбываліся ў гасп., сац. і духоўнай сферах. У межах Беларусі першыя метал. вырабы, у т. л. з бронзы, знойдзены на Верхнім Падняпроўі ў пахаваннях сярэднедняпроўскай культуры канца 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. На працягу 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. культурныя змены, характэрныя для эпохі бронзы, адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Вылучаюць ранні, сярэдні і позні перыяды бронзавага веку Беларусі.

Ранні перыяд (канец 3 — пач. 2 — сярэдзіна 2-га тыс. да н.э.) ахоплівае час існавання культ. утварэнняў, што ўзніклі ў выніку сінтэзу традыцый культур шнуравой керамікі і шарападобных амфар і перажытачнага ляснога неаліту (сярэднедняпроўская, паўночна-бел. культуры, групы помнікаў са шнуравой керамікай Бел. Панямоння, Бел. Палесся). На ПдУ Беларусі адзначаны таксама прыкметы культуры шматвалікавай керамікі, асн. помнікі якой вядомы на тэр. стэпавай і лесастэпавай зон. Стаў распаўсюджвацца курганны абрад пахавання і звычай крэмацыі памерлых. З’яўленне ранніх метал. вырабаў сведчыла, у першую чаргу, пра складванне новай сац. сістэмы, якая ўзнікла ў выніку паглыблення сац. падзелу. Метал. вырабы ці сыравіна як рэдкія і дарагія рэчы, імпартаваныя з аддаленых тэрыторый, складалі аснову паказчыкаў прэстыжу пэўных груп насельніцтва. У комплекс высокапрэстыжных рэчаў уваходзілі таксама прывазныя ўпрыгожанні з бурштыну, фаянсу, шкла, зброя, вырабы з высакаякаснага крэменю, рэдкіх парод каменю і інш. Заўважаецца дыферэнцыяцыя пахаванняў паводле стану «багацця». Супольнасці структурызуюцца як кроўнароднасныя групы, у якіх асн. роля належала дарослым мужчынам. Разам з попытам на прэстыжныя вырабы складваліся шляхі абмену. Метал. вырабы, сыравіна для іх вытворчасці маглі трапляць праз пасрэднікаў з Каўказскага і Балкана-Карпацкага металург. цэнтраў. Назіраюцца прыкметы спецыялізацыі асобных прадстаўнікоў насельніцтва і рэгіёнаў (здабыча і апрацоўка высакаякаснага крэменю, атрыманне метал. вырабаў, зброі, бурштыну і інш.). Асн. крыніцай жыццезабеспячэння сталі жывёлагадоўля і земляробства, хоць па-ранейшаму шмат увагі аддавалася збіральніцтву, паляванню і рыбалоўству. У земляробстве пераважала матычная апрацоўка глебы, ужывалася падсечна-агнявая сістэма, культываваліся найб. пшаніца і жыта. У жывёлагадоўлі распаўсюджанымі былі сезонныя вандроўныя, а таксама прыдомныя выпасы. Гадавалі кароў, быкоў, коз, авечак, свіней. Сярод супольнасцей, якія засялялі тэр. Беларусі, у той час пераважалі носьбіты індаеўрап. моў. Вял. значэнне надавалася культам агню, сонца, вады, жывёл, мужч. і жан. божаствам хтанічнага паходжання, веры ў існаванне замагільнага жыцця і інш. Маст. творчасць рэалізоўвалася ў аздабленні керамікі, каменных вырабаў, вырэзванні касцяных скульптур, вырабе ўпрыгожанняў з рогу, косці, бурштыну, металу і інш.

У сярэдні перыяд (сярэдзіна 2-га тыс. — 1100—1000 да н.э.) тэр. Бел. Палесся, большая ч. Бел. Панямоння былі заселены супольнасцямі тшцінецкай і сосніцкай культур. Асобныя іх традыцыі прасочваюцца ў межах цэнтр. і некаторых паўн. рэгіёнаў Беларусі. Далейшае развіццё тшцінецкіх і сосніцкіх культ. традыцый, прыток новых культ. элементаў прывялі да ўзнікнення культур позняга перыяду (1100—1000—700 да н.э.) бронзавага веку. У гэты час у паўд.-ўсх. раёнах Беларусі сустракаюцца старажытнасці лебядоўскай культуры, у Бел. Панямонні і Бел. Паазер’і выяўлены сляды груп насельніцтва, якое карысталася штрыхаванай керамікай. Пачынаючы з 700-х г. да н.э. на Віцебшчыне ўзнікаюць слаба ўмацаваныя і неўмацаваныя паселішчы днепра-дзвінскай культуры. Супольнасці, якія фарміраваліся ў гэты час на тэр. Беларусі, патэнцыяльна маглі мець асобныя прыкметы протабалт. і протаслав. этнасаў. Людзі жылі на паселішчах, якія маглі быць і кароткачасовымі і доўгатэрміновымі, сталымі. На Пд Беларусі памерлых хавалі найчасцей паводле абраду крэмацыі ў бескурганных ці курганных могільніках. У цэнтр. і паўн. Беларусі для гэтых перыядаў не адзначаны якія-небудзь сляды пахаванняў. Развіццё сац. структуры грамадства сярэдняга і позняга перыядаў бронзавага веку эвалюцыяніравала ў кірунку складвання стратыфікаваных супольнасцей, у якіх фарміраваўся інстытут правадырства, утвараліся элітныя праслойкі насельніцтва. Пашыраліся ворыўныя прыёмы апрацоўкі глебы з выкарыстаннем драўляных рал. Асн. значэнне набывала практыка прыдомнага выпасу свойскіх жывёл. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. роля каўказскіх метал. традыцый змяншаецца, узрастае роля Карпата-Трансільванскага метал. цэнтра. Выключнае месца пачынае адводзіцца алавяністай бронзе. Фарміруюцца і мясц. металавытв. цэнтры, у т. л. ў асяроддзі насельніцтва тшцінецкай і сосніцкай культур. Сярод бронзавых вырабаў, знойдзеных на тэр. Беларусі, адзначаюцца сякеры (т.зв. кельты, з бакавымі закраінамі, з уступамі і інш.), упрыгожанні (бранзалеты, падвескі і інш.), наканечнікі стрэл, мячы і інш. Многія з іх траплялі з Цэнтр. і Паўн. Еўропы, Прыбалтыкі, з Усходу.

М.​М.​Крывальцэвіч.

Бронзавая сякера з закраінамі ўсходнебалтыйскага тыпу. Канец 2-га тыс. да н.э. Знойдзена каля вёскі Камень (Кобрынскі раён Брэсцкай вобл.).
Посуд сярэднедняпроўскай культуры з Беларускага Падняпроўя.

т. 18, кн. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)